Патрыёт – гэта патрыёт, сексот – гэта сексот

У інтэрв'ю palitviazni.info Уладзімір Някляеў узгадвае пра падзеі выбарчай кампаніі 2010 году, распавядае пра стварэнне новага нацыянальнага руху, а таксама выказвае сваё стаўленне да вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі.


“Прычыну, па якой браў удзел у выбарах 2010 года, я ўжо называў не раз, – кажа палітык. – Пераканаўшыся, што рэжым не збіраецца мяняцца, вырашыў, што калі не дзейнічаюць эвалюцыйныя механізмы, трэба паспрабаваць уключыць іншыя. Плошча 2010 года і была такой спробай. На жаль, няўдалай”. – Усё ж такі, ці быў план дзеянняў на Плошчы? – План Плошчы быў, але яго, падмануўшы (як пазней высветлілася) мяне і ўсіх, на самым пачатку змяніў кіраўнік майго штабу. Праз гэта я не дайшоў да Плошчы, якая стала не кіруемай, чым скарысталіся правакатары. І далей усё пайшло зусім не так, як планавалася. А, можа быць, якраз так, як планавалася, толькі не мной. Кімсьці іншым. – Што было самым цяжкім падчас знаходжання ў СІЗА КДБ? – Самымі цяжкімі былі першыя дзесяць дзён абсалютнага няведання пра тое, што адбываецца за сценамі турмы… Вось у гэты час на мяне асабліва моцна ціснулі. Як кажуць, ламалі. Усялякімі спосабамі і метадамі. Я не ведаў, што насамрэч сталася на Плошчы, дзе, як мне казалі, па маёй віне загінулі людзі. Што з маёй жонкай, якой спецназаўцы, калі выкрадалі мяне са шпіталю, ледзь шыю не скруцілі? Што з маімі блізкімі, сябрамі?.. І толькі на дзесяты дзень, калі дазволілі спатканне з адвакатамі, і я дазнаўся, што ўсе жывыя, ніхто не загінуў, стала лягчэй. – На ваш погляд, чым кіруюцца людзі, якія працуюць у гэтай турэмнай сістэме? Якая ў іх праўда? – Уся турэмная сістэма ў нас змайстраваная так, каб зламаць чалавека. І даволі шмат людзей працуюць у ёй не толькі за грошы. Можна сказаць, па прызванні. Я неяк спытаў аднаго з ахоўнікаў: колькі яму за ягоную сабачую працу плацяць? Ён спачатку: “Нам пра гэта нельга казаць…” – а пасля ўсё ж сказаў. Аказалася, не так і шмат. Я здзівіўся: “Дык чаму ты не ўладкуешся тым жа ахоўнікам у якую-небудзь прыватную фірму? За што ты тут трымаешся?” А ён узяў дручок: “Вось за гэта!” І дручком мне ў прамежнасць! Не надта моцна, але ўсё ж так, каб я зразумеў, што ён тут, апроч грошай, мае яшчэ й маральнае, так бы мовіць, задавальненне. – Пасля ізалятара вас перавялі пад хатні арышт… – Псіхалагічна хатні арышт пераносіцца не лягчэй, а ў нечым нават цяжэй за турму. У турме ў цябе ёсць камера, якая, як ні дзіўна, тваё сховішча ад турэмшчыкаў. Хоць на ноч. У хаце такога сховішча няма, людзі са зброяй пільнуюць цябе ўдзень і ўночы. А галоўнае – не цябе аднаго. Пад арыштам па сутнасці ўся твая сям’я. На вокнах няма кратаў, на дзвярах няма замкоў, але табе – у тваім доме! – не падыйсці да вокнаў, не адчыніць дзверы, каб увайшлі брат ці дачка. Ты не сабодны ў звыкла свабоднай, яшчэ нядаўна выключна тваёй прасторы. І гэта неверагодна стамляе, прыгнечвае, іншым разам даводзіць да шаленства. Ну ўявіце: ты прачынаешся раніцай – і ў сваім доме стаіш у чарзе ў сваю прыбіральню. Бо адзін з пісталетам там ужо сядзіць, а другі з пісталетам чакае. А ў ягоных нагах яшчэ круціцца котка, якой таксама туды трэба, якая да чаргі не звыкла і не разумее, што адбываецца, таму мяўкае так, нібы яе рэжуць!.. Пра наш хатні арышт п’еса напісаная, я ў Гданьску спектакль па ёй глядзеў, дык прапанаваў, каб менавіта са сцэны каля прыбіральні ён пачынаўся. – Можа быць, давялося дыскутаваць з тымі, хто ахоўваў вас падчас хатняга арышту? – Ніякіх дыскусій са сваімі турэмшчыкамі я не вёў. Пра што дыскутаваць, калі на ўсё, што ні скажаш, чуеш у адказ: “Вы же понимаете…”? Маўляў, у іх сям’я, дзеці. А ў мяне нібыта ні сям’і, ні дзяцей. “Вам што? – як адзін сказаў. – Вам нічога, а нам…” – Вашы колішнія паплечнікі з кампаніі “Гавары праўду” ўжо заявілі, што будуць удзельнічыць у парламенцкіх выбарах на любых умовах. Увогуле, ці варта сёння ў Беларусі ўдзельнічаць у любой выбарчай кампаніі? – На нядаўнім паседжанні рабочай групы па Беларусі, якое праходзіла ў Брусэлі, пытанне парламенцкіх выбараў абмяркоўвалася адным з першых. З дзевяці прадстаўнікоў апазіцыйных структур толькі прадстаўніком той структуры, якую вы назвалі, было заяўлена пра ўдзел у выбарах на любых умовах. Гэта значыць нават у тым выпадку, калі дэпутаты “парламенту” будуць не выбірацца, а прызначацца ўладай. Астатнія на такія ўмовы не згодныя. Ва ўсякім разе – пакуль. – Не падаецца, што ў тых умовах, у якіх выбары праводзяцца, яны губляюць сэнс? Як вярнуць беларусам права выбара? – Калі мы хочам дамагчыся дэмакратычных зменаў у краіне не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам, дык найперш трэба дамагчыся дэмакратычных, справядлівых выбараў. Менавіта на гэта мусяць быць скіраваныя ўсе нашы высілкі ў бліжэйшым часе, і тут нам у звязку з палітыкай “зменаў праз збліжэнне” могуць істотна дапамагчы ЕС і ЗША. Палітыка “збліжэння” мусіць быць ураўнаважанай палітыкай ціску. Лукашэнка зараз у вельмі складанай сітуацыі – і яго можна і трэба змушаць у адказ на дапамогу рабіць сустрэчныя крокі. “Збліжаючыся” – змушаць. Толькі ў тым выпадку, калі пройдуць свабодныя выбары, калі ў парламент будуць абраныя дэмакратычныя дэпутаты, можна будзе чакаць пазітыўных зменаў, эканамічных і палітычных рэформаў. Я маю вялікі сумнеў у тым, што пры гэатй уладзе такое магчыма, але спрабаваць гэта зрабіць, ставіць такую задачу трэба. – Рух “За дзяржаўнасць і незалежнаcць!”, які вы заснавалі разам са Святланай Алексіевіч, Лявонам Баршчэўскім, Нілам Гілевічам, Міколам Статкевічам, Станіславам Шушкевічам ды іншымі вядомымі палітыкамі і дзеячамі культуры, улада не зарэгістравала. Ці не азначае гэта, што сёняшняе кіраўніцтва краіны дэ-факта супраць незалежнасці і дзяржаўнасці? – Калі ў Еўрапарламенце на тым жа паседжанні рабочай групы па Беларусі я сказаў, што беларуская ўлада адмовіла ў рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню, дзейнасць якога скіраваная на захаванне нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, усе прысутныя еўрадэпутаты дружна пакруцілі галовамі. А некаторыя – пальцам каля скроні… Гэта не азначае, што рэжым супраць дзяржаўнасці і незалежнасці. Калі б так было – усё было б проста. А яно складана, бо разам з Беларуссю ўлада прыватызавала яе дзяржаўнасць і незалежнасць. Адносінаў да палітыкі, якую праводзіць рэжым, мы не хаваем, і менавіта з гэтым звязаная адмова ў рэгістрацыі руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць!” – Наперадзе – Кангрэс дэмакратычных сілаў. Што ён павінен вызначыць і вырашыць? І чаму, на вашую думку, апазіцыя няздольная аб’яднацца? Перашкаджаюць асабістыя амбіцыі пэўных лідараў ці ўплывае падрыўніцкая праца спецслужб? – Задача Кангрэса не ў тым, каб на ім абняцца, дэманструючы еднасць. Тым больш, што пасля таго, як быў заблакаваны Кангрэс дэмакратычных сілаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а тым самым сарваная магчымасць вылучэння адзінага кандыдат і прыняцця адзінай стратэгіі дзеянняў, ні з кім у апазіцыі абдымацца я не збіраюся. Ні з тымі, хто сарваў Кангрэс праз, так скажам, кансультацыі са спецслужбамі, ні з тымі, хто зрабіў гэта праз асабістыя амбіцыі. Гэткіх ганебных выбараў, як мінулыя прэзідэнцкія, у гісторыі беларускай апазіцыі не было. І гэткімі ж (калі не горшымі) могуць стаць будучыя парламенцкія выбары, калі ўдзел у іх будзе абумоўлены выключна карпаратыўнымі, асабістымі інтарэсамі. – Ці магчымае на тым Кангрэсе абранне адзінага кандыдата? – Абранне нейкага “адзінага лідара” ў парадку дня Кангрэсу не стаіць. Дый не на кангрэсах вызначаецца лідар. А вось адзіны спіс можа і мусіць быць. І яшчэ, што важней, выбаршчыкам, грамадству мусіць быць прапанаванае выйсце з таго эканамічнага і палітычнага тупіку, у якім апынулася Беларусь. Улада прапанаваць шлях да выратавання краіны не здольная, значыць, зрабіць гэта павінна дэмакратычная апазіцыя. І самае прыдатнае месца для гэтага – трыбуна Кангрэсу. Я ўжо не раз пытаўся ў тых кіраўнікоў апазіцыйных структур, якія не згодныя з ідэяй правядзення Кангрэсу дэмсіл перад парламенцкімі выбарамі: чаму вы супраць? Уцямнага адказу не займеў. Дык, можа, спытаеце вы? Журналісты, дэмакратычная грамадскасць. Хацелася б усё ж зразумець: чым і як шкодзіць ім удзел у Кангрэсе – і што ім дае няўдзел?.. – Сёння ў беларускім дэмакратычным асяродку розныя тэндэнцыі. Нехта лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі, небяспечнай для Беларусі, варта падтрымаць Лукашэнку, хтосьці лічыць наадварот. Адны за дыялог з уладай, іншыя супраць. У такой сітуацыі людзям цяжка разабрацца, ім хочацца бачыць выразна акрэсленую пазіцыю. Якая ваша? – У цяперашняй сапраўды небяспечнай для Беларусі сітуацыі важна не тое, каго падтрымаць, а тое, у чым? І я, можа быць, згадзіўся б з тымі, хто лічыць, што варта падтрымаць Лукашэнку, калі б не бачыў, што ён насамрэч адпрэчвае палітыку, праз якую вызваліў прастору для рускага свету. Што ён адпрэчвае згубную тэзу, якую зрабіў асновай дзяржаўнай палітыкі: маўляў, без Расіі, без яе грошай, без яе нафты, без яе газу нам не выжыць. Праз гэта Беларусь спынілася ў сваім развіцці, стала цалкам залежнай ад суседняй дзяржавы. І не назіраецца пакуль ніякіх сур’ёзных захадаў да змены палітыкі, толькі гучыць песня Макея пра дыверсіфікацыю. Дарэчы, і ў дэмакратычным асяродку ў звязку з палітыкай “зменаў праз збліжэнне” і трэндам да супрацоўніцтва з уладай таксама цікавыя песні загучалі. Напрыклад, песня пра тое, што патрыёты і сексоты – абое рабое. Ці такі “шлягер”: за 20 гадоў паміж уладай і апазіцыяй сцёрліся межы, няма, маўляў, між імі розніцы. Для тых, хто працуе на рэжым ці адкрыта, ці патаемна (праз супрацоўніцтва з ягонымі спецслужбамі), розніцы, можа, і няма. Сцёрлася. Для мяне – не. Калі нешта і мусіць быць сцёртае, дык рэжым. Гэта не азначае, што я супраць унутрынацыянальнага дыялогу, перамоў з прадстаўнікамі ўлады. Найперш з тымі, хто хацеў бы змяніць сітуацыю ў краіне, скіраваць яе да рыначнай эканомікі, свабоды, дэмакратыі. Я прапаноўваў гэта і да Плошчы 2010 года, і пасля яе. Але мне не патрэбныя ў гэтым дыялогу пасярэднікі. Здраднікі ды сексоты.

Я ведаю, што свет не дзеліцца на белае і чорнае, але ў дадзеным выпадку падзел менавіта такі. Кантрастны. Патрыёт – гэта патрыёт, сексот – гэта сексот. І не згрэбсці іх, як цяпер некаму хацелася б, да кучы, ніколі яны абое не будуць рабое.

13.04.16 0:14



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў