БЕЗ КАМЕНТАРОЎ

Журналісты незалежных СМІ настойліва звяртаюцца да мяне па каментар да заявы Я. Берніковіча пра тое, што выбарчы штаб Таццяны Караткевіч на чале з А. Дзмітрыевым сфальсіфікаваў падпісныя лісты выбарцаў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

 Усё, што я лічыў неабходным пра гэта сказаць, я сказаў, сыходзячы з кампаніі “Гавары праўду”.

 Не бачу патрэбы паўтарацца. Таму без каментароў.

 Замест іх – ліст, напісаны ў той час і звернуты да ўсіх актывістаў кампаніі. Да людзей, разам з якімі пражыў я не самы просты для мяне час, і да большасці з якіх мая ўдзячнасць і павага застаюцца нязменнымі.

 

“ДОБРЫ ДЗЕНЬ!

 Менш за ўсё я хацеў бы, каб прынцыповыя разыходжанні ў бачанні фармату ўдзелу апазіцыі ў прэзідэнцкіх выбарах ператварыліся ў банальныя апазіцыйныя разборкі. Але, відаць, стан апазіцыі такі, што іначай мы ўжо проста не можам. Не ўмеем, развучыліся. Ды яшчэ, як заўсёды, не спяць гэбэшныя тролі ды правакатары.

 Пасля публікацыі інтэрв'ю «Навошта апазіцыйнага кандыдата аддаваць рэжыму?» шмат хто з актывістаў кампаніі «Гавары праўду» на мяне ўскрыўдаваў. Выказаў прэтэнзіі, сутнасць якіх зводзіцца да таго, што вось кампанія сабрала 100 000 подпісаў у падтрымку свайго кандыдата ў прэзідэнты, а я стаўлю гэта пад сумнеў. Тым самым дыскрэдытую і кампанію, і кандыдата. А галоўнае: не веру тым людзям, пра якіх ведаю, што яны ніколі мяне не падманвалі.

 Я вам веру. Мы выжылі на веры адзін у аднаго пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі нас у чым толькі ні абвінавачвалі, але мы ведалі: абвінавачваюць тыя, хто змахлярыў. Хто здаў у ЦВК падробленыя падпісныя лісты і не меў права ўдзельнічаць у выбарах. Гэтае злачынства, здзейсненае апазіцыяй, прывяло да таго, што ад яе амаль нічога не засталося.

 Што павінны былі зрабіць тыя, што засталіся? Слабыя, разрозненыя. Сабрацца ў адзіную сілу. Гэта логіка выжывання. Але кожная котка ведала, чыю мышку з'ела. І ўключылася логіка знішчэння. Кожны спрабаваў знішчыць іншага, мяркуючы, што ў такім разе яму апошняя мышка дастанецца.

Паляваць за гэтай мышкай апазіцыя й пайшла на выбары.

 Таму я на выбары не пайшоў.

 Я не хацеў, каб гісторыя выбараў 2010 года, гісторыя ўвогуле трагічная не толькі для апазіцыі, але і для краіны, паўтарылася ў выглядзе фарсу. Таму казаў і казаў вам адно і тое: я гатовы ўдзельнічаць у выбарах, але толькі ў тым выпадку, калі апазіцыя прыме рашэнне па адзіным кандыдаце. Казаў, што гэтым кандыдатам можа быць і не лідар кампаніі «Гавары праўду». Што пасля ўкраінскіх падзей, усведамляючы небяспеку, якая пагражае нашай краіне, мы павінны падняцца над усімі асабістымі і карпаратыўнымі інтарэсамі. Што ў цяперашняй сітуацыі ўсё рашэнні мусяць палягаць на адным: узмацняюць, або паслабляюць яны шанец захавання незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі. Гэта адзіная пазіцыя, на якой мы зможам утрымацца - з усіх астатніх пазіцый будзем змеценыя. І вы згаджаліся са мной, але большасць усё ж вырашыла, што інтарэсы кампаніі «Гавары праўду» не гэткія вялікія, каб перашкодзіць інтарэсам краіны...

 Магчыма. Але я лічыў і лічу, што найбольш шкодзяць справе менавіта маленькія інтарэсы. І далёка не заўсёды маюць рацыю тыя, каго болей. Бо ў такім разе праўда не на маім і не на вашым баку, а на баку лукашыстаў.

 «Як ты Адзін - Ты больш за аднаго". Памятаеце? ..

 На апошняй нашай сустрэчы я падзякаваў вам за пяць гадоў разам пражытага жыцця і пажадаў поспеху. Ва ўсім - у тым ліку ў выбарах, абумовіўшы ўдзел у іх толькі адным: сумленным зборам подпісаў. І вось чытаю ў адным з лістоў: «…мы собрали 100 000, а вы нас обвиняете в обмане. Это, Владимир Прокопович, больше всего обидно. И еще обидно, что вы обещали поддержать Таню, если мы без вас пойдем на выборы, и не поддержали…»

Таццяну Караткевіч я абяцаў падтрымаць у выпадку яе вылучэння кандыдатам у прэзідэнты праз кангрэс дэмакратычных сіл. Ад гэтай ідэі адмовіліся: Караткевіч прайграе. Нават калі б яна не стала першай (хоць магла й стаць), дык што б сталася? Нічога кепскага. Другое месца ў адкрытай і сумленнай барацьбе для палітыка, які толькі пачынае свой шлях, зусім не пройгрыш.

 І зноў мы вяртаемся да ключавога пытання: адкрытасці і сумленнасці. Гэта пытанне не ўлады або апазіцыі - пытанне грамадства. Менавіта таму вельмі важна, як пройдуць гэтыя выбары. І важна тое, як будзе выглядаць на іх дэмакратычная апазіцыя. 

Кампанія «Гавары праўду» - не горшая апазіцыйная структура, а Таццяна Караткевіч - не горшы кандыдат у прэзідэнты. Калі не лепшы. Я заўсёды прыязна да яе ставіўся - і асабістае стаўленне не змянілася. У яе ёсць перавагі перад астатнімі: яны ў яе натуральнасці. Але як толькі яна робіць ненатуральныя жэсты ці прамаўляе не ўласцівыя для яе словы (напрыклад, глыбакадумна заяўляе, што вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча пазбаўленае прагматызму), адразу ўсё губляецца.

 Скажы мне, Таня, ты думала пра «прагматызм», калі стаяла на прамерзлых прыступках будыніны КДБ, дзе ва ўнутранай турме сядзеў Статкевіч?.. Калі гукала ўсіх, хто праходзіў міма, на сцюдзёным ветры зрывала голас: «Не праходзьце! Дапамажыце!..» Вось якой ты павінна быць перад людзьмі, Таня! А не падобнай да пластмасавай (прычым, камсамольскай) лялькі. Так цябе і камсамольскае прывітанне змусяць зачытаць. Вядома, ты такога і думаць не думаеш, але я ведаю, што думаюць іншыя. І не ў апошнюю чаргу яшчэ й па гэтай прычыне прапаноўваў табе з выбараў зняцца.

 “Человек такой, как он относится и поступает по отношению к своим людям... Все остальное не важно”, - чытаю яшчэ ў адным лісце і думаю вось што.

Так, вы для мяне - свае людзі. Але ў мяне ёсць і іншыя свае. Найблізкія сябры. У тым ліку тыя, з якімі я засноўваў кампанію “Гавары праўду”. Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін… Для некага яны ў нябыце, для мяне - не. І я сто разоў казаў, якая ў нас перад імі адказнасць! Дык як мне “поступать” у адносінах да іх?..

 Каб ураўнаважыць адносіны, давайце зробім вось што.

Не будзем высвятляць тое, што складана спрагназаваць, даказаць, давесці. Напрыклад, на шкоду ці на карысць Беларусі можа пайсці легітымізацыя Лукашэнкі? Але ёсць простыя рэчы. Не палітычная алгебра - арыфметыка. Два плюс два роўна чатыры. А два плюс адзін чатыром не роўна. Вось і ўсё.

 Сітуацыя складваецца так, што кандыдат ад “Гавары праўду” можа стаць як бы адзіным кандыдатам ад апазіцыі, а значыць, сапраўднасць сабраных за яго подпісаў проста не можа выклікаць сумневу. І я ведаю, што подпісы, сабраныя Лідзіяй Сагідулінай, якая ўжо крыўдуе на мяне публічна, можна й не правяраць. Але ў ініцыятыўнай групе амаль 2000 чалавек - і ў большасці выпадковыя людзі. Так заўсёды было, таму ад самага пачатку ў кампаніі “Гавары праўду” была створаная служба ўнутранага кантролю, праверкі сапраўднасці подпісаў. І спытайцеся ў яе кіраўніка, колькі выяўлялася падробак?..

 А цяпер скажыце: чаму ва ўсіх выпадках, нават пры зборы подпісаў па мясцовых, лакальных праблемах служба праверкі працавала, а на прэзідэнцкіх выбарах, у сітуацыі, калі не павінна быць сумневу, што ў кампаніі “Гавары праўду” ўсё па праўдзе, служба праверкі подпісаў не задзейнічаная? Гэта можа выклікаць давер?..

 Вы давяраеце гэтай службе? У мяне няма падстаў ёй не давяраць. Дык давайце падключым яе. Адкрыта праверым сапраўднасць подпісаў - і пакінем у баку ўсё астатняе. Калі рэальны вынік супадзе з заяўленым, я першы павіншую кампанію “Гавары праўду”, як наймацнейшую апзіцыйную структуру, з поспехам і падтрымаю на выбарах - як адзінага кандыдата - Таццяну Караткевіч.

 Я не хачу, каб вам, людзям, якія ва ўсёй цяперашняй беларускай апазіцыі мне сапраўды найблізкія, было горш. Я хачу, каб было лепш. Але каб усё - па праўдзе. Бо назва кампаніі “Гавары праўду” ніколі не была для мяне шыльдай, заўсёды - сутнасцю. І, магчыма, я не кожны раз быў пераканаўчы ў нечым іншым, але ў гэтым вам сумнявацца, па-майму, ніколі не даваў падстаў.

У.Н.,

20.08.2015”

.
21.05.16 11:52



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў