BREXIT

Лондан, раніца 24 чэрвеня 2016 года. Грамадзяне Вялікабрытаніі прагаласавалі за выхад з Еўразвязу.

Былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брайан Бэнет спытаў, што я пра гэта думаю?.. Я сказаў, што пакуль нічога добрага.

Зразумела, brexit паглыбіць сепаратысцкія настроі (шатландцы ўжо заявілі пра свой рэферэндум за незалежнасць), але Вялікая Брытанія застанецца Вялікай Брытаніяй - і Еўразвяз застанецца Еўразвязам. А вось Беларусь на палітычнай мапе Еўропы можа згубіцца ў высвятленні адносін паміж Брусэлем і Лонданам. Таму, скажам, пра брытанскага прэм’ер-міністра Дэвіда Кэмерона, ініцыятара рэферэндума, добра падумаць проста цяжка. Падыграўшы год таму сепаратысцкім настроям, ён у выніку прайграў. Разлічваў на тое, што брытанцы прагаласуюць за ЕС, а выйшла, як выйшла... 
І вось што ён цяпер будзе рабіць?.. Сыйдзе ў адстаўку, але не адразу, – як заявіў сёння з раніцы? Калі? Пасля таго, як парламент (на што разлічваюць калі не ва ўсёй Братаніі, дык у Лондане) заблакуе вынікі рэферэндуму?



Рэферэндум, безумоўна, будзе мець наступствы не толькі для Брытаніі (прагназуецца спад эканомікі) і ЕС, але і для Беларусі. Не столькі эканамічныя (праз слабасць гэтакіх стасункаў), колькі палітычныя. Еўрапейскім палітыкам, што відавочна ўжо ад сёння, на некалькі год стане проста не да нас - і беларусы застануцца сам-насам са сваімі праблемамі. Найперш з праблемай цяперашняга палітычнага рэжыму.

І ўсё ж ёсць ва ўсім гэтым не толькі адмоўнае. Ёсць і станоўчае. І не адно для Брытаніі ці Еўразвязу, які змушаны будзе перагледзець сваю ўнутраную структуру, арганізацыю, пераадолець відавочную тэндэнцыю да бюракратызацыі, але і для Беларусі. Мы змушаныя будзем таксама многае перагледзець, адкінуць спрошчанае, чорна-белае бачанне шляху ў будучыню. Маўляў, ці на ўсход, у Еўразійскі звяз, ці на захад, у звяз Еўрапейскі. Тая сітуацыя, якая складваецца па абодва бакі ад Беларусі, змусіць нас да актывізацыі палітычных і эканамічных стасункаў з Літвой, Польшчай, Украінай, Малдовай, Вугоршчынай, Румыніяй, Чэхіяй, Славакіяй, Латвіяй, Эстоніяй, скандынаўскімі краінамі. Да сур’ёзных крокаў па стварэнні таго, што называецца Міжмор’ем. Чарнаморска-Балтыйскім саюзам. Выглядае на тое, што толькі так мы зможам захаваць нашу дзяржаўнасць і незалежнасць, выстаяць паміж Усходам і Захадам.

.
24.06.16 18:03



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў