ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!


Дарагія людзі, дзякую за свята, прынесенае 11 ліпеня да помніка Янку Купалу разам з кветкамі!


Мне сказалі, што відаць было, як на прэзентацыі кнігі “Толькі вершы” я хваляваўся. Не стану гэтага аспрэчваць. Так, хваляваўся. Бо ніхто не мог гарантаваць, што не набягуць міліцыянты, не пачнуць складаць пратаколы на штрафы ці затрымліваць людзей. І ніхто з тых, хто прыйшоў у Купалаўскі сквер, не ведаў, чым усё скончыцца. 


Шмат хто з маіх знаёмых тэлефанаваў і прабачаўся, што не можа прыйсці, бо штрафу, большага за зарплату, не пацягне. Таму я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто, нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі, усё ж прыйшоў. 


Вы прыйшлі - і мы разам паказалі, што мы свабодныя людзі, гаспадары ў сваім горадзе. Прадэманстравалі, што не прымаем паліцэйшчыну з яе ідыёцкімі законамі, што ніхто нам не будзе ўказваць, дзе нам чытаць вершы, спяваць песні. 


Вы прыйшлі, як пісаў Купала, ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!


Самае галоўнае, што выявілі вы каля помніка Купалу - чалавечая годнасць. Гэта найпершае, што я асабіста цаню ў кожным - і стараюся не страціць у сабе. Нідзе, ні ў якіх умовах. Без годнасці няма чалавека, няма без годнасці народа. І ў каторы раз я пераконваюся, што яна ў нас, у беларусах, ёсць. Таму й жыве Беларусь!

Бясконца наша мара аб свабодзе


Вядзе нас па зямлі і па вадзе,


Як сонца, што ніколі не заходзе,


Як зорка, што ніколі не ўпадзе!


Яшчэ раз дзякуй вам за свята!

12.07.16 15:41



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў