«Застанецца на роднай мове радок…»

ГЕНАДЗЮ БУРАЎКІНУ - 80!


На фота: 2003 год. Яшчэ жывы Быкаў...


«Застанецца на роднай мове радок…»

Генадзь Бураўкін

 

Некалі бацька, хаваючы свайго старэйшага сябра, сказаў мне: «Не сябруйся са старэйшымі. Яны будуць паміраць на тваіх вачах, а ты не будзеш ведаць, што з гэтым рабіць…»

Я сапраўды не ведаю, што рабіць з гэтым. Не магу звыкнуць да таго, што іх не стала. Генадзя… Рыгора… Не хапае іх фізічна, днём і ўночы, калі можно было патэлефанаваць: «Ты не спіш?..»

Я амаль ва ўсім раіўся з імі, прымаючы рашэнні. Барадулін казаў: «Калі цябе абрала паэзія, а ты абярэш палітыку, гэта будзе ў табе, як вайна». А Бураўкін яму: «Рыгор, мы ўсе, як на вайне…»

Яны насамрэч пражылі жыццё, як на вайне. У няспынным змаганні за Беларусь. За яе мову, культуру, мінуўшчыну, будучыню. У меншасці супраць агрэсіўнай большасці. Сілы былі няроўныя, дык чым яны маглі ўзяць? Неверагоднымі намаганнямі і талентам. Тым і ўзялі.

Паэты такога ўзроўню не паміраюць. Але тое, што яны вечна жывыя, мала суцяшае. 

Лепш бы проста жылі…

 

КАЛЫХАНКА

 

Памяці Генадзя Бураўкіна

Па маёй ці тваёй,

не па нечай па нашай віне

Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.

І калі памірае праз роспач і скруху паэт,

Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

 

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.

Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,

Баіў байкі яму – 

Там у кожным паэтавым сне 

Бай хадзіў па сцяне

У чырвонам сваім каптане...

 

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны. 

Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.

А каму беларускія – той прачынаецца ў снах

І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

 

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна. 

Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна

Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе

І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

 

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..

Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне

Чырванее на лёсе,

на лёне,

на белым, як смерць, палатне...

 

.
28.08.16 19:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў