ПРАДУМОВА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДРАМЫ

На сайце “Нашай Нівы” прайшла даволі эмацыйная дыскусія з нагоды змены поглядаў аднаго з аўтараў кнігі пра этнагенэз беларусаў, у якой сцвярджалася, што наш нацыянальны радавод мае балцкі пачатак.

Сутнасць змены поглядаў сааўтара кнігі (А. Дзерманта) — у дзвюх тэзах.

Першая. Нягледзячы на тое, што беларусы маюць балцкія карані, з’явіліся яны пасля 1917 года.

Тэза цалкам у духу “гісторыкаў і філасофаў” абодвух аўтарытарных рэжымаў. Беларускага і расейскага. Хоць сцвярджаць, што беларусы з’явіліся толькі ў 1994-м, аўтар не стаў. Пакуль.

Другая тэза. “Усюды, дзе нацыяналістычныя і ўльтраправыя сілы прыходзяць да ўлады, пачынаюцца войны і разруха. Украіна — самы блізкі і наглядны прыклад».

Нацыяналізм ва Ўкраіне, вынікае, сам сябе скончыў. А ў Беларусі, не прышоўшы да ўлады, проста (як прыдуманы) скончыўся.

Нацыяналізм — рэч не прыдуманая, як, да прыкладу, камунізм, а натуральная. Ён — не тэорыя, у яго іншая прырода. Жывая, пачуццёвая. Ён — адчуванне прыналежнасці да сям’і, роду, народу. Такое не сканчаецца...

Скончыўся не нацыяналізм. Час рамантызму ў сучаснай беларускай гісторыі скончыўся. Ён і так (па мерках чалавечага жыцця: чвэрць стагоддзя!) надта зацягнуўся. Таму й пачаўся, калі скарыстаць (без ніякай абразы) прозвішча сааўтара кнігі пра паходжанне беларусаў, час дзермантызму.

Дзермантызм — не асобны выпадак, а з 'ява. Як і чаму яна ўзнікла?..

Некалі вёў я заняткі ў літаратурным аб’яднанні пры газеце “Знамя юности”. Займаліся там пераважна рускамоўныя (бо газета рускамоўная) маладыя паэты, якіх я акуратна, але настойліва спрабаваў схіляць да беларушчыны. Не надта ўдавалася, але тут 80-я гады, перабудова, Гарбачоў — і “працэс пайшоў”. Пачалі схіляцца. Адзін гэтак «схіліўся», што ад пачатку 90-х ніводная пратэстная акцыя не абыходзілася без ягонага ўдзелу.

Ён шмат ператрываў. Выключалі з інстытута, выганялі з працы. Жыў, бо жытла свайго не меў, у сястры. Трываў: “Гэта барацьба!”

Міналі гады, барацьба нічога не давала. А ўжо жонка, дзіця… І ў пазамінулым годзе прыйшоў ён да мяне нібыта вершы паказаць. “Даўно не пісаў — і вось…”

Паказаў, але казаў зусім пра іншае. Пра расчараванне ў нацыяналізме. Маўляў, праз нацыяналізм — вайна ва Ўкраіне. Ну і, як вядома, з нацыяналізму выйшаў Гітлер…

Вядомая страшылка. Нібыта з камунізму не выйшаў Сталін.

І на Данбас, між іншым, напалі, Крым захапілі не ўкраінскія нацыяналісты. А вось баранілі Ўкраіну — яны.

Я спытаў майго госця: “Табе нешта прапанавалі?..” І ўгадаў. “Але справа не ў тым, — даводзіў ён, — што праца, кватэра. Гэта змена светапогляду, філасофіі… Хіба так не бывае?”

Каб апраўдаць свае ўчынкі, дзеянні (некаму — слабасць, некаму — подласць), у кожнага знойдзецца свая “філасофія”.

Яму было няёмка. І ён прыйшоў, бо ўсё адно ж дазнаюся…

Што ж, так сапраўды бывае. Нават назва, тэрмін для гэтага ёсць: рэсацыялізацыя. Але не ў дадзеным выпадку. У дадзеным выпадку куды больш падыходзіць тэрмін дзермантызм.

У бліжэйшым часе рэсацыялізацыя (дзермантызм), як з’ява, будзе пашырацца. Гэтаксама як эміграцыя. Праз шмат якія чыннікі, але найперш праз палітыку кансервацыі (спачатку з усходу, а зараз яшчэ і з захаду) цяперашняга палітычнага рэжыму. Перспектыва зменаў настолькі аддалілася, што як бы ўвогуле знікла. Таму адны будуць пакідаць Беларусь і заставацца недзе там, у еўропах і амерыках, іншыя будуць пакідаць яе, застаючыся тут. Ну, ці ў Расіі, гатовай праглынуць Беларусь разам з яе нацыяналізмам у вышыванках.

Дзермантызм, а не нацыяналізм — перадумова нашай чарговай (зусім магчымай) нацыянальнай драмы.

Што рабіць, каб яе не сталася? Што рабіць беларусам, якія не збіраюцца пакідаць Беларусь ні пры якіх умовах?

Яднацца ў тым, што ёсць спрадвечна беларускае. Сціскацца ў кулак, набіраць нацыянальную моц. Тады — перамога.

Нацыянальная слабасць — параза.

http://naviny.by/article/20161102/1478088024;

02.11.16 20:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте
здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў