ВЫКАРЧОЎШЧЫКІ

Судовы выканаўца Людміла Клыга звінаваціла жыхара Мінска грамадзяніна Змітра Дашкевіча ў нанясенні ёй траўмы. Заявіла, што той наехаў ёй на нагу, калі яна канфіскоўвала ягоны аўтамабіль. Спадарыня Клыга ўзяла адпаведную паперку ў 19-й паліклініцы і звярнулася ў Дзяржаўтаінспекцыю, пасля чаго грамадзянін Дашкевіч імгненна атрымаў позву ў Першамайскі РАУС. Там будзе праведзенае разбіральніцтва, у выніках якога ніхто не мае сумневу: грамадзяніна Дашкевіча, у якога канфіскавалі аўтамабіль, яшчэ й пазбавяць правоў.

Грамадзянін Зміцер Дашкевіч - цясляр. Зарабляе на жыццё тым, што майструе шафы. Працай на жыццё зарабляе - і машына яму патрэбная для працы. Для таго, каб карміць сям'ю, у якой двое маленькіх дзяцей. Баронячы ад канфіскацыі свой аўтамабіль, ён бараніў іх хлеб. І не быў бы ён гаспадаром, галавой сям'і, калі б не рабіў гэтага.

Судовы выканаўца Людміла Клыга жыве за кошт падаткаў, якія сплочвае грамадзянін Дашкевіч. Ну, не ён адзін, але і ён у тым ліку. І, магчыма, у спадарыні Клыгі таксама двое маленькіх дзяцей, і ёй таксама трэба іх карміць. Таму, дзень падумаўшы, яна й зрабіла тое, што ёй сказалі зрабіць. Забрала хлеб дзяцей Дашкевіча для сваіх дзяцей.

Гэта метафара.

Я не пра тое, што не павінны несці пакаранне людзі, якія здзяйсняюць злачынствы, парушаюць правілы, законы. Яны мусяць адказваць за гэта, павінны несці пакаранне. Але дадзены выпадак зусім іншага кшталту: ён наўпрост звязаны з пераследам, які чыніць дзяржава ў адносінах да грамадзяніна Дашкевіча за ягоныя погляды, за ягоную грамадзянскую пазіцыю. І судовы выканаўца Людміла Клыга ведае гэта, як і тое, што грамадзянін Дашкевіч у выніку яе дзеянняў будзе пазбаўлены не толькі аўтамабіля, але і правоў.

Зрэшты, ён і так іх пазбаўлены. Прычым пазбаўлены ўсіх правоў, як і большасць - ды амаль усе грамадзяне гэтай краіны. Як, між іншым, і спадарыня Клыга, пазбаўленая права на ўчынкі па сумленні, а не па загадзе начальства, якое таксама можа апраўдвацца тым, што пазбаўленае гэтага права. Маўляў, «Вы же понимаете…»

Колькі разоў я гэта чуў? Безліч…

Што ж, я ведаю, як няпроста жыць у гэтым свеце. Як цяжка ў ім супрацьстаяць злой сіле, злой волі. Але яшчэ я ведаю вось што: грамадзянін Зміцер Дашкевіч ніколі, ні пры якіх абставінах не зрабіў бы тое, што, да прыкладу, зрабіў некалі галоўны ўрач шпіталю хуткай дапамогі, выдаўшы хворага чалавека з палаты рэанімацыі ў турму, за што рэжым паставіў гэтага доктара начальнікам над усімі мінскімі дактарамі. Таксама я ведаю, што грамадзянка Наста Дашкевіч, жонка і маці дзяцей Змітра Дашкевіча, ніколі і ні за што не зрабіла б тое, на што згадзілася судовы выканаўца спадарыня Клыга. І Змітра, і Насту ў значна горшых абставінах, у турме змушалі пайсці супраць сумлення, супраць іх разумення чалавечай годнасці, але яны на гэта не пайшлі. Так што не трэба ківаць адно на ціск рэжыму, дяржавы – не ўсё на гэта можна спісаць.

І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж… Менавіта сённяшні амаральны рэжым знішчае ў людзях людское. Рэжыму ўпоперак чалавечая годнасць, рэжым проста выкарчоўвае яе - і гэта найстрашнае з усяго, што ён робіць.

27.01.17 19:31



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў