ЁН СЛУХАЎ МУЗЫКУ НА ПАМЯЦЬ

Дзень народзінаў Міхася Стральцова. Яму было б 80.

Неяк мы йшлі па лесе пад Каралішчавічамі, і сустрэлі чалавека, які стаяў і спяваў. Адзін у лесе. Стральцоў сказаў: "Мусібыць, файна яму жывецца..."

Каб спяваў сам Стральцоў, я чуў рэдка. Гэтак рэдка, што можна сказаць: не чуў ніколі. Караткевіч, Гілевіч, Брыль, Бураўкін, Барадулін і нават Быкаў (асабліва ў застоллі) - проста народныя артысты ў параўнанні з ім. Але гэта не азначае, што ён не любіў музыку. Любіў - і ў яго быў нават свой, стральцоўскі музычны нумар...

Калі дайшло да разводу з першай жонкай, Стральцову (па размене кватэры) дасталася аднапакаёўка на вуліцы Шчукіна ў доме №4. Гэта раён мінскай Грушаўкі. Першае, што ён туды перавёз, былі кнігі і стос вінілавых кружэлак. Выключна класіка: Рахманінаў,Моцарт, Чайкоўскі, Пракоф’еў... Радыёлы ў яго не было (у сям’і пакінуў), нехта (ці не Караткевіч?) даў яму стары прайгравальнік, у якім адразу зламалася (ці ўжо была зламаная) іголка на гуказдымальніку. Ён усё збіраўся і ніяк сабрацца не мог новую купіць, дык ставіў іншым разам кружэлку на дыск - і яна бязгучна круцілася, а ён як бы нешта слухаў.... Я спытаў, калі першы раз убачыў: “Што гэта вы...”

Між іншым, мы доўга на “вы” былі. З Рыгорам Барадуліным, да прыкладу, я лёгка на “ты”перайшоў, хоць ён на два гады старэйшы за Стральцова. А з Міхасём - не. Была ў ім нейкая аддаленасць нават на блізкай адлегласці...


На фота - беларускія літаратары (злева-направа, ячшэ маладыя): Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка; стаяць —  Віктар Каваленка, Анатоль Вярцінскі.


Дык вось пытаю: “Што гэты вы, Міхась Лявонцявіч, выпілі?..” Хоць бачу, што зусім цвярозы. Кажа: “Нічога. Проста слухаю, што помню...”

Стральцоў мог музыку па памяці слухаць. А гэта вам не вершы на памяць чытаць, у чым мы аднойчы ўсю ноч спаборнічалі.

Гэта што да музыкі. А што да жанчын (што прыблізна адное і тое), дык яму падабаліся тыя жанчыны, у якіх ён быў закаханы. Хоць іншым разам здавалася, што ён хацеў бы слухаць жанчыну, як і музыку: без гуку... Чуць тое, што помніў.

Гаварыць пра жанчын ён не любіў. Дакладней, балбатаць не любіў пра жанчын. Тое, што хацеў сказаць пра іх, пра каханне - тое й сказаў у вершах. “Ты пайшла - і я стаў падобны на клетку, якую пакінула птушка...»

Манерай паводзінаў, характарам, адносінамі да жыцця (уключна з адносінамі да жанчыны), рэакцыямі на ўсё вонкавае беларускі паэт Міхась Стральцоў нагадваў мне рускага паэта Юрыя Кузняцова. І зусім не тым, як яны абодва выпівалі, а тым, як абодва жылі. У свеце - і асобна ад яго.

Яны абодва былі адзінотныя. Кузняцоў наўпрост напісаў: «Я ў пакаленнні сябра не знайшоў…» Тое самае мог напісаць Стральцоў. Але не напісаў. Чаму? Бо нехта з сяброў, якіх намінальна хапала, мог спытаць: «Як жа так?.. А я?..»

Кузняцову было напляваць, хто і што ў яго спытае. “Я один. Звать меня Кузнецов. Остальные - обман и подделка". У Стральцова нічога падобнага і блізка не знайсці. Вось у гэтым была паміж імі істотная розніца.

Розніца была і ў адносінах да жанчын-паэтак. Калі Кузняцоў лічыў паэзію і вайну выключна мужчынскім заняткам, заяўляў, што “Цветаева - истерия, Ахматова - рукоделие, Ахмадулина - подражание”), дык Стральцоў у адносінах да прадстаўнікоў жаночай паэзіі (і найперш беларускай:ад Геніюш і Арсенневай да Пфляўмбаўм і Янішчыц) быў цалкам талерантны.

Быў талерантны ён і ўдносінах да тых, хто называўся ягонымі сябрамі. Ні пра каго з іх не выказаўся кепска нават тады, калі яго ізалявалі ў ЛТП - і ніхто з іх носа туды не паказаў. Апроч Леаніда Дранько-Майсюка, які на званне сябра не прэтэндаваў - проста прыносіў тое, што Старальцову трэба было. Кнігі, яду, тытунь.

Я таксама сяброўскіх адносінаў з ім не дамагаўся - і здзіўляўся, калі такія адносіны (ці, скажам так, падобныя да іх) выяўляліся. Напрыклад, калі ўзніклі праблемы (цэнзарскія) з выданнем маёй кнігі «Наскрозь», рэдактарам якой быў (чаму я пра гэта і ўспомніў) ужо згаданы Леанід Дранько-Майсюк. Ён сказаў пра праблему Стральцову, і той дапамог яе вырашыць.

Прыехаўшы да яго, каб падзякаваць, я пачуў: «Ды кінь. Гэта па-сяброўску. Падзякуй Леаніду. Каб нехта іншы быў, дык мог мне і не сказаць».

Гэта так. Іншы мог і не сказаць. А тым больш - паспрабаваць зратаваць кнігу. Зарэзалі і зарэзалі. Вось тады мы з Міхасём Лявонцявічам усю ноч пра сяброўства і прагаварылі...

Стральцоў прыйшоў у паэзію, калі ўжо займеў сваё, адметнае месца ў прозе, і за ім цягнуўся ў паэзіі, так бы мовіць, шлейф празаіка. Як у Караткевіча ў прозе - шлейф паэта. Гэта такая інерцыя ўспрымання - і адсюль скепсіс у ацэнках паэтычнай творчасці Стральцова. Шмат у каго. Скажам, у Янкі Брыля. Але тут трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць: рэдка каму, адзінкам удавалася на аднолькава высокім узроўні пісаць паэзію і прозу. Той жа Брыль, якому я сказаў аднойчы пра ягоныя абразкі, што ў іх больш паэзіі, чым прозы, задаволена прызнаўся, што хацеў бы быць паэтам. Але… не выйшла.

А ў Стральцова выйшла. Без ніякіх «але». Таму проста не магло быць так, каб гэтае скептычнае «але» нехта некуды не ўставіў.

У яго ўвогуле выйшла ўсё. Нягледзячы на складаны лёс, без чаго чалавеку проста няма чаго сказаць, праз што ў рэшце рэшт і стаўся бліскучы беларускі творца Міхась Стральцоў.

Пад шоргат кропель дажджавых

Ён з тэлефоннай будкі бачыў,

Як па галінах верхавых

Зялёны вецер пругка скача.

Ён наглядаў. Ён не спяшаў.

Нішто пагляд не абражала.

Як бы лячылася душа,

Яе як быццам суцяшала,

Што вецер згоды не пытаў —

Шалеў над горадам — і, ніцы,

Ужо на вулках шкуматаў

Плашчы, кашулі і спадніцы.

I ў гэтай будцы пад дажджом,

У нейкай роспачы вялікай,

Сябе за даўнім рубяжом

Убачыў ён — і не паклікаў...


 


.
14.02.17 17:02



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў