ІНШЫ НАРОД

Найперш вось што: віншую беларускую грамадскасць з тым, чаго даўно мы не мелі: з перамогай! Нават з дзьвюма: у супрацьстаянні з рэжымам у Курапатах і ў барацьбе супраць дэкрэту № 3, якім улада вырашыла яшчэ раз абрабаваць народ.

Не выйшла!

І ўжо не выйдзе, як бы ўлада нас ні запалохвала, як бы ні хітравала і зноў ні маніла.

Рэжым пахіснуўся, але нам ні ў якім разе нельга спыняцца ў барацьбе. Дэкрэт № 3 не адменены. Лёс Курапатаў не вырашаны.

А галоўнае: не вырашаная будучыня краіны. Ці яна будзе лукашэнкаўскай, ці народнай.

Рэжым аслаб. Слабасць спарадзіла страх. І менавіта праз гэта, праз свой страх улада вырашыла застрашыць грамадства прапагандысцкім «фільмам жахаў».

Але ніхто не спалохаўся. Над жахамі, нагрувашчанымі ў бяздарным (бо талент не служыць рэжыму!) фільме «Званок сябру» толькі смяяліся. Гэта ўзняло пратэстную хвалю яшчэ вышэй — да рысы, небяпечнай для самога існавання рэжыму.

І тады — выключна для таго, каб збіць хвалю пратэстэў — было прынятае «хітрае» рашэнне па дэкрэце № 3. Сам дэкрэт не адмяняецца (бо яго падпісаў мудры правіцель, які не памыляецца ні ў чым і ніколі), а вось паборы паводле дэкрэту, якія вымагаліся чыноўнікамі (не такімі мудрымі, як правіцель) на год можна адкласці.

У звязку з гэтым згадваецца адна дэмагагічная заява бальшавікоў пад заключэнне Берасцейскага міра: «Ні міра, ні вайны, а армію распусціць». Толькі Лукашэнка хацеў бы распусціць не сваю армію паліцэйскіх, а народную армію пратэстоўцаў. Сілу, якая патрабуе: «Сыходзь!»

«Хітрасць» рашэння яшчэ і ў тым, што грошы, якія ўжо састрыжаныя з людзей па дэкрэце № 3, ніхто не збіраецца вяртаць! Заява Лукашэнкі пра тое, што «эти деньги исключительно до копейки должны быть направлены на содержание детей. Только детям!» — проста цынізм. Ён забраў грошы ў бацькоў, а цяпер ЁН (а не бацькі) аддае іх дзецям. А то самі бацькі не аддалі б…

Мала таго: людзей, якіх нахабна абрабавалі, яшчэ й караюць штрафамі за тое, што яны патрабавалі справядлівасці. І гэта таксама адметнасць рэжыму, ягоны «фірмовы знак».

Разумеючы, што ніякія хітрыкі не адмяняюць праблему народных пратэстаў, Лукашэнка агучыў сцэнар працягу «фільма жахаў». Згадаўшы «адмарозкаў» 2010 года, арганізатараў сённяшніх пратэстных акцый, намаляваўшы крывавую карціну Майдану, ён паставіў перад кіраўнікамі сілавых структур канкрэтную задачу: «Все те, которых мы выпустили из застенков за прошлые деяния, если они не поняли, их надо вернуть обратно…»

Што да мяне асабіста, дык менавіта ў засценках я канчаткова пазбавіўся ад ілюзій, нібы гэты рэжым можа ў нечым змяніцца, памкнуцца ад паліцэйшчыны да дэмакратыі. Нібы з ім можна пра нешта людскае дамовіцца, пайшоўшы шляхам мірных перамен.

Не. Яго трэба адпраўляць у мінулае, а краіне, народу — ісці ў будучыню.

Канешне, Змітра Дашкевіча, за якім міліцыянты, як за нейкім бандытам, тры дні палявалі па ўсім Мінску, мяне ці Статкевіча яшчэ можна «вернуть обратно». Але час балявання рэжыму ўжо не вернеш: няма ў яго на гэта ні сіл, ні сродкаў. А самае галоўнае: няма ўжо таго народа, які гатовы быў глядзець у рот рэжыму за абяцанкі чаркі ды скваркі.

Іншы стаў народ. І не ў апошнюю чаргу праз тое, што адчуў: згуртаваўшыся ў адзіную сілу, ён здольны змусіць лукашыстаў адступіць. Здольны вырашыць не толькі сацыяльныя, штодзённыя свае праблемы, але і лёс сваёй краіны.

http://naviny.by/article/20170310/1489125700-uladzimir-nyaklyaeu-prauda-inshy-narod 

.
10.03.17 13:15



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў