НЕДАЧАКАНАЕ...


Нядаўна адбыўся 17-ы з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. У нумары за 7 сакавіка «Народная воля» пад назвай «Саюз анёлаў і ворагаў» надрукавала рэпартаж са з'езда Марыны Коктыш. Кіраўніцтва СБП абурылася публікацый, нават палічыла яе неэтычнай і як быццам накіравала зварот у Камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Па каментар да сітуацыі «Народная Воля» звярнулася да аўтарытэтнага ўдельніка з'езда, колішняга старшыні СБП, лаўрэата Дяржаўнай прэміі, вядомага паэта і палітыка Уладзіміра Някляева.

- Уладзімір Пракопавіч, скажыце адкрыта: па выніках з'езда вам не захацелася грымнуць дзвярыма і сыйсці з Саюза пісьменнікаў, які ў гэты вельмі няпросты, небяспечны для нашай незалежнасці час не пачуў, а дакладней, не пажадаў вас пачуць?

- Я шмат адкуль у сваім жыцці сыходзіў. Некалі сышоў з рэдакцыі часопіса «Крыніца». Бо так, вырашыў, будзе лепш і для мяне, і для тых, хто хацеў майго сыходу.

І што ў выніку? Часопіса «Крыніца», аднаго з найлепшых у новай гісторыі Беларусі творчых праектаў, проста не стала.

Нядаўна я сышоў з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Бо зноў жа вырашыў, што так будзе лепш і для мяне, і для тых, хто там застаецца. Папрасіў, сыходзячы, толькі пра адно: не маніце і махлюйце. Рабіце, што хочаце, але па праўдзе.

І што ў выніку? Кампанія «Гавары праўду» ператварылася ў кампанію манюк і махляроў, якія падрабілі падпісныя лісты на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Фактычна здзейснілі тое самае злачынства, фальсіфікацыю, якую здзейсніў рэжым.

На тле гэтакіх вынікаў маіх папярэдніх сыходаў яшчэ адзін сыход быў бы, бадай, лішні. Дый не думаў я сыходзіць.

- Тым не менш па выніках з'езда склалася ўражанне, што між вамі і Саюзам беларускіх пісьменнікаў, ці ва ўсякім разе між вамі і большасцю сяброў пісьменніцкай суполкі акрэслілася супрацьстаянне. Гэта так?

- Ніякага супрацьстаяння няма. Ва ўсякім разе з майго боку.

Некаму не падабаецца, што і як і пішу, а яшчэ болей не даспадобы, што і як я раблю. Ну дык і што? Мне таксама шмат у кім шмат чаго не падабаецца. Напрыклад, трусаўская** пазіцыя многіх пісьменнікаў. Колькі я такога наслухаўся! “Справа пісьменніка пісаць! Ствараць высокае, вечнае! Дык стварайце, хто вам замінае? Ганіце, як жартаваў Караткевіч, нятленку. Толькі адкажыце, калі ласка, на пытанне: хто вашу “нятленку” чытаць заўтра будзе, калі ўжо сёння чытаць беларукую кнігу амаль няма каму? Калі ўжо ў двух пакаленнях, якія скончылі школу пры цяперашняй антынацыянальнай уладзе, амаль дашчэнту вынішчаная мова, а яшчэ праз адно пакаленне ў мовы не стане будучыні! І вы сур’ёзна лічыце, што выправіць сітуацыю можна добрай беларускай кніжкай? Ды хоць тысячу іх напішыце - яны стануць макулатурай, пакуль не будзе змененая дзяржаўная палітыка ў адносінах да беларускай мовы, увогуле да нацыянальнай культуры. Вось чаму (перш за ўсё як беларускі паэт) я палітыкай і займаюся. І калі мяне пытаюць (як на тым жа з’ездзе): “А чаго вы, палітыкі, дамагліся?” - дык дамагліся мы таго, што ўлада ўсё ж паварочваецца да беларусізацыі. Няхай да так званай мяккай, імітацыйнай, з гульнёй у вышымайкі, у стужачкі, але ўсё ж... Без палітычнай барацьбы за беларушчыну і гэтага не было б. А цалкам абараніць і непахісна ўсталяваць Беларусь у Беларусі можа толькі беларуская незалежная дзяржава. Таму я і прапанаваў Саюзу БЕЛАРУСКІХ пісьменнікаў стаць калектыўным сябрам руху за дзяржаўнасць і незалежнасць, які бачу не столькі рухам палітычным, справай палітыкаў, колькі рухам творчым, справай творцаў. Менавіта пра гэта, пра НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, пра тое, што можна зрабіць, каб захавалася і ўмацавалася беларуская дзяржава, я чакаў размовы літаратараў на іх галоўным (які збіраецца раз у пяць год!) сходзе. Не дачакаўся... Але гэта ніякае не супрацьстаянне. Гэта, так скажам, недачаканне.

- Некаторыя ўдзельнікі з’езда кажуць, што вы не выявілі належнай павагі да сваіх калегаў, нечакана пакінуўшы з’езд і паехаўшы на сваю творчую вечарыну ў Вільню. Ледзь не гэтым, маўляў, і абумоўленая рэакцыя з’езда на вашу прапанову, якую вы да таго ж толькі выказалі, але не сфармулявалі пісьмова.

- Ну, кажуць... Нешта ж трэба казаць...

Усё гэта не так. І нечаканкі не было, бо з кіраўніцтвам Саюза пра ўсё папярэдне было дамоўлена, і прапанову сваю я ў пісьмовым выглядзе пакінуў. Тэкст яе гэтакі:

“Усведамляючы адказнасць за захаванне дзяржаўнасці і незалежнасці Рэспублікі Беларусь як найвялікшай нацыянальнай каштоўнасці, з’езд грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” падтрымлівае ініцыятыву па стварэнні грамадскага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” і заяўляе аб сваім калектыўным сяброўстве ў руху“.

Вось і ўсё. Што тут беларускаму пісьменніку ўпоперак?

У час, калі вызначаецца (а гэта менавіта так!), быць ці не быць Беларусі, ясна заяўленая не толькі ў словах, але і пазначаная ў дзеянні ГРАМАДЗЯНСКАЯ пазіцыя беларускіх пісьменнікаў была б, з майго гледзішча, вельмі дарэчы. І ніхто нікога праз гэта не збіраўся за вушы цягнуць у палітыку. А калі і ў яе, дык што?.. Уладзімір Арлоў, які не робіць выгляд, нібы грэбуе палітыкай, які ўдзельнічае ў пратэстных акцыях, які не асцерагаецца прыйсці са свечкай да КДБ, у сутарэннях якога былі расстраляныя Чарот, Галавач, Дудар, Вольны, Кляшторны, нашы папярэднікі, старэйшыя браты па духу, краса нацыі, - дык хіба ён, Арлоў, піша горш за тых, хто пры слове “палітыка” дэманстратыўна заціскае нос? Ці даклалней сказаць - трымае нос па ветры. Ці Лявон Баршчэўскі, які не вырабляе з сябе алімпійца, перакладчык горшы за тых, хто стаіць над палітыкай? На якой гары? Дзе той Алімп, на якім сёння можна стаяць у белых адзеннях?..

- Некатарыя ваша Вашы сябры па літаратуры нечакана ўскрыўдавалі на тое, як у незалежных СМІ, у тым ліку ў “Народнай волі”, пракаментавалі вынікі з’езда. Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў быццам нават звярнулася са скаргай на нашу газету ў камісію па этыцы БАЖ. Вы лічыце такі зварот апраўданым? Ці гэтак кіраўнікі Саюза вырашылі апраўдацца? Чым можна патлумачыць такую хваравітую рэакцыю на звычайны крытычны матэрыял?

- У кожнага, як вядома, свае праўды і свае апраўданні. І ў тым, што іх безліч, ці не асноўная праблема чалавечых узаемаадносінаў.

Не, зварот Саюза беларускіх пісьменнікаў у камісію па этыцы не лічу апраўданым. Такая рэакцыя (з крыўды, з эмоцый: маўляў, як жа так? Мы незалежныя і за Беларусь, вы незалежныя і за Беларусь, а вы нас крытыкаваць!) абумоўленая адсутнасцю публічнай практыкі. Некалі (для мяне - не так даўно, а для некага - ажно ў мінулым стагоддзі) літаратура была ў цэнтры грамадскага жыцця. Літаратары, празаікі і паэты (Быкаў, Брыль, Танк, Караткевіч, Шамякін, Макаёнак, Барадулін, Бураўкін, Гілевіч) былі навідавоку. Яны пісалі - пра іх пісалі… Некага (Івана Шамякіна) заўсёды хвалілі, некага (Васіля Быкава), мякка кажучы, не заўсёды. Вось каму хоць штодня можна было падаваць скаргі ва ўсе камісіі! Але ніводнага разу ён нават выгляду не падаў, што ўскрыўдаваў, што нешта яго зачапіла, абразіла. А тым больш, так бы мовіць, нанесла «маральны ўрон». Стаяў. Як скала, аб якую разбіваюцца хвалі. Вядома, тут яшчэ й асабістыя якасці, характар. Але найперш - практыка публічнага жыцця, якой няма, на жаль, у сённяшніх літаратараў, што жывуць у сваім, замкнёным коле. І калі ўжо ў гэтым коле нешта заўважылі збоку, звонку, дык хацелася б, каб добрае, а тут - не надта…

Не раўняюся ні з Быкавым, ні з некім яшчэ, але каб я гэтак рэагаваў на ўсё, што пра мяне напісана, сказана, паказана, дык усё жыццё пражыў бы ў судах ды камісіях. Ці ўжо, можа, памёр бы там праз крыўды. Ды час такі, што трэба стаяць. Зрэшты, гэта правільная пазіцыя для любога часу.

На месцы кіраўніцтва СБП зварот у камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў я б адклікаў. Хоць бы дзеля таго, каб не ставіць у ніякаватую сітуацыю калегаў па пяры. Бо калі й разбірацца сутнасна ў канкрэтнай публікацыі “Народнай Волі”, дык не ў пытаннях этыкі.

- Хоць размова ў нас літаратурная, не можам не задаць адно палітычнае пытанне, бо яно вельмі актуальнае. У звязку з апошнімі падзеямі, найперш у звязку з арыштамі лідараў і актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, як вы лічыце: дэмакратызацыя ў Беларусі скончылася?

- Тое, што пачнуцца арышты, відно было яшчэ да таго, як яны пачаліся. І рэпрэсіі будуць нарастаць. Бліжэйшым часам, каб збіць пратэстную хвалю, паспрабуюць арыштаваюць тых лідараў пратэстаў, якія пакуль на волі. Найперш Статкевіча... Калі выпусцяць, дык зноў пасадзяць Дашкевіча. На 20-е сакавіка і мне прыйшла позва ў суд.

Рэжым, які ўсталяваў у Беларусі Лукашэнка, можа існаваць толькі ў каардынатах ціску і рэпрэсій. Па-за гэтымі каардынатамі, у больш-менш нармальнай сітуацыі ён перастае функцыянаваць. Пачынаецца разбалансіроўка механізмаў, на якіх ён трымаецца, і каб утрымацца - рэжым мусіць вяртацца да сябе самога. Ніякага іншага спосабу існавання для яго няма. Вось што паказала чарговая спроба дэмакратызацыі рэжыму, якая немагчымая праз ягоную сутнасць.

** Маецца на ўвазе выступ на з’ездзе СБП Алега Трусава, Старшыні таварыства беларускай мовы, які адразу пасля прапановы Някляева выступіў ягоным апанентам, заклікаўшы пісьменнікаў не займацца палітыкай, а «рабіць штодзённую працу па нашай нацыянальнай адукацыі людзей», бо адна кніга «лепей, чым дваццаць дэманстрацый і трыццаць мітынгаў».

«Народная воля», 14.04.2017

15.03.17 9:10



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў