Тут даўно не тутэйшыя

31 сакавіка павінны былі выйсці на волю дваццаць сем фігуратаў па сфабрыкаванай «справе баевікоў». Ім няма чаго прад'явіць. І што?.. Замест вызвалення ні ў чым не вінаватых людзей грамадству прад'яўляюць яшчэ аднаго, 28-га «баевіка».

І хто ж ён ёсць - чарговы “баявік”, “тэрарыст”? Як і папярэднія “баевікі” - беларускі інтэлектуал. Гісторык. Навуковец.

Гэта не выпадковасць. Не памылка. Гэта спроба гэбістаў з энкавэдыстамі, якія ненавідзяць Беларусь, стварыць жупел “нацыянал-тэрарыстычнай” беларускай арганізацыі. Нешта кшталту прыдуманага іхнімі папярэднікамі (“гераічнымі” справамі якіх яны ганарацца!) “Саюза вызвалення Беларусі”, праз абвінавачванне ў дачыненні да якога былі расстраляныя амаль усе выбітныя пісьменнікі, навукоўцы, музыкі, мастакі, змушыны быў узрэзаць сябе нажом, зрабіць сабе харакіры Янка Купала.

Яны хочуць, каб мы ўсе зрабілі харакіры! Хочуць нацкаваць на носьбітаў нацыянальнай культуры, на гэтых “свядомых”, як грэбліва крывіцца на беларускіх інтэлектуалаў Лукашэнка, народ! Хочуць выкарчаваць нацыянальную ідэю, знішчыць парасткі беларушчыны, засеяць беларускія палі “русским миром»!

Але не выйдзе! Тут даўно не тутэйшыя - і не 30-я гады!

Ды не само па сабе яно не выйдзе. Місія цяперашніх беларускіх інтэлектуалаў, наша з вамі гістарычная місія - гэтага не дапусціць! Супрацьстаяць гэтаму ўсімі не гвалтоўнымі спосабамі, сіламі і сродкамі. Нагадаю, што ў некаторых краінах, да прыкладу, у 1989 годзе ў Чэхаславакіі, менавіта нашы браты па духу, чэшская і славацкая інтэлігенцыя сталі той сілай, якая мірным шляхам прывяла да перамогі дэмакратыі.

Наш шлях да перамогі яшчэ не пройдзены. Але многае ўжо зроблена. Самой незалежнай Беларусі не было б без высілкаў беларускіх інтэлектуалаў! І нельга на гэтым шляху спыняцца. Нават запавольвацца нельга!

Выдуманыя “баевікі белага легіёну” - гэта паклон мінскіх гэбістаў гэбістам маскоўскім. Дакладваем: “К практической деятельности в борьбе с белорусским национализмом по вашему указанию приступили”!

Выдуманыя “баевікі-тэрарысты” - гэта апраўданне рэжыму за свае бандыцкія дзеянні перад ЕС, перад ЗША. А як, маўляў, супраць тэрарыстаў мы мусілі дзейнічаць?

Апошнія па часе брутальныя дзеянні рэжыму, які намагаецца самазахавацца праз запалохванне грамадства, прывялі да вынікаў процілеглых тым, якіх рэжым чакаў. Грамадства не спалохалася. Яно ўзнялося, актывізавалася. І разам з усімі - культурніцкая грамадскасць, якая выступіла з паіменнай (чаго даўно не было) заявай супраць рэпрэсій у дачыненні да сваіх калегаў. З заявамі супраць палітычных рэпрэсій выступілі згуртаванне «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў і беларускі ПЭН-цэнтр, якія яшчэ нядаўна спрабавалі адмежавацца ад палітыкі. Але палітыка пераступіла мяжу. І сёння мы проста мусім абараніць літаратара Змітра Дашкевіча, кніганошу Алеся Яўдаху, Міраслава Лазоўскага ды іншых беларускіх патрыётаў. Палітвязняў, якіх рэжым збіраецца выдаць за крымінальнікаў.

P.S. Што непасрэдна да дзеянняў рэжыму 25 сакавіка, дык ганебнасць аперацыі па запалохванні народа ў дзень Волі, амаральнасць вайны ўлады з народам яшчэ і ў тым, што найміты рэжыму, у кроў збіваючы ні ў чым не вінаватых людзей, стараліся не за так. Ва ўсякім разе не з ідэйных перакананняў і нават не толькі праз службовыя абавязкі. У дадатак да тых грошай, якімі аплочваецца іх служба рэжыму, яны атрымалі «ганарары»: 1200 рублёў кожны. Усе - аднолькавымі 50-рублёвымі купюрамі. Па 24 купюры ў пачаку.

«Касманаўтаў» і іх «дублёраў» было 4000. На ўсіх было выплачана (у дадатак да службовых акладаў) 4 800 000 рублёў. Калі перавесці гэтую суму ў валюту, у якой Лукашэнка просіць крэдыт МВФ, выйдзе больш за два з паловай мільёны долараў.

31.03.17 18:17



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў