На крыжы

28 чэрвеня - 75 гадоў як не стала Янкі Купалы.

Ягоная смерць у гатэлі “Масква”, дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно й не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але “таямнічых” матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага, і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.

Яшчэ адным штуршком для напісання аповесці “На крыжы” стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго “Такі ён быў”, дык адказу на тое, які ён быў? - там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Аповесць пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным - і час ад часу сюжэт аповесці вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

 

НА КРЫЖЫ

Урывак з аповесці

 

- Ешце, ешце, - падліваў ужо трэці апалонік Сталін. - Бачыце, які чырвоны. Я люблю, калі такі чырвоны. У белай талерцы… Вы колькі не елі?

- Дні тры. Як памёр, так і не кармілі, - налягаў Купала на боршч, які не надта любіў, але Сталін сказаў, што нічога болей няма. Маўляў, вайна, і жонка захварэла.

- Дык яна ж застрэлілася дзесяць год таму, паклаў лыжку Купала. - Як яна цяпер магла захварэць?

Камісар Мяркулаў зірнуў на яго няўхвальна. Маўляў, гэта асабістае, сямейнае. Думай, пра што пытаеш.

- Ажывілі, - сказаў камісар незадаволена. - Як і вас.

Ён паглядзеў на Сталіна, які кіўнуў: маўляў, так, ажывілі. І пацікавіўся:

- А вы чаму без жонкі? Застрэлілася? Ці так памерла?

Купала хацеў перахрысціцца, пальцы склаў, але ўспомніў, хто перад ім, і пацёр складзенымі пальцамі лоб.

- Нічога, можна, - паблажліва сказаў Сталін. - Я некалі ў семінарыі вучыўся… Дык памерла?

Купала перахрысціўся.

- Не, жывая. Гэта я памёр, таварыш Сталін. Забілі мяне, таму яна не са мной.

Мяркулаў зноў зрабіў незадаволены выгляд.

- Вас ажывілі. А жонка ваша ў Казані. Таму не з вамі.

Купала задумаўся. Відаць было, што нейкі канцы з нейкімі канцамі ў ягонай галаве не сходзяцца.

- А за што?

- Што за што?.. За што ваша жонка ў Казані?

- Не. За што мяне ажывілі?

- Бо вы вялікі беларускі паэт.

- А нашто вам вялікі беларускі паэт? Каб яшчэ рускі…

Мяркулаў рукі ўскінуў.

- Ды якая розніца? Савецкі! І не зрабілі нічога шкоднага.

- Ад беларускіх паэтаў увогуле ніякай шкоды, - стаў прыбіраць са стала Сталін. - Зрэшты, як і…

“Карысці”, - хацеў ён, мусібыць, дагаварыць, але не дагаварыў, толькі махнуў рукой, выпусціўшы і ледзь не пабіўшы талерку, якую падхапіў Мяркулаў, спрыт якога здзівіў Купалу: пад стол паспеў скочыць і пад сталом злавіць.

- Як, зрэшты, і ад рускіх, - кіўком пахваліў камісара Сталін, сеў да стала і пачаў набіваць люльку. - Вось паслухайце, што адзін рускі паэт прыдумаў: “Хачу назваць яго не Сталін - Джугашвілі!” Што ён хацеў сказаць?.. Калі я Джугашвілі быў, сам лепш пісаў.

- Ды ён не рускі, - памыў талерку і вярнуўся Мяркулаў. - Габрэй.

- Габрэй... - пыхнуў люлькай Сталін. - Дык вось да нацыянальнага пытання. Калі б, скажам, Мяркулаў размаўляў на ідыш, я гаварыў па-грузінску, а вы па-беларуску, мы б адзін аднаго зразумелі?.. Вы разумееце мяне?

- Не зусім, таварыш Сталін, - асцярожна адказаў Мяркулаў. - Чаму я павінен размаўляць на ідыш, калі я грузін? - І ўбачыўшы, як Сталін усміхнуўся, асмялеў. - І яшчэ… У сорак першым я вас цалкам разумеў. А ў сорак другім, калі адправілі ў Куйбышаў працаваць…

- Ну й адправіў, - паморшчыўся і пастукаў люлькай аб край попельніцы Сталін. - Не ў Беларусь жа партызаніць паслаў. - А вы партызанілі?.. - неяк хітравата спытаў ён Купалу, і той дастаў з левай унутранай кішэні пінжака, дзе ляжалі харчовыя карткі і пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў, верш-улётку «Беларускія сыны».

- Не. Я пісаў. Пачытайце. Гэта пра партызанаў.

Сталін падняўся, перайшоў ад абедзеннага стала да пісьмовага, начапіў акуляры (ён, аказваецца, акуляры носіць!) і пачаў чытаць. Спачатку запінаючыся, а пасля, нібы ўсё болей радуючыся, што дае рады тэксту на замежнай мове, з усё большым імпэтам, па-грузінску напеўна:

Па беларускім бітым шляху,

Б'ючы ў кайданавы званы,

Брыдзе чужынец, а зь ім побач

Хто?

  - Беларускія сыны!

 У беларускім вольным краі,

Зь ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

  - Беларускія сыны!

 Над беларускай беднай хатай,

Як полка вырвана з труны,

Вісіць чужы сьцяг, а трымае

Хто?

  - Беларускія сыны!

 У Беларусі сьпеў чужацкі,

Як над касьцямі груганы,

Крумцяць чужынцы, а іх складам

Хто?

  - Беларускія сыны!

 На беларускім буйным полі

Зь вясны да новае вясны

Растуць крыжы, а пад крыжамі

Хто?

  - Беларускія сыны!

Прычытаў, як песню праспяваў. І спытаў, прачытаўшы: “Вы не будзеце супраць, таварыш Купала, калі я гэты верш сабе на памяць пакіну?..”

“Калі б тут з кінахронікі хто-небудзь быў, дык беларускае нацыянальнае пытанне было б вырашанае раз і назаўсёды! ¾ падумаў Купала. - Каб нехта зняў і ўсяму свету паказаў, як па-беларуску прамаўляе Сталін! Як правадыру ўсё болей падабаецца інтанацыя верша! Як пад самы канец ён ускідвае рукі, выдыхаючы: “Растуць крыжы, а пад крыжамі Хто? Беларускія сыны!” - і так замаўкае, гэтак сцішваецца, нібы вось-вось закрычыць ад болю за Айчыну - і абудзіць, з вечнага сну падыме беларускіх сыноў...”

Абудзіўся камісар. Зірнуўшы на Сталіна, які стаяў крыжам, чакаючы апладысментаў, Мяркулаў падышоў да Купалы і спытаў, з пятаў на наскі і з наскоў на пяты кіўнуўшыся:

- Вы што сабе дазваляеце? З каго надумалі жартаваць? Якія тут партызаны? Нацыяналісты - партызаны?

Сталін, не дачакаўшыся апладысментаў, апусціў рукі.

- Што?.. Дык чужынцы - не немцы? Рускія?

- Не толькі, - чамусьці не спалохаўся і сам здзівіўся з гэтага Купала. - Немцы таксама. І палякі…

Мяркулаў крывёў наліўся  - у ім хапала крыві.

- А ну ўстаць! - гэтак ухапіўся ён за Купалу, нібы яшчэ раз сабраўся скінуць у лесвічны пралёт, пацягнуў з кабінета, але Сталін нечакана спыніў яго:

- Ты не бойся, Усевалад. Я цябе не расстраляю. Хоць за тое, што ты дазваляеш сабе пра таварышы Сталіне ў адносінах да лаўрэата Сталінскай прэміі, можна й расстраляць. Правільна я кажу, таварыш Купала?

Купала не любіў расстрэлаў, таму прамаўчаў.

Сталін глянуў на Мяркулава, той выцягнуўся ў струнку: “Правільна, таварыш Сталін!” - і Купала ўпершыню з таго моманту, як зляцеў на мармуровую падлогу гатэля “Масква”, адчуў, як добра быць мёртвым.

- І што палякі - правільна, - вытрымаўшы паўзу, каб Мяркулаў яшчэ павыцягваўся, спакойна пыхнуў люлькай Сталін. - І правільна, што немцы. А што рускія - не. Няправільна. Рускі народ - вялікі народ, таварыш Купала. Вось маглі б немцаў перамагчы беларусы? Ці хай нават грузіны? Не. А рускія перамаглі. Яны нават Украіну могуць заваяваць, калі захочуць.

- А навошта ім заваёўваць Украіну?

- Як навошта? Бо яны рускія. Не беларусы і не грузіны. Вам не трэба? І мне не трэба. А рускім трэба. Правільна, Усевалад?

Мяркулаў стаяў, выцягваючыся, і лыпаў вачыма.

- Ён жа не ведае, што праз 70 гадоў рускія на ўкраінцаў нападуць, таварыш Сталін, - засмяяўся Купала. - Яму гэта і ў дурным сне не прысніцца!

Сталін узняў люльку цыбуком у столь.

- І нам не прысніцца!.. Але мы ведаем! Прадбачым! А што дае нам магчымасць прадбачыць гістарычную хаду падзей? Вялікае вучэнне марксізму-ленінізму дае нам такую магчымасць! Правільна, Усевалад?

- І сталінізму… - зусім ужо не разумеючы, як яму на ўсё гэта рэагаваць, каб зратавацца, сказаў Мяркулаў, на што Купала запярэчыў: “Не. Сталінізм падчас вайны Расіі з Украінай ужо цалкам будзе дыскрэдытаваны, спроба ягонай рэанімацыі не ўдасца…” - і Сталін цяжка паглядзеў на камісара:

- Чуў?.. - І пацямнеў тварам. - А праз каго будзе дыскрэдытаваны сталінізм?.. Ты скажаш, што праз яго? - тыцнуў ён цыбуком люлькі ў бок Купалы. - Праз тое, што ён кепскія вершы таварышу Сталіну прысвячаў? Дрындушкі?.. А я скажу, што не. Праз такіх, як ты, Усевалад, сталінізм будзе дыскрэдытаваны. Праз гэтакіх кіраўнікоў народнага камісарыяту дзяржаўнай бяспекі, якія замест таго, каб справай займацца, той вялікай дзяржаўнай справай, якою даручыла ім партыя, даручыў таварыш Сталін - п’есы пішуць! Хто табе сказаў п’есы пісаць?..

Сталін узяў ёршык, прачысціў цыбук пагаслай люлькі, зноў паказаў ім на Купалу.

- Хіба гэта яму даручыла партыя, даручыў таварыш Сталін кіраваць народным камісарыятам дзяржаўнай бяспекі? Не. Таму ён і піша. Вершы, п’есы. Займаецца сваёй справай, а не тваёй. А ты займаешся ягонай… Ха, - хакнуў Сталін. - Падыходзіць да мяне на прыёме ў Крамлі адна актрыса, - падышоў ён да Купалы, паказваючы, як падыйшла да яго актрыса: “Ах, таварыш Сталін! Як вы ўмееце падбіраць кадры! Ах, які ў вас геніяльны кіраўнік дзяржаўнай бяспекі! Ах, які ён драматург, якія п’есы піша!..” Я падумаў, што яна пра крымінальную справу, якую напісаў наш “драматург”, каб яе мужа пасадзіць. Але не! Яна…

Сталін вярнуўся да стала, узяў запалкі, раскурыў рэшту тытуню ў люльцы.

- Яна, актрыса тая, пра п’есу, а не пра справу. Дык у мяне ёсць іншыя людзі для п’ес, Усевалад. Я цябе не для таго з Грузіі ўзяў, каб ты мне ў Маскве п’есы пісаў. Для гэтага ў мяне Горкі ёсць, якога я ўзяў з Італіі.

Купала хоць і адчуваў, што зараз у размову лепш не ўлазіць, але не стрываў:

- Горкі памёр, таварыш Сталін. І кажуць…

Сталін люлькай паветра рассек.

- І кажуць, што я атруціў яго?.. Горкі - буравеснік рэвалюцыі! Як я мог атруціць буравесніка?

Купала нарадзіўся і жыў не ў марской, а ў балоцістай мясцовасці. Ён ніколі не бачыў буравеснікаў і не ведаў, як іх можна атруціць. Таму й сказаў: “Не ведаю”, - а Сталін, мусібыць, падумаў, што Купала ўсё ж яго падазрае, і ў вачах ягоных мільгнула нешта буравеснае.

- Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць! Гэта я напісаў? Гэта Горкі напісаў - і няхай не крыўдуе.

“Праўда што…” - падумаў Купала, і тут жа праз тое, што так падумаў, яму стала ніякавата: усё ж Горкі яго, хоць і не аднаго, а на пару з Якубам Коласам некалі пахваліў. Ёсць, сказаў, у Беларусі Колас і Купала, някепскія хлопцы. І ўспомніўшы гэта, Купала сказаў, як бы абараняючы Горкага:

- Тады і вы не крыўдуйце. 5 сакавіка 1953 года вас знішчаць.

Мяркулава на плямы пабіла, а Сталін зноў здзівіў: успрыняў словы Купалы спакойна. Пыхнуўшы люлькай, спытаў:

- Хто знішчыць?.. - І паказаў на Мяркулава. - Гэты?

Мяркулава, на якім усе плямы раптам збялелі, можна было б, вядома, даканаць, каб ведаў, як паэтам у зубы біць, але Купала не меў гэбісцкіх звычак.

- Не. Берыя.

- Сукін сын! - сеў за стол і адкінуўся на спінку крэсла Сталін. - Грузін грузіна! - І тут жа нахіліўся ўперад, да Купалы, глыбока зазірнуў у вочы. - Вось скажыце мне, таварыш Купала: беларуса, які ўзняўся на такую вышыню, што стаў правадыром усіх часоў і народаў, мог бы знішчыць беларус?..

Купала адвёў позірк.

.
28.06.17 20:55



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў