Бог і мова

Будслаў.

Апошні дзень чэрвеня.

Фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.



Тысячы людзей са зьнічамі, святая імша, адслужаная па-беларуску. І ўспомнілася, як у чэрвені 1999 года слухаў на плошчы ў Варшаве папу Яна Паўла ІІ, і як уразіўся, калі «Ойча наш…» падхапілі разам з ім мільён палякаў, якія былі на плошчы, і прамаўлялі малітву ўсе адным дыхам па-польску, выяўляючы дух нацыі, і як падумалася: «Госпадзі! Ці будзе такое калі-небудзь у нас, ці дачакаюся я малітвы, адным дыхам прамоўленай мільёнам беларусаў па-беларуску?..» Дык вось тут, у Будславе, нешта падобнае сталася. Няхай не мільён, але тысячы беларусаў прамаўлялі адным дыхам «Ойча наш…» па-беларуску, і я прамаўляў разам з імі, ледзь стрымліваючы шчымлівыя слёзы - праваслаўны сярод каталікоў…

Я не збіраюся пераходзіць з царквы ў касцёл. Бог адзін. Але з кожным народам размаўляе Ён на той мове, якую народу даў, каб той народ быў.

Каб была Беларусь, мусіць быць Бог, які гаворыць па-беларуску, і мусяць быць тыя, хто па-беларуску Яму ў малітвах гукаецца. Незалежна ад таго, царкоўныя яны, ці касцёльныя.

Беларуская мова і беларускі Бог - вось што трэба найперш, каб была Беларусь. Айчына. Без гэтага яе не будзе. І менавіта таму найперш беларускай мове і беларускаму Богу не даюць прадыхнуць тыя, хто не хоча, каб Беларусь была.

02.07.17 22:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў