Звычайная мана Лукашэнкі 09.10.2015 2

10 кастрычніка апазіцыя праводзіць у Мінску сход выбаршчыкаў “Улада – народу”, фармат якога пашыраны да шэсця з нацыянальнай сімволікай. Датэрміновае галасаванне пачалося масавымі фальсіфікацыямі: за тры дні прагаласавала ўжо 19% выбашчыкаў! Калі такімі тэмпамі пойдзе і далей, то да 11 кастрычніка – дня галасавання – улады ўжо “зробяць выбары”.

Пра фальсіфікацыі “выбараў”, “няведанне” Лукашэнкі пра расійскую авіябазу ды абвінавачанні з боку апазіцыі адказвае лідар грамадскага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў.

- Чаму зменены фармат пратэстнай акцыі, прызначанай на 10 кастрычніка?

- Улады паабяцалі 6 кастрычніка уключыць ацяпленне, а замест гэтага рэзка ўключылі сваю “галасавальную” машыну. У першы ж дзень датэрміновага галасавання пастаўлены “рэкорд”: на выбарчыя ўчасткі загнаныя 4,5% адсоткі выбарцаў! У другі дзень яшчэ болей: 6,5! У выніку на трэці дзень амаль 20%! Фальсіфікацыі пачаліся масава. Улада напоўніцу ўключыла адміністрацыўны рэсурс – і ў адказ на гэта мы пашырылі фармат прызначанага на 10 кастрычніка сходу “Уладу – народу”, дадаўшы да яго шэсце з нацыянальнай сімволікай у знак пратэсту супраць антынацыянальнай палітыкі.

- Чаму вы напружылі беларускую апазіцыю, правёўшы ўстаноўчы сход руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” на мітынгу 4 кастрычніка на плошчы Свабоды?

- Апазіцыю я ніяк і нічым напружваць не збіраўся.

Ініцыятыва стварэння грамадскага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” ўзнікла ў адказ на пагрозу страты нашай дзяржаўнасці і незалежнасці праз палітыку цяперашняга беларускага рэжыму – у тым ліку праз магчымае падпісанне дамовы аб размяшчэнні на нашай зямлі расійскіх ваенных базаў. Мы вырашылі правесці ўстаноўчы сход, але дзе? На Палац Рэспублікі ці Дом прафсаюзаў разлічваць, вядома, не даводзіцца. Ды ў нас і сродкаў няма на тое, рух існуе выключна на валанцёрскіх пачатках. Гэта наша прынцыповая пазіцыя: нельга за дзяржаўнасць і незалежнасць змагацца за грошы.

Дарэчы, нам адмовілі не толькі ў памяшканні, але і ў правядзенні пікетаў і мітынгаў супраць чужых ваенных базаў, заяўкі на якія мы падавалі ў рэгіёнах. Напрыклад, у Слоніме заяўкі падаваліся тройчы – і ўсе з адным, адмоўным вынікам. Таму актывісты з рэгіёнаў прыехалі на акцыю “За мірную, нейтральную Беларусь!” у Мінск. А паколькі ініцыятарам акцыі (як і сумеснай заявы апазіцыі супраць размяшчэння чужых ваенных базаў) быў менавіта рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць”, мы палічылі магчымым правесці ў рамках акцыі ўстаноўчы сход. Менавіта на плошчы Свабоды, як вольныя людзі. Каб не хадзіць і не кланяцца чыноўнікам: “Дазвольце нам, калі ласка, у Беларусі адстойваць яе дзяржаўнасць і незалежнасць”. Гэта была ідэя нашых маладых актывістаў, ідэя сімвалічная, крэатыўная – і мы яе рэалізавалі. Вось і ўсё.

Людзі па рэгіёнах раз’ехаліся ўзнёслыя, акрыленыя: яны з’ядналіся ў адзіны рух на пляцы Волі ў сталіцы краіны! І менавіта іх настрой, а не настрой кіраўнікоў нейкіх іншых рухаў і партый для мяне вызначальны.

- Чым выклікана заява Лукашэнкі пра тое, што яму нічога не вядома пра планы Пуціна размясціць на беларускай зямлі расійскую ваенную базу?

- Што да заявы Лукашэнкі пра невядомы яму план размяшчэння расійскай ваеннай базу, дык гэта звычайная мана, якую ён лічыць вялікай палітычнай хітрасцю. Развёўшы рукамі: маўляў, нічога такога з боку Расіі не плануецца, ён проста ў чарговы збіраецца “развесці” беларускае грамадства, якое менавіта ў пратэсце супраць чужых вайсковых базаў пачало на дзіва хутка кансалідавацца. Вось ён і вырашыў прыгасіць магчымую (і вельмі небяспечную менавіта падчас выбарчай кампаніі) хвалю супраціву, звязаную з праблемай мілітарызацыі, на якую непазбежна накладзецца процьма іншых праблем, уключна з эканамічнымі.

Апроч гэтага, яму трэба нешта прадэманстраваць у звязку з намерамі ў чарговы раз пасябраваць з Еўрасаюзам. А якое можа быць сяброўства з нажом за пазухай? З расійскай авіябазай на самай мяжы з Еўропай? Вось ён і заявіў, што “расійская авіябаза” – прыдумка апазіцыі, а насамрэч пра гэта ў яго з Пуціным нават гаворкі не было.

Гаворка была. І нядаўна (у Сочы), і раней, калі ён сам казаў, што расійская авябаза ў Беларусі будзе, што гэта практычна вырашанае пытанне. А цяпер ён проста цынічна распачаў гандаль. Па сутнасці ягоная заява – гэта заява пра кошт пытання. Пуцін лічыць, што Расія за ўсё ўжо (найперш за ўтрыманне Лукашэнкі) спаўна сплаціла, а Лукашэнка лічыць, што не. Аплочаныя, маўляў, толькі ранейшыя паслугі, а не гэтая. Вось пра тое, колькі трэба заплаціць за гэтую паслугу і пачаў Аляксандр Лукашэнка перамовы з Уладзімірам Пуціным, які ў адказ прамаўчаў.

Але прамаўчаў пакуль. І з маўчання гэтага нічога добрага не вынікае.

- Днямі вы сустракаліся з новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі спадарыняй Андрэа Віктарын. Ці закраналася на сустрэчы пытанне расійскай ваеннай базы? Пра што ўвогуле йшла гаворка?

На сустрэчы з новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС спадарыняй Андрэа Віктарын закранаўся ўвесь спектр пытанняў, звязаных з адносінамі Еўрасаюза і Беларусі, у тым ліку і пытанне расійскай ваеннай базы. Па рэакцыі спадарыні Віктарын было відаць, што заява Лукашэнкі пра адсутнасць намераў размясціць у Беларусі расійскую ваенную базу была такой жа нечаканкай, як і для нас.

Спадарыня Віктарын запэўніла, што далейшыя адносіны ЕС і Беларусі, у тым ліку пытанне зняцця санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, будуць вызначацца не толькі тым, як еўрапейскія назіральнікі ацэняць вынікі выбарчай кампаніі, але і па агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Увогуле яна выказала цвёрды намер працаваць у кантакце не толькі з уладамі, але і з апазіцыяй, з усёй беларускай дэмакратычнай супольнасцю, што выклікае спадзяванні на аб’ектыўнае стаўленне ЕС да ўсяго, што адбываецца сёння ў Беларусі на новым вітку лукашэнкаўскай “дэмакратызацыі”.

«Беларуская праўда»


Читать другие новости

Уладзiмiр Някляеў