Хроника беспредела. Дед вызывает на поединок милиционеров, которые издевались над внуком

- Я выклікаю ўсіх гэтых знешне чалавекападобных істот, што затрымлівалі і зьдзекваліся з майго унука на паедынак. Калі ў іх засталося хоць штосьці мужчынскага ці чалавечага, то няхай адгукнуцца і выйдуць па-аднаму тварам у твар. А Бог вырашыць, на чыім баку праўда – напісаў Лявон Карповіч, жыхар вёскі Лунна, ягоны ўнук Мікіта быў затрыманы 19 студзення ля Чырвонага Касцёла падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі.

Лявон Карповіч запісаў расповед унука і папрасіў мяне распаўсюдзіць яго, што я і раблю. Далей распавядае 15-гадовы Мікіта:

-Каля сямі гадзін вечара мы падышлі да чырвонага касцёлу, дзе ўбачылі прадстаўнікоў СМІ, людзей з партрэтамі палітвязняў і знічкамі. За ўсім гэтым сачылі КДБэшнікі. Нас было трое, усе непаўналетнія, мне і яшчэ аднаму хлопцу па 15 год і нашаму сябру 16. Калі мы падышлі да людзей, што стаялі ля касцёлу і запалілі знічы, нас адразу пачалі фатаграфаваць, праз 20 секунд падышлі нейкія людзі ў цывільным, схапілі пад рукі мяне і хлопцаў і адразу некуды пацягнулі. Аказалася ў мікрааўтобус, які быў без дзяржаўных нумароў. Там нас чакалі міліцыянт у форме і некалькі чалавек у цывільным. Адзін з іх спытаў: "ну што,хлопцы,вы матам лаяліся,петарды ўзрывалі ці курылі ў грамадскім месцы?".

Мы тады зразумелі,што вінаваціць нас будуць па "традыцыйных" артыкулах.

Затрыманымі мы былі першыя.Мы адразу папярэдзілі,што з'яўляемся непаўналетнімі і маем права патэлефанаваць бацькам,на што пачулі: "заткніцеся і сядзіце ціха,каб не было горш".

Першае,што яны зрабілі гэта забралі ў нас тэлефоны і выключылі іх. На пытанне куды нас павязуць,быў адказ -"убачыш". Рассадзілі нас па розных кутах,каб не перамаўляліся.Я спрабаваў адчыніць завеску на акне,але ж быў спынены "цывільным",які ўскочыў і крыкам забараніў мне гэта рабіць. Але ў вакно было бачна як "невядомыя" збіваюць і распіхваюць па мікрааўтобусах людзей. Праз некалькі хвілін,наш мікрааўтобус быў поўны "злоснымі парушальнікамі грамадскага парадку",такімі як і мы.

Нас павезлі ў Маскоўскі РАУС і даставілі туды ў 19:40,такім чынам, пасля затрымання прайшло ўжо сорак хвілін без званка бацькам.

Трапілі мы ў залю,дзе было ўжо ўсе падрыхтавана для нашага "прыёму": сядзелі міліцыянты з лістамі,на якіх было напісана "список задержанных 19 декабря 2011",куды нас адразу і занеслі.

Запісвалі ФІА, дату і месца нараджэння,месца жыхарства і вучобы.Размаўлялі мы з імі па-беларуску,але запісвалі яны ўсе па-расейску.

Нашы неаднаразовыя паведамленні пра тое, што мы непаўналетнія міліцыянтаў не хвалявалі.Пасля перапісу затрыманых, нас адправілі на здымак і зняцце адбіткаў пальцаў.Сфатаграфаваўшы мяне з усіх ракурсаў,яны таксама прымусілі мяне адзець каптур,зрабілі фота ў ім.Адбіткі даваць мы адмаўляліся і казалі,што яны не маюць права гэтага рабіць без прысутнасці бацькоў,на што было сказана,што калі адбіткі мы не здадзім нас бацькам не вернуць і пакінуць на 15 сутак.

Пад час фатаграфавання і зняцця адбіткаў, мы жартавалі і такім чынам падтрымлівалі адзін аднаго.Міліцыянты злаваліся,бо бачылі наш настрой і тое,што мы іх не баімся. Пагражалі пакінуць на "суткі".

Толькі пасля гэтага, міліцыянты патэлефанавалі бацькам

Прыйшлі матулі двух хлопцаў, мае бацькі знаходзіліся за мяжой.Нас павялі на складанне пратаколу і допыт,вярнулі рэчы.

У нас пыталі: "Што рабілі ля касцёлу?" Мы адказалі,што мы вернікі і прыйшлі памаліцца,хто нас затрымаў і чаму, не ведаем.

Але ж у пратаколе яны ўсё – роўна напісалі сваё: "выкрыквалі лозунгі "Жыве Беларусь" і "Свабоду Палітвязням",актыўна ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве,лаяліся матам,парушалі грамадскі парадак.

Бацькі хлопцаў пад пратаколам напісалі "з пратаколам азнаёмлены,але з яго змесцівам не згодны".Увесь гэты час вырашаўся мой лес. Па колькі маіх бацькоў не было, міліцыянтамі было вырашана адправіць мяне на Акрэсціна.

Хлопцаў з бацькамі адпусцілі а 10-ай вечара.

Я застаўся ў РАУСе ў пакоі з васьмю міліцыянтамі. Мне не дазвалялі тэлефанаваць бацькам.Працягвалі дапытваць без іх прысутнасці.У мяне зноў забралі тэлефон, але я паспеў яго выключыць.Міліцыянт патрабаваў пін-код – я яму адмовіў. Ён пачаў мяне абражаць,пагражаць і лаяцца матам,казаў:

"Дай пин-код б...дь,а то пожалеешь.Раньше вел себя нормально,а теперь ведешь себя как баран б...дь".

Падышоў да мяне блізка і спытаў яшчэ раз, сказаў,што заблакіруе мне тэлефон, я зноў-такі адмовіў яму.Але за мяне заступіўся другі міліцыянт і спытаў у таго,навошта яму гэта трэба.Той адказаў,што быццам бы я адпраўляў смс на "палітычныя сайты".Што такое ўвогуле "палітычныя сайты" і якія смс туды можна адсылаць я не зразумеў канешне.Пасля гэтага,ўсім аддзелам яны палезлі ў інтэрнэт на сайты хартыі і свабоды,дзе знайшлі наша з хлопцамі фота,перад чырвоным касцёлам з лампадкамі.

Кіраўнік аддзелу пачаў лаяцца матам на мяне: "Да вы вообще ох...ли, вы что о себе думаете, чего вы добиваетесь? Пускай ты, б...дь,еще раз мне попадешься...".- з чаго было ясна,што калі я яшчэ раз яму траплюся,то ён мяне адправіць у калонію і зробіць усе,каб маіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Пасыпаліся абразы ў мой бок і пытанні кшталту "колькі вам за гэта БНФ заплаціла?".

Калі я ўказаў на тое,што ў пратаколе запісаны памылковы час затрымання 19:30,а затрымалі нас прыкладна ў 19:00,то да мяне адразу падышлі і сказалі "Закрой свое еб...о!".

Папярэдзілі,што да бацькоў я магу вярнуцца ў зусім іншым стане. Адзін з іх казаў,што АМАПаўцы,якія пісалі рапарт аб маім затрыманні, пацвердзяць,што затрымалі мяне ў 19:30,а не ў 19:00, як і тое,што я лаяўся матам і выкрыкваў лозунгі,і нікога не хвалюе,што гэта не праўда.Тады я спытаў: "каго вы абараняеце і каму служыце,ці не павінна міліцыя абараняць закон і служыць народу".

На што ён адказаў: "я абараняю закон,а ты – парушальнік закону"

Я спрабаваў даказаць,што закон у нашай краіне пішацца адным чалавекам і што міліцыя павінна быць з народам.А міліцыянт прывёў прыклад: "калі Лукашэнка выдасць закон,што нельга хадзіць па горадзе ў белых шапках,то я буду вымушаны гэты закон абараняць і караць тых,хто ходзіць у белых шапках,бо гэта мая праца.І я лічу гэта правільным.Не можа будаўнік класці цэглу па-свойму,ён робіць гэта так,як яму кажуць.".

Было ўжо 23:30,хацелася спаць,мяне працягвалі дапытваць,у нейкі час,адказваючы на пытанне,я прамедліў,бо не ведаў,што адказаць,да і цяжка ўжо было,адразу ж я адчуў гвалт міліцыянта,які мяне дапытваў:"Чего мычишь б...дь?!".

Усе іх пытанні,дзеянні і маўленне суправаджаліся матамі.

Яшчэ ў РАУСе мяне прымусілі зняць шнуркі з красовак,каптур,рамень, нацельны крыж. Я неаднаразова прасіў заставіць мне крыжык без ланцужка,,яны адмаўлялі.

Прымусілі падпісаць пратакол,не гледзячы на тое,што бацькоў яшчэ не было.

Пасля двух гадзін здзекаў і допыту,у 12 гадзін ночы мяне адвезлі на Акрэсціна,у суправаджэнні трох міліцыянтаў,дзе дапытвалі яшчэ да двух ночы,абшукалі паўторна і зноў забралі рэчы.У мяне спрабавалі даведацца: "навошта мне было патрэбна ісці на гэту акцыю,мае палітычныя погляды і тое, што мне не падабаецца ў сучаснай Беларусі".Склалі яшчэ адзін пратакол. І пасля адвялі ў камеру.

Прачнуўся я ад песні "Give me Freedom",што было вельмі сімвалічна.

Раніцай мяне зноў сфатаграфавалі і знялі адбіткі,патлумачылі тым,што на Акрэсціна свая база дадзеных і яна не агульная з МУСаўскай,таму ім патрэбны мае "пальчыкі".

У 11 гадзін прыехалі бацькі і падпісалі пратаколы,са зместам яны згодныя не былі.Б ацькам распавялі,хто тэлефанаваў мне дадому напярэдадні акцыі і папярэджваў не ісці на яе – супрацоўнікі спецслужб.Мяне і хлопцаў чакае суд і камісія па справах непаўналетніх.

Бацьку звольнілі з працы.

Запісаў са слоў унука ягоны дзед, былы настаўнік з 40-гадовым стажам работы ў школе, Лявон Карповіч (Лунна).
28.12.11 20:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Анджей Почобут