Кватэра Алексіевіч і Наш Дом – Беларусь.

Цягам мінулага тыдня розныя падзеі цікавілі аналітыкаў ды актывістаў дысыдэнскага руху. Адпаведна і ўвага розных СМІ фіксавала стан спеласці нашага грамадзтва.

Сярод дзесятка акцыяў для мяне стаў адметным зварот кіраўніка БНФ А.Янукевіча да Генпракурора аб прызнанні ў Беларусі экстрэміскай арганізацыяй расійскіх матацыклістаў, што напялілі шкуру ваўкоў. Нагодай звароту паслужыла заява ў Беларусі мотаваўка, што Беларусь – гэта Расія. На сайце БНФ як раз вісіць лёзунг “Беларусь – не Расія!” Працяг акцыі быў для мяне нечаканым. Мотавоўк заблеяў як ягня, што яго няправільна зразумелі і ён ня тое меў на ўвазе і тут жа паўтарыў сваю тэзу, што сепаратысты як раз тыя, хто хоча раздзяліць адзіны народ…

Далей адбыўся нечаканы працяг гэтага двубоя. Цытую па сайце беларускай службы радыё Свабода:

Залдастанаў дыскутаваў зь Янукевічам у жывым эфіры пра «рускі мір» і Беларусь

«Начны воўк» Залдастанаў у жывым эфіры радыё «Говорит Москва» сказаў: «Беларусь незалежная, калі ў іх там ёсьць прэзыдэнт». Адбылося гэта пад ціскам лідэра Партыі БНФ.

4 траўня ў жывым эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва» адбылася тэлефонная размова паміж Аляксеем Янукевічам і Аляксандрам Залдастанавым.

Падчас гутаркі (слухаць эфір за 4 траўня, пачынаючы з 24.30) Залдастанаў зрабіў шэраг новых выказваньняў. У прыватнасьці, ён сказаў, што беларусы ў часе вайны змагаліся за «русский мир», і назваў лідэра Партыі БНФ Аляксея Янукевіча хлусам, які нацкоўвае народы адзін на аднаго.

Адказваючы на прамое пытаньне, ці сувэрэнная дзяржава Беларусь, Залдастанаў сказаў, што наяўнасьць прэзыдэнта — гэта знак таго, што краіна самастойная.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Генпракуратуру афіцыйную заяву з патрабаваньнем прызнаць расейскі байкерскі клюб «Начныя ваўкі» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць яго дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Падставай для гэтага сталі выказваньні лідэра «Начных ваўкоў» Аляксандра «Хірурга» Залдастанава, які, знаходзячыся 30 красавіка ў Беларусі, заявіў, што Беларусь — гэта Расея.

 «Нахабная заява Залдастанава яўна скіраваная на непрызнаньне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы», — заявіў Янукевіч.

«Кантэкст усіх выказваньняў спадара Залдастанава, якія ён робіць у Беларусі і робіць ня першы год, вельмі ясна сьведчаць пра тое, што зь яго боку і з боку яго арганізацыі вельмі яўна прасочваецца непавага да дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай дзяржавы. Вядома, Беларусь у вельмі вялікай ступені пацярпела ў час Другой усясьветнай вайны, але спрабаваць выкарыстаць гэтую тэму для таго, каб расхістваць мір у нашай дзяржаве, каб ставіць пад сумнеў незалежнасьць краіны — у Беларусі гэта нікому ня ўдасца і нікому ня будзе дазволена. Мы хочам, каб арганізацыя „Начныя ваўкі“ была прызнана экстрэмісцкай, а яе дзейнасьць у Беларусі была пастаўленая па-за законам. Адпаведна, тады будуць вымушаныя адрэагаваць і расейскія органы, таму што паміж нашымі дзяржавамі ёсьць адпаведныя дамоўленасьці. Наша мэта, каб публічныя выказваньні публічнай асобы спадара Залдастанава, якія ставяць пад сумнеў незалежнасьць нашай дзяржавы, не гучалі, у тым ліку, у Беларусі», — так пракамэнтаваў Янукевіч радыёстанцыі «Говорит Москва» факт падачы Партыяй БНФ скаргі ў Генпракуратуру.

Аляксандар Залдастанаў сказаў, што тое, што ён ставіў пад сумнеў сувэрэнітэт Беларусі — гэта трызьненьне. Тады Аляксей Янукевіч запытаў яго: якім чынам заява пра тое, што Беларусь — гэта Расея, можа ня ставіць пад сумнеў незалежнасьць нашай краіны?

 «На працягу ўсёй маёй паездкі ў Беларусь вакол мяне круціўся нейкі тып, які казаў, што СССР ваяваў на адным баку з Гітлерам. Калі мне пытаньне задае гэты тып, то мне ўсё зразумела, чаго ён дамагаецца. Я чуў, што мяне абвясьцілі сэпаратыстам. Але сэпаратысты разьдзяляюць і гадзяць, а я акурат хачу сабраць усё. Я акурат за адзінства наша, за нашу агульную гісторыю, за нашу адзіную веру. Я акурат за гэта выступаю. А людзі, якія распаўсюджваюць пра мяне падобныя плёткі і бязглузьдзіцу, — гэта і ёсьць самыя натуральныя сэпаратысты, якія прывялі нашу радзіму да развалу ў 90-х гадах. А цяпер яны хочуць зрабіць тое самае ў Беларусі. Яны хочуць, каб яна апынулася пад зьнешнім кіраваньнем, яны хочуць пазбавіць яе незалежнасьці. А тых, хто супраць гэтага змагаецца, яны абвяшчаюць сэпаратыстамі. І дагаварыліся ўжо да таго, што Савецкі Саюз ваяваў разам з Гітлерам. Я думаю, што такіх людзей увогуле ня трэба слухаць. Гэта бессаромныя, ілжывыя ворагі, якія навадняюць цяпер нашу прастору для таго, каб нас нацкоўваць адных на адных».

Адказваючы на пытаньне вядоўцы, ці незалежная дзяржава Беларусь, Залдастанаў сказаў:

«Ну вядома, яна незалежная, калі ў іх там ёсьць прэзыдэнт».

«Мяне абсалютна не задаволіў адказ спадара Залдастанава. Мы чулі, што ён заявіў пра тое, што яго радзіма развалілася. Я ня ведаю, ці лічыць ён сваёй радзімай Расею і ці развальваецца Расея ўжо. Але насамрэч СССР не існуе ўжо больш за 25 год. І любыя спробы яго ўзнаўленьня, любыя заявы пра тое, што цяпер хочуць склеіць нейкую адзіную веру... Зноў жа незразумела, якая канкрэтна вера маецца на ўвазе...», — пачаў адказваць Янукевіч.

Залдастанаў перарваў Янукевіча:

«Незразумела яму, якая вера. Яму таксама незразумела, хто ваяваў на баку Гітлера. Я ня ведаю, з кім я размаўляю, ці той гэта пэрсанаж, які ўвесь час круціўся ў мяне пад нагамі, вышукваў, дзе нагадзіць нам. Хутчэй за ўсё, гэта ён і ёсьць. Ён хлусіць нахабным чынам, перакручвае мае словы і сьвядома скажае рэчаіснасьць. Я знаходзіўся на могілках у Хатыні, калі людзі распавядалі пра подзьвігі іх вёсак і гарадоў. Для мяне было зразумела, што яны ваявалі не за свае сёлы, а за сваю краіну, за сваю радзіму, якой тады быў Савецкі Саюз. Яны ваявалі не за канкрэтны кавалачак тэрыторыі, а за адзіны наш дом, які цяпер называецца „русским миром“. А вось гэтыя хлусы і падлюкі хочуць зараз зрабіць усё, каб нацкаваць нас адных на адных, адпрацоўваючы грошы сваіх заакіянскіх апекуноў».

Апошняе слова вядоўца даў лідэру БНФ:

«Слухачы самі могуць ацаніць тыя выказваньні, якія цяпер прагучалі, хоць у іх шмат унутраных супярэчнасьцяў і яўнага трызьненьня. Пракуратура Рэспублікі Беларусь таксама будзе рабіць свае высновы. Ці памірымся мы? Я з спадаром Залдастанавым не сварыўся. Я не прыяжджаў у Расею і не заяўляў, што гэта Беларусь. Я не казаў, што мае дзяды ваявалі за „белорусский мир“. Ён жа заявіў, што падчас Другой усясьветнай вайны беларусы ваявалі за „русский мир“. Беларусы за яго не ваявалі. Ніколі. І вельмі спадзяюся, што нам ніколі не давядзецца ваяваць супраць „русского мира“. І вось гэтае сяброўства, пра якое шмат гавораць, ставіцца пад сумнеў дзейнасьцю такіх арганізацыяў, якой кіруе спадар Залдастанаў».

Сам па сабе ідэялагічны двубой – унікальны. Падобнага не было ў сучаснай гісторыі Беларусі. І працяг з адказам Генпракуратуры можа мець істотнае значэнне для існавання Суверенітэту Беларусі

Але ж мяне дзівяць паралельныя факты, непасрэдна звязаныя з нахабствам улюбёнца Пуціна. У гэты ж час, калі БНФ выступіў у абарону Незалежнасці Беларусі малады аналітык з сайта tut.by укрыжоўваў апазыцыю за няздольнасьць аб’яднацца. У гэты ж час Статкевіч у чарговым регіёне бэсціў лідараў апазыцыі за нежаданне ісці на ягоны Кангрэс дэмсілаў. У гэты ж час на сайце Нашай Нівы абсмоктвалі новую кватэру Алексіевіч у доме Чыжа.

Калі ўладары Крамля абвясцілі аб намеры размясціць сваю вайсковую авіябазу ў Беларусі, супроць выступілі ўсе прадстаўнікі дысыдэнтаў, іх лідары і тым самым яны сталі апазыцыяй і прымусілі Лукашэнку даць адлуп, ці ўрэшце адцягнуць прылёт расійскіх самалётаў.

Зараз, калі імперскія матацыклы ўцюжаць нашы дарогі і іх вершнікі сваёй траскатнёй - мазгі грамадзянаў, ахінаючы “русским миром” (асабліва свядомасць моладзі) – ніякага супольнага процідзеяння няма. Парадокс, але маўчаць уплывовыя лідары руху Паэта Някляева за Дзяржаўнасць і Незалежнасць, сярод якіх і Алексіевіч. Маўчаць барацьбіты з каманды Трусава, якія таксма дэкларавалі нешта падобнае. З-за іхняга бяздзенняя нават назоў не магу ўзгадаць. Я ўжо маўчу пра маўчанне астатніх, якія таксама называюць сябе апазыцыяй.

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што акцыю супраць праезду па беларускай тэрыторыі членаў прапуцінскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі» правялі актывісты руху «За Свабоду». На некалькіх мастах над трасай Мінск - Брэст у Баранавіцкім раёне яны вывесілі транспаранты «Мы сваю зямлю нікому не аддамо», «Не фашызму! І расійскаму таксама. Путинцы, прэч адсюль дадому »і« Беларусь - не Расея». http://naviny.by/rubrics/politic/2016/05/01/ic_news_112_474346/

Але ж вы разумееце, што калі па трасе едзеш з хуткасцю 100 км у гадзіну, тады прачытаць плакат шансаў няма.

Сэнс заявы кіраўніка БНФ А.Янукевіча ў спробе прымусіць дзяржаўную машыну бараніць Незалежнасьць.

Чаму я узгадаў прозьвішча Алексіевіч? Каб яна не ўвайшла ў рух За Дзяржаўнасьць і Незалежнасьць, то і пытанняў бы не было. А так. Зараз зацікаўленыя палітыкі ды аналітыкі будуць лавіць кожнае слова Алексіевіч пры спробе Крамля і паслугачоў ахінуць “рускім мірам” Беларусь. А калі Нобелеўская лаўрэатка маўчыць пры выбуховых заявах “Беларусь – гэта Расія!” Значыць яна згодная. Значыць так і трэба. І толькі на сайце Нашай Нівы абсмоктваюць новую кватэру Пісьменніцы, як топавую навіну.

Калі б толькі адзін ці то мота воўк, ці то мота ягня бэсціў нашу Незалежнасьць можна было б яшчэ не вельмі хвалявацца. Але ж яго ў Беларусі сустракалі сябры БРСМ, калі вымеряць эмоцыі, то ў разы з большай радасцю, чым А.Лукакшэнку! Тут гатовыя да захопу ўлады сотні і тысячі рускіх югенд. Іхны БРСМ за падтрымку імперскага пагудчыка таксама можна патрабаваць ад пракуратуры прыраўняць да экстрэміскай арганізацыі

І маўчаць, не аб’ядноўвацца дзеля абароны Незалежнасці супольнымі дзеяннямі пад час кожнай атакі на Наш Дом – Беларусь – гэта і ёсьць праява ілжывай апазыцыйнасці – палітычнага імітатарства.

Тады хто з кім мусіць аб’ядноўвацца і дзеля чаго? Што важней: уласная партыйная кватэрка? Кватэра выбітная Пісьменіцы? Высвятленне пытання: хто гаспадар у дысыдэнскім доме?

Ці ўрэшце - Наш Дом – Беларусь?

.
07.05.16 20:34



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Владимир Подгол