Марачкін зноў дорыць ляльку - міністра Шуневіча.

Аляксей Марачкін зноў дорыць нам ляльку. Гэта будзе міністр МУС Шуневіч.


А мы запрашаем яго і вас на прэзэнтацыю. Лялькі ў сераду 18.00 ля Макдональдса, што побач з ГУМам. (Мінск)


Міністру МУС спадару Шуневічу Ігару Анатольевічу

Ліст другі.

Ад Алеся Таўстыкі і Ул.Падгола

Паважаны міністр. Хочам дапамагчы Вам у выхаванні вашых супрацоўнікаў у духу дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама прыўзняць рэйтынг вашага міністэрства.

Вы ведаеце пра заяву А.Лукашэнкі наконт стасункаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі пры развітанні з часовым павераным ЗША Скоттам Роландам. Нагадаем Вам галоўнае з таго, што сказаў Лукашэнка:

«Мы ніколі не хавалі таго факту, што без нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі мы не будзем мець паўнавартаснай знешняй палітыкі. Мы не ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах. Мы не маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія б супярэчылі нашаму супрацоўніцтву з ЗША. Нават расіяне нам заўсёды кажуць аб тым, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Еўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і патрэбна».

Мы са свайго боку цалкам падтрымліваем думкі А.Лукашэнкі. Спадзяемся, што і Вы таксама падзялеце думкі свайго прэзыдэнта. Лічым, што змест выказвання А.Лукашэнкі на развітанні з часовым павераным ЗША, мусіць быць прапрацаваны ва ўсіх падраздзяленнях МУС, з кожным супрацоўнікам.

Паведамляем Вам, што пад час гэтай перадвыбарчай кампаніі мы будзем у публічных месцах і надалей высока ўздымаць сцягі ЗША, Эўразвязу і наш Нацыянальны, які па колерах, ёсьць часткай сцяга ЗША.

Лічым неабходным звярнуцца да Вас з прапановай, каб вашы супрацоўнікі, пад час знаходжання каля нашых пікетаў, аддавалі чэсць сцягу ЗША, Эўразьвязу і нашаму Нацыянальнаму, бел-чырвона-беламу. Змяшчаць здымкі з праявай пашаны да сцягоў з боку міліцыянераў у дзяржаўным друку. І тым самым рэалізоўваць палітыку і ідэалогію А.Лукашэнкі.

Запрашаем Вас персанальна на адзін з нашых пікетаў у цэнты Мінска, у сераду а 18 гадзіне ля МАКДОНАЛЬДСа, Прашпект Незалежнасці, ля ГУМа. Давайце разам пастаім пад паважанымі ў ва ўсім свеце сцягамі ЗША, Еўразвязу, Бел-чырвона-белым. Вы самі зможаце аддаць чэсць сцягам і тым самым паказаць прыклад падначаленым.

Больш нідзе Вы гэта ня зможаце зрабіць, акрамя нашага пікета.

Вось, што нам адказалі наконт прапановы вывесіць у Мінску дзяржаўныя сцягі ЗША на будынках у Мінску з нагоды Дня Незалежнасці ЗША:

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама П.В.Скалабан напісаў, што “Дзень Незалежнасці ЗША не з’яўляецца дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь і таму немэтазгодна падтымліваць прапанову вывешаваць дзяржаўныя сцягі ЗША на будынках адміністрацыі прэзыдэнта, яго рэзыдэнцыі, на праспектах і плошчах Мінска, абласных цэнтрах”.

Дарэчы, звярніце ўвагу на тое, што чыноўнік Мінгарвыканкама вызначае, якія сцягі можна ці нельга вывешваць на будынках прэзідэнта і абласных цэнтраў. Можа ў Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот і уладу захапілі чыноўнікі мінгарвыканкама?

Прыходзьце да нас у пікет, станце пад сцягі ЗША і Еўразвязу, а можа і паставіце свой подпіс пад вылучэннем нашых асобаў, у якасці кандыдатаў у дэпутаты парламента. Алесь Таўстыка ідзе па Купалаўскай акрузе, а я – Падгол па 107-й.

Па любому, давайце сустрэнемся пад сцягамі! Недалёка ад Вашага міністэрства.

На першы наш ліст з прапановаю ўзяць удзел у шанаванні сцягу ЗША мы не атрымалі адказу. Лічым, што, як кажуць у народзе, што Вашае маўчанне - гэта знак згоды. Але, калі нешта перашкодзіць Вам прыйсці на пікет, тады дашліце замест сябе свайго намесніка. Ці проста сваю выяву і хай яе падтрымаюць вашы супрацоўнікі. Калі ўсе занятыя, тады мы самі патрымаем плакат з вашаю выяваю. У скрайнім выпадку мы самі прынясем вашу выяву на пікет і паставім яе пад сцягамі ЗША і Еўразвязу, каб паказаць усяму свету, як міністр рупіцца выконваць устаноўкі свайго кіраўніка дзяржавы.

І апошняе.

Мы раім Вам, і абсалютна ўпэўненыя, што так і адбудзецца, прынесці на пікет карціну, якую ў 2008 годзе супрацоўнікі МУС скралі ў мастака Аляксея Антонавіча Марачкіна. Нагадаем, што 24 сакавіка 2008 года ў майстэрню мастака Марачкіна уварваліся супрацоўнікі МУС і забралі з майстэрні карціну “Нашы лялькі”, афіцыйную харугву ТБМ, тры дзесяткі плакатаў, якія былі падрыхтаваныя да шэсця на Дзень волі. Ён тады быў афіцыйна дазволены. Карціны і плакаты былі забраны без складання пратакола і па сёння ня вернутыя гаспадару - Марачкіну. Суда па лёсу карціны і плакатаў не было, значыць яны мусяць знаходзіцца ў сховішчах рэчавых доказаў МУС.

Вы тады працавалі ў КДБ, курыравалі МУС і мусіце памятаць тую ганебную гісторыю. Загадайце вярнуць карціны і плакаты аўтару-гаспадару. Калі вашы супрацоўнікі ня ведаюць гэтай карціны, тады паглядзіце яе выяву ў інтэрнеце: http://www.svaboda.org/a/27437342.html

Прыходзьце, калі ласка. Вы імкнецеся падняць прэстыж МУС і гэта добра. На пікеце мінакі змогуць сфатаграфавацца з вамі. Фотаздымак з міністрам МУС можа апынуцца ў шмат якіх кватэрах на інтэрнэт сайтах.


У любым выпадку мінакі і прыхадні змогуць сфатаграфавацца з выявай міністра Шуневіча, які аддае чэсць сцягу ЗША і бел-чырвона-беламу.

.
12.07.16 14:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Владимир Подгол