У суд на конях і з Шорацам

Кіраўніку Мінгарвыканкама А.В.Шорацу

Ад экс кандыдатаў у дэпутаты парламанта шостага склікання

А.Таўстыкі і Ул. Падгола

Звяртаемся да Вас за дазволам прыехаць да будынка суду Маскоўскага раёну 22 і 23 верасня 2016г., у 9.00 на конях.

Мы пад час выбараў расходавалі свае грошы і цяпер у нас няма ні на паліва для машыны, ні на таксі, ні нават на талоны. Да таго ж, мы апошнія зберажэніі не трацім, а копім, каб заплаціць штрафы, якія нам прысудзяць. Місія МВФ нам не дапаможа.

Мы разумеем, што не вытрымліваем терміны, якія дазваляюць па законе для падачы заявак -15 дзён да мерапрыемства. Але ж мы атрымалі позвы ў суд за тыдзень да суда.

Таму просім Вас, не звяртаць увагі на терміны і дазволіць нам прыехаць у суд на конях.

Запрашаем на судовы працэс і Вас, бо пад час суду будуць разглядацца нашы спробы перадаць Вам заявы на пікеты, пад час выбараў, якія міліцыянты расцанілі як злачынства. А мы будзем хадайнічаць перад судом аб тым, каб Вас запрасілі ў суд у якасці сведкі, і Вы ў судзе ацанілі характар нашага ўчынку. Бо на канверце, які прыносілі мы ў выканкам было напісана “ШОРАЦУ ПАКЕТ – ЗАЯВЫ НА ПІКЕТ ад Падгола і Таўстыкі”

Мы прапануем Вам паехаць на суд разам з намі на конях. Мы пад’едзем да ганка Гармінвыканкама на конях і прывядзем Вам коніка, а калі жадаеце, то кабылку. Так мы ўтрох паедзем, а калі захочаце памчымся ў суд! Прыгажосць!

Вы спытаеце, а чаму менавіта на конях мы хочам ехаць у суд? Адкажам: усё проста. Мы сыйшлі з гэтых выбараў на конях. Перад тым як зняцца з выбараў, мы зрабілі развітальную фотасесію з выбаршчыкамі. Селі на коней, узялі ў рукі сцягі, праехалісь, далі інтэрв’ю, а потым паехалі ў свае акруговыя камісіі, дзе падалі заявы аб зняцці з выбараў. Мы думалі, што выбары для нас скончыліся і усе канфлікты з міліцыянерамі таксама. Але відаць што не. Галоўны канфлікт быў у тым, што на першым нашым пікеце, на вачах Вашага начальніка міліцыі Мінска, невядомы злачынца скраў карціну Марачкіна “Нашы лялькі”. І па сёння тая карціна ня знойдзена. Мы неаднаразова патрабавалі ў міністра МУС Шуневіча знайсці і вярнуць нам, альбо аўтару скрадзеную ў нас на пікеце карціну. І вось нечаканыя для нас позвы ў суд за дзеі, якія мы рабілі ў статусе кандыдатаў у дэпутаты парламанта. Відаць вашым міліцыянтам карціць хоць так адпомсціць нам за настойлівае патрабаванне знайсці карціну, скрадзеную ў нас на пікеце? Дарэчы, карціна – прыватная ўласнасць! Яна можа каштаваць вялікія грошы. І факт яе крадзяжу на вачах начальніка міліцыі ля рэзідэнцыі прэзыдэнта – ганьба міліцыі Мінска і сведчанне стаўлення гарадзкіх уладаў да прыватнай уласнасці.

Вось менавіта таму, што мы сыйшлі з выбараў на конях, а вашы міліцыянты змусілі нас вярнуцца ў выбары, таму і вярнуцца мы вырашылі на скакунах.

Мы запрасілі на суд гасцей з дзесяткаў эўрапейскіх краінаў і з-за акіяна. І ведаем - наш прыезд на конях у суд спадабаецца ім. Госці распавядуць ў сваіх краінах пра неардынарныя сродкі транспарту ў Мінску і, можа, паездкі на конях у сталіцы Рэспублікі, стануць брэндам і нормай у нас. А Вы – першым кіраўніком горада, хто пакажа прыклад мінчукам, як можна зрабіць паветра Мінска больш чыстым.

А калі ня хочаце ехаць на кані, часу няма, ці баіцеся, альбо покуль сорамна, тады давайце паедзем так: Вы наперадзе паціху на машыне, а мы за вашай машынай – на конях. Мы возьмем сцягі Мінска і мінакі ды госці сталіцы ўбачаць прыгожыя выявы анёлаў – апекуноў сталіцы!

А можаеце паехаць з намі на ровары. Мы на конях, а вы на двухколавым кані мінскай вытворчасці. А паветра таксама быдзе чысцейшым і рэкламу мінскім роварам зробіце.

Каб Вы крыху ведалі пра змест суда і не баяліся яго, патлумачым Вам сутнасць справы. Пад час выбараў мы – кандыдаты ў дэпутаты прынеслі ў выканкам заявы на пікеты. Іх было некалькі соцен і таму давялося купіць на пошце вялікі канверт. За кожным нашым крокам тады сачылі ўзброеные людзі з нейкіх спецслужбаў. Ня проста сачылі, а здымалі кожны наш крок на камеру. І мы, каб спецслужбы не падумалі, што мы нясем Вам хабар у канверце – процьму грошай, напісалі на ім “Шорацу пакет – заявы на пікет”. Бо ў малым канверце носяць грошы дробным чыноўнікам, а ў вялікім – бальшым людзям.

У Беларусі ж усе памятаюць як арыштавалі і пасадзілі ў турму на 14 год першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама І.Васільева за хабар, аж у поўмільёна долараў. Гэта было ў 2013 годзе. Ну, дык вось, каб нас і Вас не схапілі за спробу быццам бы даць Вам хабар, пад час падачы заяваў на пікеты, мы і напісалі, што ў канверце ЗАЯВЫ НА ПІКЕТ. Заяваў у канвэрце было некалькі соцен. А Вы ў судзе падцвердзіце, што мы Вам прыносілі менавіта Заявы на пікет, а не грошы, і нас няма за што судзіць.

Карацей. Мы запрашаем Вас на суд, каб прыгожа разруліць парадаксальную сытуацыю. Кіраўніцтва краіны са скуры вылузваецца, каб здабыць інвестыцыі, а ім інвестары кажуць, што трэба захоўваць правы чалавека, бо інакш грошай не будзе. Ну, вось уявіце, што асудзяць нас, а інвестар падумае: “Пайду я ў гарвыканкам Мінска з інвестыцыямі, а мяне схопяць ды засудзяць, як тых кандыдатаў ў дэпутаты, што падавалі заявы на пікет!”

Спадар Шорац! Мы цудоўна ведаем стаўленне А.Лукашэнкі да вашай установы. Нагадаем пра яго і Вам:

"Я вам скажу откровенно, повторив где-то: у меня уже дважды возникало желание поздно вечером закрыть Мингорисполком, опечатать все двери на сутки, а с утра назначить председателя Мингорисполкома, может быть, даже военного, "железного" человека, который бы в течение короткого времени начал набирать руководящий состав, верхушку горисполкома, которые бы отсеяли из того, что есть в горисполкоме, по минимуму оставили работников и набирали новых". (бт 28.09.2012)

Спадзяемся, што Вы будзеце кіраваць так, каб у Мінску дурні ў пагонах не ўсталёўвалі свае парадкі над законам, ганьбячы Мінгарвыканкам. І кіраўніку дзяржавы не даводзілася закрываць выканкам і ставіць кіраўніком “ваеннага”.

Прыходзьце на суд! У суд Маскоўскага раёна – самы справядлівы суд у свеце!

А нам дазвольце прыехаць у суд на конях.


Алесь Таўстыка. экс кандыдат у дэпутаты парламанта па Купалаўскай акрузе 95 Кіраўнік ГА “За Свабоднае развіццё прадпрымальніцтва”. Сябра рады “Рух За Свабоду”.

Уладзімір Падгол  экс кандыдат у дэпутаты парламанта па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105

.
19.09.16 19:58



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Владимир Подгол