Чаму нацыянальная ідэя зноў вартая ўвагі палітыкаў

-- У цябе тут у кніжцы зусім няма палітыкаў,  --  крыху здзіўлена сказаў палітык Андрэй Дзмітрыеў, калі глядзеў змест будучай кнігі “Як стаць беларусам”.

Андрэй узяўся выдаваць кніжку. Палітыкаў у кнізе няма, няма там і маналога Андрэя. Але мы ўжо які дзень абмяркоўвалі не толькі кніжку, але ролік, які будзе да кнігі. 

З аднаго боку я, як аўтар праекту, усцешаны, што ажно праз чатыры гады па заканчэнні праекта ў інтэрнэце, узнікае інтарэс звярнуцца да тэмы. Чаму? 

У канцы 1980-х “стаць беларусам” азначала абраць выразную грамадскую пазіцыю: дэсаветызацыя, свабода, незалежнасць.

У пачатку 1990-х, калі прыйшла незалежнасць і адносная свабода, быць беларусам усё яшчэ значыла выразная антыкамуністычная пазіцыя. Краінай збольшага кіравалі былыя, але прыўладныя камуністы.

У канцы 1990-х ужо і былыя камуністы актыўна ператвараліся ў тых, хто анты-. Гэтым разам “быць беларусам” азначала дэманстраваць пазіцыю, якая не супадала з палітыкай новай партыі – партыі з аднаго чалавека.

Маркерамі панятку “стаць і быць беларусам” сталіся беларуская мова і нацыянальная сімволіка.

Нацыянальна-дэмакратычны рух – так ад самага пачатку звалася з’ява, яка аб’яднала людзей розных палітычных поглядаў пад сцягам “Пагоні”.  Не проста нацыянальны, а яшчэ дэмакратычны. То бок, аб’ектыўна ідэя пабудовы нацыянальнай ідэнтычнасці ў сваёй краіне была афарбаваная палітычным колерам.

Неўзабаве рух аформіўся ў некалькі палітычных партый. Паводле права першастваральніка, нацыянальную тэму ўзяў сабе БНФ. Разам з беларускай мовай і сімволікай. Добра ці кепска, так сталася аб’ектыўна.

“Беларускае нацыянальнае?” – гэта да БНФ, яны курыруюць пытанне.
Я не магу ўзгадаць гісторыі, каб хтосьці прыходзіў да сваёй беларускай ідэнтычнасці праз партыю, нават самую старэйшую з найноўшых -- паважаны БНФ.

Праз любоў да родных, ці да свайго края, праз пошук забытай гісторыі, праз замілаванне мовай бабуляў і дзядуляў, праз жаданне мець сваё. Але не праз палітычную праграму.

Калі грамадскі рух, а пасля і шырокі партыйны, быў раскіданы ва ўмовах “працьвітанія” краіны, наступіла безчассе. Партыі нібы існавалі, але хутчэй як клубы, ці профільныя грамадскія арганізацыі. Гэта дзесьці сярэдзіна нулявых.

Але нацыянальная ідэя спыніла належыць камусьці, нейкай структуры. Пасталела крыху расчараваная ў юнацкіх марах генерацыя 1980-х, і падрасла – 1990-х. 

Яны гадаваліся на творах старэйшых, якія спазналі кайф свабоды 1990-х. Маладзейшая ня зведала таго кайфа, затое беларускае – для іх проста сваё. Асабістае. 

Дзяржава зразумела (ці падгледзела ў новых крэатараў), што старыя савецкія ідэалагічныя пудзілы новую генерацыю не цікавяць. І пачала запускаць па ТВ гістарычныя фільмы, вяртаць цішком нацыянальную сімволіку. Хай не на герб краіны, дык, напрыклад, Віцебскай вобласці. Спыніла забараняць шматлікія імпрэзы розных кшталтаў з выразна пазначаным кірункам на нацыянальную самаідэнтыфікацыю.

Адным словам, дзяржава спахапілася. 

-- За апошнія 20 год з’явілася цэлае пакаленне, якое вырасла ў незалежнай Беларусі. Але за гэты час яно ніколі не атрымлівала ад дзяржавы адказу, а што такое сапраўды незалежнасць, -- кажа Андрэй Дзмітрыеў. 

Маналогі пра тое “як я стаў беларусам” сёння чытаюцца ня менш свежа, чым у 2009 ці 2010. Але кантэкст змяніўся. 

-- Украіна аднавіла пытанні, якія паўставалі на пачатку 1990-х, але на якія і папярэдняя, і новая генерацыя адказвае нанова. Хто мы ёсць, якія нашы інтарэсы, каштоўнасці, чым мы адрозніваемся ад іншых, што для нас важна? – Працягвае Дзмітрыеў. -- Гэта сапраўды важна.

Сваё нацыянальнае ператварылася з палітычнай праграмы. У дадзенасць: гэта тое, чым жыве частка выбарнікаў. 

-- Гэта тое, пра што мусіць дбаць чалавек, які хоча звацца палітыкам. – Тлумачыць Андрэй. --  Ёсць людзі, для якіх самае важнае -- гэта пенсіі, ёсць тыя, каго турбуюць праблемы прадпрымальніцтва, хтосьці заклапочаны магчымасцю набыць кватэру ў растэрміноўку. Ёсць выбарнікі, якія да ўсяго разам хочуць фармуляваць самі, і чуць ад іншых што такое Беларусь, хто такія беларусы, і куды мы рушым. Мы мусім працаваць з усімі.

-- Дарэчы, а ты сам як стаў беларусам? -- пытаюся паўжартам.

-- Было не проста патлумачыць бацькам, якія родам з Расеі. Але насуперак усяму, атрымалася адшукаць сваю тэра-інкогніта – Беларусь smile:).

Асабіста я хацеў бы, каб тэма калі-небудзь перастала быць актуальнай. Зрэшты, у кожнага народа, як і ў кожнага самурая, свой шлях.

.
22.10.14 13:44



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Северин Квятковский