Слоўнік Севярынца. Апазіцыя сумлення.



— Хто не са Мною,
той супраць Мяне,
І хто не збірае са Мною,
той раскідае.
Лукі 11:23

Хто не супраць вас, 
той за вас.
Марка 9:40

Беларусы ўжо даўно ў маўклівай апазіцыі.
Хтосьці  згубіў дабрабыт, кагосьці нарэшце дастаў паўсюдны ўціск, а камусьці крыўдна за дзяржаву ўжо дваццаць гадоў, на працягу якіх рэжым з нахабствам бандзюкаватага бэйбуса дасягаў свайго паўналецця.
Маўчым, бо ўсё адно нічога не зменіш, бо як разявіш рот, будзе горш, бо няма каму заступіцца. Зрэшты, ёсць і больш глыбокая прычына: сённяшні беларус разумее, што насамрэч страх, гвалт, хлусня ды крадзеж сённяшняга начальства жыве ў ім самім.
Таму той, хто ўсё-такі спрабуе змагацца з Лукашэнкам у спадзяванні, што людзі супраць, завісае па-над безданню.
А ўнутраная нязгода — лічы што ў кожнага.
Насамрэч усе прыкметы яўнай апазіцыйнасці — адкрыты пратэст, сімвалы, мова, еўрапейскі выбар ды дэмакратыя — апошнія гады здрабняюцца і блякнуць на тле ўзрослага прыгнечанага ўсенароднага маўчання, з якім беларус трывае зло.
Часам здаецца, што гэта нема стогне сама Беларусь.
І менавіта гэтай сілы рэжым баіцца найбольш.
Бо сэрцам жывога і дзейснага супраціву злу ў маштабах цэлага народа і цэлай краіны можа быць толькі закладзенае ў кожнага чалавека звыш непрыняцце грэху: гвалту, хлусні, падману. Інстынктыўны адпор няпраўдзе ў самім сабе ды іншых. Калі апазіцыя абапіраецца не на раздражнёныя пачуцці, а на хай сабе смутны боль сумлення — яна рана ці позна прымусіць здацца любую тыранію.
Але беларускі крыж, крыжавіна правалу свабоды з катастрофай свядомасці адчыняецца толькі крыжовым жа ключом: пакутлівай самаахвярнасцю і ўваскрасеннем.
Таму праўда і свабода, вера і любоў мусяць стаць не адно выглядам, а самой сутнасцю апазіцыі. Несумленнасць, бруд і сваркі ўнутры такой апазіцыі робяцца проста невыноснымі.
Усім разам, нават рэзка рвануўшы, выцягнуць сябе за валасы з балота не атрымаецца. Значыць, трэба шукаць тых самых носьбітаў сумленнасці, пакліканых стаць нацыянальнымі кропкамі апірышча, — тых самых, якія пакуль «не лезуць у палітыку». Дзе? Сярод вернікаў-хрысціянаў найперш; сярод удумлівай, у тым ліку тэхнічнай, інтэлігенцыі, сярод несапсаванай моладзі.
Менавіта цяпер вызначаецца, чым будзе Беларусь. Менавіта з сённяшняй дзесяцімільённай жывой раны, з сённяшняй цяжарнасці сумлення нараджаецца заўтрашняя нацыянальная тоеснасць. Хтосьці бачыць Беларусь гэткай утульна ліберальнай Чэхіяй, хтосьці — правінцыйнай расейскай адпачывальняй з белымі росамі і малачком, хтосьці — туманнай ускраінай Еўропы…
Але Беларусь будзе Беларуссю.
Гэта ж двойчы два: нацыю крышталізуе нацыянальная ідэя.
А формула нашай нацыянальнай ідэі простая: «Беларуская форма — хрысціянскі змест». Беларуская мова, гісторыя, культура, адметнасці — дзеля найвышэйшага, хрысціянскага зместу, які іх напаўняе і асвячае. Ува ўсёй светлай, празрыстай, бел-чырвона-белай ахвярнай глыбіні беларускасці прасвечвае Хрыстос.
І гэта не толькі і не столькі для саміх беларусаў. Сваіх найлепшых творцаў ды найвыбітнейшых геніяў Беларусь аддала Расеі ды Польшчы, гісторыю — Літве, унію — Украіне, габрэйства — Ізраілю, адрывала ад сябе жывыя кавалкі, наталяючы і дабраслаўляючы ворагаў, і, укрыжаваная, сталася Хрыстовым вобразам і падабенствам у сэрцы Еўропы.
Скажаш, народу фіялетава?..
Але беларускі народ — гэта не адно дзевяць з паловай мільёнаў сённяшніх насельнікаў Беларусі. Гэта і мільёны жыхароў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай, і паўстанцы Каліноўскага, і закатаваныя ў ГУЛАГу вернікі… І адначасна пакаленні тых, хто будзе пасля нас.
Тыя нямногія, хто здольны гэта ўмясціць, — адказныя за ўсіх астатніх.
Урок беларускіх Адраджэнняў пачатку і канца ХХ ст. заключаецца ў тым, што акцэнт на форму (беларускасць) аказаўся мацнейшы, чым на змест (на Хрыста) — а любая форма, якая імкнецца паглынуць змест, рана ці позна правальваецца. Беларуская праўда, свабода і справядлівасць, ды ў рэшце рэшт і адметнасць, насамрэч заключаюцца не ў аканні, яканні або форме ўзораў на арнаменце, а хочаце верце, хочаце не — у Ісусе Хрысце.
Часам раяць: чуеш, прапаведнік, а ідзі-ка ты… у царкву.
Наадварот, гэта царква мусіць ісці ў грамадства, ацаляць, прасвятляць і перавязваць параненых ды паміраючых беларусаў, якіх мільёны.
Апазіцыя, патрэбная Беларусі, — гэта актыўная супольнасць сумлення. Жывыя цэрквы (не іерархіі — цэрквы!). Прыстойныя сем’і, дбайныя гаспадары. Моладзевыя рухі, якія ідуць ад сэрца.
Верыш у Бога? Любіш Беларусь? Дзейнічай!
Крыжовая сістэма каардынатаў будучага Адраджэння і будучай перамогі — трохканфесійная хрысціянская беларускасць.
І прычына не толькі ў тым, што гісторыя Беларусі наскрозь евангельская, што маральнасць сама па сабе ёсць падмуркам любой дзяржавы, і нават не ў тым, што праз здабыткі ды знакі тысячагадовай хрысціянскай Беларусі мы ўсведамляем сваю прыналежнасць да заходняй цывілізацыі.
Галоўная прычына — Бог рэальна існуе. І Ён дабраслаўляе тых, хто выракаецца сябе, бярэ свой крыж і ідзе за Ім — пад сцягам Ягонага ўваскрасення і перамогі.

                                                                                                                                                                          З кнігі "Беларуская глыбіня"


.
29.03.15 23:41



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец