Крыж Эўфрасіньні Полацкай


 "...Тады Ісус сказаў вучням сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною." (Мацьвея, 16:24).

 Беларусь узяла свой Крыж Эўфрасіньні Полацкай і пайшла.

 Крыж Эўфрасіньні – найдаражэйшая рэлігійная сьвятыня Беларусі. Каўчэг беларускі, які вандраваў праз усю нашу гісторыю. Вялікі сымбаль, што ў знакавыя моманты асьвячаў рухі беларускай душы. Залаты ключык, якім адчыняюцца шматлікія таямніцы беларускай нацыянальнай ідэі.

 Шэдэўр старажытнага беларускага мастацтва, створаны ў 1161 г. на замову Эўфрасіньні Полацкай ювэлірам Лазарам Богшам, гэты ўзьвіжальны крыж зрабіўся сымбалем хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст. гэтак жа, як і Біблія Скарыны – сымбалем залатога XVI веку, а бел-чырвона-белы сьцяг – адраджэньняў ХХ ст.

 Каўчэжац для захаваньня хрысьціянскіх рэліквіяў: кавалачкаў крыжу Гасподняга, сьвяшчэнных кропляў крыві ды мошчаў. Аснова кіпарысавага дрэва (менавіта на такім быў укрыжаваны Ісус) была абкладзеная залатымі пласьцінкамі, аздобленая каштоўнымі камянямі, пэрламі ды ўнікальнымі абразкамі-эмалямі з подпісамі славянскімі й грэцкімі літарамі. Шасьціканцовая форма, што стала затым традыцыйнай для Беларусі, сымбалізавала стварэньне Богам сьвету за 6 дзён.

 Крыжовы шлях гэтага сымбалю – з тых сагаў, якія нацыі належыць перадаваць вусна з пакаленьня ў пакаленьне. Крыж-каўчэжац падарожнічаў у беларускай гісторыі як праўдзівы каўчэг: зьяўляўся, прабліскваў у знакавых месцах, у ключавыя моманты. Кожная прыгода ў адысэі крыжу бачыцца напоўненай містычным сэнсам.

 Зь беларускага пачатку, старажытнага Полацка, напрыканцы ХІІ ст. крыж Эўфрасіньні выправіўся ў Смаленск. Больш 300 гадоў крыж у Княстве Смаленскім пільнаваў стратэгічны для Беларусі кірунак – Усход. У пачатку XVI ст., на сьвітанку найвялікшага беларускага абуджэньня крыж, як прадвесьце Скарыны, Фёдарава й Полацкага, зьявіўся ў Маскве – у 1514 г. Васіль ІІІ, захапіўшы Смаленск, перавёз сьвятыню з сабой у Крэмль.

 Але ўжо у 1563 г. – у той самы вялікі й трагічны год, што падзяляе Стары й Новы Запавет гісторыі Беларусі! – крыж вяртаецца ў Беларусь. Іван Жахлівы, каб замаліць грахі, прывозіць і кладзе яго туды, дзе ўсё пачыналася, у Спаса-Эўфрасінеўскі сабор Полацка.

 Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьзяў у бляску Залатога веку, на хросных ходах, бачыў вялікае міжканфэсійнае супрацьстаяньне XVII ст. паміж двума полацкімі біскупамі, вуніятам Кунцэвічам і праваслаўным Сматрыцкім, быў выкрадзены езуітамі ў Сьвятое Сафіі й вернуты вернікам; у 1812-м ледзь унікнуў вывазу ўва Францыю, нема назіраў за апошнім саборам Вуніі... Паўсюль быў зь Беларусьсю.

 У 1841 г., з забаронай беларускай мовы й самое назвы "Беларусь", зь вялікай беларускай культурнай і духовай хваляй у Расеі крыж вывозіцца ў імпэрскія музэі Піцера, а затым і Масквы. Ужо можна было прадбачыць, што Крыж Эўфрасіньні вернецца ў Беларусь з новым нацыянальным адраджэньнем. Так і здарылася – у 1910 г., з нашаніўскім уздымам, крыж зноў апынуўся ў Полацку.

 Беларусь быццам жагналася гэтым крыжам. У 1921 г. крыж быў рэквізаваны ОГПУ – гэтак жа, як тады канфіскоўваліся храмы, землі, душы. Але – вярнуўся, дзякуючы беларусізацыі, у 1929-м, у Магілёў, які тады плянавалі зрабіць сталіцай.

 Апошні раз Крыж Эўфрасіньні бачылі ў 1941-м, у часе эвакуацыі Саветаў перад нямецкім наступам. Беларусь, прымусова пазбаўленая веры, пазбаўлялася й крыжу.

 З вайной, Хатыньню й Трасьцянцом, бязбожным атэізмам і Чарнобылем Беларусь, як Ісус на крыжы, магла толькі маліць: "Божа! Божа! Чаму Ты Мяне пакінуў?..".

 Сёньня Беларусь зноў шукае крыж. Шукае ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Амэрыцы, празь Інтэрпол і прыватныя калекцыі. Шукае, прыгаворваючы: "Не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету". (Да Галятаў, 6:14)

 Шукае так, як зьнявераны намацвае свой колішні нацельны крыжык. Са смутным адчуваньнем, што знойдзецца крыж – вернецца і нешта асабліва важнае для кожнага зь 10 мільёнаў.

 Бо Беларусь шукае Бога.

                          З кнігі "Люблю Беларусь"

.
11.07.15 15:53



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец