Як Беларусь ператварала Польшчу



Калі ўзрушаная хрысьціянскім абуджэньнем XVI стагодзьдзя Вялікая Літва пад пагрозай маскоўскай акупацыі злучылася з Польшчай, і Контаррэфармацыя пачала паланізацыю Беларусі – духовая, узьнёслая, рамантычная беларушчына хлынула насустрач ёй на Захад, аддаючы Кароне ўсю сябе .
Беларусь – радзіма патрыярха польскае літаратуры Адама Міцкевіча, галоўных пісьменьнікаў Рэчы Паспалітай эпохі Асьветніцтва Франьцішка Багамольца, Адама Нарушэвіча, Франьцішка Князьніна, Юльяна Нямцэвіча; клясыкаў прозы й паэзіі, ад Уладзіслава Сыракомлі да Генрыка Сянкевіча.
 Беларусь стварыла Польшчы опэру й сымфонію, падаравала ёй нацыянальны гімн і палянэз Агінскага.
Каталіцызм і лаціна, рацыянальныя й бліскучыя, кшталтавалі натхнёную й паэтычную беларускасьць, расхінаючы перад ёю ўсю Эўропу. Дзякуючы гэтаму, Міцкевіч здолеў стаць сусьветным лідэрам рамантызму, а гістарычныя раманы Генрыка Сянкевіча, ляўрэата нобэлеўскай прэміі, чытала ўся плянета.
 Менавіта таму "Пан Тадэвуш",  "Дзяды",    "Крыжакі", "Патоп" захавалі для чалавецтва цэлую Вялікую Літву ў вобразах, легендах і асобах. А якую яшчэ папулярную мастацкую літаратуру пра раньняе хрысьціянства мог афіцыйна ўхваліць Ватыкан, як ня "Quo Vadis"!
Магутны, усепаглынальны беларускі ўплыў дагэтуль віруе ў польскае музыцы. Бацька польскай опэры – беларус Станіслаў Манюшка. Пачынальнік польскага сымфанізму – наш Мечыслаў Карловіч. Найвядомейшы ў сьвеце палянэз – Міхала Клеафаса Агінскага.
Зь Беларусі ў Польшчу ўвесь час веяла духовасьцю – ад часоў пабожнага Ягайлы, ад "Берасьцейскай Бібліі", выдадзенай на польскай мове, Мікалая Радзівіла Чорнага, "Новага Запавету" Буднага, ад каталіцкай, пратэстанцкай, вуніяцкай, праваслаўнай публіцыстыкі па-польску. І нездарма: паглядзіце на сёньняшнюю хрысьціянскую Польшчу, радзіму Папы Рымскага Яна Паўла Вялікага!
Больш ідэалу!
Больш рамантызму!
Больш духу!
Так гучыць перададзенае праз польскую культуру беларускае пасланьне Захаду.

З кнігі "Люблю Беларусь"  .
04.09.15 21:09



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец