Вялікая расейская культура


  Вялікая Расейская Культура і цяпер прымушае са значэньнем падымаць вочы ўгару цяперашняе насельніцтва 1/6 сушы.
Вялікая Расейская Культура пасёньня выхоўвае геніяў і захоўвае арэол сьвятасьці.
 Вялікую Расейскую Культуру ведае й любіць увесь сьвет.
 А ўсё таму, што Вялікая Расейская Культура трымаецца на беларускасьці .
Так было цэлае тысячагодзьдзе суседзтва. Чым больш Беларусь пазнавала Расею, і чым большай рабілася Расея – тым больш Беларусь імкнулася зьмяніць Расею.
 І калі перабіраеш беларусаў, якія тварылі ў Расеі – да глыбіні душы ўражвае гэтае бясконцае ахвяраваньне сабою, нават сваёй ліцьвінскасьцю, дзеля аграмаднай краіны, дзеля свайго блізкага, дзеля ворага, у адказ на гвалт, заваёвы й прыніжэньні .
Біблія Скарыны, Фёдарава, Мсьціслаўца. Цудоўная аздоба цэркваў ды манастыроў – іканапіс, беларуская рэзь, кафля, ліцьцё, шкло ... У 1662 г. толькі ў Маскоўскай Срэбнай Палаце працавала больш за 40 майстроў толькі зь Віцебска й Полацка. Кнігі Полацкага, падручнікі Капіевіча, граматыка Сматрыцкага, беларуская мова, паэзія, барока ... Беларуская душа, узвышаная й сьветлая, струменіла, праменіла, пераплаўляла.
Беларусь у поўнай ступені вычула на сабе бяздушнасьць імпэрыі, цяжар усходняе пыхі, драпежнасьць Масквы й жорсткасьць Піцера. Адказам стаў наймагутнейшы дар драматычнага, прарочага хрысьціянства – Дастаеўскі. "Злачынства і пакараньне", "Ідыёт",  "Браты Карамазавы", "Бесы". Ня проста вялікія псыхалягічныя раманы – удары ў самае сэрца монстра. "Загадкавая руская душа"? Колькі грубасьці, жорсткасьці й хамства было ў тае душы, што дзеля яе Беларусь патраціла паўжыцьця й столькі геніяў!
Беларускую чысьціню, узьнёсласьць, інтэлігентнасьць у Расеі заўважыш адразу і не пераблытаеш ні з чым. Беларушчына ў Расеі – гэта "Гора ад розуму" Аляксандра Грыбаедава, якое, з гора ці ад розуму, разабралі на цытаты ; вольналюбівая публіцыстыка Зьміцера Пісарава й Валерыі Навадворскай ; самая рамантычная мроя дзяцінства "Пунсовыя ветразі" Аляксандра Грына, казка Юрыя Алешы "Тры таўстуны". Нават  “Дуброўскі" Пушкіна – гэта адсюль: прататып Дуброўскага – аршанскі шляхціч Астроўскі.
Беларускасьць у Расеі – гэта Іван Бунін з роду Гедзімінавічаў, пранізьлівы лірык, геніяльны і ў прозе, і ў паэзіі, які да апошняга заклікаў Русь трымацца Бога – і напісаў пра нашэсьце бальшавікоў "Акаянныя дні" (Нобэлеўская прэмія не абы-якога – 1933 году).
Беларускасьць у Расеі – гэта Музыка. Такія хвалі насамрэч могуць ускалыхнуць найвялікшую на зямлі краіну ад Масквы да самых да ўскраінаў. Глінка, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч, Растраповіч!..
А знакаміты расейскі балет, якім так ганарацца расейцы ? Яго заснавалі балерыны Азарэвічы са Шклова й Восіп Казлоўскі, які працаваў у Слоніме ды Троках.
Берасьцейскія, магілёўскія, віленскія, барысаўскія, рэчыцкія, смаленскія, ігуменскія шляхцічы, дзеці паўстанцаў Касьцюшкі ды паплечнікаў Каліноўскага, соль нацыі, ехалі ў Маскву, Піцер, Ніжні – каб пераадольваць імпэрыю словам, мэлёдыяй і духам.
Беларусь так хацела пераўвасобіць Расею!.. Беларусы наглядна паказвалі, як гэта робіцца, ў першых тэатрах, якія пачалі выступаць у Расеі. Але імпэрыя заставалася сабой – і Беларусь выводзіла на сцэну паплечніка Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанку.
Беларусь, чыстая, сьветлая, натхнёная, скразіла і ў паэзіі беларусаў Яўгена Яўтушэнкі й Міхала Ісакоўскага, у адкрыта лібэральным "Новом Мире" беларуса Аляксандра Твардоўскага, у шчырых да хрыпаты сьпевах беларуса Ўладзіміра Высоцкага й іранічных балядах беларуса Андрэя Макарэвіча!
Ува ўсіх іх – вы ўзгадайце, у радках і нотах, інтанацыях і тэмбрах – адчуваецца штосьці да болю наскае, такое пранізьлівае, мяккае й сьпеўнае. Усіх іх родніць крынічная празрыстасьць і прыдыханьне любові. Беларуская культура, нябачнае войска маленькага акупаванага краю, зрабіла полем бітвы ўсю гіганцкую імпэрыю – і ўрэшце ўзьняла па-над ёю пераможныя сьцягі вялікае літаратуры, мастацтва, музыкі.
Не дэспатыі! Не тыраніі! Дэмакратыя і адкрытасьць! Праўда й свабода! – гэта пасланьне Ўсходу ад Беларусі бачнае сёньня ўсяму сьвету празь Вялікую Расейскую Культуру.

                         З кнігі "Люблю Беларусь"    .
02.10.15 23:30



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец