Як стаць Дыджэем Адраджэння


26 студзеня ў Менску а 18.00 на ”Арт-Сядзібе” ( пр-т Незалежнасці, 58, офіс 430) пачнуцца адноўленыя курсы Дыджэяў Адраджэння.

Курсы Дыджэяў -гэта праграма для падрыхтоўкі актыўных грамадскіх лідэраў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца асобы, якія могуць праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць завадатарамі кампаніяў ды рухаў, крэатывіць у галіне PR - і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення. Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне, разгарнуць цэлы спектр уласных талентаў – а яны у кожнага свае.

Кшталтаванне вядзецца па некалькіх кірунках: беларускі менталітэт, гісторыя і тэорыя беларусізацыі, як правільна выступаць, як трымаць увагу аўдыторыі, як пераконваць і натхняць людзей, інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі адпраўляюцца, так бы мовіць, "з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб праводзіць там “Шоў беларушчыны”, камандай робяць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць квэсты ды гульні.

Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ ды-джэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту 26 студзеня. І 12 лепшых – паводле гэтага рэйтынгу – урэшце становяцца пераможцамі курсаў. Фактычна, на выпрабаваньнях 1 бал налічваецца за кожнага чалавека, які прыняў удзел у імпрэзе. Летась, падчас дыджэйскай гонкі пераможцы - экскурсавод Павел Дзюсекаў і кіраўнік інтэрнэт-крамы “Імбрык бай” Алесь Мазанік -мелі па 2189 і 2037 балаў адпаведна. Паўлу, каб перамагчы, давялося арганізаваць больш як 90 віктарынаў у менскіх школах – а гэта, пагадзіцеся, цэлая асветніцкая хваля.

Пачыналася ўсё ў 1999-м у Маладым Фронце. За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана 109 ды-джэяў. Сярод іх - кіраўнікі Маладога Фронту Зміцер Хведарук і Наста Палажанка, лідэры " Маладой Беларусі" Артур Фінькевіч і "Альтэрнатывы" Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова, Павел Пракаповіч, прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадзкія "зоркі" Андрэй Кім, Алесь Мазанік, Павел Дзюсекаў, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты Кастусь Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч...

Курсы Ды-джэяў Адраджэння – гэта праграма экстрым-кшталтавання для будучай беларускай эліты. Расея, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбны духоўны гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне лідэрскіх і інфармацыйных тэхналогій, выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай ды-джэяў "са стажам”. Ды-джэйскія курсы – гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў самастойных высілкаў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць бачанне і згуртавацца з аднадумцамі й паплечнікамі.

Так што запрашаем: аўторак, 26 студзеня, 18.00, “Арт-Сядзіба”.

Зразумела, бясплатна.

І - невялікі сюрпрыз напрыканцы: 2016 год, Імперыя гатовая захапіць усё, але дыджэі узначальваюць супраціў... Беларусь кліча цябе!

Прыемнага прагляду )

https://www.youtube.com/watch?v=ThZ_DcyBclg;

23.01.16 14:30



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец