Беларуская нацыянальная ідэя. Частка V.


Тут будзе дарэчы разьвязаць і вострае канфэсійнае пытанне.

 У сёньняшняй Беларусі ня мае сэнсу вылучаць якуюсьці "адзіна правільную" хрысьціянскую канфэсію: шчырых вернікаў багата ў розных цэрквах. Нацыянальнай ідэі  адпавядае  трыадзінства праваслаўя, каталіцтва і пратэстанцтва - як прынцып, заснаваны на траістасьці Боства.

 Гістарычныя спробы падпарадкаваць беларусаў адной манапольнай царкоўнай традыцыі ня мелі посьпеху. Больш за тое, самае актыўнае духовае жыцьцё увесь час выяўлялася ў  месцах сустрэчы, узаемапранікненьня, дыялёгу, калі заўгодна, канкурэнцыі каталіцтва, праваслаўя, пратэстанцтва й уніі, а ў апошні час – эвангелізму. Менавіта трыадзінства – вырашальны унікум Беларусі. Розныя формы й характары адзінае ўсеабдымнае, унівэрсальнае ідэі – гэта якраз той выбар між добрым і яшчэ лепшым, неабходны й сучаснаму чалавеку, і цяперашняму грамадзтву.

 Сапраўдных хрысьціянаў усяго сьвету лучыць любоў між сабою. А любоў між сабою – гэта аб'яднаньне нацыі. Толькі агульнай, адзінай хрысьціянскай ісьціне ў суіснаваньні ды ўзаемадапаўненьні трох канфэсіяў, толькі любові адно да аднаго пад сілу аб'яднаць беларусаў у нацыю, вартую моцнай і незалежнай дзяржавы.

Нацыянальная ідэя, якая ня дзеліць грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў, на сьвядомых і несьвядомых, на лукашыстаў і апазыцыю; ідэя, якая бачыць у кожным з нас чалавека, здольная аб'яднаць усе 10 мільёнаў беларусаў – гэта ідэя, якую найпрасьцей выразіць словамі "БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА – ХРЫСЬЦІЯНСКІ ЗЬМЕСТ".

Ці, іншымі словамі: найлепшая беларуская мова, культура, традыцыя, дзяржава, беларускія тэмы й вобразы, беларуская прастора й беларускі час – для найвышэйшага, Божага сэнсу, які іх напаўняе. 

Уся дзейнасьць нацыянальнага руху мусіць мець імпэратывам гэтую простую формулу: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.

Таму асноўныя задачы нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў.

Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як вобраз найэфэктыўнейшага жыцьця – павінная стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму упадку. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе й у Беларусі.

 Шчасьлівыя сем'і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія ня крадуць і ня хлусяць, адказныя й прыстойныя людзі – гэта веруючыя. І найпершая патрэба сёньняшняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальны характар, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскую сутнасьць.

 Нацыянальная ідэя, якая сёньня можа падняць усё грамадзтва, вызваліць грандыёзныя сілы дзесяцімільённага народу, заключаецца ў духовым абуджэньні адначасова зь беларусізацыяй. Найлепшая, самая сучасная палітыка, эканоміка, культура будзе вынікаць толькі з душы, з усьвядомленага хрысьціянскага сэнсу існаваньня – і тады нас чакае вялікая будучыня, закладзеная Творцам у нашую краіну.

З пачаткам ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста беларусам сапраўды патрэбна пачынаць усё сьпярша. Такім чынам, спачатку было Слова... і Слова было ў Бога, і Слова было Бог (Яна, 1:1-4). 

Новыя словы нацыянальнай ідэі, якія робяцца ключавымі ў новым тысячагодзьдзі – "вера", "воля", "любоў", "Дух". Яны насамрэч значаць куды болей, чым "прагматызм", "імідж", "эканоміка", альбо "грошы".

 Мы мусім вывучыць пачатковыя, падставовыя паняцьці дэмакратыі, грамадзянскае супольнасьці й усяе заходняе цывілізацыі, збудаваныя  на хрысьціянстве. Нам варта абмяркоўваць ня тое, што там заявілі Лукашэнка ці Пуцін, а нарэшце абдумаць словы Ісуса Хрыста ці сьвятога Аўгустына. Новыя палітычныя тэхналёгіі – пакаяньне й малітва, масавыя служэньні й нацыянальная эвангелізацыя.

Сапраўды Новае Слова для Беларусі, якое мяняе абсалютна ўсё й адразу, Новае Слова, якога большасьць нацыі пакуль ня чуе – Новы Запавет Бібліі. Толькі Слова Божае здольнае стаць асноўным законам пераўтварэньняў, унівэрсальным падручнікам і найлепшай агітацыйнай літаратурай.

 Гэта сьцьвярджалі лідэры самай магутнай дзяржавы ў  гісторыі чалавецтва: "Немагчыма правільна кіраваць сьветам бяз Бога й Бібліі." (Джордж Вашынгтон),  "Толькі тыя нацыі дабраславенныя, што маюць Бога па-над сабой." (Абрагам Лінкальн), "Бяз Бога няма годнасьці, таму, што бяз Бога няма сьвядомасьці. Бяз Бога ня можа існаваць дэмакратыі. Калі мы забудзем, што мы – адна нацыя пад Богам, то тады нацыі ня стане." (Рональд Рэйган).

 Мы павінны ўзгадаць гэтую найважнейшую гістарычную заканамернасьць, ужо неаднойчы праяўленую у Х, ХІІ, XVI, ХХ стагодзьдзях: палітычны, эканамічны й культуровы росквіт генэруецца духовымі пераўтварэньнямі. Полацкае княства з Сафіяй і Эўфрасіньняй, Рэфармацыя са Скарынам, масавым друкам Сьвятога Пісьма й біблійнымі перакладамі для суседніх народаў... Ды што там далёка хадзіць: курапацкі крыж і аднаўленьне храмаў напрыканцы 90-х, сьцяг Хрыста і заклік "шукаць не кілбасы, а Бога" абуджалі Беларусь на нашае памяці. У Польшчы й Прыбалтыцы, у Чэхіі й Украіне нацыі пачыналі свой дзень з малітваў і гімнаў – і гэтага духу ўжо не маглі зламіць ані камуністычная ідэалёгія, ані паліцыя, ані войскі.

Проста там, дзе вераць у Госпада Бога, прэзідэнты служаць нацыі. Там, дзе вераць у куміраў – увесь народ мусіць стаяць на каленях перад прэзідэнтам. У гэтым розьніца паміж заходняй, сутнасна хрысьціянскай цывілізацыяй і бязбожнай дэспатыяй, кшталту савецкай імпэрыі ці сёньняшняй дыктатуры.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе



.
07.02.16 12:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец