Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VII.


Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Люблю Беларусь” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма.

 Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш.

 Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі, што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім. 

Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

.
28.02.16 18:07



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец