Берасьце


Берасьце. Горад-брама. Горад-мяжа. Горад-вартавы.

Берасьце – знак, ад якога адлічвалі межы савецкай улады: "Ад Брэста да Курыл", "Ад Масквы да Брэста нет такога места…" Дагэтуль Крамлю пагражае "натаўскі бот пад Брэстам". Прапускны пункт СССР на Захад, крэпасьць-герой, цэнтар заключэньня вуніі паміж каталіцызмам і праваслаўем 1596 г. ды "Брэсцкага міру" 1918 г., гняздо беларускай Рэфармацыі – вось яно, вастрыё, якое нацэльвае Беларусь у Эўропу, аднолькава адлеглае ад Вільні й Менску, на той самай мяжы, за якой заходзіць сонца.

Берасьце – месца для беларускай зямлі, беларускай гісторыі й беларускай духовасьці скрайне важнае.

Берасьце нарадзілася з замку й дазорнай вежы на памежжы дрыгавічаў з палякамі й валынянамі, зь пільнаваньня ў сутоцы водных шляхоў з Чарнамор'я й Кіева да варагаў і немцаў, з мытні й гасьціннага двара для іншаземцаў. У напятай лукавіне Буга й Мухаўца, са стрэламі касьцёльных сьпічакоў і лязом мяжы – Берасьце заўжды было на вастрыі.

Тут Вітаўт і Ягайла плянавалі паход на Грунвальд, тут праводзіліся вялікалітоўскія соймы й зьезды шляхты, сюды першымі даходзілі навіны з Захаду й апошнімі – захопнікі з Усходу. Што значыла Берасьце для ВКЛ, калі тут упершыню ў Беларусі зьявілася габрэйская грамада, калі менавіта яму наступнаму пасьля сталіцы ў 1390-м было даравана Магдэбурскае права, калі ў даходах дзяржаўнай казны ХVI ст. “Берасьцейская мытня” складала другі па значнасьці артыкул!

Колішні берасьцейскі герб, вежа ў сутоцы рэкаў, у эпоху Залатога веку трансфармаваўся ў срэбны лук са стралой, нацэленай у неба. Высокасьць мэтаў, напружаньне звыш сілаў, імкненьне да Царства Нябёснага – сутнасьць Берасьця. Вось сапраўдная мяжа, на якой стаяў, стаіць і будзе стаяць гэты горад!

Берасьце, быццам агромністы лук, удвох напялі знакаміты берасьцейскі стараста й канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі, і Астафі Валовіч, берасьцейскі ваявода, аўтар Статутаў. Адсюль рушыў той бурлівы духовы ўздым, што абудзіў усе канфэсіі, зь якім уся краіна каялася, ішла да Хрыста й рабілася нацыяй.

У Берасьці ў 1553 г. адчыніўся першы кальвінскі збор – празь дзесяць гадоў па ўсёй Беларусі будуць збудаваныя сотні збораў. У Берасьці, нацэленым у неба, у 1588 г. нарадзілася беларускае нотадрукаваньне – канцыял "Песьні хвал Боскіх", першы зборнік нашых духовых гімнаў. Зь берасьцейскае друкарні выйшлі дзесяткі хрысьціянскіх выданьняў на лаціне і шыкоўная польскамоўная "Берасьцейская Біблія" – 738 старонак гатычнага шрыфту, з прадметным указальнікам і камэнтарамі – неацэнны дар беларускага хрысьціянства Польшчы.

Берасьце, вострае й зараджанае Берасьце імкнулася зьмяніць усю Эўропу! Берасьцейская вунія 1596 г., адно з найцяжэйшых прымірэньняў у гісторыі чалавецтва, духова злучыла Ўсход і Захад, спарадзіла мільёны прыхільнікаў хрысьціянскага адзінства і давяла да мяжы зьнікненьня беларускае праваслаўе. Зь Берасьцейшчыны і ідэоляг вуніі, гарадзкі кашталян Іпацій Пацей, і яго зацяты супраціўнік, аўтар легендарнага "Дыярыюшу", настаўнік Ілжэдзьмітрыя Афанасій Філіповіч, расстраляны падчас казацкага бунту й кананізаваны праваслаўнай царквой.

У Берасьці прарокі Расеі, Чаадаеў і Грыбаедаў адчайна марылі пра збаўленьне сваёй краіны. У Берасьці нарадзіліся прэм'ер Ізраіля Менахем Бегін і прэм'ер БНР Аляксандр Цьвікевіч. Зь Берасьця і Мікалай Кузьміч – майстар, што аднавіў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Наколькі ж ненавіснае было гэтае месца нябёснага імкненьня й сьвятое напругі, ключавое злучво Рэчы Паспалітай, імпэрыям і акупантам! Ахвяра Хаванскага ў 1660-м, кропка падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, узятая ў 1794-м Суворавым і ператвораная ў лягер вялізнага расейскага гарнізону. Царскія, каралеўскія, кайзэраўскія штыкі білі ў Берасьце з д'ябальскай апантанасьцю, быццам перуны: каб не напружвалася, ня цэліла, не страляла. У 1831-м захопнікі дарэшты спаляць увесь стары горад, спустошаць цэрквы і кляштары – каб цалкам пахаваць Берасьце пад калясальнай крэпасьцю. 500 казэматаў, двухкілямэтровая замкнёная казарма Цытадэлі на 12 тысячаў чалавек – з крывавае берасьцейскае цэглы, са стайнямі, складамі й штабамі, абсталяванымі ў храмах.  

Новы, пусты горад, аднесены на некалькі кілямэтраў на ўсход, адгэтуль будзе здалёк назіраць за тым, як моцна б'ецца яго старажытнае сэрца. Бальшавікі выбралі Берасьцейскую крэпасьць, каб правакаваць сусьветную рэвалюцыю й расплочвацца за гэта Беларусьсю ды Украінай на перамовах зь Нямеччынай 1918 г.

Але ўжо праз 20 гадоў у такт пакту Молатава-Рыбэнтропа й зьнішчэньня Польшчы Чырвоная Армія й вэрмахт будуць разам пячатаць крок на пляцы Цытадэлі падчас сумеснага параду. А яшчэ праз тры гады, 22 чэрвеня 1941-га, гэтыя сьцены скалане першы ўдар Гітлера. І Берасьцейская крэпасьць – такое месца, такія камяні, такія людзі! – будзе адстрэльвацца да апошняга, абараняць руіны, расьпісваючыся крывёю на сьценах. Паміраць, але не здавацца.

Бог зьбярог Берасьце.

Гэты горад выжыў. Убачыў і крах фашызму, і сотні тысячаў вэтэранаў у мэмарыяле, і канчатковае пахаваньне савецкае імпэрыі зла ў Белавескае пушчы – блізка, як на далоні.

Сёньня сэрца Берасьця – на вастрыі стралы, на самым памежным выступе крэпасьці, дзе сканцэнтраваная ўся беларуская гісторыя. Цэлае радовішча горычы, роспачы й велічы. Рэшткі аўгусьцінскага кляштару, фундаванага Вітаўтам, россыпы царквы, дзе абвяшчалі вунію, руіны крэпасьці й асколкі храмаў, раскіданыя выбухам – увесь гэты зьмяшаны ў крывавае крошыва найкаштоўнейшы прах, сьціснуты ў кулак, гарыць вечным вагнём і асьвячае бэтонныя манумэнты, вядомыя ўсяму сьвету. Вельмі, вельмі берасьцейскія. "Холмская брама". "Смага”. "Мужнасьць."

Берасьцейцы, сама энэргія й трапнасьць, засталіся прыроджанымі стралкамі з луку. Менавіта тут былі арганізаваныя ўсесаюзныя спаборніцтвы ў гэтае дысцыпліне на кубак яшчэ аднаго нараджэнца Берасьця, лётчыка-касманаўта (як вам стрэл у неба!) Пятра Клімука. Берасьцейскія стралкі сталі чэмпіёнамі сьвету й алімпійскімі прызёрамі.

Беларускі фарпост на Захадзе, 300-тысячны горад з паўмільярдным пасажыраабаротам, грузапатокам 150 мільёнаў тона-кілямэтраў, аэрапортам на 100 тысячаў пасажыраў у год, скрыжаваньне чыгунак, аўтамагістраляў і трубаправодаў, сталіца чаўночнага бізнэсу, застаўленая трэйлерамі й гуртовымі складамі, Берасьце – прыцэл Беларусі ў глыбіні Эўропы.

Берасьце зноў чакае тых, хто напружыць старажытны лук. Да мяжы сілаў і духу – дзеля найвышэйшае мэты!  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


08.05.16 11:43



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец