Хадэцыя як альтэрнатыва рэвалюцыі


На тэалагічнае і філасофскае абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі найбольшы уплыў аказалі вядучыя хрысціянскія мысляры нашай эры: айцец Царквы святы Аўрэлій Аўгусцін (354-430 гг), вядучы каталіцкі багаслоў Тамаш Аквінскі (1225-1274 гг) і адзін з заснавальнікаў евангельскага (пратэстанцкага) руху Жан Кальвін (1509-1564).

 Ідэі Аўгусціна, выказаныя ў фундаментальнай працы “Пра Горад Божы”, вучэнне Аквінскага, прынятае як інтэлектуальная платформа Каталіцкім Касцёлам і “пратэстанцкая этыка”, распрацаваная й увасобленая ў жыццё Жанам Кальвінам, сталі падмуркам для ідэолагаў хрысціянскай дэмакратыі Новага часу – такіх як Абрахам Кёйпер (1837-1920), Жак Марытэн (1882-1973), Эмануэль Мунье (1905-1950) і іншых.

Многія еўрапейскія дзяржавы і грамадзтвы 4-18 стст нясуць у сваёй палітычнай архітэктуры яўныя прыкметы практычнай хрысціянскай дэмакратыі. Дамінаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і шырокі сацыяльны ўплыў цэркваў арганічна дапаўняліся гарадзкім самакіраваннем, цэхавымі супольнасцямі, моцнымі сямейнымі традыцыямі, развіццём таварна-грашовых рынкавых адносін адначасова з сістэмай дабрачыннасці і сацыяльнага абавязку.

Перспектыўнай хрысціянска-дэмакратычнай мадэллю было, да прыкладу, Вялікае Княства Літоўскае 15-16 стст. Падставовая дэмакратычнасць (вечавыя традыцыі, падзел галінаў улады, выбары вялікага князя, магдэбурскае права, магутнасць пласта “люду паспалітага”, соймы і соймікі, Паны-рада) гарманічна спалучаліся тут з хрысціянскай этыкай як грамадскай і сацыяльнай нормай. Каталіцкія ордэны, праваслаўныя брацтвы і пратэстанцкія зборы адыгрывалі ролю своеасаблівых палітычных партыяў, у магістратах буйных гарадоў кіраванне адбывалася паводле міжканфесійнай ратацыі, квітнелі, як бы зараз сказалі, плюралізм ды пэрсаналізм, а найважнейшыя пытанні вырашаліся шляхам галасавання. Больш падрабязна хрысціянска-дэмакратычны феномен цывілізацыі ВКЛ мы разгледзім у наступным раздзеле кнігі.

У якасці самастойнай сфармуляванай ідэалогіі хрысціянская дэмакратыя узнікла як рэакцыя на Вялікую францускую рэвалюцыю канца 18 ст., сусветнае руйнаванне феадалізму ды імклівы распаўсюд лібералізма й сацыялізма.

Тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” ужо ўжываўся падчас бурлівых падзеяў 1789-1794 гг у Францыі – і як альтэрнатыва спрахламу “старому ладу”, і адначасова як супрацьпастаўленьне рэвалюцыйнаму хаосу.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя".    #100гадоўБХД


Працяг будзе.

.
10.01.17 15:02



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец