СТАГОДДЗЕ БХД. Газета "Крыніца"


Рашэнне аб выданні ўласнай газеты аказалася найважнейшым вынікам  з’езду БХДЗ 24-25 траўня. У віхуры падзеяў, калі цягам некалькіх месяцаў дэмакратычная ўлада змянялася бальшавіцкай, калі хвалямі пракочваліся па Беларусі грамадзянская вайна, нямецкая акупацыя, польская акупацыя, зноў савецкая акупацыя, крывавыя межы і падзелы – менавіта рэгулярнае выданне злучала і натхняла рассечаны франтамі паўсюдны беларускі рух да Хрыста і свабоды. Рэдакцыя і падпісчыкі “Крыніцы” 1917-1925 гадоў склалі аснову  масавай хадэцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

На з’ездзе прапанавалі назваць газету “Бацькаўшчына”. Але 8 кастрычніка ў Петраградзе, які застаўся базай БХДЗ, выйшаў першы нумар “Крыніцы”. Арганізацыйна рыхтаваў гэта яшчэ з 1916 году Фабіян Абрантовіч, рэдактарам стаўся ксёндз Люцыян Хвецька. Да канца 1917 году выйшла 6 нумароў “Крыніцы”, прычым №3 быў надрукаваны ў Менску – але паколькі Менск апынуўся ў самым жарале вайны, рэдакцыйная праца вялася па-ранейшаму ў  Петраградзе. Наклад  першых нумароў складаў 300 асобнікаў, затым павялічыўся да 500 і 700-800, і далей  дасягаў 4-5, а падчас выбараў і 10 тысячаў асобнікаў.

Напачатку, паколькі асноўная частка газеты пашыралася праз каталіцкія парафіі, “Крыніца” выходзіла лацінкай.

Менавіта ў “Крыніцы” былі скшталтаваныя ідэйныя асновы БХД. У адным з першых нумароў чытаем: “ Найлепшая тая арганізацыя, каторая можа даваць сваім сябрам прасьвету, а зь ёю культуру, каторая дбае аб дабро сяброў эканамічнае, ды тож не выкідае з сваёй мэты жыцьця рэлігійнага. Гэткай арганізацыяй ёсьць Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць. Яна будуецца на вялікіх хрысьціянскіх законах, выказаных праз папежа Лявона ХІІІ, у яго акружных пісьмах. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце злучыць усіх хрысьціян, найбольш каталікоў, у адну моцную арганізацыю, каторая памагала б у барацьбе з труднасьцямі жыцьця і супакойвала б патрэбы душы. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце не рэлігійныя патрэбы, а эканамічныя і грамадзянскія, пранікнутыя духам Хрыстовым – безь ненавісьці, безь несправядлівай барацьбы.”

Дарэчы, сёння назву "Крыніца" мае як адноўлены партыйны бюлетэнь БХД, так і беларускі міжканфесійны хрысціянскі інтэрнэт-партал - "Крыніца.Інфа".

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


29.05.17 17:15



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец