Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску


Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго з лідэраў краёвага руху пачатку ХХ стагоддзя, і фундатара Чырвонага касцёла, насамрэч выяўляюць розніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на  нянавісці, і сутнасна хрысціянскім персаналізмам.

Паводле камуністаў, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не прыняў рэвалюцыі (адсюль робіцца выснова, што ён быў "не з народам"). Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжання Адам Міцкевіч - і сквер ягонага імя з адпаведным помнікам ў трох сотнях крокаў ад меркаванага сквера Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную тапаніміку. Што да непрыняцця бальшавіцкага перавароту - дык пасля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам - і спадкаемцам Вайніловіча.

Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсць. Гэта фундаваны ім Чырвоны касцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў Менску (1918 год) пачаліся казані па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя святары - хрысціянскія дэмакраты  Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны Аргкамітэт БНФ у 1988-ым.

І думаю, прычына камуністычнага шалу - якраз найперш у наяўнасці ды значэнні гэтага касцёла. Касцёл святых Сымона і Алены - сімвал шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сімвал правалу ваяўнічага бязбожжа. Сімвал руйнавання ўсеўладдзя Кампартыі. Сімвал адраджэння беларускага нацыянальнага руху.

Што ж да асобы Эдварда Вайніловіча - пра яго сведчаць ягоныя справы. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады.Фундаваў не толькі касцёлы, але і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мецэнат, вернік - ён увасабляе сабой зруйнаваны і сцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск шляхетны, прыгожы, прыстойны.

І тое, што рашэнне аб Слуцкім паўстанні прымалася ў слуцкім Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў 1917-ым адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, і ягоны ўдзел у паседжаннях Рады БНР - ставіць кропку ў пытанні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай Беларусі.

Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску.

Падтрымаць кампанію за наданне менскаму скверу ля Плошчы Незалежнасці імя Вайніловіча можна тут:


16.06.17 15:55



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Севярынец