Беларусь - краіна Ісуса Хрыста 11.12.2016 125


Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.
Так пачалася гісторыя Беларусі.
Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.
І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.
Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.
Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.
Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.
Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.
Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.
Няма патрэбы падрабязна спыняцца на агульнавядомых у гістарыяграфіі тэорыях найчысьцейшага славянскага народу, балцкага субстрату, хаўрусу крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў, або канцэпцыях беларускае дзяржаўнасьці ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь. Такая гісторыя апісвае адно формы. А вось зьмест тысячагадовага разьвіцьця беларусаў як нацыі, сутнасьць нацыятворчага фэномэну, сама ідэя дагэтуль у падобных тэорыях адсутнічалі. Адказы на пытаньні: Адкуль? Чаму? Дзеля чаго? – апускаліся ў поўнай адпаведнасьці з традыцыяй легендарных радаводаў Рурыка або Палямона.
Такім чынам, адкуль?
Як гісторыя Ізраілю пачалася са Слова Божага да Абрагама, так і беларуская гісторыя пачалася з прыняцьця хрысьціянства.
З тае пары, як сюды прыйшло хрысьціянства, яно зрабілася для Беларусі ўсім. Абуджэньні хрысьціянскай духовасьці спараджалі дзяржаўныя й нацыянальныя ўздымы. Канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, а герархі царквы – грамадзкіх лідэраў. Рэлігія фармавала адукацыю, культуру, мясцовае самакіраваньне, ды, у рэшце рэшт, саму нацыю. І сіла, і слабасьць Беларусі заключаліся ў хрысьціянстве. Гістарычныя працэсы кіраваліся звышнатуральнымі адкрыцьцямі й уявамі, праваламі грэху, помсты й нянавісьці, парывамі сумленьня й веры, усім глыбінным магматызмам духу.
Першаштуршкамі, першапрычынамі беларускай гісторыі былі духовыя абуджэньні, якія прыводзілі да грамадзкіх, эканамічных, палітычных, культуровых уздымаў.
Канец Х ст. Прыняцьцё хрысьціянства. Першавобраз дзяржавы, зародак нацыі. Полацк зьбірае пад сваёй уладай ядро беларускіх земляў і адстойвае іх незалежнасьць ад суседзяў і качэўнікаў. Вынік – росквіт Полацкага Княства ХІ ст.
Сярэдзіна ХІІ ст. Хрысьціянскае абуджэньне Полацка, Турава, Смаленска. Духовае ўзрушэньне ў сэрцы Эўропы ў эпоху фэадальнай раздробленасьці рыхтуе агульны абшар для пасіянарнага выбуху ВКЛ. Вынік – утварэньне найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавы Сярэднявечча ад Балтыкі да Чарнамор’я.
Сярэдзіна XVI ст. Хрысьціянскае абуджэньне Залатога веку. Распаўсюд Рэфармацыі, каталізацыя каталіцызму, праслаўленьне праваслаўя. Вынік – стварэньне беларускае нацыі, здольнай перанесьці выпрабаваньні Новага Запавету наступных трох стагодзьдзяў і распаўсюдзіць беларускі ўплыў на Рэч Паспалітую й Расейскую імпэрыю.
ХХ ст. Нацыянальны й рэлігійны рэнэсанс пачатку й канца стагодзьдзя. Вынік: адраджэньне беларускае дзяржаўнасьці пасьля прыгнёту й акупацыяў – у сэрцы Эўропы, напярэдадні яе аб’яднаньня.

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Беларусь, цуд Божы. 21.11.2016 21


Беларусь – цуд некранутай прыроды. Так кажа застаўка на Першым нацыянальным канале, і гэтым разам ня хлусіць.

Беларуская прырода – значыць, Белавеская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Блакітныя азёры й Нарач, журавінавыя заказьнікі й масівы ўнікальнага лесу, 1650 відаў расьлінаў, больш 1000 – грыбоў, 284 – птушак, 37 – зьвярэй і аж 30 тысячаў відаў насякомых. Беларуская прырода – гэта сотні рэдкіх цудаў тварэньня Божага, адныя назвы якіх гучаць як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсьцістакветная. Гэта дзівосы кшталту лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай, або шчырыцы жміндападобнай. Беларуская прырода – гэта 12% тэрыторыі Беларусі, занятыя балотамі, 16% пад лугавой расьліннасьцю й 7 мільёнаў гектараў, укрытыя лесам. Сёньня для эўрапейскага кантынэнту Беларусь – проста прастора зь невысокай шчыльнасьцю насельніцтва, поўная сьвежай зеляніны, жывой вады й чыстага паветра.

Дыхайце глыбей! Беларусь, што знаходзіцца ў зоне папераменнага ўплыву марскіх ветраў з Балтыкі й Чарнамор'я, на стыку глябальных ляндшафтаў, на ўзгорыстых вадападзелах Міжмор'я зь ледавіковым рэльефам і багацьцем водаў, выгодна адрозьніваецца разнаякасьцю ад аднастайных суседзкіх земляў – украінскага стэпу, прыбалтыйскіх нізінаў, расейскага поля ды тайгі: Госпад Бог даў нам усю поўню адметнасьці й харашыні.

Ва ўсіх асаблівасьцях прыроды Беларусі – яе простасьці й сьціпласьці, прыхаванай сіле й мілай прыгажосьці, натхнёнасьці, мяккасьці, ласкавай пяшчотнасьці – мы лёгка пазнаем беларускі нацыянальны характар. Варта толькі зьміргнуць вейкамі іскры інею, што пабліскваюць на лапінках зімовага лесу, або акунуцца ў калыханьне сьвятла пад аграмадамі летняга лісьця, або прыслухацца да ўрачыстага сьцішанага канцэрту восеньскага дажджу, каб пачуць усе шэпты, рухі й гукі беларускае душы. Сярод нашае прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш. Уся істота пачынае дыхаць невымоўным захапленьнем перад Божай веліччу і любоўю, спалучанымі ўвадно з найвышэйшай гармоніяй – у краіне такой сьветлай і такой ціхай!..

Дотык лісьця. Цяпло ад зямлі, як ад цела. Вада чыстае сьлязы. Вочы сінія-сінія. І дыханьне каханьня. Беларусь. Ужо сёньня палову Беларусі можна аб'яўляць нацыянальным паркам сусьветнага значэньня. Разнастайныя краявіды, санаторныя зоны, заказьнікі й пушчы па меры ўкладаньня інвэстыцыяў і арганізацыі дагляду здольныя зрабіцца ўлюбёным месцам паломніцтва эўрапейскіх турыстаў.

Чарнобыль? Чарнобыль зробіць частку Беларусі толькі яшчэ больш запаветнай. Так, і ў экалёгіі Беларусь нясе свой крыж: беларуская зямля паражаная радыяцыяй, беларуская вада паглынае ўсе сьцёкі Міжмор’я, беларускае паветра – кантынэнтальная атмасфэрная ростань. 80-85% забруджваньня тэрыторыі Беларусі злучэньнямі серы і азоту даюць замежныя краіны. Зноў белая, чыстая Беларусь прымае на сябе бруд паловы Эўропы!

Але і тады, калі гарадзкія мэгаполісы пашырацца да памераў цэлых краінаў, Беларусь застанецца суцэльным гіганцкім паркам дзеля адпачынку й духовага сузіраньня мільярдаў.

Беларуская прырода – лёгкія Эўропы. Эўропа дыхае Беларусьсю. Ты проста ўцягваеш у сябе водары чабору й язьміну, прахалоду ветру й гарачы пах садовае квецені, туманную пару рачных далінаў і глыбокія лясныя эфіры, усю духмянасьць беларускае прыроды да нясьцерпнае асалоды – і пачынаеш верыць, што нашая зямля створаная адмыслова для Духа.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Нёман і Панямоньне 23.10.2016 26

О Нёман, “і песьня, і слава!..”
Нёман – немы раман нацыянальнае ідэі. Выцякаючы з самых глыбіняў беларускае душы, Нёман зьбірае ўвадно ўсю празрыстасьць, усю чысьціню Заходняй Беларусі, скрозь прасякнутай тонкімі капілярамі рэчак і ручаёў.
Натхнёнае Панямоньне, цудоўны й таямнічы край, падсьвядома знаёмае любому беларусу: калыска Вялікае Літвы люляе генэтычную памяць кожнага тутэйшага. На мапе дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самае Глыбокае, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, паўночную грыву Берасьцейшчыны – так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна, перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Фундамэнтальная Беларусь, у якой так і скразіць мэнтальнасьць. Капітальнейшая анамалія, страшна магнітная, прыцягальная, як прадоньне, з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк.
Менавіта Нёман – улюбёны напой невычэрпнае беларускае рамантычнасьці. Творцы ў захапленьні ад Нёмана. Нёман – плынь сьвядомасьці найлепшае беларускае паэзіі: Міцкевіч, Колас, Купала, Геніюш чарнільнымі струменьчыкамі працягвалі нёманскія прытокі ў вечнасьць. Ня трэба мець абсалютнага слыху, каб пазнаць мэлёдыку Нёмана і ў гімнах Агінскага, і ў опэрах Манюшкі, і ў фальклёрных зборніках Чачота. Затуманены Нёман ператварае беларушчыну са сну ў рэальнасьць, з рэальнасьці ў казку, а зь зямнога ў нешта паветранае й нябёснае.  Напэўна, таму гарадзенская тытунёвая фабрыка, шклозавод і саўгас у Шчучынскім раёне – далёка ня самае лепшае ў Беларусі, што можа іменавацца “Нёманам”.
 Нёман бруіць вадзіцай з усіх крыніцаў усіх сталіцаў ВКЛ і задзіночвае Наваградак зь Вільняй, Крэва з Трокамі, Горадню зь Нясьвіжам.
Нёман – ярдан беларускага габрэйства. Валожын, Мір, Івянец, Слонім – асабліва важныя месцы для юдэяў усяго сьвету: тут працавалі найзнакамітшыя іешывы й нараджаліся бацькі дзяржавы Ізраіль.
Басэйн Нёмана – агромністы амфітэатар, што ўздымаецца да галоўных водападзелаў Міжмор’я – Менскага, Лагойскага, Вілейскага ўзвышшаў, Копыльскае ды Сьвяньцянскае градаў. Авансцэна Залатога веку беларускай гісторыі, што адкрывае Беларусь Захаду. Эталён беларускага нацыянальнага краявіду: узьнёслага, узгорыстага, вытанчанага да найвышэйшае ноткі, напоенага чыстым паветрам, празрыстай вадою й болем любові. Хвалюючага, быццам плынь самога Нёмана.
“Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” – назваў свой захапляючы нарыс пра Беларусь Юрка Віцьбіч. Невыпадкова так. Бо Нёман – галоўная пульсуючая жыла беларускага хрысьціянства. На мапе канфэсіяў басэйн Нёмана ўтварае навукова зарэгістраваны німб: менавіта тут канцэнтруецца большасьць каталіцкіх парафіяў ды праваслаўных прыходаў Беларусі й амаль палова пратэстанцкіх грамадаў.
Панямоньне, дзе цэрквы, касьцёлы й малітоўныя дамы па-сямейнаму глядзяць у вокны адно аднаму на цэнтральных плошчах, і ёсьць тым самым месцам сустрэчы, якое нельга зьмяніць. Панямоньне напоўненае жывой вераю. Тут сапраўды штодня моляцца Богу. Тут людзі не саромеюцца стаць на калені ў храме ды славіць Ісуса Хрыста на ўвесь голас. Тут нават мары дыхаюць Духам Сьвятым.
Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман…
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VIII. 06.03.2016 160


Цяпер, праз тысячу гадоў існаваньня, у самым пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста, у дрогкім, няпэўным стане паўсьвядомасьці ды пэрманэнтнай незалежнасьці, у адкрытым акіяне глябалізацыі Беларусь апынаецца перад выбарам – быць можа, самым важным за ўсю сваю гісторыю. Пытаньне стаіць ужо ня проста пра лёс дзяржавы, мовы – пытаньне глыбей.

Калі Беларусь адмовіцца ад Бога – яна зьнікне. Калі пакаецца й прыме Ісуса Хрыста зноў – будзе жыць.

Беларусы фармулявалі хрысьціянскі погляд на нацыянальную ідэю ўсё апошняе стагодзьдзе: у пачатку ХХ ст. – Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, напрыканцы – Уладзімер Конан, Мікалай Крукоўскі, Зянон Пазьняк.

“Хрысьціянства вытварала ў народзе супольную веру, погляды, традыцыю, культуру, народную душу. Нацыянальнай ідэяй была ідэя рэлігійная” (Адам Станкевіч).

“Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасьці й сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю, альбо, кажучы моваю тэалёгіі, пэўную задуму Тварца, рэалізаваную ў гістарычных дзеях і самабытнай культуры” (Уладзімер Конан).

“Хрысьціяне, якіх у Позьнім Рыме было ўсяго некалькі дзесяткаў, выстаялі й перамянілі сьвет ня сілаю зброі, а сілаю духа. Між іншым, Позьні Рым быў вельмі падобны да сёньняшняй Беларусі... Выратаваць Беларусь можа толькі рэлігійная вера” (Мікалай Крукоўскі).

“Беларусь павінна вярнуцца да Хрысьціянства. Беларусь у ХХІ стагодзьдзі мусіць адрадзіцца як Хрысьціянская краіна. Беларуская ідэя, абапертая на традыцыі беларускага Хрысьціянства – гэта шлях для нас найбольш унівэрсальны й правільны” (Зянон Пазьняк).

Варта згадаць і іншых сучасных прадстаўнікоў “хрысьціянскай плыні”: Любоў Уладыкоўскую-Канаплянік, Анатоля Астапенку, Адама Мальдзіса, Васіля Сёмуху, Юрыя Хадыку, Янку Трацяка, Уладзімера Мароза. Кожны з гэтых аўтараў распрацоўваў нацыянальную дактрыну альбо з культуралягічнага, альбо з паліталягічнага, альбо з канфэсійнага гледзішча.

Сабраць увадно панарамную карціну нацыянальнай ідэі на хрысьціянскіх прынцыпах праз аналіз фэномэнаў беларускасьці – вось якой бачыў сваю задачу аўтар гэтай кнігі.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка ІІ. 09.01.2016 32


Беларусь – найлепшы шлях разбурэньня Расейскай імпэрыі. Ідэальны кірунак удару.

Сходу – і пад дых.

Ува ўмовах інфармацыйнае цывілізацыі мы маем доступ да ўсіх сакрэтаў расейскае прасторы: выдатна ведаем іх мову, культуру, глядзім іх тэлевізію й слухаем іхнія сьпевы. Мы вялі змаганьне 600 гадоў, а гэта гіганцкі досьвед. Мы маем мільённую дыяспару – у Маскве, на Смаленшчыне, у Піцеры, Карэліі й Сібіры... І галоўнае, Беларусы ў Расеі – браты. Эвангельскі падтэкст яўны: нас чакаюць са Сьвятым Пісьмом, малітвай і пропаведзьдзю.

Збавіць Расею! – лёзунг, варты моцнае беларускае стратэгіі. Бо менавіта ідэя адкрытае Хрысту, пакаяннай, духовай Расеі, якая добраахвотна адмаўляецца ад прыгнёту – фантастычнае відовішча! – натхняла дзесяткі пакаленьняў беларусаў ад Рэфармацыі і дасёньня. Пераўтварэньне РПЦ, падрыхтоўка місіянераў, беларускія хрысьціянскія праекты і пастаянная малітва за няшчасных людзей, што там прападаюць – так выглядае  сёньня справа, на якую Беларусь ахвяравалася стагодзьдзямі.

Я веру ў тое, што масавая эвангелізацыя й Слова Божае могуць перамагчы самую змрочную й барбарскую імпэрскую дэспатыю. Я ведаю, што гэта мацней за генштаб, ФСБ, ядзерную зброю і ўсю тамтэйшую д’ябальшчыну. І я бачу, што менавіта мы можам быць зброяй Божай у апошнім паходзе на Маскву.

Менавіта ў гэтай кропцы Расейская й Савецкая імпэрыі фатальным чынам атрымалі сьмяротныя прабоіны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскіх рэвалюцыянераў, якая потым з паражальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялікшую за ўсе часы чалавецтва таталітарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкі ў Магілеве, тэрмінова выехаў у Петраград цар Мікалай ІІ, і дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся прастолу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскі. Потым быў правальны Берасьцейскі мір. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. рухнуў СССР, і здарылася гэта ў Белавескай пушчы.

Заўважце, парэшткі Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалі ў тым жа Менску. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: тут жа з магілы на поўны рост падняўся прывід Імпэрыі зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клінам сыходзіцца на Беларусі, што міжволі, як дрыжыкі, прабірае падазрэньне: праўда.

Чаму так баяліся Беларусі  і Залатая Арда, і Трэці Рэйх, і Расея? Таму што хрысьціянская  нацыянальная ідэя ў прынцыпе (і беларуская ідэя ў прыватнасьці) – галоўная небясьпека для імпэрыяў. Сэнсам нацыі ёсьць адасабленьне дзеля кшталтаваньня чалавека і шанаваньня Бога, а сэнсам імпэрыі – зьмяшаньне і зьнішчэньне нацыяў дзеля падпарадкаваньня асобы і замяшчэньня Бога ідалам. Менавіта праз нацыю Ізраіля прыйшоў у сьвет і Закон, і Збаўца Ісус Хрыстос, і менавіта імпэрыі былі вечным ворагам народу Божага. Больш таго – вынікам усталяваньня ўлады Антыхрыста, паводле Бібліі, будзе ні што іншае як сусьветная імпэрыя.

Дзякуй Богу, усе імпэрыі рана ці позна развальваюцца.


Працяг будзе.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Хрысьціянства і сэрца нацыі 21.11.2015 156



Хрысьціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі й аснова беларускай нацыянальнай ідэі.

Без Бібліі, веры ў Бога, без царквы немагчыма ані ўявіць сабе Беларусі, ані зразумець яе.

Вось што маюць на ўвазе, калі кажуць: “Беларусь – хрысьціянская краіна”.

Беларуская гісторыя сутнасна хрысьціянская. Беларуская місія ў сьвеце – насьледваньне Хрысту й апосталам. Беларуская культура напоеная эвангельскім сьвятлом. Беларуская эўрапейскасьць зыходзіць з тысячагадовай рэлігійнай традыцыі. Большасьць беларускіх нацыянальных герояў – вернікі Ісуса Хрыста.

Нарэшце, усю нацыянальную ідэю можна выразіць адной формулай: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.

Беларусь як духовы фэномэн сваім існаваньнем абавязана асабіста Ісусу Хрысту.

Беларусь стала вынікам пасьлядоўнае перамогі хрысьціянства над паганствам, фарысэйствам і атэізмам. Грунтаваная на вучэньні Хрыста сьвядомасьць спачатку змагалася тут зь першабытным ідалапаклонствам, потым з ваяўнічай жорсткасьцю Сярэднявечча, затым з аблудай гуманізму і, нарэшце, з таталітарнай ідэалёгіяй фашызму й камунізму.

І менавіта моманты хрысьціянскага трыюмфу – Х і XII стагодзьдзі, XVI стагодзьдзе, пачатак і канец XX стагодзьдзя – зрабіліся пікамі найвышэйшага ўздыму Беларусі.

Беларускі мэнталітэт, працоўная этыка, сямейны лад, правасьвядомасьць былі сфармаваныя хрысьціянскім сумежжам: праваслаўем, каталіцтвам і пратэстанцтвам ва ўзаемным уплыве, канкурэнцыі й кампрамісах.

Унікальнасьць беларускай сытуацыі, нашая моц і нашая слабасьць тлумачацца якраз звышскладанымі формуламі геапалітычнага хрысьціянскага сынтэзу ў самым сэрцы эўрапейскага кантынэнту.

Хрысьціянства і беларускасьць сумяшчальныя на ўсе 100%. Вера. Ахвярнасьць. Самаадданасьць. Пакорлівасьць. Міласэрнасьць. Служэньне. Праслаўленьне Бога й падстаўленьне шчакі. Усё гэта – тое, што ўвесь шалёны сёньняшні сьвет лічыць нерацыянальным, убогім і дзівацкім – пра Беларусь і для беларусаў. Малітоўна складзеныя далоні. Апушчаныя долу вочы. Жагнаньне. Адчайны шэпт. Сьлёзы пакаяньня. Натхненьне духу. Хор на высокіх нотах. Усё гэта – беларускае жыцьцё і беларускі крыж.

Пра значэньне хрысьціянства ў беларускай ідэі лепш за ўсё сьведчаць нацыянальныя сымбалі. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста. Гімн “Магутны Божа”. Вершнік “Пагоні” з крыжам на шчыце. Друк Сьвятога Пісьма. Статуты зь біблійнымі эпіграфамі. Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Сафійскі Сабор.

Усяму сьветламу, сьвятому й высокаму на гэтай зямлі беларусы абавязаны хрысьціянству. Ідэал напоўненай сьвятлом Беларусі апісаны ў Эвангельлі паводле Мацьвея (5:14-16), у словах, сказаных Ісусам першым хрысьціянам: “Вы – сьвятло сьвету... Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі й ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах”.

Толькі абуджэньне хрысьціянства можа стаць дзеючай сілай сучаснага нацыянальнага адраджэньня. Толькі моцныя царкоўныя супольнасьці здольныя даць нам здаровае грамадзтва. Толькі Закон Божы гарантуе сумленную палітыку й суд. Толькі вера й любоў здольныя натхніць сёньняшні расчараваны, абыякавы, прыніжаны народ і зноў узьняць яго да сьвядомасьці нацыі.

Шматтысячныя эвангелізацыі на стадыёнах, паўсюдныя дамы малітвы, моцныя царкоўныя брацтвы, вывучэньне Бібліі з пачатковых клясаў школы – вось што такое беларускае хрысьціянства ІІІ тысячагодзьдзя.

Што для гэтага трэба рабіць? Ісьці за Хрыстом. Верыць. Любіць.

У гэтым – зьмест хрысьціянства і сэнс Беларусі.


                                              З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускае праваслаўе 12.09.2015 16


Праваслаўе – адзін з трох асноўных элемэнтаў беларускага хрысьціянства.

“Правільна славіць Бога”, “праўда” і “слава”, права і слова, перададзеныя праз славянства – вось як расшыфроўваецца зь беларускай праваслаўе. “Бо слова Гасподняе – правае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя”. (Псальмы 32:4)

І як у чалавечым мозгу правае паўшар’е адказвае за пачуцьці, вобразнае мысьленьне, інтуіцыю, архетыпы – так і праваслаўе (усход на мапах справа) увасобіла ў фэнамэнальным беларускім сынтэзе пачуцьцёвую духовасьць, узвышаную вобразнасьць, сымбаль  і традыцыю.

Агаворымся адразу: гэта беларускае праваслаўе. Просьба ня блытаць з РПЦ.

Беларускае праваслаўе – зьява гістарычна, рэлігійна і сьветапоглядна іншая, чым маскоўская артадаксія. Сутнасна іншая! Беларускае праваслаўе дэмакратычнае, жывое, талерантнае, заўжды адрозьнівалася ад маскоўскага цемрашальства, дэспатызму й догмы, выпаленай калёным жалезьзем.

Натхнёная беларускай ласкавасьцю й цярплівасьцю, каталіцкай лёгікай і гармоніяй, гарачынёй і прагматычнасьцю пратэстанства, наша праваслаўная царква, называная ў Расеі “літоўскай схізмай”, была тым хрысьціянствам на ўзыходзе сонца, якога нам сёньня так не стае ў шматлікіх беларускіх прыходах Маскоўскага патрыярхату.

Пачынаючы з адраджэньня XII стагодзьдзя, з эпохі Эўрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага й Кліма Смаляціча, Беларусь была жыцьцёва важным цэнтрам сусьветнага праваслаўя ва Ўсходняй Эўропе. Ад мангола-татарскага нашэсьця й заняпаду Кіева да краху Канстаньцінопаля менавіта незалежная, чыстая Белая Русь непарыўна захоўвала й разьвівала сакральнае сьвятло праваслаўнай традыцыі.

Не падступнасьць і фарысейства, перанятае ад Бізантыі Маскоўшчынай, а духмяную раскошу рытуалу й патрыстыкі, мастацкую глыбіню й пышнасьць патасу, насычаную пернай усходняй спэцыфікай.

І менавіта беларускаму праваслаўю давялося адстойваць гэтыя багацьці перад драпежным цэзарысцкім “Трэцім Рымам”. Беларускае праваслаўе, тэктанічная аснова канфэсоніму “Беларусь” у складзе ВКЛ – айчына князя Альгерда й Андрэя Полацкага, Канстаньціна Астроскага й Мялета Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча й Пятра Магілы, сярэднявечных гарадскіх брацтваў, цудоўных храмаў полацкай Сафіі, гарадзенскай Каложы, віцебскага Дабравешчаньня й магілёўскай Мікалаеўскай царквы, унікальнага іканапісу й бліскучай тэалягічнай літаратуры на беларускай, царкоўна-славянскай, польскай, расейскай, грэцкай і лаціне.

Беларускае праваслаўе абараняла нацыянальную і духовую ідэнтычнасьць і ад заходніх, і ад усходніх пагрозаў самастойнымі мітраполіямі, царкоўнымі рэформамі й магутным грамадзкім рухам месьцічаў. Але вунія, казацкія бунты й падпарадкаванне ўсіх усходнеславянскіх цэркваў напрыканцы XVII ст. Маскве прадвызначылі крывавы закат нашай 700-гадовая правае славы й на стагодзьдзі пагрузілі наш Усход у рабства імпэрыі. З тае пары ў Беларусі час ад часу плачуць абразы.

Праваслаўе нельга абвінавачваць у здрадзе Беларусі. Бо гэта праваслаўе напоўніла Беларусь эвангельскім Словам з грэцкіх першакрыніцаў.

Гэта праваслаўе надало беларускай узьнёсласьці важкай формы, вытанчанасьці, урачыстага аб’ёму.

Гэта праваслаўе на паўтысячагодзьдзя зрабіла нашу краіну эпіцэнтрам усяе царкоўнаславянскае цывілізацыі.

Кірылічнае пісьмо, прызнаньне БНР патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Ціханам у 1918 г., 1500 прыходаў зь мільёнамі вернікамі – вось толькі некалькі фундамэнтальных сьведчаньняў выключнай важнасьці праваслаўнага пытаньня для Беларусі.

А Беларусь для праваслаўя – гэта нешта і яшчэ большае.

Беларусь зьявіла сьвету народнае, талерантнае, адкрытае праваслаўе XII-XVI стст. – ідэал сёньняшніх дзён.

Беларусь 1000 гадоў зьмякчала сабой строгі ўсходні абрад і штораз асьвяжала адчуваньне сястрынскае блізіні з заходнім хрысьціянствам.

Беларусь падаравала Царкве Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, мітрапаліта й багаслова Сільвестра Косава, які рэфармаваў праваслаўе ВКЛ і Польшчы, Пятра Магілу, чыё “Праваслаўнае спавяданьне веры” было прынятае як афіцыйная дактрына сусьветнага праваслаўя, мітрапаліта Мельхісэдэка, што супрацьстаяў бальшавізму ў 20-х гг. XX ст...

Нарэшце, менавіта праз праваслаўе Беларусь ажыцьцяўляла сваю апостальскую місію на Ўсходзе – друкавала кнігі й пераклады, пашырала асьвету, навуку, адукацыю.

Расейскія гістарыёграфы прызнаюць, што, напрыклад, у XVII ст. беларускі ўплыў ахапляў практычна ўсю сфэру духовага жыцьця Расеі: багаслоўе, карэкцыю Сьвятога Пісьма й службовага тэксту, казаньні, царкоўнае й хатняе пяяньне, ноты, правапіс, утрыманьне бібліятэкаў і нават кшталт вопраткі.

Гіляры Рагалеўскі зь Меншчыны – архімандрыт у Маскве тых часоў, у Данскім Манастыры, а затым казанскі япіскап; Амброжы Юшкевіч зь Віленшчыны – япіскап Валагодзкі; Гедэон Вішнеўскі з Ашмяншчыны – рэктар Маскоўскай акадэміі й япіскап Смаленскі; Платон Петрушкевіч зь Віцебшчыны – япіскап Уладзімірскі...

Дагэтуль, самай сьветлай плямай духовай гісторыі Расеі застаецца яна, праваслаўная Беларусь. Дагэтуль расейцы адчуваюць да гэтага месца інтуітыўную роднасьць. Вось адкуль карані праславутага братэрства!

Беларускае праваслаўе – гэта салідарнасьць веры й тысячагадовая сіла духу.

Беларускае праваслаўе – гэта простасьць і шчырасьць правільных словаў.

Беларускае праваслаўе – гэта сьветлыя храмы з паўсфэрычнымі купаламі, вострымі сьпічакамі й эўфрасіньнеўскім крыжам, а не запазычаньні з маскоўскімі “цыбулінамі” – горкімі пладамі акупацыі.

Беларускае праваслаўе – гэта змаганьне за сваю беларускасьць. Такое рэдкае зараз – але яшчэ не страчанае цалкам!

Цяпер, пасьля 300 гадоў правінцыйнае цемрадзі, у век праваслаўнага атэізму, сучасная Беларусь адчайна вымагае сьвятасьці, моцы й падзьвіжніцства Полацка ХІІ ст., Віцебска XIV ст., Магілёва XVІІ ст.

Бо толькі адраджэньне сапраўднага беларускага праваслаўя – вольнага й слаўнага, што гучыць на роднай мове – здольнае ажывіць усю поўню веры, надзеі й любові ў хрысьціянскім сэрцы Эўропы.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Як Беларусь ператварала Польшчу 04.09.2015 55



Калі ўзрушаная хрысьціянскім абуджэньнем XVI стагодзьдзя Вялікая Літва пад пагрозай маскоўскай акупацыі злучылася з Польшчай, і Контаррэфармацыя пачала паланізацыю Беларусі – духовая, узьнёслая, рамантычная беларушчына хлынула насустрач ёй на Захад, аддаючы Кароне ўсю сябе .
Беларусь – радзіма патрыярха польскае літаратуры Адама Міцкевіча, галоўных пісьменьнікаў Рэчы Паспалітай эпохі Асьветніцтва Франьцішка Багамольца, Адама Нарушэвіча, Франьцішка Князьніна, Юльяна Нямцэвіча; клясыкаў прозы й паэзіі, ад Уладзіслава Сыракомлі да Генрыка Сянкевіча.
Беларусь стварыла Польшчы опэру й сымфонію, падаравала ёй нацыянальны гімн і палянэз Агінскага.
Каталіцызм і лаціна, рацыянальныя й бліскучыя, кшталтавалі натхнёную й паэтычную беларускасьць, расхінаючы перад ёю ўсю Эўропу. Дзякуючы гэтаму, Міцкевіч здолеў стаць сусьветным лідэрам рамантызму, а гістарычныя раманы Генрыка Сянкевіча, ляўрэата нобэлеўскай прэміі, чытала ўся плянета.
Менавіта таму "Пан Тадэвуш",  "Дзяды",    "Крыжакі", "Патоп" захавалі для чалавецтва цэлую Вялікую Літву ў вобразах, легендах і асобах. А якую яшчэ папулярную мастацкую літаратуру пра раньняе хрысьціянства мог афіцыйна ўхваліць Ватыкан, як ня "Quo Vadis"!
Магутны, усепаглынальны беларускі ўплыў дагэтуль віруе ў польскае музыцы. Бацька польскай опэры – беларус Станіслаў Манюшка. Пачынальнік польскага сымфанізму – наш Мечыслаў Карловіч. Найвядомейшы ў сьвеце палянэз – Міхала Клеафаса Агінскага.
Зь Беларусі ў Польшчу ўвесь час веяла духовасьцю – ад часоў пабожнага Ягайлы, ад "Берасьцейскай Бібліі", выдадзенай на польскай мове, Мікалая Радзівіла Чорнага, "Новага Запавету" Буднага, ад каталіцкай, пратэстанцкай, вуніяцкай, праваслаўнай публіцыстыкі па-польску. І нездарма: паглядзіце на сёньняшнюю хрысьціянскую Польшчу, радзіму Папы Рымскага Яна Паўла Вялікага!
Больш ідэалу!
Больш рамантызму!
Больш духу!
Так гучыць перададзенае праз польскую культуру беларускае пасланьне Захаду.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Полацкая Сафія 29.08.2015 52


Белая бажніца на беразе Дзьвіны.

Дзьве ажурныя вежы, ансамбль ветразяў, што вядуць скрозь гісторыю цэлы горад-карабель. Узмах белых крылаў, які злучае зямлю зь нябёсамі...

Полацкай Сафіі няма роўных сярод усіх пазнавальных і ёмістых відарысаў Беларусі.

Полацкая Сафія – галоўны храм Беларусі.

Пабудаваная ў сярэдзіне ХІ ст. як сэрца нашай першай сталіцы, яна на ўсё наступнае тысячагодзьдзе стала сымбалем беларускай незалежнасьці й духовай велічы. Уласьцівыя усім фэномэнам, сабраным пад гэтай вокладкай, сьветлыя й пранізьлівыя рысы, быццам у яркай успышцы, сфакусаваныя ў цудзе Сьвятое Сафіі.

Велічны храм, Сафійскі сабор паставіў Полацк у адзіны шэраг з галоўнымі хрысьціянскімі цэнтрамі таго часу. Больш таго – ён зрабіўся цэнтрам нацыянальнай крышталізацыі.

Катэдра полацкай праваслаўнай епархіі XI-XVI стст. й вуніяцкая сьвятыня XVII-XIX стст. сымбалічна сплавіла ўвадно Ўсход і Захад сусьветнага хрысьціянства. Узьведзеная ў 1044-1066 гг., Сафія сталася беларускім адказам на раскол усяленскай царквы ў 1054 г. Адгэтуль яна будзе яднаць у пабожным шанаваньні і праваслаўных, і каталікоў – і на 200 гадоў зробіцца цэнтральным храмам грэка-каталіцкай вуніі.

У Полацкім саборы адбываліся галоўныя урачыстыя цырымоніі. Ля сабора зьбіралася веча. Тут утрымлівалася бібліятэка. Храм быў сарцавінай і духоўнага, і грамадзкага, і палітычнага жыцьця, і асьветы, і культуры цягам стагодзьдзяў.

Храм-крэпасьць у Старым Запавеце гісторыі, пасьля перабудовы ў 1738-50 гг. намаганьнямі геніяльнага Глаўбіца яна стала храмам-постацьцю, увасабленьнем сьветліні й узьнёсласьці Новага Запавету. Грандыёзнае ператварылася ў грацыёзнае.

Полацкая Сафія, полацкая Мудрасьць! Тут маліліся Ўсяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня, Францыск Скарына й Леў Сапега, тут вырашаліся лёсы Полацкага княства й вуніяцкай царквы... Дзесьці тут, у багавейным маўчаньні, у таемных шэптах рэха, у гуках аргану можна прачуць усю глыбіню містычных акордаў беларускай гісторыі.

Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы...

Калі глядзіш на гэтае бліскучае віленскае барока, збудаванае на падмурках яшчэ таго храму ХІ ст., на гэты паветраны й сьветлы шэдэўр – ты бачыш само беларускае ўваскрасеньне. Чысты, ясны, захапляючы вобраз.

Да Сафіі падыходзіш, як да праведніка ў белым, як да старца-мудраца, як да апостала.

Храм-анёл удзень, храм-сьвяча ўначы, Сафія – ясны нацыянальны арыентыр, пастаўлены ў полацкім пачатку каардынатаў.

З кнігі "Люблю Беларусь"


Пагоня 21.08.2015 4

 

Так і хочацца падхапіць легендарны хіт зь “Няўлоўных мсьціўцаў”:

Пагоня, пагоня, пагоня, пагоня

Ў гарачай крыві!

Бо ў беларусаў Пагоня сапраўды ў крыві.

“Пагоня” – адзін з ключавых беларускіх сымбаляў. Вершнік зь мячом ляціць наўздагон захопнікам.

Герб “Пагоня” – трэцяя іпастась беларускай Тройцы. Рух, імкненьне, ідэал волі й рашучасьці, вобраз духовага пачатку. Сымбаль Духа!

“Пагоня” раскрэсьлівае гісторыю Беларусі, быццам гербавы шчыт, на стагодзьдзі дзяржаўнасьці.

У 1293 г. яна зацьвярджаецца як герб ВКЛ: паводле Густынскага летапісу, князь Віцень “нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне с мечем, еже ныне наречут Погоня”. 500 гадоў “Пагоня” была дзяржаўным гербам Вялікага Княства, і толькі ў 1795 г., з апошнім разборам Рэчы Паспалітай, была зьмененая двухгаловым расейскім арлом.

Празь 200 гадоў, напрыканцы 1991-га, з абвешчаньнем Рэспублікі Беларусь, “Пагоня” зноў займае варту ля ўваходаў ува ўсе афіцыйныя ўстановы – але ў 1995-м адмяняецца Лукашэнкам і застаецца значкамі адно на грудзях у адраджэнцаў.

“Пагоня” абавязкова вернецца – бо ў гэтым яе сэнс. Усе сем стагодзьдзяў “Пагоня” была эквівалентам вяртаньня, аднаўленьня, адраджэньня, справядлівасьці й свабоды. “Рыцар збройны на кані”. Шчыт з крыжам. Моцная й прыгожая сіла ў змаганьні са злом. Пагоня як вагонь – палае, гоніць, даганяе, дасягае, перамагае!

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах –

Успомню Вострую Браму сьвятую

І ваякаў на грозных канях...

“Пагоня”, народнае рушаньне, адпор татарам, крыжакам, маскалям зьявілася ў гісторыі разам зь Беларусьсю. “Пагоня” была гербам Полацка й Новагародка; яна ж, як пячатка, зацьвердзіла беларускасьць ВКЛ. Велікакняскія прывілеі – “Пагоня”. Дакумэнты Літоўскае мэтрыкі – “Пагоня”. Усе тры Статуты – “Пагоня”!

“Пагоня” – беларускі адказ на акупацыі. Ваяры Вітаўта пад Грунвальдам, лятучыя гусары Хадкевіча, коньніца паўстанцаў Касьцюшкі й Каліноўскага – усё гэта была пагоня. Нашаніўцы, беларуская нацыянальная партызанка й Народны Фронт канца XX ст зьбіраліся як пагоня й падымалі “Пагоню” на харугвы.

У “Пагоні” зашыфраваны і бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста. У сярэднявечнай Эўропе штандары рабілі зь гербаў: колер выявы – верхняй паласой, колер тла – сярэдняй, шчыта – ніжняй.

“Пагоня” – наш сымбаль перамогі: беларус на кані!

“Пагоня” – знак беларускай місіі: рушаньне супраць цемры, прыгнёту, нянавісьці й рабства.

ПАГОНЯ, быццам пераможны крык, які таіўся вякамі, вырываецца з грудзей беларуса з кожным абуджэньнем. І тады імклівы вершнік “Пагоні” зь біблійнага Адкрыцьця ўстае на дыбкі! “Я зірнуў, і вось конь белы, і на ім вершнік, які меў лук, дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны й каб перамагчы” (Адкрыцьцё 6:2).

У гэтым месцы ўжо чуецца, чуецца грукат капытоў:

У белай пене праносяцца коні

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць,

Не спыніць,

Не стрымаць!

                                    З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларуская мова 08.08.2015 12



Мова – плоць і кроў нацыянальнай ідэі.

Фэномэн слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: "Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога..." (Яна, 1:1)

Народжаная ў вялікім Міжмоўі, беларуская мова стагодзьдзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычаньні – але так і засталася найбліжэйшай да індаэўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.

Скрышталізаваная хрысьціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай эвангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпляматычных дачыненьняў у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі.

Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. – у той жа час, што і ангельская – і, між іншым, раней за францускую ды расейскую.

Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай "Беларусь", яна стагодзьдзямі вучыла акаць окаянную Россию і дзякаваць няўдзячную Жмудзь.

Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў.

І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., "зьліццё" й 70-гадовую русіфікацыю, паводле перапісу 1999-га больш 40% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 85,6% назвалі мову роднаю. Таму і ТБМ для Беларусі – не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэньня.

Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаворыць бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты – фанэтыку, граматыку й лад – жывое беларускае мовы, саступіўшы расейскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленьне беларускасьці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленьняў.

Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нарасьпеў. Паводле філялёгіі, гэта ёсьць адным з ключавых адрозьненьняў беларускай ад расейскай: “Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сьцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваньнем па ўсім складовым прасьцягу слова. Гэта – другое паўнагалосье, што адбылося ў пэрыяд узьнікненьня старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.” (А. Яскевіч, “Сумежжа”)

Як ні стараліся захопнікі – мову ў нас не адняло.

Але беларускамоўнасьць яшчэ не азначае беларускасьці. Бо, як напісана да Карыньцянаў, 3:1: "Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі".

Мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле сьпеўнасьці другая ў Эўропе пасьля італійскае, з той празрыстай мяккасьцю, якой так бракуе цьвёрдай расейскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор'я, прасякнутая эўрапейскай далікатнасьцю й налітая ўсёй славянскай сілаю – беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для сьлёзаў пакаяньня, малітвы й эвангельскай прамовы. Для палкае, пранізьлівае й узьнёслае пропаведзі Хрыста.

Мова веры, праўды, сьвятасьці, пяючая, захапляючая сваёй простасьцю, лёгкасьцю й мэлёдыкай – у беларускай ёсьць штосьці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.

Сучасная беларускамоўнасьць – безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску – значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык.

Беларуская мова – гэта інтэлігентнасьць. Нават больш – гэта сама культурнасьць.

У аканьні й яканьні, зацьвярдзеньні "ч" і "р", дзеканьні й цеканьні, фрыкатыўным "г" і падаўжэньні зычных у інтэрвакальным становішчы беларускай мовы пераліваецца ўсё бруеньне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, сьпевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі.

У абаротах беларускае мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, зь яе іскрамі ўспыхвае мэнтальнасьць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.

Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае – невымоўнае шчасьце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.

               З кнігі "Люблю Беларусь"

Крыж Эўфрасіньні Полацкай 11.07.2015 10


"...Тады Ісус сказаў вучням сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною." (Мацьвея, 16:24).

Беларусь узяла свой Крыж Эўфрасіньні Полацкай і пайшла.

Крыж Эўфрасіньні – найдаражэйшая рэлігійная сьвятыня Беларусі. Каўчэг беларускі, які вандраваў праз усю нашу гісторыю. Вялікі сымбаль, што ў знакавыя моманты асьвячаў рухі беларускай душы. Залаты ключык, якім адчыняюцца шматлікія таямніцы беларускай нацыянальнай ідэі.

Шэдэўр старажытнага беларускага мастацтва, створаны ў 1161 г. на замову Эўфрасіньні Полацкай ювэлірам Лазарам Богшам, гэты ўзьвіжальны крыж зрабіўся сымбалем хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст. гэтак жа, як і Біблія Скарыны – сымбалем залатога XVI веку, а бел-чырвона-белы сьцяг – адраджэньняў ХХ ст.

Каўчэжац для захаваньня хрысьціянскіх рэліквіяў: кавалачкаў крыжу Гасподняга, сьвяшчэнных кропляў крыві ды мошчаў. Аснова кіпарысавага дрэва (менавіта на такім быў укрыжаваны Ісус) была абкладзеная залатымі пласьцінкамі, аздобленая каштоўнымі камянямі, пэрламі ды ўнікальнымі абразкамі-эмалямі з подпісамі славянскімі й грэцкімі літарамі. Шасьціканцовая форма, што стала затым традыцыйнай для Беларусі, сымбалізавала стварэньне Богам сьвету за 6 дзён.

Крыжовы шлях гэтага сымбалю – з тых сагаў, якія нацыі належыць перадаваць вусна з пакаленьня ў пакаленьне. Крыж-каўчэжац падарожнічаў у беларускай гісторыі як праўдзівы каўчэг: зьяўляўся, прабліскваў у знакавых месцах, у ключавыя моманты. Кожная прыгода ў адысэі крыжу бачыцца напоўненай містычным сэнсам.

Зь беларускага пачатку, старажытнага Полацка, напрыканцы ХІІ ст. крыж Эўфрасіньні выправіўся ў Смаленск. Больш 300 гадоў крыж у Княстве Смаленскім пільнаваў стратэгічны для Беларусі кірунак – Усход. У пачатку XVI ст., на сьвітанку найвялікшага беларускага абуджэньня крыж, як прадвесьце Скарыны, Фёдарава й Полацкага, зьявіўся ў Маскве – у 1514 г. Васіль ІІІ, захапіўшы Смаленск, перавёз сьвятыню з сабой у Крэмль.

Але ўжо у 1563 г. – у той самы вялікі й трагічны год, што падзяляе Стары й Новы Запавет гісторыі Беларусі! – крыж вяртаецца ў Беларусь. Іван Жахлівы, каб замаліць грахі, прывозіць і кладзе яго туды, дзе ўсё пачыналася, у Спаса-Эўфрасінеўскі сабор Полацка.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьзяў у бляску Залатога веку, на хросных ходах, бачыў вялікае міжканфэсійнае супрацьстаяньне XVII ст. паміж двума полацкімі біскупамі, вуніятам Кунцэвічам і праваслаўным Сматрыцкім, быў выкрадзены езуітамі ў Сьвятое Сафіі й вернуты вернікам; у 1812-м ледзь унікнуў вывазу ўва Францыю, нема назіраў за апошнім саборам Вуніі... Паўсюль быў зь Беларусьсю.

У 1841 г., з забаронай беларускай мовы й самое назвы "Беларусь", зь вялікай беларускай культурнай і духовай хваляй у Расеі крыж вывозіцца ў імпэрскія музэі Піцера, а затым і Масквы. Ужо можна было прадбачыць, што Крыж Эўфрасіньні вернецца ў Беларусь з новым нацыянальным адраджэньнем. Так і здарылася – у 1910 г., з нашаніўскім уздымам, крыж зноў апынуўся ў Полацку.

Беларусь быццам жагналася гэтым крыжам. У 1921 г. крыж быў рэквізаваны ОГПУ – гэтак жа, як тады канфіскоўваліся храмы, землі, душы. Але – вярнуўся, дзякуючы беларусізацыі, у 1929-м, у Магілёў, які тады плянавалі зрабіць сталіцай.

Апошні раз Крыж Эўфрасіньні бачылі ў 1941-м, у часе эвакуацыі Саветаў перад нямецкім наступам. Беларусь, прымусова пазбаўленая веры, пазбаўлялася й крыжу.

З вайной, Хатыньню й Трасьцянцом, бязбожным атэізмам і Чарнобылем Беларусь, як Ісус на крыжы, магла толькі маліць: "Божа! Божа! Чаму Ты Мяне пакінуў?..".

Сёньня Беларусь зноў шукае крыж. Шукае ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Амэрыцы, празь Інтэрпол і прыватныя калекцыі. Шукае, прыгаворваючы: "Не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету". (Да Галятаў, 6:14)

Шукае так, як зьнявераны намацвае свой колішні нацельны крыжык. Са смутным адчуваньнем, што знойдзецца крыж – вернецца і нешта асабліва важнае для кожнага зь 10 мільёнаў.

Бо Беларусь шукае Бога.

                         З кнігі "Люблю Беларусь"

Каталіцтва 04.07.2015 97


Адно з самых моцных уражаньняў у Беларусі – зайсьці ў каталіцкі касьцёл.

Дзьвюхтысячагадовы цуд. Царква, якую не адолеюць брамы пекла. Галоўная крэпасьць хрысьціянства.

Веліч. Ціша. Сьвятло. Незямное адчуваньне прысутнасьці Божай. Беларускае імгненьне ісьціны. Імша па-беларуску...

І гучыць:

— Хто творыць Касьцёл Сьвяты?

— Касьцёл Сьвяты твораць: Папа, біскупы, сьвятары й вернікі. Усе людзі, адкупленыя Хрыстусам, твораць Люд Божы.

— А якія галоўныя абавязкі католіка?

— Галоўныя абавязкі католіка: Першая. Вернасьць усяму, што Пан Бог аб'явіў, а Касьцёл навучае. Другое. Выконваць загады Божыя й касьцёльныя. Трэцяе. Прымаць сьвятыя Сакраманты. Чацьвёртае. Маліцца й рабіць добрыя ўчынкі.

Каталіцтва – гэта катэхізіс для Беларусі: вечныя пытаньні й ясныя адказы.

Што даў каталіцкі Касьцёл Беларусі?

Каталіцызм афіцыйна прадстаўляе ў Беларусі Заходнюю Эўропу. Індывідуалізм. Рацыю. Лёгіку. Трыюмф розуму. Парадак і прагматызм. Бліскучую сыстэму адукацыі. Найважнейшы элемэнт нацыянальнага духовага сплаву, які ў спалучэньні з праваслаўем і пратэстанцтвам дае Беларусь.

Касьцёл – для чалавека. Званочкі, як сыгналі. Статуі Хрыста й Сьвятое Сям'і. Шэраг лаваў, як парты. Лепш думаць пра Бога седзячы, чым пра ногі стоячы. Урачыстая бель, гармонія хараства, найвышэйшае рэха. Абавязкова арган, што ўзвышае пачуцьці і валодае максымальным дыяпазонам гучаньня сярод усіх музычных інструмантаў, як і касьцёл – поўняй вучэньня...

Ідэальны храм, як цела для душы – бліскучы й прахалодны.

Увайсьці, крануць сьвятую ваду, схіліцца на калена, і перажагнацца зьлева направа: Няхай будзе пахвалёны Найсьвяцейшы Сакрамант Праўдзівае цела і Кроў Госпада нашага, Езуса Хрыста.

Каталіцызм – цудоўны празрысты дыямант, празь які нам адкрываецца ўся Эўропа Пятра, і яшчэ паў-сьвету. Заходняя Беларусь, касьцёлы ў Горадні, Нясьвіжы, Будславе, Пінску, Менску, Віцебску, Магілёве – узорыстыя вітражныя вокны лацінскае цывілізацыі, з дапамогай якіх сынтэзуецца ўнікальнае беларускае сьвятло.

А што дала Беларусь каталіцкаму Касьцёлу?

Скаргу. Руцкага. Богуш-Сестранцэвіча. Станкевіча. Гадлеўскага. Сваяка. Астрамовіча. Папялушку. Сьвёнтка. Сіповіча. Надсана.

2,5 стагодзьдзі самай пасьпяховай вуніі з праваслаўем. Пляцдарм місіянерскіх ордэнаў на Ўсходзе.

Сусьветны цэнтар езуіцкага руху ў Полацку.

Фэномэн віленскага барока...

З Польшчы, якой Беларусь аддала паўжыцьця, паходзіць найвялікшы папа сучаснасьці Ян Павел II, Караль Вайтыла.

Беларусь нарадзіла большасьць каталіцкіх ксяндзоў, што ахвярна працавалі ў Расеі ўсе апошнія стагодзьдзі: толькі з пачатку 2000-х біскупамі для Расеі былі Тадэвуш Кандрусевіч і Кірыл Клімовіч

Самая заходняя й самая беларускамоўная канфэсія, зараз каталіцкі касьцёл – бясспрэчны флагман нацыянальнага адраджэньня.

Большасьць беларускай эліты – каталікі, або, на скрайні выпадак, вуніяты. Таму недавер да Касьцёлу культывуецца Масквой і падтрымліваецца дзяржавай: "палякі".

Так, шасьцьсот гадоў, з Крэўскай вуніі Ягайлы Касьцёл быў галоўнай структурай паланізацыі. Як і Контаррэфармацыя, рэлігійная нецярпімасьць і фарысэйства спольшчанай шляхты XVII-XІХ стст., гэта зьяўляецца неаспрэчным фактам.

Але таксама факт і тое, што ксяндзы XVIII ст рыхтавалі зброю для паўстанцаў Касьцюшкі, XIX ст. – перахоўвалі людзей Каліноўскага, а XX ст. – агітавалі за Пазьняка.

Штогадовы Будслаўскі фэст зь дзясяткамі тысячаў вернікаў, праменьнем пілігрымак і малітвамі па-наску - сэрца цэлай краіны.

Самыя цьвёрдыя, адукаваныя й эўрапейскія сьвятары найноўшага адраджэньня паходзяць з царквы апостала Пятра, цэлібату й філіёквэ.

Поўны ансамбаль 2000-гадовай дактрыны, сынтэз розуму й веры, цэнтар нацыянальнай крышталізацыі  беларускага гораду й найсьвятлейшая іпастась беларускае хрысьціянскае Тройцы, беларускі касьцёл робіцца ўсё больш і больш падобным на тую царкву, пра якую напісана: "На камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не адолеюць яе" (Мацьвея, 16:18).

                       З кнігі "Люблю Беларусь"



Закон 12.06.2015 16


"Хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні." (Якава 1:25)

Закон – найважнейшае паняцьце духовасьці й адзін з ключавых тэрмінаў Бібліі. Закон Божы стагодзьдзямі быў абавязковым і фундамэнтальным прадметам адукацыі ў беларускіх школах, калегіюмах і акдэміях. Закон – непарушная крэпасьць беларускае гісторыі, падмурак мэнтальнасьці й цытадэль самой нацыянальнай ідэі.

Беларускі Закон даў сьвету шэдэўры правасьвядомасьці.

Статут ВКЛ, лепшы звод законаў Эўропы эпохі Рэфармацыі, якім захапляліся Марцін Лютэр і Гуга Калянтай, быў кадыфікаваны тройчы за адно XVI стагодзьдзе – і заўважце, будаваўся на біблійных падставах.

Знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы аб рэлігійнае талеранцыі, складзеныя беларусамі, абавязвалі караля Францыі да верацярпімасьці – і гэта ў эпоху Варфаламееўскае начы!

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. сталася другой у сьвеце пасьля амэрыканскай і першай у Эўропе.

Нарэшце, галоўны сусьветны раман пра злачынства й пакараньне – зноў-такі з хрысьціянскіх пазыцыяў – напісаў нашчадак ліцьвінскай шляхты Хведар Дастаеўскі: цяпер студэнты ва ўнівэрсытэтах паловы плянэты вывучаюць псыхалёгію грэху й сумленьня паводле клясычных беларускіх уяўленьняў.

Ажно сам зьдзіўляесься – настолькі вострым і пранізьлівым аказваецца адчуваньне законнасьці для беларускага мэнталітэту. Але насамрэч усё проста. Цэлае тысячагодзьдзе беларусаў як нацыю фармавала хрысьціянства – наймагутнейшы маральны Закон за ўсю гісторыю чалавецтва. Дзесяць запаведзяў. Другазаконьне. Нагорная пропаведзь, у рэшце рэшт.

І таму ў глыбі Сярэднявечча – і ў глыбіні душы сучасных беларусаў – жыве, жыве той крышталёва чысты дыямант Закону, што здольны зьдзівіць увесь сьвет сваім бляскам і празрыстасьцю.

Гэта ў ім тоіцца сакрэт захапляючага асьвечанага дэмакратызму нашае гісторыі. Гэта ён – прычына незвычайнае беларускае выканальнасьці й нястрымнага жаданьня падпарадкоўвацца ўладзе, велічных руінаў законапаслухмянасьці. Гэта ў ім скрозь смутныя часы люструюць і пераліваюцца талеранцыя, цярплівасьць і прыстойнасьць – бліскучыя грані першапачатковае, Богам закладзенае ў Беларусь ідэальнае заканамернасьці. Таго Закону, для якога свабода – катэгорыя адказнасьці. Таго Закону, выпрабаваньня якім ня вытрымала яшчэ ніводная эпоха ці цывілізацыя. Таго Закону, вышэй за які толькі міласэрнасьць.

Закон – гэта напісанае. Такая моцная павага да дакумантаў, да друкаванага слова, кнігацэнтрызм і інтэлігентнасьць культываваліся ў беларусах усе 10 вякоў.

Вам ужо зразумела, адкуль у беларусаў такая прыніжальная пакорлівасьць перад чужымі парадкамі? Так нацыя Закону Божага расплочваецца за тое, што не захацела падпарадкоўвацца Найвышэйшаму Парадку. Сувора? Але справядліва. Закон ёсьць закон.

“Ісус прыйшоў не скасаваць закон, а выпаўніць” (Мацьвея, 5:17). Гэтак жа і ў хрысьціянскай Беларусі выпаўняліся сусьветныя законы Божыя.

Беларусь, сэрца Эўропы, была Заляю суда й Лобным месцам адначасова. Тут, як на арэне, зладзейнічалі, асуджалі, абвяшчалі прысуды й каралі.

Будзьце пэўныя, на Страшным Судзе імя "Беларусь" будзе гучаць часьцей за многія іншыя. "Бо праўду кажу вам: пакуль мінецца неба й зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закону, пакуль ня збудзецца ўсё" (Мацьвея 5:18).

Калі Беларусь вернецца да Бога – яна мае ўсе шанцы зрабіцца духовым заканадаўцам. Каб тое, што кажа сэрца, было для Эўропы законам.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Езуіты 05.06.2015 57


“Таварыства Езуса” – бліскучая акцыя беларускай гісторыі, безь якой немагчыма зразумець ані трыюмфу каталіцызму XVII-XVIII стст., ані посьпеху вуніі, ані грымотаў і маланак усяе эпохі нашага Новага Запавету.

Беларусь паўстагодзьдзя была сусьветным цэнтрам езуіцкага руху пасьля забароны ордэну напрыканцы XVIII ст., а Полацк – езуіцкай сталіцай у маштабах усяго чалавецтва. Беларусь захавала Таварыства - а празь дзьвесьце гадоў Папам Рымскім стаў менавіта езуіт Францішак.

Сярод беларускіх езуітаў – першы рэктар Віленскага Ўніверсітэту, хросны бацька вуніі, Пётар Скарга; навуковец, асьветнік ды палітык, шэры кардынал пры двары імпэратара Паўла I, Габрыэль Грубэр; заснавальнік адукацыйнае сістэмы ЗША (дыплём адной зь яго каталіцкіх школаў мае Біл Клінтан) Фэлікс Дзеружынскі.

“Мэта апраўдвае сродкі”? Але ў беларускай памяці езуіты засталіся шчырымі, палкімі, самаахвярнымі героямі свайго часу. Яны зьявіліся ў ВКЛ, ахопленым Рэфармацыяй, у год Люблінскай вуніі (невыпадковае супадзеньне, калі мець на ўвазе паланізацыю). Дзейнічалі энэргічна, зь незвычайнай імклівасьцю і запалам, і, як напішуць пазней, зрабілі найбольш уражвальны пераварот у духоўнай гісторыі Беларусі.

Першае, за што прадбачліва ўзяліся езуіты – апанавалі адукацыю: у 1570 г. імі быў закладзены Віленскі калегіюм, што даў пачатак знакамітаму ўнівэрсытэту, у 1581-м – калегіюм у Полацку, у 1584-м – у Нясьвіжы; затым пайшлі школы, гімназіі, акадэміі па ўсёй краіне.

Але шырокую народную падтрымку езуіты атрымалі пасьля таго, як у 1588 г., ратуючы чумных хворых у шпіталях Вільні, некалькі манахаў загінулі самі. Намаганьнямі езуітаў найбольш уплывовыя магнацкія сем’і ВКЛ былі навернутыя у каталіцтва – і разам з ордэнам склалі палітычную партыю, якая на працягу 200 бліжэйшых гадоў фактычна кіравала краінай.

Зорны час ордэну ў Беларусі надышоў у 1773 г. Забароненыя булай Папы Клімэнта IV ва ўсім сьвеце, але дазволеныя загадам Кацярыны ІІ на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, езуіты сканцэнтравалі ўсю эліту магутнага ордэну зь дзесяткаў краінаў у Полацку вакол знакамітае Акадэміі, і ператварылі Беларусь у сусьветную цытадэль Таварыства Езуса.

Іх палітычны й духовы ўплыў у Пецярбургу гэтае эпохі параўнальны зь лепшымі маніфэстацыямі беларускага апостальства ХVI ст. Эўрапейская асьвета, навука й каталіцызм замацаваліся ў імпэрыі XVIII-XIX стст. ў асноўным дзякуючы езуіцкім місіянерам зь Беларусі.

Езуіты эўрапеізавалі і саму Беларусь. Ніхто ня можа параўнацца зь імі ў маштабе ўнёску, які яны зрабілі для беларускай адукацыі, мэдыцыны, культуры. Езуіты далі нам барока й арган, лёгіку й астраномію, сьвяточныя ілюмінацыі й рэцэпт чакаляду.

Езуіты сталі найбольш моцнымі каталізатарамі заходняга сьветаўспрыманьня ў Беларусі. Але такі экспансіўны наступ на Ўсход прывёў ВКЛ да краю бездані: замена беларускай мовы ў вышэйшых клясах лацінай, уціск праваслаўя й пратэстанцтва і сьцьверджаньне прымату літары над духам агукнуліся стратай нацыянальнай сьвядомасьці, разбурэньнем міжканфэсійнага міру й казаччынай.

Так, езуіты ахвяравалі сабою – але душылі Рэфармацыю; горача адстойвалі хрысьціянскія прынцыпы ў дыспутах – але публічна палілі кнігі эвангелікаў; адукавалі моладзь эўрапейскім кшталтам – але рабілі гэта найболей па-польску й латыні. Урэшце рэшт, езуіты перамаглі абсалютна ўсіх сваіх супернікаў, а разам зь імі – і талерантнае, жыватворнае, натхнёнае сумоўе Беларусі.

І веліч, і трагедыя беларускіх езуітаў балянсавалі на адной вострай грані, якая аддзяляе зацятую веру ад нецярпімасьці, а выключны розум – ад разуменьня ўласнае выключнасьці.

У бліскучых беларускіх езуітах з усёй яркасьцю й моцай выявіліся і нацыянальная воля, і наша ўпартасьць, і праніклівая беларуская кемлівасьць, і партызынская тактыка ў змаганьні меншымі сіламі. Дасёньня мы пазнаем гэтыя рысы ў Вінцэнту Гадлеўскім, і ў Адаме Станкевічы, і ва Уладзіславе Завальнюку, і ў Зяноне Пазьняку.

Беларускія езуіты даюць нам узоры нацыянальнай арганізацыі й эфэктыўнае дзейнасьці ў палітыцы, грамадзтве, асьвеце, не
пераўзыдзеныя дагэтуль. І цяпер адчуваеш: часам нам так не стае грознага, моцнага, выкшталцона-інтэлігенцкага хрысьціянскага Ордэну!..

                        З кнігі "Люблю Беларусь"

Вера 15.05.2015 21


Ты верыш напісанаму ў Бібліі?

"Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая". (І Яна 5:4)

Тым, для каго вера ёсьць адно "самавызначэньнем адносна інфармацыі", ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца. Бо Беларусь жыве верай. Бывае, тут пытаюцца: "Ты якой веры?" Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур'ёзна й недатыкальна.

Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: "Ня веру!" Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць. І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.

"Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "Праведны вераю жыць будзе." (Да Рымлянаў, 1:17) Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо "па веры вашай будзе вам!" (Мацьвея 9:29)

Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. "Sola fides" – толькі вера!

Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера. Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. "Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам." (Мацьвея 17:20)

У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець. Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.

Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.

Бо Ісус казаў: "Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце"! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры.

"Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.

Беларусь... Гэта вялікая таямніца веры.

                                                                                   З кнігі "Люблю Беларусь"

Біблія 26.04.2015 24

Быцьцё, Лікі, Кнігі Царстваў і Судзьдзяў, Прарокі, Эвангельлі, Дзеі, Пасланьні апосталаў і, нарэшце, Адкрыцьцё – для Беларусі гэта ня проста разьдзелы Бібліі. Гэта эпохі гісторыі. Прадбачаньні нацыянальнага лёсу. Главы беларускай ідэі. “У сей кнізе ўсяе прырожанае мудрасьці зачала і канець, Бог Уседзяржыцель пазнаван бываець. У сей кнізе ўсі законы і права, імі людзі на зямлі справаваціся маюць, папісаны суць. У сей кнізе ўсі лякарства душэўныя й цялесныя зуполне знойдзеце. Ту навучэньне філязофіі дабранраўнае, як любіці Бога для самога сябе і бліжняга дзеля Бога” – напісаў у прадмове да “Бібліі” Скарына. "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам". (Яна 1:1-2) Біблія – Божае адкрыцьцё для чалавецтва, Кніга Кнігаў і Асноўны Закон усіх часоў і народаў. Біблія – духовая плятформа, што нясе на сабе Беларусь, і адначасова поўная энцыкляпедыя нацыянальнай ідэі. Слова Бібліі ўгрунтоўвала падмурак беларускай старажытнасьці, Сярэднявечча, адраджэньняў, захоўвала падваліны беларускага духу пад акупацыяй. Біблія спрадвеку была галоўным падручнікам у беларускіх школах, калегіюмах, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай Акадэміі. На Бібліі стаіць Статут ВКЛ. 1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі. Ключавыя фэномэны беларускасьці – мэнтальныя, грамадзкія, культуровыя – зыходзяць менавіта са Сьвятога Пісьма. Духовасьць. Ахвярнасьць. Вера й любоў. Талеранцыя й цярплівасьць. Кнігацэнтрызм. Паэтычнасьць. Культ Слова. Закон. Храм. Крыж... Найвышэйшыя нацыянальныя героі Беларусі былі людзьмі Бібліі. "Слова Божае жывое й дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двусечны, яно пранікае да разьдзяленьня душы й духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы й намеры сардэчныя" (Да Габрэяў 4:12) Зь перакладам, перапісам або друкам Бібліі распачыналіся ўсе абуджэньні Беларусі. На манускрыптах Сьвятога Пісьма, зробленых за Ізяславам, Усяславам Чарадзеем ды Эўфрасіньяй, як на агульнахрысьціянскай Канстытуцыі, грунтавалася грамадзтва Полацкага княства. Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, "Дзесятаглаў" і “Смаленскі Псалтыр” фармавалі адзіную духовую прастору Вялікага Княства Літоўскага. Друк “Бібліі” Скарыны паклаў пачатак Залатому веку, які, у сваю чаргу, набіраўся моцы ў "Катэхізісе" Буднага, Астроскай ды Берасьцейскай Бібліях, "Эвангельлі Вучыцельным" з заблудаўскай друкарні й "Эвангельлі Напрастольным" друкарні Мамонічаў. З канца XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у Беларусі не было надрукавана ніводнае кнігі Бібліі – і паглядзіце, гэта былі самыя страшныя часы нашае гісторыі. Але затым пераклады й выданьні Дзёкуць-Малея, Луцкевіча й ксяндза Гадлеўскага далі штуршок да беларусізацыі ўсіх канфэсіяў напачатку ХХ ст., Татарыновіча, Пятроўскага й Станкевіча – паваеннае ды эмігранцкае Беларусі, Чарняўскага й Сёмухі – найноўшага Адраджэньня. Бо напісана: "Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім Словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых". (Мацьвея 4:4) Менавіта Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Эўропу. Выданьне Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Фёдарава й Мсьціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й Астроскія выданьні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія й "Новы Запавет" Буднага фармавалі Польшчу. Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады й друкі праваслаўнага й каталіцкага канонаў, пратэстанцкае й юдэйскае традыцыі – каб даць сьвету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацьвёртую ў сьвеце (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасьцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасьцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астроскую” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў. “Уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада й шануюць імя Яго.” (Малахіі 3:16) Беларусь, якая глядзіць у Біблію, пазнае сябе. Беларуская гісторыя зь яе Старым і Новым Запаветамі насьледуе Бібліі як напісанаму сцэнару. Беларуская літаратура карэніцца ў мацерыку біблійнага тэксту, і дагэтуль, да Купалы й Барадуліна, скразіць матывамі, цытатамі й паралелямі ад Быцьця да Адкрыцьця. Беларусь сама – жывая ілюстрацыя да Бібліі. Біблія выпаўнялася ў Сэрцы Эўропы, бо Беларусь здаўна была каўчэгам для Слова Божага. Біблійнасьць беларусаў часам дасягае вяршыняў богаабранасьці. Ды й ці можа быць інакш – калі Беларусь пакутвала й ахвяравалася за ўсіх суседзяў, калі апошнія стагодзьдзі тут жыў Ізраіль!… У Эўропе знойдзецца няшмат такіх народаў, для якіх прыярытэт Сьвятога Пісьма як галоўнага Слова быў бы настолькі відавочным. Таму сучасны супэрпраект для Беларусі – гэта нават не пабудова Нацыянальнай Бібліятэкі за 10 мільёнаў даляраў, а выданьне 10-мільённым накладам Нацыянальнае Бібліі. Бібліі, якая зьбярэ, як Расейскі Сінадальны, ці Жэнеўская Біблія ўвадно, зь беларускіх выданьняў Сьвятога Пісьма боганатхнёнае Слова, да апошняе літаркі. … Бо ўсё, што вы чытаеце ў гэтай кнізе – толькі камэнтары да Бібліі.

                                                                                                                                                                         З кнігі "Люблю Беларусь"

Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста 18.04.2015 4


Калі бачыш бел-чырвона-белае, вочы міжволі прымружваюцца, як ад сьвятла. Сэрца пачынае біцца буйней, а ўсхваляваная душа ўскалыхвае ўсё цела.
Бел-чырвона-бела сьцяг – найвялікшы беларускі сымбаль, наймацнейшая канцэнтрацыя сэнсу нацыянальнае ідэі, зашыфраванае імя Беларусі.
Бо вось ужо дзьве тысячы гадоў гэта – сьцяг Ісуса Хрыста.
Усё проста: белая палатніна, у якую, згодна з габрэйскім звычаем, на пахаваньні загарнулі скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса, засталася людзям як знак перамогі над злом, нянавісьцю й сьмерцю, калі Хрыстос уваскрос.
Бел-чырвона-белая Турынская плашчаніца прызнаецца навукова пацьверджаным цудам і адной з галоўных рэліквіяў хрысьціянства. Гэты знак, белую палатніну з чырвоным крыжам, пачалі шырока выкарыстоўваць як сымбаль усяго хрысьціянства ў сярэднявечнай Эўропе. Сьцяг Хрыста зьяўляўся на абразах, вайсковых харугвах, мачтах караблёў – і зь цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у велізарную колькасьць гербаў, вымпелаў і нацыянальных сьцягоў на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы ў Старым і Новым Сьвеце. Дастаткова згадаць, што Ангельшчына дагэтуль мае сьцяг белы з чырвоным крыжам (і гэта яго спалучэньне зь сінім, таксама крыжовым, шатляндзкім штандарам, стварае знакаміты брытанскі "Юніён Джэк"), а сьцягі Швэдзіі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Грузіі, Даніі, Швайцарыі й Ісляндыі ўтвораныя паводле розных колеравых камбінацыяў асноўнага Сьцягу Хрыста. Калі ёсьць штосьці, што лучыць на элемэнтарным, кодавым узроўні ня толькі Эўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю – дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых старажытных і ключавых хрысьціянскіх знакаў.
Многія беларускія геральдысты, што вывучалі крыніцы зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцягу, пісалі пра "Крыж сьвятога Юр'я", індаэўрапейскія архетыпы, сялянскія рушнікі, польскія прапары й яшчэ немаведама што – але чамусьці не заўважалі тае жывое сілы, тае імклівасьці й настойлівасьці, зь якімі ўсе 10 вякоў беларускае гісторыі скрозь працінае Сьцяг Хрыста. Прыняцьцё хрысьціянства і самой назвы Белая Русь; Сафія зь бел-чырвона-белае муроўкі; бел-чырвона-белая "Пагоня" у ВКЛ; Грунвальд – белыя харугвы з чырвоным крыжам; бітва пад Воршай – бел-чырвона-белыя сьцягі Хрыста на піках у вершнікаў... На каталіцкіх ды вуніяцкіх сьвятынях – паўсюдна Сьцяг Уваскрасеньня. Праваслаўныя патрыярхі (прыгледзьцеся, нават сёньня) – з абавязковай бел-чырвона-белаю паласою ў рызах. У беларускага гусарскага палка, створанага за Аляксандрам I – бел-чырвона-белыя сьцягі й какарды; і ў тых, хто ваяваў на баку Напалеона – таксама. І Касьцюшка, і Каліноўскі – пад сьцягамі зь белі й чырвані... І вось, у 1918-м (як пішуць некаторыя дасьледчыкі, "абсалютна нечакана") зьяўляецца той самы бел-чырвона-белы сьцяг БНР. Праз расстрэлы й пахаваньні ў Курапатах канца 30-х, праз вайну й партызанку, разруху й застой – да Курапатаў 1988-га, дзе ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў цемры ўспыхвае зноў.
Вось ён, сымбаль Беларусі. Ня "сала з праслоем мяса" й не скрываўлены бінт міфічнага князя-ваяра, пра які так любяць пісаць змагары-рамантыкі. Сьцяг Уладара й Пераможцы. Госпада, Збаўцы чалавецтва! Бліскучая бел-чырвона-белая ўсьмешка й захапляючы сьвітанак на Раство. Візуальнае ўражаньне яркага сьвятла.
Ён лунае ў паветры, нібы анёлавы крылы. "Зямля пад белымі крыламі" – ці не пра гэты сьцяг пісаў Караткевіч! У самыя трагічныя, моцныя моманты беларускае гісторыі скразіць, нечакана выблісквае, асьвятляе далягляды, як азарэньне, бел-чырвона-белы сьцяг – і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму.
Пагадзіцеся: дзе-дзе, а ў сымбалях выпадковасьцяў не бывае. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – наш найгалоўнейшы сымбаль, які ў адзінай трыядзе – герб, сьцяг, гімн – займае цэнтральнае месца. Сьвяты вобраз нашай гісторыі й нашага Адраджэньня. Няма нічога, што можа яшчэ мацней выразіць зьмест мінуўшчыны, унікальнасьць сёньняшняга часу й веру ў будучыню Беларусі.
Бел-чырвона-белы сьцяг, гарачая чырвань на белым у гарманічнай прапорцыі 2:1, кадыфікуе формулу беларускае духовасьці. Чысьціню й ісьціну. Сьвятасьць і сілу. Боль і любоў. Ахвяру – і ўваскрасеньне дзеля збавеньня іншых. Бель і кроў, зь якімі дасталася нам незалежнасьць. Бель, якую так лёгка запляміць, і кроў, якую так цяжка аддаваць.
Для тых, хто носіць бел-чырвона-белы сьцяг на грудзях, гэта – асабістая рана, што баліць увесь час.
Гэта трэба бачыць. Чырвонае, пунсовае, барвовае, пурпуровае на белым проста сьвеціцца. Сыходзіць унутраным сьвятлом і праменіць сэнсам.
Учытайцеся – бо гэта імя. Беларусь.

                                                                                                                                                              З кнігі "Люблю Беларусь"


Слоўнік Севярынца. Адраджэньне. 23.03.2015 12

Адраджэньне – вечны вобраз гісторыі Беларусі. Адраджэньне – самая яркая ўспышка беларускага нацыянальнага руху. Адраджэньне – імкненьне народа да аднаўленьня ідэалу, да першастворанага, закладзенага ў нацыю Богам: мэнтальнасьці, культуры, духовасьці. Гэты вобраз заўжды перад унутраным зрокам сьвядомага беларуса, вядзе яго наперад й ўваскрашае – праз усю гісторыю прыніжэньняў, акупацыяў і ахвяраў. У Адраджэньні блішча й грае гранямі мэта, дзеля якой нацыя зьявілася на сьвет. Дзеячаў нацыянальнага руху, пачынаючы з ХХ ст., у нас завуць адраджэнцамі; Беларускі Народны Фронт дадаў да сваёй назвы "Адраджэньне" як абавязковы брэнд, а маладафронтаўцы на парозе новага тысячагодзьдзя ўвогуле зрабілі стаўку на "Ды-джэяў Адраджэньня". Адраджэньне – не абстрактае паняцьце й не рамантычная мара. Адраджэньне – настолькі моцнае імкненьне да неба, пабуджанае воляй Божай, такі ўздым ад самае зямлі, які віруе, бурліць ва ўсім грамадзтве, культуры, эканоміцы, палітыцы, кіпіць у захапленьні – жыць! жыць!! – што падымае са сну, з балота, ды нават з труны цэлую краіну. Беларускае Адраджэньне заўжды перамагала бяз зброі й гвалту: яго рухавымі сіламі былі выключна дух і слова, мэтадамі – мараль і культура, сутнасьцю – вера і любоў. Адраджэньне ёсьць заканамернасьцю Уваскрасеньня. Беларусь столькі разоў памірала й была пахаваная, што Адраджэньне стала абавязковай нацыянальнай традыцыяй. Звышнатуральны знак – бел-чырвона-белы сьцяг, палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста – родніць беларускае Адраджэньне з Уваскрасеньнем Божым. Адраджэньне – гэта калі тутэйшыя, прыніжаныя й зьнясіленыя, узгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесь час корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае. Беларускае Адраджэньне – гэта кроніка нараджэньня звыш. Як і сюжэт Бібліі, гісторыя Беларусі – гэта гісторыя адраджэньняў. Х стагодзьдзе. У Сэрцы Эўропы, у змроку славянскага паганства раптоўна ўзыходзіць зорка Полацку: пропаведзь Эвангельля і з Усходу, і з Захаду адраджае даўняе чалавечае імкненьне да адзінага Бога, Творцы і Збаўцы. Мы бачым першае Адраджэньне – Полацкае княства. Мы пазнаем Рагнеду, Ізяслава, Барыса – першых хрысьціянаў і першых беларусаў. ХІІ стагодзьдзе. У правале фэадальных міжсобіцаў Полацк, Тураў і Смаленск, разьяднаныя па цьмяных кутках, азарае адначасовае хрысьціянскае Адраджэньне – эпоха Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча й Аўрамія Смаленскага. Абшары, ахопленыя духовым зіхаценьнем, уваччу робяцца Белай Русьсю, і ў сполахах сьвятла ясна відаць абрысы новае зямлі – Вялікага княства. XVI стагодзьдзе. Сярод унутраных смутаў і зьнешніх пагрозаў у сярэднявечным ВКЛ, на ўскраіне цывілізацыі, ад мора да мора выбухае Адраджэньне Залатога веку. Разгортваецца Рэфармацыя, прачынаецца праваслаўе, каталізуецца каталіцызм. Прапаведуюць апосталы нацыі – Скарына, Гусоўскі, Волян, Цяпінскі, Мікалай Радзівіл, Леў Сапега. Фантануе культура: беларуская рэзь, кафля, шкло, музыка, жывапіс, іканапіс, архітэктура, літаратура… Эпоха гэтага Адраджэньня моцна адрозьнівае Беларусь і ад Расеі (дзе нічога падобнага не было), і ад Рэнэсансу Паўднёвай Эўропы зь яго сьвецкасьцю й імкненьнем да бязбожнага гуманізму: беларускае Адраджэньне, нароўні з ангельскім, нямецкім ці галяндзкім мае выразны хрысьціянскі зьмест і проста дыхае адухоўленасьцю. Масква і Польшча, Украіна й Прыбалтыка адчуваюць біцьцё вялікага Беларускага Сэрца. ХІХ стагодзьдзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русыфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва, эліта бяжыць на Захад або на Усход, а ў паўстаньнях вынішчаюцца тыя нямногія, хто застаўся… Але ж – адкуль толькі сілы бяруцца! – з фальклёру, зь вёскі, з самых каранёў падымаецца новае Адраджэньне… Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, "Наша Ніва", Грамада – і вось успыхвае БНР, і 10 гадоў інэрцыя беларусізацыі захлынае нават падсавецкую Беларусь. Нарэшце, напрыканцы ХХ ст. Беларусь, пахаваная ў сусьветнай вайне й Імпэрыі зла, з калектывізацыяй, індустрыялізацыяй, генацыдам Хатыні, Трасьцянца, Курапатаў, зноў уваскрасае. Зянон Пазьняк заклікае: "Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!" – і паўстае Беларускі Народны Фронт, абвяшчаецца незалежнасьць, і па-над краінай зноў уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг. Сёньня нам зноў моцна баліць. Дзяржава на мяжы зьнікненьня. Але мільёны тутэйшых ужо ўзгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесьчас корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае. Таму словы з кнігі прарока Ісайі, 58 разьдзел, 12 верш – гэта няспынны зварот да сучасьніка: "Ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і назавуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву." Бо, уласна кажучы, ідэя Адраджэньня і ёсьць нацыянальнай ідэяй.
                                                                                                                                                                        З кнігі "Люблю Беларусь"
Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец