Адам Станкевіч. 125 гадоў. 07.01.2017


Адам Станкевіч – святар, лідар беларускага руху 1920-30-ых гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў эпоху яе росквіту. Нарадзіўся будучы правадыр хадэцыі 6 студзеня 1892 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Арляняты, што на тагачаснай Ашмяншчыне (сёння – Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), у сям’і беларускіх сялянаў-каталікоў. Адсюль жа, з Арлянятаў, паходзяць знакаміты філолаг, перакладчык Бібліі на беларускую мову Янка Станкевіч і літаратуразнаўца, першы кіраўнік Антыбальшавіцкага блоку народаў Станіслаў Станкевіч.

Дзякуючы здольнасцям Адама і ягонай цікавасці да навукі, бацькі падтрымлівалі навучанне сына спярша ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, потым у Гальшанскай народнай школе, а далей у гарадской вучэльні ў Ашмянах. У 1910-ым Адам паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў на выдатна ў 1914-ым і быў высвечаны на ксяндза. Першая ягоная імша (прыміцыя) адбылася ў старажытным Крэве ў 1915-ым. Паступаючы ў 1916-ым Пецярбургскую духоўную акадэмію як адзін з лепшых віленскіх студэнтаў, Адам ужо меў выразную беларускую свядомасць – і гэта адразу дала магчымасць яму стаць адным з завадатараў святарскай супольнасці, з якой узнікла БХД.

Акадэмію Адам Станкевіч скончыў са ступенню кандыдата кананічнага права - і рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне св. Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюзу». Па вяртанні Станкевіч адразу акунуўся ў вір працы на Радзіме, дзе толькі адгрымела вайна. Ужо ў 1918-ым ён выступае перад сялянамі Дзісеншчыны па-беларуску – і слухаць яго збіраюцца натоўпы. У 1919-ым ксяндза Адама Станкевіча прызначаюць у Вільню, і з гэтага часу ён становіцца на чале Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, а пазней – і ўсяго беларускага руху.

Ксёндз Адам узяў на сябе рэдагаванне “Крыніцы” і вёў рэй на першых сустрэчах хадэкаў. У 1924-ым узначаліў Таварыства Беларускай Школы, а ў 1926-ым – Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры.

У лістападзе 1922 года Адам Станкевіч пераважнай большасцю беларускіх галасоў быў абраны паслом у Сейм – першы пасляваенны парламент Другой Рэчы Паспалітай – ад Дзісны, Свянцянаў, Браслава і Паставаў. У якасці пасла да 1926 года ксёндз Адам заняў пасаду намесніка кіраўніка беларускай фракцыі і шматкроць выступаў у абарону правоў беларусаў з трыбуны Сейма. Ладзіў шматлюдныя мітынгі на сваёй акрузе і за яе межамі – у Гародні, Нясвіжы, Даўгінаве, Жодзішках - і здабыў усеагульную павагу народа, беларускага грамадства ды нават ворагаў.

Ксёндз Адам напоўніцу вызнаў ціск дзяржавы і касцёльнай улады дзеля сваёй цвёрдай беларускай пазіцыі: яго арыштоўвалі, канфіскоўвалі наклады “Крыніцы”, супраць яго пачыналі крымінальныя справы; урэшце ў 1929 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі забараніў ксяндзу удзел у БХД, і Станкевічу давялося весці сваю працу непублічна. У 1938 годзе ксяндза Адама увогуле саслалі на 5 гадоў у Слонім – і толькі з пачаткам вайны ён здолеў вярнуцца ў Вільню.

Пра глыбокую хрысціянскую веру Адама Станкевіча сведчыць адзін малавядомы факт. У 1941-ым, калі немцы захапілі Літву, ксёндз Адам хаваў пры касцёле шасцёх савецкіх грамадзянаў, у тым ліку бальшавіцкага камісара – усім ім пагражаў расстрэл. Праз восем гадоў камуністы арыштуюць Адама Станкевіча і закатуюць яго ў ГУЛАГу.

У 1944-ым годзе, заняўшы Вільню, саветы выклікаюць ксяндза, які ўсю вайну служыў у касцёле і займаўся беларускай школай – і спрабуюць схіліць яго да супрацы: узначаліць асобны ад Ватыкана каталіцкі рух. Станкевіч адмовіўся. Тады, у 1949-ым яго арыштоўваюць – і з прысудам 25 гадоў выпраўляюць у Сібір. Дарогаю ксёндз Адам моцна захварэў – і памёр па прыбыцці ў лагер.

Далей піша Віктар Сікора, якому давялося хаваць ксяндза Станкевіча: “У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. „Працаваў“ там адмысловы „мясьнік“, які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць „мясьнік“ з „кішнёй“, што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б'е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю…”. Гісторыя страшная: быццам не адно бальшавікі, а сам д’ябал шалеў у ярасці над целам непахіснага ксяндзa.

Як святар, Адам Станкевіч заўжды заставаўся добрым пастырам – і вёў, ахоўваў, абараняў, ратаваў сваю парафію і свой народ. Ягоныя глыбокія казані складаюць цэлую кнігу беларускага хрысціянства. Ягонае даследванне “Родная мова ў святынях” дагэтуль – фундаментальная праца для навукоўцаў і святароў. Маючы безліч грамадскіх, палітычных, дабрачынных, уласна бытавых клопатаў у часы рэвалюцыяў, войнаў, акупацыяў Адам Станкевіч ніколі не пакідаў галоўнага – свайго паклікання як настаўніка душаў. Як літаратар, ксёндз Адам пакінуў па сабе вялікую спадчыну кнігаў, прысвечаных сарцавінным асобам беларускага руху – Скарыну, Вітаўту, Каліноўскаму, Эпімах-Шыпілу, і галоўным тэмам - мове, гісторыі, хрысціянству.

Як падлічыў Уладзімір Конан, Адам Станкевіч — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля 1000 артыкулаў, нататкаў, шматлікіх рэдакцыйных матэрыялаў у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Сярод іх — «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» (1939), «Беларускі хрысьціянскі рух» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыцьцё і творчасьць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэялёгіі» (1931), «З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня» (1938), «На сьвята маткі» (1940).

Як дабрачынца, ксёндз Адам Станкевіч заўсёды знаходзіў час рупіцца пра патрэбы тых, хто ў няшчасці. Адзін з кіраўнікоў Камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны у Петраградзе, ён апекаваўся беларусамі, скалечанымі на фронце, ды тымі, хто страціў блізкіх, дом, гаспадарку. У Вільні ён апекаваўся прытулкамі. Праз Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры дапамагаў шырэйшаму сялянству, рабочым і беларускай інтэлігенцыі. Нарэшце, пасля наступу немцаў у 1941-ым менавіта ён, ксёндз-антысаветчык, хаваў шасцёх савецкіх грамадзян на чале з камісарам, якім пагражаў немінучы расстрэл.

Як палітык, абаронца свайго народа, Адам Станкевіч стаіць упоравень з постацямі беларускай гісторыі першай велічыні – Ефрасінняй Полацкай, князем Альгердам, Мікалаем Радзівілам Чорным, Канстанцінам Астрожскім, Кастусём Каліноўскім, Зянонам Пазняком. І на шматтысячных мітынгах на сваёй улюбёнай Віленшчыне, і паслом у Сейме, і на перамовах у Беларускім Нацыянальным Кангрэсе, і на допытах у НКВД гэта быў цвёрды, упэўнены, адказны лідэр, што не здраджваў ані сваёй веры, ані сваім людзям.

Нарэшце, вобраз Адама Станкевіча - пуцяводная бэтлеемская зорка для кожнага беларускага хрысціянскага дэмакрата. У асобе ксяндза Адама мы можам знайсці ўсе тыя рысы, якіх нам не стае ў цяперашняй палітыцы: веру ў Бога, маральнасць, яснасць, адказнасць, спагада да кожнага чалавека.



Беларуская гісторыя: біблійны погляд 25.12.2016 13


Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў, якіх упару называць першасьвятарамі.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.
Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.
Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.
Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу... Такой была і Юдэя.
Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.
Але Беларусь занепадала духова – і была караная.
Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.
Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.
Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Беларусь: у чым соль. 27.11.2016 6


Беларусь мае ў сабе соль.
Соль, смак жыцьця, найважнейшая прыправа чалавечае ежы – сымбаль сэнсу, ісьціны, праведнасьці. Соль выступае на старонках Бібліі празрыстымі крышталікамі – як знак запавету са сьвятарамі, як сродак прадухіленьня ад разлажэньня, псуцьця, гніеньня сьвету. Дабраславёны той, у каго ёсьць соль!
Соль – беларускі карысны выкапень №1 і наш галоўны экспартны тавар. Ад 20% да 25% нацыянальнага бюджэту фармуюць "салёныя" грошы. Паводле запасаў і здабычы калійных соляў Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў, а кухоннай, харчовай солі ў нас столькі, што можна засыпаць усю Эўропу з галавою – двухмэтровым слоем.
Адкрытыя ў 40-я гады мінулага стагодзьдзя радовішчы беларускага Палесься ўяўляюць сабою падземныя тоўшчы марское солі аб'ёмам у дзесяткі тысячаў кубічных кілямэтраў, намножаныя ў эпоху грандыёзнае трапічнае лягуны на месцы цяперашняга Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі, што перапрацоўваюцца на мінэральныя ўгнаеньні – гэта камбінат-імпэрыя "Беларуськалій", шахты глыбінёй да 400 м, 100-тысячны горад Салігорск й заробкі ў некалькі разоў вышэй, чым па астатняй краіне.
Сталіца харчовае солі – Мазыр: тут у нетры на глыбіні 1200 м закачваюць ваду, і з паднятага на паверхню раствору выпарваюць хімічна чыстую, у дробныя зернейкі, бялюткую соль "Экстра". На сёньняшні момант мазырская кухонная соль зь ёдам і фторам у экспартных сальнічках – адзін з найбольш канкурэнтаздольных беларускіх тавараў, што вывозіцца ў 14 краінаў сьвету.
На самым знакамітым радовішчы беларускае солі – Старобінскім – ярка-чырвоная калійная соль залягае паміж праслояў белай каменнай, утвараючы да 60 гарызонтаў. Галоўнае багацьце Беларусі ў пластах гіганцкіх бел-чырвона-белых сьцягоў – гэта ўсё-такі фундамэнтальны прадмет нацыянальнага гонару.
Беларусь, эўрапейскі цэнтар, зьмяшчае ў сабе соль – і гэта факт вялікага сымбалічнага значэньня. "Вы – соль зямлі" – гаворыць Хрыстос сваім вучням у Нагорнае пропаведзі (Мацьвея 5:13) "…Кожная ахвяра сольлю асоліцца. Соль добрая, але калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце?" "Майце ў сабе соль і мір майце між сабою" (Марка 9:49-50).
Беларусы сустракаюць хлебам-сольлю, хутка зьядаюць пуд солі за сталом, абавязкова соляць сала і робяць цудоўныя салёныя гуркі. Солі? Калі ласка!
Беларусь – соль эўрапейскае зямлі, вобраз ясны й моцны. Як смак самое солі – дастаткова шчэпці, каб адчуць сапраўдны смак жыцьця."Слова вашае хай будзе заўжды зь мілатой, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму", – вось у чым, паводле апостала Паўла, соль. (Да Каласянаў, 4:6).
А Беларусь можа прыправіць сольлю паўсьвета!

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе.

Прыпяць 12.11.2016 42


"Спакойна і павольна, як у зачараваным сьне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну" – у беларускіх школах гэтыя радкі з “Дрыгвы” Якуба Коласа, быццам закляцьце, вучаць на памяць.

З касьмічных вышыняў Палесьсе нагадвае велізарны ліст папараці, жылы якога сьцякаюцца ў Прыпяць. Агульная даўжыня прыпяцкіх прытокаў перавышае працягласьць зямнога экватару: 50 тысячаў кілямэтраў! Палескія балоты, гушчары й тысячы зарослых старыцаў – жывая казка для паляўнічага й рыбалова.

Прыпяць пранікае каранямі ў тайны старажытнае беларускае гісторыі – Тураў, Пінск, Слуцк, Давыд-гарадок. Калі папрасіць, Прыпяць прыпомніць і хрышчэньне Тураўскага княства, і пераправы татарскіх загонаў, і казацкія ўварваньні, і кроў ды трупы ворагаў, што сплывалі па рацэ пасьля літоўскіх пагоняў. Прыпяць – люстра нацыянальнага характару, партызанскай псыхалёгіі й стоенай сілы беларусаў. Сьціплая й глыбокая, яна ўвесь час выгінаецца, зьвіваецца, але пры гэтым няўхільна трымае адзін кірунак. Спакваля, ды ўладна яна прыцягвае да сябе воды ўсяго аграмаднага, набрынялага рэкамі, крынічкамі й балотамі Палесься ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі – і вы толькі паглядзіце, як выбухае ўвесну ды ўвосені!

Паводка на Прыпяці – найвялікшае відовішча ў Беларусі. З таяньнем сьнегу або дажджамі вада пачынае прыбываць штогадзіны. Берагі ўмомант захлынаюцца, дрэвы тонуць да верхавінаў, палі, лясы й дарогі залівае дакуль хапае вачэй – да 30 кілямэтраў! – і ўвесь гіганцкі патоп, віруючы ў ямах, нясе на ўсход паў-Беларусі. І жудасна, і велічна сярод гэтае неагляднае плыні горбам ўздымаецца вадзяны хрыбет – там, дзе зь імклівым напорам бурліць і струменіць рэчышча.

Прыпяцкія разьлівы й балоты Палесься былі смутна знаёмыя нават бацьку антычнае геаграфіі Герадоту як мора. Насамрэч, Палескае мора – гэта ня міт. Сотні мільёнаў гадоў тут панавала сапраўднае салёнае мора, якое намнажала кілямэтры асадкаў. Пад іх цяжарам зямная кара апускалася на глыбіню, утвараючы галоўную скарбніцу беларускай зямлі – Прыпяцкі прагін. Сучасны басэйн Прыпяці зьмяшчае ў сваіх нетрах найбуйнейшыя ў Эўропе радовішчы калійных і каменных соляў, тоўшчы бурага вугалю й сланцаў, нафты і алюміневых рудаў, пяскоў і торфу, запасы падземных водаў і рэдкамэталёвых расолаў.

Прыпяцкая вада цёмная ад тарфянікаў, паводак і глыбіні. Калі ўглядаесься ў гэтую цемру, не забывайся – на цябе глядзіць бездань Чарнобылю. "Прыпяць" – так называўся горад у сутоцы зь Дняпром, дзе жылі рабочыя ЧАЭС. У Прыпяцкім радыяцыйным запаведніку зямля дагэтуль родзіць пачварныя дрэвы й грыбы, жывёлаў-мутантаў й страшныя жоўта-чорныя знакі паабапал закінутых дарогаў.

Прыпяць – ва ўздутых жылах натруджаных рук кожнага палешука, пінскага шляхціча ці столінскага баптыста. Вы можаце прасачыць, як яна прабіраецца ад пальцаў да перадплечча – і, будзьце пэўныя, упадае ў самае сэрца.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Горадня. Горад-крышталь. 12.06.2016 3


Горадня – горад-палац, ансамбль каралеўскага бляску, цэльны кавалак Захаду зь відам на эўрапейскую сучаснасьць і беларускую будучыню.

Горадня – горад Вітаўта Вялікага й Сьцяпана Батуры, Вольгі Корбут і Васiля Быкава. У Горадню трэба заходзіць, як у касьцёл, пачцiва схiляючы голаў. Перад намі – сталіца беларускага каталіцтва, хрусталёвы замак у вусьці Панямоньня, цуд люстранае агранкі накшталт фантастычнага паланьціру, у глыбіні якога можна ўгледзець тайныя ўявы й прарочыя адкрыцьці.

Напрыканцы XVIII ст. Антоній Тызэнгаўз, падскарбі літоўскі й гарадзенскі стараста, ператварыў старажытную Горадню ў горад мануфактураў, клясічны цэнтар эўрапейскае адукацыі, навукi ды культуры. Тут зьявілася знакамітая Мэдычная акадэмія, батанічны сад, тэатар і опэра. Тут пачаўся выраб тканінаў і дываноў паводле лепшых галяндзкіх узораў, пасаў кшталту слуцкіх, каштоўнае кафлі й мастацкага ліцьця. Тут выраблялі шэдэўры гарадзенскага шкла: келіхі, кубкі, кварты з шліфаванымі лінзамі, гравіраванымі кампазыцыямі, што фрызападобна апаясвалі посуд, шклянымі архітэктурнымі пэйзажамі, крышталёвымі надпісамі ды партрэтамі.

Горадня сама – бліскучы крышталь заходняе традыцыі Беларусі, у якім наймалейшы агеньчык дае фэерыю зьзяньня. Горадня – вялізная гранёная прызма, скрозь якую мы пазіраем у далячыні эўраатлянтычнае цывiлiзацыi, і празь якую можам кшталтаваць беларушчыну для Нямеччыны, Ангельшчыны, Італii.

Горадня – заходняя вітрына нацыянальнай iдэi. У гэтай сталіцы беларускай празрыстасьці, у гульні сьвятла й мiгценьнi гістарычных момантаў ісьціны адлюстроўваліся ясныя абліччы беларускай велічы. Тут выкоўваліся адточаныя фразы Каліноўскага й шліфавалася аптычная дасканаласьць прозы Быкава, тут зазьвінеў камэртон Літоўскае капэлы, славутага беларускага аркестру XVI ст., і ўспыхнула супэрзорка спартовае гімнастыкі Вольга Корбут.  

У савецкі час Горадня – наш Захад! – выпускала радыёпрымачы "Акіян" і аўтамагнітолы, якія слухаў увесь Саюз. У Горадні здымаліся культавыя "Белыя росы" й найпапулярнейшы фільм эпохі Перабудовы "Маё імя Арлекіна". На гарадзенскім "Азоце", быццам у мітах альхімii, пачалі перапрацоўваць чыстае паветра ў мінэральныя ўгнаеньні, грануляваны карбамід, капралактам і салетру.

У Горадні захавалася найбольш храмаў сярод усіх беларускіх гарадоў, і невыпадкова – яна ўвесь час была цытадэльлю нацыянальнага духу. Ва ўнікальнае Каложскае царкве XII ст. са старажытнымі мазаiкамi й галасьнiкамi, у кляштарах дамiнiканцаў, францысканцаў, кармэлітаў, езуітаў, нават у ратушы, дзе – цудоўная гармонія! – пачаргова старшынявалі каталiцкi й праваслаўны бурмістры, Горадня ювэлірна апрацоўвала сьвятло Царства Нябёснага і дасягала эфэкту сапраўды містычнага.

Караткевіч увогуле сьцьвярджаў, што Хрыстос прызямліўся у Гародні.

Абаронцы празрыстасьці, гарадзенцы бліскуча біліся зь любым ворагам, адстойваючы сваё крышталёвае каралеўства. Давід Гарадзенскі, зяць Гедзіміна, дзесяткі разоў граміў тут крыжакоў; адсюль, ад Каложы, Вітаўт павёў войска на Грунвальд; тут застаўся жыць да самае сьмерці пераможца Івана Жахлівага Сьцяпан Батура. І гэта тут, пад стваламі расейскіх гарматаў у 1793 г. адбыўся апошні немы Сойм Рэчы Паспалітай: крохкую Карону грохнулі вобзем на асколкі.

З Горадні кіраваў паўстаньнем на Беларусі Кастусь Каліноўскі, выдаючы ў суседніх лясох "Мужыцкую праўду". У Горадні вастрылі стыль Ажэшка й нобэлеўскі ляўрэат Рэймант, крышталізаваў мову Браніслаў Тарашкевіч. У Горадні выходзіла "Пагоня". Рыцары Горадні ведаюць, чаго гэта варта: захаваць люстраныя замкі, палацы шыкоўнага шкла й касьцёлы сьвятарнае чысьціні ў цэласьці на стыку нямецкае, расейскае й польскае экспансіі.

Таму Горадня – горад гонару. Арыстакратычны, элегантны й выкшталцоны, месцамі цырымонны – і будзьце ласкавыя з гэтым лічыцца. Па-шляхецку афіцыйны, па-каталіцку прыстойны, інтэлектуальны, з глянцавымі блікамі лаціннае польскасьці.

Высакародны, быццам той алень Сьвятога Губэрта з крыжам на гарадзкім гербе – у грацыёзным скачку цераз ажурную агароджу.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Ворыва 29.05.2016 51


Глыбокі радок з трэцяга разьдзелу, дзевятнаццатага вершу Кнігі Быцьця, быццам ральля, узворвае любую беларускую душу:

"У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль не вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернесься."

Беларусь мае каля 7 мільёнаў гектараў ворнае зямлі, якая выкарыстоўваецца ў севазвароце. Паводле колькасьці ворыва на душу насельніцтва ( да 0,7 гектараў на чалавека!) мы займаем адно зь першых месцаў у сьвеце – нароўні з Канадай, ЗША, Украінай. Японцы, ангельцы, ізраільцяне, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, заўжды зьдзіўляюцца: "Ого, колькі зямлі!.."

Беларусам, вечным працаўнікам, дасталася вялікая зямля.

Ворыва – база нашага будучага дабрабыту. Патэнцыял гіганцкі: калі Беларусь, суцэльнае радовішча мінэральных угнаеньняў, радзіма трактара "Беларус" і камбайна "Гомсельмаш", здолее дасягнуць ураджайнасьці на ўзроўні Францыі – яна ператворыцца ў аграрнага лідэра рэгіёну, здольнага накарміць і галодную Расею, і Польшчу, і Прыбалтыку. Вакол аграмадны рынак, а сярод суседзяў ніхто так добра не працуе на зямлі, як беларусы. Праўда, сьпярша давядзецца ўвесьці прыватную уласнасьць на зямлю, распусьціць гэтыя няшчасныя калгасы ды адрадзіць беларускае фэрмэрства ў выглядзе хутароў і фальваркаў.

Беларус, пан сахі і касы, як народ вырас з гэтае зямлі. Адсюль маўклівая ўнутраная сіла, бясконцая здольнасьць трымаць, нараджаць і цярпець. Адсюль і вытворны ад ворыва вобраз нашае нівы, які праступае праз друкаваныя радкі, быццам барозны.

Калі падымаць гэтую цаліну яшчэ глыбей, мы ўспорам і вясковыя карані нацыянальнага мэнталітэту, і беларускую мару – коласаўскую "Новую зямлю", і нават тое, што заснавальнікам глебазнаўства быў беларус з паходжаньня Васіль Дакучаеў.

Беларускае ворыва – нашая зямля абяцаная. З часоў Божага запавету "... І напаўняйце зямлю, і валодайце ёю" (Быцьцё 1:28) беларусы спраўна выцярэблівалі лес, асвойвалі пусткі, пераціралі кожны камячок вось гэтымі самымі рукамі: зьвярніце ўвагу на ўласныя пальцы, якія прагна ўчапіліся ў палі!

"А пасеенае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе словы і разумее, і плод прыносіць, і дае адзін сто, другі шесьцьдзесят, а той трыццаць". (Мацвея 13:23). Дасёньня беларус, які трапляе на чужыну – што ў Сібір, што ў Амэрыку, што ў Аўстралію – інстынктыўна згінаецца, унураецца ў зямным паклоне, і бач ты, ужо градкі з бульбаю ды гуркамі, ды яшчэ палісаднік з кветкамі.

Капаць зямлю – галоўнае беларускае хобі. Для нашага чалавека глеба заўжды была як кавалак хлеба: хоць бяры ды еш. "Зямля" – якое насычанае, смачнае жыцьцё!

Тлумачэньне ўсяму гэтаму простае: беларусы вельмі любяць зямлю. Той самы родны кут – як ты мне мілы! – зь якога сам беларус жыве, токі якога з сокамі, солямі й ёнамі пульсуюць у ім штосэкунды, абуджаюцца зь вясною і назапашваюць сілы ўвосені. Свая "малая зямля" зьяўляецца галоўнай крыніцай нашага прыватнага патрыятызму.

Беларус і яго зямля – гэта вечнае каханьне.

Да самое труны.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Беларуская зямля. Частка ІV. 10.04.2016 5

Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.

Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.

Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.

Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.

У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, міжканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.

Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!

Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор'я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы.

Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.

Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічакамі высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказ, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку... Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор'і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні...

Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.

Уся гэтая краіна можа раптам зазьзяць, зайграць сваёй празрыстасьцю й сьляпучымі люстранымі гранямі вялізнага дыямэнту – і паказаць такі фокус, што захопленыя суседзі й гледачы ўсяго сьвету разам устануць зь месцаў, каб пераканацца: здарылася!

"...І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю." (Адкрыцьцё 21:1)  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Хрыстос нараджаецца ў Беларусі 26.12.2015 91


"У цішы над Зямлёй
У эфіры начным
Голас чысты гучыць
Так пяе херувім:
Авэ, Марыя, грацыя плена…
Авэ, Марыя, грацыя плена!..."


Нараджэньне Ісуса Хрыста – пачатак, ад якога адлічваецца Наша эра.

Мы жывем ужо ў 2015 годзе ад нараджэньня Хрыстова. Днём Яго народзінаў задаецца ўся сыстэма каардынатаў сусьветнай гісторыі. З нараджэньнем Хрыста павялічваецца дзень і пачынаецца новы каляндарны год.

Сярод цемрадзі й холаду, у самае глыбіні начы, у сьнягох, пад зоркамі нараджаецца сьвятло Ісьціны й Любові. Збаўца Сьвету, наш Госпад – нараджаецца маленькім мілым дзіцём, у бедных ясельках, такім пяшчотным і безабаронным, як трапяткі агеньчык сьвечкі… "Народ, што сядзеў у цемры, убачыў Сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне цені й сьмерці, зазьзяла сьвятло."

Сама Беларусь – гэта зыркая бэтлеемская зорачка на небасхіле сьвету.

Беларусь – унікальнае месца, дзе за два тыдні ўсенародна адзначаецца Раство сусьветнае, надыход Новага года і Раство праваслаўнае – як адзінае, непарыўнае, грандыёзнае Сьвята. Беларусь зноў яднае ўсе канфэсіі, традыцыі й сучаснасьць – так, як усе народы на ўсе часы аб'яднала само нараджэньне Ісуса Хрыста.

Хрыстос нарадзіўся! Як казаў Аўгусьцін, "Бог учалавечыўся, каб мы абажаствіліся".

Ва ўцелаўленьні Ісуса Хрыста, вялікай таямніцы Божай, тоіцца вялікае адкрыцьцё беларускай нацыянальнай ідэі. Нараджэньне Хрыста ў людзкіх душах цягам тысячагодзьдзя нашае гісторыіі фармавала гэтую краіну й гэты народ. Нараджэньне Хрыста сярод цемры й галечы, на заезным двары сусьвету дае нам адчуць увесь боль, усе цярпеньні й родавыя пакуты Беларусі, маленькага Бэтлеему нашае плянэты.

 "Там, дзе сосны шумяць,
Там, дзе хмары бягуць,
Хай гучыць над зямлёй
Над Радзімай маёй:
Авэ, Марыя, грацыя плена...
Авэ, Марыя, грацыя плена!.."

(Зянон Пазьняк)

Быццам Марыя, Маці Божая, беззаганная Дзева – якое кранальнае, прыгожае, якое натхнёнае яе аблічча ў касьцёлах! – Беларусь, чыстая й сьветлая, нараджала Хрыста ў сэрцы Эўропы.

Ave Maria!

Ave Belarus!

Вось дзе тоіцца першаснае й сапраўднае пачуцьцё Беларусі. Сьвяты вечар, завяршэньне посту адвэнту, агеньчыкі ў цемры, іскры сьняжынак у шэпце мігценьня, зьзяньне ціхае радасьці... Быццам камэртон, калядныя бомікі бяруць у душы ноткі найвышэйшага шчасьця. Падрахоўваеш вынікі году, сустракаеш будучыню, молісься й чакаеш. Чакаеш нараджэньня Бога.

Гэта вельмі беларускі настрой. Гэта нацыянальны цуд. Цуд на Каляды. З Раства Хрыстова ў Беларусі пачынаецца Новы год і новае жыцьцё.

Таму Беларусь штораз замірае ад ціхага шчасьця, калі чуе: "Хрыстос нарадзіўся!".


З кнігі "Люблю Беларусь"

Сэрца Эўропы 24.10.2015 17


"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця", кажа Біблія.
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя.
Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе." (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця.
Боль, жарсьці, найвышэйшыя  падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!”
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..
З кнігі "Люблю Беларусь"

Месца сустрэчы ў імя Хрыста 17.10.2015 30


Беларусь – месца сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў.

Разыходзіліся, расколваліся, разьдзяляліся паўсюль – у Рыме, Канстаньцінопалі, Маскве, Вітэнбэргу, Трыдэнцы. Але сустракацца прыйшлі ў Беларусь.

Гэта тое, што называецца месца сустрэчы нельга зьмяніць.

Беларусь так і пачыналася – з сустрэчы заходняга й усходняга абрадаў хрысьціянства ў X стагодзьдзі. Торвальд Вандроўнік і біскуп Рэйнбэрн, Рагнеда й Ізяслаў, нямецкія місіянеры й бізантыйскія манахі праз 1000 гадоў ад нараджэньня Хрыста й за 1000 гадоў да нашага нараджэньня прапаведвалі менавіта тут, у сэрцы Эўропы.

ВКЛ з моманту стварэньня яднала памежжа каталіцызму й праваслаўя, а з прыходам Рэфармацыі канчаткова сфармавала месца сустрэчы. Нацыю сустрэчы. Залаты век сустрэчы.

“Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там і Я сярод іх”, – кажа Ісус (Мацьвея 18:20). Вось ён, найвышэйшы сэнс беларускага сынтэзу! Тады, калі ў Беларусі сустракаліся са шчыраю вераю дзьве ці тры канфэсіі – тады зьяўляўся Бог. Афіцыйная сустрэча перарастала ў сяброўскую бяседу, рабілася сходам братоў, домам малітвы, месцам дыспуту і круглым сталом для супэрнікаў. Але ўсе яны прыходзілі ў Беларусь як дахаты. Ёсьць у сьвеце такія месцы.

Пагадзіцеся: большасьць праблемаў у нас зьяўляецца ад таго, што не сустрэліся, не паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і тады з куткоў, з падвалінаў завочнага зла распаўзаецца д’ябальскае адчуджэньне, нецярпімасьць, нянавісьць.

Беларусь: трэба часьцей сустракацца!

На цэнтральнай плошчы ў беларускім мястэчку праваслаўная царква, каталіцкі касьцёл і эвангельскі збор прыязна глядзяць у вокны адзін аднаму: нарэшце сустрэліся! Бывае, што на такой сустрэчы ў якасьці назіральнікаў прысутнічаюць і сынагога, і мячэт.

Беларускае праваслаўе, куды больш сьветлае й жывое за маскоўскае, наша каталіцтва (не каталіцызм!) не па-заходняму цёплае й цярпімае, ды й пратэстанцтва тут не такое ўжо катэгарычна пратэстнае. Беларуская талеранцыя, мяккасьць, натхнёная ўзвышанасьць, цяга да слова як сродку размовы й паразуменьня, самаадданасьць і міжмоўе здольныя прымірыць, паглынуць і распусьціць у наскім растворы любові нават сусьветную міжканфэсійную нецярпімасьць.

Беларусь – агульначалавечы форум хрысьціянства. Арэна. Асамблея. Сумежжа. Сумоўе. Зваротны эфэкт гэтага глябальнага фэномэну ў тым, што праз канфэсійны сынтэз Беларусі адкрываецца ўвесь сьвет: каталіцкі Захад, праваслаўны Ўсход, архіпэлягі пратэстанцкіх Штатаў, паўночнае Эўропы, Азіі. Беларусь – натуральны фокус хрысьціянскае айкумены. Так Палестына, радзіма трох рэлігіяў, сталася цэнтрам цяжару для ўсяго чалавецтва.

Талеранцыя. Вунія. Унікальны іканапіс. Барока... Беларускія цуды сустрэчы канфэсіяў! Эўфрасіньня Полацкая – сьвятая, агульная і для праваслаўных, і для каталікоў. Жыровічы ды Полацкая Сафія ў роўнай ступені належаць Усходу і Захаду. Ікона Маці Божай Вастрабрамскай шанаваная і ў каталікоў, і ў вуніятаў, і ў праваслаўных. Нарэшце, Скарына аднолькава належыць і беларускаму праваслаўю, і касьцёлу, і Рэфармацыі.

Сустрэчы канфэсіяў, беларускай любові і еднасьці – гэта крэда Скарыны. Кім быў паводле канфэсійнай прыналежнасьці найвялікшы беларус? – сотні дасьледчыкаў ня могуць даць рады. Усё проста: Францыск Скарына – хрысьціянін у першазначэньні. Леў Сапега, кальвініст зь дзяцінства, праваслаўны ў маладосьці, стаў каталіком у старасьці. Язэп Руцкі, з рэфармацкага роду – праваслаўны, а потым – вуніят. Непрымірымы лідэр праваслаўя Мялет Сматрыцкі ўрэшце рэшт прыняў вунію, а вуніяцкі манах-базыльянін Сімяон Полацкі стаў галоўным асьветнікам маскоўскага праваслаўя.

“Беларусь – краіна найперш хрысьціянская, а потым ужо праваслаўная, каталіцкая, вуніяцкая... Нас аб’ядноўвае крыж.” – піша знакаміты дасьледчык беларускага сынтэзу Адам Мальдзіс. Божай ласкай беларусы, мудрыя, спакойныя, лагодныя, маюць сілу спалучыць, прымірыць, зьвесьці да сумоўя й адзінства хрысьціянаў усёй Эўропы – так, як запаведваў у малітве Ісус Хрыстос : “Хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіныя – каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне, і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне”. (Яна 17:21 – 23).

Беларусь як сэрца зьмяшчае ў сабе ўсю поўню хрысьціянства. Беларусь як крыніца распушчае ўсе супярэчнасьці, асьвяжае й наталяе ўсе канфэсіі. Беларусь як сьвятло надае яркасьці й бляску духовым скарбам чалавецтва.

Выкшталцоная лёгіка й рацыя каталіцтва, містыка й узвышанасьць праваслаўя, пратэстанцкая простасьць і прага абнаўленьня – у сапраўдным беларускім хрысьціянстве сышлася ўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за 2000 гадоў па ўсім сьвеце. Поўня дактрыны. Поўня Духу. Поўня Шляху, Ісьціны й Жыцьця.

Бо Беларусь, сьледам за сьвятым Аўгусьцінам, паўтарае сьвету: У галоўным – адзінства, У спрэчным – свабода, А ва ўсім – любоў!


З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускае праваслаўе 12.09.2015 16


Праваслаўе – адзін з трох асноўных элемэнтаў беларускага хрысьціянства.

“Правільна славіць Бога”, “праўда” і “слава”, права і слова, перададзеныя праз славянства – вось як расшыфроўваецца зь беларускай праваслаўе. “Бо слова Гасподняе – правае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя”. (Псальмы 32:4)

І як у чалавечым мозгу правае паўшар’е адказвае за пачуцьці, вобразнае мысьленьне, інтуіцыю, архетыпы – так і праваслаўе (усход на мапах справа) увасобіла ў фэнамэнальным беларускім сынтэзе пачуцьцёвую духовасьць, узвышаную вобразнасьць, сымбаль  і традыцыю.

Агаворымся адразу: гэта беларускае праваслаўе. Просьба ня блытаць з РПЦ.

Беларускае праваслаўе – зьява гістарычна, рэлігійна і сьветапоглядна іншая, чым маскоўская артадаксія. Сутнасна іншая! Беларускае праваслаўе дэмакратычнае, жывое, талерантнае, заўжды адрозьнівалася ад маскоўскага цемрашальства, дэспатызму й догмы, выпаленай калёным жалезьзем.

Натхнёная беларускай ласкавасьцю й цярплівасьцю, каталіцкай лёгікай і гармоніяй, гарачынёй і прагматычнасьцю пратэстанства, наша праваслаўная царква, называная ў Расеі “літоўскай схізмай”, была тым хрысьціянствам на ўзыходзе сонца, якога нам сёньня так не стае ў шматлікіх беларускіх прыходах Маскоўскага патрыярхату.

Пачынаючы з адраджэньня XII стагодзьдзя, з эпохі Эўрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага й Кліма Смаляціча, Беларусь была жыцьцёва важным цэнтрам сусьветнага праваслаўя ва Ўсходняй Эўропе. Ад мангола-татарскага нашэсьця й заняпаду Кіева да краху Канстаньцінопаля менавіта незалежная, чыстая Белая Русь непарыўна захоўвала й разьвівала сакральнае сьвятло праваслаўнай традыцыі.

Не падступнасьць і фарысейства, перанятае ад Бізантыі Маскоўшчынай, а духмяную раскошу рытуалу й патрыстыкі, мастацкую глыбіню й пышнасьць патасу, насычаную пернай усходняй спэцыфікай.

І менавіта беларускаму праваслаўю давялося адстойваць гэтыя багацьці перад драпежным цэзарысцкім “Трэцім Рымам”. Беларускае праваслаўе, тэктанічная аснова канфэсоніму “Беларусь” у складзе ВКЛ – айчына князя Альгерда й Андрэя Полацкага, Канстаньціна Астроскага й Мялета Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча й Пятра Магілы, сярэднявечных гарадскіх брацтваў, цудоўных храмаў полацкай Сафіі, гарадзенскай Каложы, віцебскага Дабравешчаньня й магілёўскай Мікалаеўскай царквы, унікальнага іканапісу й бліскучай тэалягічнай літаратуры на беларускай, царкоўна-славянскай, польскай, расейскай, грэцкай і лаціне.

Беларускае праваслаўе абараняла нацыянальную і духовую ідэнтычнасьць і ад заходніх, і ад усходніх пагрозаў самастойнымі мітраполіямі, царкоўнымі рэформамі й магутным грамадзкім рухам месьцічаў. Але вунія, казацкія бунты й падпарадкаванне ўсіх усходнеславянскіх цэркваў напрыканцы XVII ст. Маскве прадвызначылі крывавы закат нашай 700-гадовая правае славы й на стагодзьдзі пагрузілі наш Усход у рабства імпэрыі. З тае пары ў Беларусі час ад часу плачуць абразы.

Праваслаўе нельга абвінавачваць у здрадзе Беларусі. Бо гэта праваслаўе напоўніла Беларусь эвангельскім Словам з грэцкіх першакрыніцаў.

Гэта праваслаўе надало беларускай узьнёсласьці важкай формы, вытанчанасьці, урачыстага аб’ёму.

Гэта праваслаўе на паўтысячагодзьдзя зрабіла нашу краіну эпіцэнтрам усяе царкоўнаславянскае цывілізацыі.

Кірылічнае пісьмо, прызнаньне БНР патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Ціханам у 1918 г., 1500 прыходаў зь мільёнамі вернікамі – вось толькі некалькі фундамэнтальных сьведчаньняў выключнай важнасьці праваслаўнага пытаньня для Беларусі.

А Беларусь для праваслаўя – гэта нешта і яшчэ большае.

Беларусь зьявіла сьвету народнае, талерантнае, адкрытае праваслаўе XII-XVI стст. – ідэал сёньняшніх дзён.

Беларусь 1000 гадоў зьмякчала сабой строгі ўсходні абрад і штораз асьвяжала адчуваньне сястрынскае блізіні з заходнім хрысьціянствам.

Беларусь падаравала Царкве Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, мітрапаліта й багаслова Сільвестра Косава, які рэфармаваў праваслаўе ВКЛ і Польшчы, Пятра Магілу, чыё “Праваслаўнае спавяданьне веры” было прынятае як афіцыйная дактрына сусьветнага праваслаўя, мітрапаліта Мельхісэдэка, што супрацьстаяў бальшавізму ў 20-х гг. XX ст...

Нарэшце, менавіта праз праваслаўе Беларусь ажыцьцяўляла сваю апостальскую місію на Ўсходзе – друкавала кнігі й пераклады, пашырала асьвету, навуку, адукацыю.

Расейскія гістарыёграфы прызнаюць, што, напрыклад, у XVII ст. беларускі ўплыў ахапляў практычна ўсю сфэру духовага жыцьця Расеі: багаслоўе, карэкцыю Сьвятога Пісьма й службовага тэксту, казаньні, царкоўнае й хатняе пяяньне, ноты, правапіс, утрыманьне бібліятэкаў і нават кшталт вопраткі.

Гіляры Рагалеўскі зь Меншчыны – архімандрыт у Маскве тых часоў, у Данскім Манастыры, а затым казанскі япіскап; Амброжы Юшкевіч зь Віленшчыны – япіскап Валагодзкі; Гедэон Вішнеўскі з Ашмяншчыны – рэктар Маскоўскай акадэміі й япіскап Смаленскі; Платон Петрушкевіч зь Віцебшчыны – япіскап Уладзімірскі...

Дагэтуль, самай сьветлай плямай духовай гісторыі Расеі застаецца яна, праваслаўная Беларусь. Дагэтуль расейцы адчуваюць да гэтага месца інтуітыўную роднасьць. Вось адкуль карані праславутага братэрства!

Беларускае праваслаўе – гэта салідарнасьць веры й тысячагадовая сіла духу.

Беларускае праваслаўе – гэта простасьць і шчырасьць правільных словаў.

Беларускае праваслаўе – гэта сьветлыя храмы з паўсфэрычнымі купаламі, вострымі сьпічакамі й эўфрасіньнеўскім крыжам, а не запазычаньні з маскоўскімі “цыбулінамі” – горкімі пладамі акупацыі.

Беларускае праваслаўе – гэта змаганьне за сваю беларускасьць. Такое рэдкае зараз – але яшчэ не страчанае цалкам!

Цяпер, пасьля 300 гадоў правінцыйнае цемрадзі, у век праваслаўнага атэізму, сучасная Беларусь адчайна вымагае сьвятасьці, моцы й падзьвіжніцства Полацка ХІІ ст., Віцебска XIV ст., Магілёва XVІІ ст.

Бо толькі адраджэньне сапраўднага беларускага праваслаўя – вольнага й слаўнага, што гучыць на роднай мове – здольнае ажывіць усю поўню веры, надзеі й любові ў хрысьціянскім сэрцы Эўропы.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Полацкая Сафія 29.08.2015 52


Белая бажніца на беразе Дзьвіны.

Дзьве ажурныя вежы, ансамбль ветразяў, што вядуць скрозь гісторыю цэлы горад-карабель. Узмах белых крылаў, які злучае зямлю зь нябёсамі...

Полацкай Сафіі няма роўных сярод усіх пазнавальных і ёмістых відарысаў Беларусі.

Полацкая Сафія – галоўны храм Беларусі.

Пабудаваная ў сярэдзіне ХІ ст. як сэрца нашай першай сталіцы, яна на ўсё наступнае тысячагодзьдзе стала сымбалем беларускай незалежнасьці й духовай велічы. Уласьцівыя усім фэномэнам, сабраным пад гэтай вокладкай, сьветлыя й пранізьлівыя рысы, быццам у яркай успышцы, сфакусаваныя ў цудзе Сьвятое Сафіі.

Велічны храм, Сафійскі сабор паставіў Полацк у адзіны шэраг з галоўнымі хрысьціянскімі цэнтрамі таго часу. Больш таго – ён зрабіўся цэнтрам нацыянальнай крышталізацыі.

Катэдра полацкай праваслаўнай епархіі XI-XVI стст. й вуніяцкая сьвятыня XVII-XIX стст. сымбалічна сплавіла ўвадно Ўсход і Захад сусьветнага хрысьціянства. Узьведзеная ў 1044-1066 гг., Сафія сталася беларускім адказам на раскол усяленскай царквы ў 1054 г. Адгэтуль яна будзе яднаць у пабожным шанаваньні і праваслаўных, і каталікоў – і на 200 гадоў зробіцца цэнтральным храмам грэка-каталіцкай вуніі.

У Полацкім саборы адбываліся галоўныя урачыстыя цырымоніі. Ля сабора зьбіралася веча. Тут утрымлівалася бібліятэка. Храм быў сарцавінай і духоўнага, і грамадзкага, і палітычнага жыцьця, і асьветы, і культуры цягам стагодзьдзяў.

Храм-крэпасьць у Старым Запавеце гісторыі, пасьля перабудовы ў 1738-50 гг. намаганьнямі геніяльнага Глаўбіца яна стала храмам-постацьцю, увасабленьнем сьветліні й узьнёсласьці Новага Запавету. Грандыёзнае ператварылася ў грацыёзнае.

Полацкая Сафія, полацкая Мудрасьць! Тут маліліся Ўсяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня, Францыск Скарына й Леў Сапега, тут вырашаліся лёсы Полацкага княства й вуніяцкай царквы... Дзесьці тут, у багавейным маўчаньні, у таемных шэптах рэха, у гуках аргану можна прачуць усю глыбіню містычных акордаў беларускай гісторыі.

Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы...

Калі глядзіш на гэтае бліскучае віленскае барока, збудаванае на падмурках яшчэ таго храму ХІ ст., на гэты паветраны й сьветлы шэдэўр – ты бачыш само беларускае ўваскрасеньне. Чысты, ясны, захапляючы вобраз.

Да Сафіі падыходзіш, як да праведніка ў белым, як да старца-мудраца, як да апостала.

Храм-анёл удзень, храм-сьвяча ўначы, Сафія – ясны нацыянальны арыентыр, пастаўлены ў полацкім пачатку каардынатаў.

З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларускае настаўніцтва 14.08.2015 19



Беларусь – краіна-настаўніца.

Беларусы зь Бібліяй у руках стагодзьдзямі вучылі ўсю Ўсходнюю Эўропу на царкоўнаславянскай, лаціне, польскай, грэцкай, старабеларускай.

Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Сімяон Полацкі, Пятро Магіла, Мялет Сматрыцкі настаўлялі народы, быццам клясы.

Беларускае выкладаньне Сьвятога Пісьма, беларускую азбуку, граматыку, лексыку, юрыспрудэнцыю, этыку, літаратуру й музыку ў вялізнай гуманітарнай школе засвойваў цэлы славянскі сьвет.

Вобраз вучыцеля ў самой Беларусі стаў хрэстаматыйным – а навучаныя нацыі, як і належыць, настаўнікаў хутка забылі.

Увесь сэнс унікальнага беларускага настаўніцтва заключаўся ў апостальскім, душпастырскім выкладаньні. Сутнасна хрысьціянская, талерантная, з моцным дарам самазабыўнага служэньня, Беларусь зрабілася нацыяй-прапаведніцай – бо настаўніцтва куды больш катэгорыя духу, чым розуму.

Беларусь пачала выкладаць рана – у Полацку Эўфрасіньні, Тураве Кірылы, Смаленску Кліма й Аўрамія, галоўных цэнтрах сярэднявечнае хрысьціянскае асьветы. У той самы час, калі заходнеэўрапейскі каталіцызм змагаўся з альбігойцамі, засноўваў інквізыцыю й абвяшчаў крыжовыя паходы, а бізантыйскае праваслаўе заглыблялася ў догмы й каноны – беларускае хрысьціянства ператваралася ў місіянерскую катэдру эвангельскага вучэньня ў самым цэнтры Эўропы.

Увесь Новы Запавет нашае гісторыі – час апостальства. Пачынаючы з XVI ст., духова сталая Беларусь вучыла суседнія народы ў іхнім дзяцінстве й юнацтве: расейцаў, украінцаў, жмудзінаў, малдаванаў. За апошнія паўтысячагодзьдзя Беларусь давала хрысьціянскія ўрокі і палякам, і французам, і габрэям.

"Біблія" Скарыны, 1517 г., "Катэхізіс" Буднага 1562 г., Берасьцейскі шэдэўр Радзівіла 1563 г., "Буквар" Федаровіча 1574 г., "Лексіс" Лаўрэна Зізанія 1596 г., "Алгарытм, або навука лічбы" Яна Карчана 1602 г., "Граматыка Славянская" Мялета Сматрыцкага 1619 г., "Дыдаскалія" Сільвестра Косава 1637 г. – галоўныя міжнародныя падручнікі тае эпохі.

Адзін толькі Ільля Капіевіч, навучэнец знакамітай Слуцкай кальвінскай гімназіі, падрыхтаваў і выдаў для Расеі блізу двох дзесяткаў кнігаў навучальнага й асьветніцкага характару: па граматыцы, арыфмэтыцы, астраноміі, гісторыі, а яшчэ першую ў Маскоўшчыне мапу зорнага неба, а яшчэ шэраг слоўнікаў, а яшчэ распрацаваў грамадзянскі шрыфт, якім карыстаецца цяпер увесь кірылічны сьвет!

Сімяон Полацкі вучыў расейскіх цароў, а ягоны "Псалтыр рыфматворны" разам з "Граматыкай" Сматрыцкага называў брамай сваёй вучонасьці Міхайла Ламаносаў.

Наш Іван Ужэвіч у 1643 г. выдаў сваю “Граматыку” у Парыжы – на замову кардынала Рышэлье для ўпарадкаваньня тагачаснай францускай мовы на прыкладзе старабеларускай.

Тадышняя беларуская адукацыя – гэта Віленскі Унівэрсытэт, найстарэйшы й найбуйнейшы на Ўсходзе Эўропы, у якім адным напрыканцы XVIII ст. вучылася столькі ж студэнтаў, колькі ва ўсіх ВНУ Расейскай Імпэрыі, разам узятых; захапляючая канкурэнцыя брацкіх праваслаўных, кальвінісцкіх школаў, вуніяцкіх, піярскіх, езуіцкіх калегіюмаў.

Закон Божы – ў аснове ўсіх ведаў. Дэталі кшталтавалі ісьціну ў міжканфэсійным спаборніцтве й літаратурнае палеміцы. Перад гэтым настаўніцтвам, быццам студэнты з уваходам прафэсара, павінная ўстаць з-за партаў уся сярэднявечная Эўропа!

Адукацыя, аплодненая духовасьцю, нараджала ў Беларусі настаўніцкія фэномэны сусьветнага значэньня: Полацкую езуіцкую Акадэмію, дзе выкладалі сьвяцілы Эўропы й Амэрыкі; юдэйскія ешывы ў Валожыне, Міры, Слуцку, прадмет асаблівага шанаваньня любога прававернага габрэя на плянэце Зямля, кансьпірацыйныя таварыствы філаматаў ды філарэтаў у Віленскім Унівэрсытэце, якія далі нацыянальных герояў адразу некалькім краінам.

Беларусь магла навучыць нават мядзьведзя: жарты жартамі, але згадайце знакамітую Смаргонскую акадэмію!

А ўсё таму, што Беларусь мяняла душы народаў ня столькі ведамі, колькі верай і любоўю. Настаўнікі зь Беларусі засноўвалі цэлыя культуровыя школы ў суседзяў і пакідалі па сабе пляяды бліскучых вучняў: Міцкевіч і Дастаеўскі ў літаратуры, Глінка й Манюшка ў музыцы, Шагал і Малевіч у мастацтве.

Гены нацыянальнага настаўніцтва прывялі доктара філязофіі, матэматыка й пісьменьніцу беларуску Софью Кавалеўскую да пасады першай у сьвеце жанчыны-прафэсара – у Стакгольмскім Унівэрсытэце, у 1884 г.

Акупацыі апошніх стагодзьдзяў вынішчалі беларускую духовасьць і беларускую эліту – і адначасова забівалі беларускае настаўніцтва.

Як толькі беларуская адукацыя губляла хрысьціянскую соль, рабілася чужамоўнай і сьвецкай – яна ніякавела, і атрымлівала "двойкі" ад тых жа Польшчы, Францыі, Расеі.

Сучаснае савецкае настаўніцтва, у сваёй масе атэізаванае, запалоханае й прыніжанае, што моўчкі фальсыфікуе выбары – "бюджэтнікі"! – проста "не праходзіла" жыцьцяў вялікіх нацыянальных вучыцеляў.

Толькі нямногія разумеюць галоўную аксыёму: маральны аўтарытэт ня можа быць бязбожным. Разумнае, добрае, вечнае творыць не перадача інфармацыі, а менавіта настаўленьне душы.

Беларускаму настаўніцтву трэба зноў адчыніць Біблію ў Эвангельлі паводле Мацьвея, 28 разьдзел, вершы 19-20: "Дык ідзіце й навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам..."

Так сказаў Вучыцель.

Бо верыць у Бога, любіць і вучыць – вось яна, простая, як само Эвангельле, мэтадалёгія клясычнага беларускага настаўніцтва.

 

                            З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларуская місія 02.08.2015 70

 
Місія – гэта калі ты бярэш посах і йдзеш за сваім пакліканьнем. Ідзеш, ня ведаючы куды, бо цябе вядуць любоў і боль.

Місія – гэта нацыянальная ідэя, зьвернутая ў сьвет.

Быць сэрцам Эўропы й успышкай сьвятла для Расеі, пакутваць й ахвяравацца за іншых, натхняць і навучаць, несьці веру на аграмадныя прасторы Захаду й Усходу – вось місія, сьцьверджаная тысячагодзьдзем беларускай гісторыі.

Беларусь, краіна вялікае мэты, у Сярэднявеччы была цэнтральным агмянём праваслаўя, галоўнай базай каталіцкіх ордэнаў ва Ўсходняй Эўропе й фарпостам кальвінізму на азіяцкім кірунку. Беларусь прымала на сябе ўдары сусьветных войнаў, таталітарных рэжымаў і катастрофаў чалавецтва, падрывала партызанкай Трэці рэйх і разбурала ў Белавескай пушчы СССР.

У найвялікшых зьдзяйсьненьнях расейскай культуры, польскага грамадзтва й габрэйскае дзяржаўнасьці, сьветліня й празрыстасьць беларускай місіі крынічаць адразу. Там, дзе скразіць талеранцыя, ідэалізм і чысьціня, насычаныя аканьнем, дзэканьнем, цэканьнем, у-кароткім і звонкімі зычнымі, пазначаныя характэрнымі канчаткамі на "іч" – "ыч", "онак" – "ёнак" і "эня" – "еня", асьвечаныя яснай мяккасьцю ды сьпеўнасьцю – можаце не сумнявацца: тут была беларуская місія.

І міжмоўе, і месца сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў, і геапалітычны беларускі крыж, і раствораная беларускай любоўю мяжа паміж Захадам і Ўсходам – усе гэтыя фэномэны сынтэзу Сьвятога Духа зрабілі зь Беларусі ўнікальны пляцдарм хрысьціянскага місіянерства.

Місія Беларусі ў Расеі – перамагчы імпэрыю, дэспатызм і азіятчыну высокай культурай і духовасьцю.

Місія Беларусі ў Польшчы – скрышталізаваць праз каталіцкую лаціну рамантызм, цярпімасьць, натхненьне жывога духу – і пашыраць іх на рацыяналістычным, тэхналягічным Захадзе.

Місія Беларусі ў Ізраілі – аднавіць і ўмацаваць на Сьвятой Зямлі дзяржаву народу Божага, выконваючы біблейскія прароцтвы.

Вось чаму беларусы – першаклясныя апосталы.

Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч былі галоўнымі місіянерамі сярод усходняга славянства.

Францыск Скарына друкаваў Слова Божае для ўсяго ВКЛ.

Мікола Гусоўскі падараваў расьпешчанаму Захаду "Песьню пра зубра".

Фёдараў, Мсьціславец, Сімяон Полацкі й Ільля Капіевіч паклалі ўсё жыцьцё на асьвету цемрашальнае Расеі.

Мялет Сматрыцкі склаў знакамітую “Граматыку”, падручнік для беларусаў, украінцаў, расейцаў, малдаванаў, балгараў, румынаў.

Пётра Магіла сфармуляваў дактрыну, прынятую ўсімі праваслаўнымі цэрквамі сьвету.

Адам Міцкевіч з "Панам Тадэвушам", Тадэвуш Касьцюшка з паўстанцамі, Генрык Сянкевіч з "Quo Vadis" і "Крыжакамі" – вялікія беларускія місіянеры на Захадзе.

Беларускія місіі – адысэі філямата Ігната Дамейкі ў Чылі, першага амбасадара-эўрапейца Восіпа Гашкевіча ў Японіі, Мікалая Пржэвальскага ў Цэнтральнай Азіі, а Валянціны Церашковай – у космасе.

Беларускія місіянеры сучаснасьці – Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Сьвятлана Алексіевіч, Зянон Пазьняк.

Яна, гэта эвангельская місія, быццам зарад, стоеная ў кожным беларусе. Яна толькі чакае свайго часу, каб разгарнуцца – ў тэлевізіі, радыё, інтэрнэце: "Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа..."

                З кнігі "Люблю Беларусь"



Вера 15.05.2015 21


Ты верыш напісанаму ў Бібліі?

"Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая". (І Яна 5:4)

Тым, для каго вера ёсьць адно "самавызначэньнем адносна інфармацыі", ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца. Бо Беларусь жыве верай. Бывае, тут пытаюцца: "Ты якой веры?" Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур'ёзна й недатыкальна.

Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: "Ня веру!" Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць. І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.

"Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "Праведны вераю жыць будзе." (Да Рымлянаў, 1:17) Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо "па веры вашай будзе вам!" (Мацьвея 9:29)

Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. "Sola fides" – толькі вера!

Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера. Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. "Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам." (Мацьвея 17:20)

У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець. Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.

Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.

Бо Ісус казаў: "Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце"! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры.

"Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.

Беларусь... Гэта вялікая таямніца веры.

                                                                                   З кнігі "Люблю Беларусь"

Слоўнік Севярынца. Ахвярнасьць. 05.04.2015 3


Беларусь – гэта ня толькі бель, але і боль.
Беларусы – нацыя-ахвяра, укрыжаваная на галоўным геапалітычным скрыжаваньні Эўразійскага мацерыка.
Беларусь як ахвяра – кардынальнае паняцьце беларускае гісторыі: гэтак Ахвяра Ісуса Хрыста стаіць у цэнтры гісторыі чалавецтва.
Увесь Новы Запавет нашае гісторыі, усе апошнія чатыры стагодзьдзі пакуты кшталтавалі ў беларусах характар цярплівага, пакорлівага духу. Унутранае беларускае пачуцьцё ахвярнасьці, роўнага якому мы ня знойдзем сярод іншых народаў, стала адным зь безумоўных нацыянальных рэфлексаў.
Дзе б ні кранулі Беларусь, паўсюль у адказ чуйна кальне боль. Усё, што пра нас ведаюць у сьвеце – рэзаныя, рваныя, разможжаныя раны: Хатынь, Трасьцянец, Курапаты, Берасьцейская крэпасьць, Няміга, Чарнобыль. Кожны эўрапеец інстынктыўна, амаль фізычна адчувае гэтую вобласьць ныючае памяці, для яго гэта "дзесьці там" – і ён трапна пацэліць пальцам на мапе, дзе гістарычна баліць.
Вечная мэта вайсковых ды культуровых гвалтаў, усходніх прарываў "Go west!" і заходніх "Drang nacht Osten!", Беларусь нароўні з палякамі ды габрэйствам належыць да найвялікшых ахвяраў чалавецтва. Сусьветныя войны й катастрофы, імпэрыі й таталітарныя рэжымы, акупацыі й генацыд канцэнтравалі на 1/1000 сушы зьдзек, кроў і сьлёзы ўсяго тысячагодзьдзя.
Беларусь, ахвярная Беларусь – прытулішча гнанага адусюль габрэйства. А там, дзе атаборваецца абраны Богам народ, там, дзе адвечны жыд знаходзіць абжытую абяцаную зямлю – чакай вялікае таямніцы. І болю.
Ува ўсёй Эўропе няма Адраджэньня больш трагічнага, чым беларускае. У прыбалтаў, палякаў, чэхаў увесь нацыянальны арганізм, будзь здароў, працаваў на Resistance ды Renaissanse, і крызіс хваробы вырашаўся напружаньнем у лічаныя дні. Для беларусаў гэтая насалода болю цягнецца дзесяцігодзьдзямі. Нашае Адраджэньне ажыцьцяўляецца такім выключным мізэрам сілаў, на такім фальцэце, такімі непадымнымі й адчайнымі вымогамі, на такой нясьцерпна тонкай і высокай ноце, што хочацца плакаць.
Паглядзіце ў вочы любому беларусу. Такое ўражаньне, што ён пастаянна трывае пакуту.
Беларусі, укрыжаванай між Эўропай і Расеяй, ня суджана стаць дамашняй, добрапрыстойнай сярэднеэўрапейскай краінай. Нельга паверыць у тое, што ўсё надрыўнае беларускае змаганьне йшло за сытае пахлопваньне па бруху й падстрыжаны газон пад вокнамі. Падобна, што гісторыя толькі пільнуе часу, каб ізноў разрадзіцца ў нашай няшчаснай Беларусі.
Беларусь ные й сёньня. Чаму? Паглядзіце на сьвет вакол: што творыцца! Беларусь баліць, і ня можа інакш, бо гэта сэрца.
Вось ужо тысячу гадоў Беларусь пакутуе, церпіць і ахвяруецца за ўсіх.
Несправядліва?
Але ёсьць і найвышэйшая справядлівасьць – Боская.
Ісус Хрыстос узяў на сябе грахі сьвету й стаўся ахвярай за ўсё чалавецтва. "Бо няма любові большае, чым калі хто душу сваю аддасьць за блізкіх сваіх." (Яна 15:13)
Беларусь насьледуе Хрысту, аддаючы сябе. Наш бел-чырвона-белы сьцяг з крывёю Ісуса – знак таго вялікага Адкупленьня. Бо з пачатку Новае эры ахвяра й пакута – заклад будучага ўваскрасеньня й перамогі.
Беларуская ахвярнасьць – гэта ня прыкрая гістарычная заканамернасьць, што выклікае шкадобу. Гэта – лёс і сэнс Беларусі як вялікага алтара.
Беларуская ахвярнасьць – тая вострая, як расьсячэньне, рыса мэнтальнасьці: яна раніць нашых суседзяў і ўвесь сьвет да самага сэрца.
Беларуская ахвярнасьць – гэта вечная беларуская самаадданасьць, аж да самазабыўнасьці: мы гатовыя аддаваць так, што не застаецца самім нічога. Нават памяці.
Скажаце, гэта кепска?
Гэта проста ў нас у крыві.
Тае самае крыві, што пралілася чырваньню на белае 2000 гадоў таму. "Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу Жывому й Сапраўднаму." (Да Габрэяў, 9:14)
Таму:
"Ахвяруем табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь!"
                                                                                                                                                                            З кнігі "Люблю Беларусь"


Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец