ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Полацк 12.04.2018


Полацк – пачатак Беларусі.

Першая беларуская сталіца, гістарычны цэнтар хрысьціянства, горад сьвятых і сьвятыняў.

Месца таго самага адкрыцьця Божага, якое працяло Сэрца Эўропы тысячагодзьдзе таму, якое дагэтуль крывіць і крынічыць, наталяючы ўсю нацыю.

Тут у Х ст. упершыню прапаведваў Ісуса Торвальд Вандроўнік, і тут жа ў 992 г. узьнікла першая праваслаўная епархія. Тут быў заснаваны наш галоўны храм – Сафійскі Сабор – і зроблены наш галоўны Крыж. Эўфрасіньня, духовая апякунка Беларусі – Полацкая. Сімяон, адзін з галоўных асьветнікаў Расеі – Полацкі. Францыск, першадрукар і апостал нацыі – таксама полацкі. Полацкая крыніца дзесяць вякоў надавала празрыстасьці й натхнёнасьці беларускаму хрысьціянству.

Бацька гарадоў беларускіх, ключавы пункт транзыту з варагаў у грэкі, вечавы Полацк на правох першынца зрабіўся зародкам нашае дзяржаўнасьці й падмуркам гістарычнага дэмакратызму, а Полацкае Княства – першавобразам сувэрэннае Беларусі. Першы ўладар-хрысьціянін у Беларусі – полацкі князь Ізяслаў. Патрыярх беларускай незалежнасьці – полацкі Усяслаў Чарадзей. Ды й самы яркі беларускі гісторык сучаснасьці – безумоўна, палачанін Уладзімір Арлоў.

У хрысьціянскім Полацку скрышталізаваліся ўсе тыя бліскучыя грані й ясныя рысы, што будуць потым скразіць з глыбіняў Сярэднявечча, праменіць праз усю беларускую гісторыю сьвятлом веры й любові, і дасёньня адлюстроўвацца ў кожным значным моманьце нацыянальнай ідэі. Храм. Крыж. Кніга. Апостальскае падзьвіжніцтва. Імкненьне да сьвятасьці. Вечавы закон. Эвангельскае місіянерства.

Полацк, быццам пячатка, прастаўлены і ў "Слове аб паходзе Ігаравым", і ў перакладах Сьвятога Пісьма, зробленых Францыскам Скарынам "са слаўнага места Полацка", і ў маскоўскіх выданьнях лідэра партыі заходнікаў, што ператвараў дэспатычную Маскву ў культуровую імпэрыю – Сімяона Полацкага.

У Полацку, як у велізарным Саборы, істотна й сымбалічна літаральна ўсё.

Вось ён, на гербе Залатога Веку, беларускі Пачатак: карабель з трыма мачтамі-крыжамі ў блакітным полі на срэбнай вадзе, пад разгорнутымі ветразямі, белымі-белымі…

Полацк – беларуская Палестына, наша сьвятая Зямля. І гэта ў Полацку вось ужо тысячу галоў паўтараюцца словы Божыя, 9-10 вершы 18-га разьдзелу Дзеяў Апостальскіх:

"…Ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе."

У Полацку, магічным крышталі нацыянальнай ідэі, канцэнтраваўся і ўвесь драматызм беларускай гісторыі. Яе кульмінацыйным момантам, пунктам пералому нацыянальнага лёсу, пахаваньнем Старога Запавету й прадвесьцем Новага, сталі штурм і разбурэньне Полацку ў 1563 годзе. Іван Жахлівы вывеў у маскоўскі палон 50 тысячаў палачанаў, выразаў усіх габрэяў і спустошыў знакамітую Полацкую бібліятэку. Беларусь была ўкрыжаваная й паражаная ў самае сэрца. Але адначасова ахвярная сьмерць Пачатку нарадзіла й новую эру – эру пакуты й болю ў імя Уваскрасеньня.

Таму і ў наступныя стагодзьдзі полацкія падзеі, быццам электрычныя разрады, будуць скаланаць усю краіну.

Таму ў супрацьстаяньні, якое падарве і падзеліць ВКЛ, – зноў у Полацку! – сыдуцца духовыя гіерархі, вуніят Язафат Кунцэвіч і праваслаўны Мялет Сматрыцкі, абодва прызначаныя на пасаду полацкага біскупа. Бітва скончыцца плахай для аднаго, вырачэньнем для другога і крахам для краіны.

Таму ў Полацку раптоўна ашалее перад абразамі Сьвятое Сафіі, і ўчыніць крывавую разьню Пётр І. Разам зь Меншыкавым ён заб'е пяцёх сьвятароў, а сам храм ператворыць у парахавы склад, што выбухне з адыходам расейскіх войскаў.

Таму напрыканцы ХVIII ст. правінцыйны Полацк нечакана зробіцца сусьветнай сталіцаю езуітаў. З 1773 г. да 1820 г., забароненыя папскай бульлёй, сьвятары Таварыства Езуса з усіх краінаў будуць зьяжджацца ў Полацк, дзе Кацярына ІІ дазволіць дзейнасьць Ордэну. На базе першага ў ВКЛ калегіюму тут адчыніцца славутая Полацкая акадэмія, найбуйнейшы міжнародны цэнтар хрысьціянскай адукацыі – і яе выкладчыкаў ды выпускнікоў будзе ведаць уся Эўропа й Амэрыка. Беларускі Полацк стане рэзыдэнцыяй генэралаў Ордэна, самых уплывовых каталікоў пасьля Папы Рымскага.

Таму ў Полацку акупацыйныя расейскія ўлады ў 1839 г. прымусяць пастыраў вуніі падпісаць акт аб пераводзе вуніятаў у праваслаўе – ужо не ў беларускую, а ў маскоўскую артадаксальную царкву.

Таму ў 50-х гг. ХХ ст. камуністы, зьнішчаючы Беларусь, збудуюць тут свой Новы Полацк, горад гігантаў нафтахіміі й атручанага паветра. Але менавіта тут напрыканцы 80-х адначасова зь Менскам успыхнуць мітынгі нацыянальнага Адраджэньня.

Толькі мэтафізычнай сілаю гэтага месца можна патлумачыць такі моцны полацкі інстынкт беларускасьці.

…Сёньня камусьці можа падацца, што Полацк ужо састарэў. Згорбіўся, зьніякавеў, задрамаў. Толькі белая-белая Сафія засталася шчылінкай сьвятла ў прычыненых дзьвярох. Але дастаткова ўвайсьці ў гэты горад, прыслухацца да яго, ціхага й містычнага, каб зразумець: гэта не маўчаньне. Гэта чаканьне, якое бывае ў царкве ці касьцёле перад набажэнствам.

Для Новае Беларусі Полацк ня проста "старажытны", "гістарычны", "легендарны". Полацк застаецца вялікім Пачаткам, Горадам-храмам, у які нацыі наканавана вяртацца зноў і зноў.


З кнігі "Люблю Беларусь"


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Першы зьезд РСДРП 30.03.2018


Вось ужо сто гадоў камуністычныя лідэры, заходнія палітолягі, студэнты-гісторыкі й аналітыкі ЦРУ, спрабуючы асэнсаваць сусьветны выбух савецкага камунізму, штораз вяртаюцца да яго пачатковага пункту. Увесь сьвет са зьдзіўленьнем ды жахам разглядае непрыкметны драўляны дамок у Менску па-над Сьвіслаччу, дзе 1 – 2 сакавіка 1898 года сабраўся падпольны I Зьезд Расейскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі.

Ва ўмовах царскага палітычнага сыску разрозныя групы сацыял-дэмакратаў з усёй Расеі даслалі сюды сваіх прадстаўнікоў для ўтварэньня агульнай партыі й прыняцьця маніфэсту. Менск выбралі і як скрыжаваньне паміж галоўнымі рэвалюцыйнымі цэнтрамі – Масквой, Вільняй, Кіевам, Піцерам, Варшавай – і як самы зацішны заходні горад імпэрыі. Іх было дзевяцёра: кіеўляне Барыс Эйдэльман, Натан Відгорчык і Павал Тучапскі, Сьцяпан Радчанка зь Пецярбургу, масквіч Аляксандр Ванноўскі, екацярынаславец Казімір Петрусевіч, а таксама бундаўцы Аляксандр Крэмэр, Шмуел Кац і Абрам Мутнік. Маніфэст расейскай сацыял-дэмакратыі, напісаны піцерскім марксістам Пятром Струвэ, быў падпольна аддрукаваны ў Бабруйску.

Тым, хто вывучаў "Кароткі курс гісторыі КПСС", і тым, хто прывёў эўрапейскую сацыял-дэмакратыю да трыюмфу канца XX ст., і тым, хто вывучаў Імпэрыю зла як ворага, было б цікава даведацца, што зь дзевяцёх заснавальнікаў РСДРП пяцёра мелі беларускае паходжаньне. Ніводзін з удзельнікаў I Зьезду так і ня стаў нават сярэдняй рукі кіраўніком рэвалюцыйнага руху. Ніводзін зь іх ня мае ў сваёй далейшай біяграфіі якіх-небудзь гістарычна значных падзеяў. Большасьць расчаравалася ў рэвалюцыі й стала звычайнымі абывацелямі. Але велізарная сіла, спароджаная імі, ужо разгортвалася, мяняючыся, набываючы жахлівыя абрысы й небывалую разбуральнасьць, ахоплівала мільёны ва ўсім сьвеце. Дзеля таго, каб амаль праз стагодзьдзе пацярпець гістарычны крах – на тым жа месцы, дзе й нарадзілася.

Інтэлігенты, вальнадумцы, змагары за правы чалавека (якія сьветлыя, чыстыя намеры!) ўпершыню сабраліся разам дзеля вызваленьня рабочага клясу. Чым гэта скончылася – добра вядома. І паказальна, што скончылася менавіта ў Беларусі. Іхні першы зьезд дзеля кансьпірацыі зьбіраўся пад выглядам застольля: на стале – гарэлка, пад сталом – “Капітал” Маркса. Праз 70 гадоў у парткамах усё будзе наадварот: на стале Маркс, а пад сталом гарэлка.

Сюды, у цэнтар Менску, да калыскі савецкае сыстэмы, у домік сярод чарэшняў і клёнаў, у часы росквіту камуністычнае імпэрыі абавязкова прыяжджалі галоўныя таварышы з усёй плянэты: францускі генсэк Морыс Торэз, кіраўнік ГДР Ульбрыхт, кубінскі лідэр Фідэль Кастра. Гэтаму доміку пакланяліся як храму паў-сьвету. І паў-сьвету яго праклінала.

Госпад Бог прыводзіць чалавецтва ў гэтую краіну вельмі часта. З асаблівай настойлівасьцю й значэньнем. І з кожным наведваньнем мы асэнсоўваем усё больш балюча й ясна, наколькі важна тое, што мы тут.

Сёньня маленькі домік па-над Сьвіслаччу атачаюць спаруды камуністычнай эпохі. Будынак Штабу Беларускай Вайсковай Акругі, у якой Саветы рыхтавалі армаду для ўварваньня на Захад. Гіганцкая тэлевежа, што паўстагодзьдзя тлуміла беларускія галовы бальшавіцкай прапагандай. Радыёвышка, якая колісь глушыла "Свабоду", а цяпер абслугоўвае пэйджары. Знакавы абэліск Перамогі з чырвонай зоркай, пастаўлены тут, быццам мат менскай гісторыі, афіцыйным сымбалем гораду. Вуліцы, помнікі, будынкі скрозь па ўсёй Беларусі захоўваюць амаль некранутую краіну разьвітога сацыялізму – такую ж цьмяную, правінцыйную й забытую, як і драўляны шэра-зялёны, у стылі хакі, домік-музэй I Зьезду РСДРП.


З кнігі "Люблю Беларусь"

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Няміга 21.03.2018


Няміга – месца нараджэньня Менска.Немая рака Няміга-крывавыя-берагі. Вобраз са "Слова аб палку Ігаравым" прадбачыць увесь боль беларускага сэрца.Няміга – адно з самых глыбокіх месцаў у Беларусі.Няміга – старажытная рэчка, на якой для страшнае бітвы сустрэліся Чарадзей і Яраславічы, рэчка, сёньня схаваная ў трубах пад цэнтрам Менску.Няміга – гэта першая менская вуліца, на якой месьціўся Ніжні рынак, і якую штовесну, зьбіраючы ўсе нечыстоты, увесь бруд, затапляла бурлівая паводка.Няміга – гэта страшная катастрофа 30 траўня 1999 г., калі ў ціскатні падземнага пераходу станцыі мэтро загінула 53 чалавекі – у асноўным дзяўчаты 15-19 гадоў.Няміга – аголеная нэрва Менску.Няміга, незьмігутная Няміга, найвышэйшыя беларускія храмы глядзяць – не наглядзяцца ў тваю страшную яму. Сьвята-духаў сабор, праваслаўны прастол краіны, зьвернуты да цябе фасадам, залатымі крыжамі й бліскучымі вокнамі; вежы каталіцкае Катэдры ўздымаюцца па-над Верхнім Горадам, каб адтуль, са званіцаў, пільнаваць твой чорны правал; пазірае з-за мосту Петрапаўлаўская царква 1612 году пабудовы, а з выспы на Сьвіслачы – капліца ў памяць тых, хто загінуў за межамі Беларусі.Каб збудаваць станцыю мэтро "Няміга", Саветы разбурылі ўвесь гістарычны цэнтар Менску. Яшчэ Панамарэнка праз пасьляваенныя руіны выбухамі праклаў праспэкт на Маскву, разьвярнуўшы ўсю сталіцу да Ўсходу; потым, у 70-ыя, Паркавая магістраль, цяпер Машэрава, адгроханая праездам да візыту прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, адным махам перакрэсьліла забудову Верхняга гораду й пласты старажытнага Менскага замчышча. Катакомбы мэтро правальным рэхам паўтарылі гэты аграмадны крыж, пратараніўшы падзем'і старога гораду, і зьдзейсьнілі самае жахлівае, што толькі можна прыдумаць у Менску – пагружэньне ў Нямігу.Рэчышча Нямігі-крывавыя-берагі, было пахаванае ў велізарных бэтонных трубах – на ўзьбярэжжы Сьвіслачы з боку Траецкага й сёньня можна ўбачыць іхнія жэрлы. Расправа з замчышчам працягвалася, калі, пашыраючы воднае люстра Сьвіслачы, у раку абрынулі цэлую ўскраіну недасьледаванага дзядзінца. У 80-ыя забой мэтро прайшоў пад Катэдральным саборам. Падчас будаўніцтва ў раскоп зь нейкае тайнае галерэі асыпаліся кнігі XVII ст. Іх разграбалі шуфлямі й выгружалі ў хлам. Вайна пад зямлёй разгортвалася. Прарваўшыся з глыбіняў, грунтовыя воды падмывалі падваліны храмаў да страшных прасадак і расколінаў, разьядалі бэтон і ржавілі канструкцыі мэтрабуду. Ішло няспыннае падтапленьне тунэляў, і абліцаваныя пад дрэва сьцены Нямігі скрозь пацямнелі, пайшлі ці то слязьмі, ці то крывавымі падцёкамі. У каменяломнях станцыі былі разгромленыя падмуркі кляштару баніфратаў, што стаяў на сярэднявечнай Рынкавай плошчы, знакамітая Менская брама, ня раз штурмаваная ворагамі, рэшткі драўлянай царквы Ўсьпеньня. Шматвекавыя кладкі цэглы, падарваныя дынамітам, задубелае за паўтысячагодзьдзя бярвеньне й насычаныя чалавечымі касьцямі, золатам і ўнікальнымі археалягічным начыньнем пласты выграбаліся экскаватарнымі каўшамі з самага болю гораду, вывозіліся й звальваліся на ўскраінных сьметніках. Гэтак раскопвалі катлаван, брацкую магілу для 40 юных дзяўчатак, адзінаццаці хлапцоў і двух міліцыянтаў.Гэта тады, пры канцы 80-х, у беларускіх інтэлігентаў, што пікетавалі мэтро, з крывёю рвалі з рук плякаты. "Наплачацеся яшчэ з гэтай станцыяй мэтро! " – крычаў тады будаўнікам Зянон Пазьняк.30 траўня 1999 г. людзі правальваліся ў стагодзьдзі Нямігі. У яму, вырытую бульдазэрыстамі разам з раскрышанымі касьцямі. Глыбей, да ўдушша і пачарненьня, у таўкатню Ніжняга рынку, дзе буяніць зборышча п’яні, а паводка віруе прорвамі нечыстотаў. Яшчэ глыбей, пад нагрувашчаньнем целаў, у крывавы мясьніцкі рад, дзе, раздушаныя праз рот да вантробаў, пагружаліся ў грукат сякераў скрозь шаламы, шчыты й кальчугі палачанаў ды яраславічаў, у малатарню калёнай зброі, даверху накормленай чалавечынай, у чавільню віна лютасьці й гневу – раку Нямігу, якой няма. Для ўсяе Беларусі менавіта адсюль, зь гістарычнага правалу Нямігі, падымаецца шлях да Сабору й Катэдры.Паспрабуйце прайсьці прахон угару. Скрозь натоўп, праз вал чалавечых целаў, надыханага перагару й дурнога напору, пастарайцеся ўзьняцца, як бы вам ні было гэта цяжка, крычаць, хоць вас і ня чуюць, стрымліваць і выцягваць з правалу тых, хто падае, тых, хто зьбівае вас з ног – і на бліскучых верхніх прыступках, закіданых кветкамі, з сонечным асьляпленьнем уваччу вам стане ясна, што гэта такое, лесьвіца ў неба."Няміга" – пароль для Менску. Шлях праз увесь грэх, боль і бруд чалавечы, праз косьці й руіны. Праз усю гісторыю – да неба, да Бога.Таму будзьце ўважлівыя, калі пачуеце: "Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя – “Няміга".
З кнігі "Люблю Беларусь"

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Незалежнасьць 14.03.2018


“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.

Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.

Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.

Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.

Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза. Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.

Беларусы зь іх генэтычна закладзенай вострай недастатковасьцю незалежнасьці, рабіліся галоўнымі героямі паняволеных народаў. Тадэвуш Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць ЗША ад Ангельшчыны, а Рэчы Паспалітай ад Расеі; Юзаф Пілсудзкі вёў да свабоды Польшчу; Зыгмунт Мінейка біўся супраць турэцкае акупацыі Грэцыі.

Каліноўскі, Купала, Пазьняк – ідэолягі беларускай незалежнасьці.

Прынцып адасобленасьці, аддзяленьня сябе ад іншых, усьведамленьня сваёй адметнасьці ёсьць асновай паняцьця “нацыя”. Богаабраны Ізраіль – найстражытнейшая нацыя, прыналежнасьць да якой патрабавала выкананьня 10 запаветаў – ахоўваў сваю асобнасьць нават у дробных дэталях быту. Гэта дазволіла габрэям захавацца ў двухтысячагадовым расьсеяньні й застацца найбольш упловым народам у сьвеце. Для нацыяў духовага гатунку – а да такіх, безумоўна, належаць беларусы – паняцьце незалежнасьць набывае зьмест, параўнальны зь біблейскай сьвятасьцю.

Адасабленьне, чысьціня дзеля выкананьня свайго пасьвячэньня!

У 90-х гг XX ст. незалежнасьць Беларусі дасталася літаральна цудам. Сучасьнікі так і казалі: “звалілася зь неба”. Але ў гэтым і ёсьць сэнс беларускай незалежнасьці – яна нам дадзеная звыш.

“Незалежнасьць!” – гэтага беларускага слова панічна баяцца ў Крамлі й расейскім Генштабе. Незалежнасьць – гэта пляцдарм. Каб зьмяніць Эўропу і збавіць Расею, Беларусь мусіць быць незалежнай.

Сучасны выклік, кінуты нацыянальнай ідэі глябалізацыяй, робіць незалежнасьць толькі яшчэ больш каштоўнай, больш надзённай, больш жаданай. Імпэрыі й гіганцкія карпарацыі кідаюць гэты выклік проста нам у твар. Таму наш адказ – усе разам, і яшчэ раз:

— НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЦЬ!        


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Магнаты 02.03.2018


Магнаты? Спадарове, ВКЛ выкладвае тузы.

Беларускі магнат – гэта амэрыканскі мультымільянэр, арабскі нафтавы шэйх і ангельскі лорд у адной асобе. Магнаты, быццам магніты, былі пунктамі прыцягненьня й цэнтрамі сілы ў палітычнай, гаспадарчай ды грамадзкай сфэрах Вялікага Княства Літоўскага.

Магнаты – глыбокая, спадчынная, дынастычная эліта. Магнацкія роды разьмяркоўвалі галоўныя пасады ў дзяржаве й валодалі большасьцю земляў, складаючы наш нацыянальны вобраз арыстакратыі. Высокародны й уплывовы фэадал – абавязковая постаць будучых беларускіх кінаэпапеяў і гістарычных раманаў.

Магнатэрыя, моцная стоеная сіла зь вялізным дыяпазонам узьдзеяньня, аказалася фэномэнам надзіва беларускім. Нават тады, калі вялікія князі й каралі мелі балцкае, швэдзкае ці вугорскае паходжаньне ды цягнулі за сабой сюды сьвіту сваякоў ды суайчыньнікаў, рэальную уладу ў ВКЛ захоўвала ядро з найбуйнейшых беларускіх родаў. Радзівілы, Сапегі, Астроскія, Пацы, Кішкі, Ільлінічы, Глябовічы, Агінскія, Хадкевічы, Алелькавічы, Гальшанскія, Гарнастаі, між іншага Абрамовічы... Канцэнтруючы ў сваіх руках найбольшыя багацьці й займаючы ключавыя дзяржаўныя пасады канцлераў, гетманаў, падскарбіяў, маршалаў, ваяводаў і кашталянаў, магнаты фармавалі вырашальны балянс паміж выканаўчай улады манархіі й заканадаўчай шляхецкай дэмакратыяй – і рабілі ўсё па-свойму. Менавіта магнаты некалькі стагодзьдзяў былі галоўнымі беларускімі патрыётамі й пасьлядоўна адстойвалі нацыянальныя інтарэсы ў вуніях з Польшчай, вайсковых блёках і эўрапейскіх дыпляматычных гульнях.

Магнаты – магутныя рухавікі беларускай гісторыі. Мікалай Радзівіл Чорны за 12 гадоў літаральна перавярнуў ВКЛ Рэфармацыяй; Леў Сапега збудаваў на груньце Статуту дзяржаву закону; Міхал Клеафас Агінскі ў XIX ст. адзінаасобна спрабаваў вярнуць ВКЛ на арэну геапалітыкі. Апошнім з магутных магнатаў быў спонсар нацыянальнага руху пачатку XX ст. Рыгор Скірмунт.

Магнат – самая ўдалая рыфма да слова "мэцэнат". Беларускія магнаты фундавалі кнігадрукаваньне, музыку, жывапіс, тэатар, навуку. Адныя Радзівілы былі вартыя цэлага міністэрства культуры. Яўхім Храптовіч заснаваў Адукацыйную камісію РП і сабраў у Шчорсах знакамітую бібліятэку, Тышкевічы ахвяравалі большасьць сваіх багацьцяў на ўнікальны музэйны збор, Агінскія спансавалі тэатар і опэру... І ўсё гэта праз акупантаў дасталося лепшым скарбніцам сьвету ў Маскве, Бэрліне, Піцеры, Варшаве, Нью-Ёрку.

Магнаты былі фактычнымі лідэрамі канфэсійных партыяў. Мікалай Радзівіл Чорны застаўся ў нашай гісторыі ў першую чаргу як правадыр кальвінскага руху, Канстаньцін Астроскі – як галоўны апякун і абаронца праваслаўя, фундатар цэркваў і брацтваў, Хадкевічы – як заснавальнікі дзесяткаў касьцёлаў і кляштараў.

Магнаты – сіла й слабасьць гісторыі ВКЛ. Нямногім магнатам Госпад Бог даў многае, і многа зь іх спытаў. Магнацкая пыха, самадурства й разбэшчанасьць, выкарыстаныя захопнікамі, урэшце рэшт і давялі Беларусь да міжсобных войнаў ды здачы. Большасьць магнацкіх родаў разарыліся, здрабнелі, вырадзіліся.

Але беларускія магнаты залатога веку і пасёньня – шыкоўны ідэал для нацыянальнага бізнэсу. "Магнат" па-беларуску значыць ня "мафія", не "наменклатура" й не "алігарх". Магнат для беларускага пэрсаналісцкага мэнталітэту – гэта нешта сярэдняе паміж патрыярхам і супэрмэнам.

І калі чуеш чарговы раз па тэлевізіі пра Абрамовіча – ну, таго самага Абрамовіча, 25-га ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, які нядаўна набыў футбольны клуб "Чэлсі" – узгадваеш, што ў Варнянах, Астравецкі раён, ад сядзібы магнатаў Абрамовічаў застаўся адно вялізны, зь лёнданскі стадыён памерам, выпусташаны парк; падлічваеш, што адзіны мільярдэр беларускага паходжаньня ў стане зафундаваць аднаўленьне чыста ўсіх родавых гнёздаў вялікалітоўскае магнатэрыі – і міжволі адчуваеш гонар за Радзіму.

Трэба жыць у Беларусі XXI стагодзьдзя, каб зразумець, як нам не стае сёньня Радзівілаў, Сапегаў і Хадкевічаў. Уплывовых гаспадароў. Прыроджаных лідэраў. Проста буйных асобаў.

Усё шасьцёркі ды валеты?.. Туз, панове! Беларусы, нацыя кнігадрукаваньня й міжмоўя, слова й вобразу, яшчэ ўразяць сьвет топ-пэрсонамі са сьпісу часопісу "Форбс" – сузор'ем бліскучых мэдыя-магнатаў.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Літоўская Мэтрыка 27.02.2018


Літоўская Мэтрыка – дзяржаўны архіў канцылярыі ВКЛ XIV – XVIII стагодзьдзяў.

У Літоўскай Мэтрыцы зь беларускай руплівасьцю й цярплівасьцю задакумэнтавана справаводзтва вялікіх князёў, соймаў, судоў, дыпляматычнае ліставаньне, кнігі перапісаў і попісаў войска, гандлёвыя й арэндныя дамовы. Агромністы масіў жывое гісторыі, палітыкі й юрыспрудэнцыі.

Сучаснае вывучэньне Літоўскай Мэтрыкі, якое вядуць сотні дасьледчыкаў зь Беларусі, Украіны, Летувы, Польшчы, Расеі, вымагае стварэньня цэлага міжнароднага інстытута, і працы на дзесяцігодзьдзі. Ніводная суседняя краіна ня можа пахваліцца архівам гэткага аб'ёму, дакладнасьці й кшталтаванасьці. Таму ўсе хваляцца нашай Мэтрыкай.

Вывезеная ў 1794 г. расейцамі, зараз Мэтрыка захоўваецца ў Маскве й часткова Варшаве. У пачатку XX ст. свае прэтэнзіі на архіў заявіла Летува – і Вацлаў Ластоўскі, тадышні старшыня Ўраду БНР, нават згадзіўся перадаць ёй усе дакумэнты, напісаныя па-жамойцку. Урачыста падпісалі дамову – але летувісам не дасталося ані аркушу: абсалютная большасьць папераў тут па-беларуску.

Так, Літоўская Мэтрыка – велізарны пласт беларускай мовы: да сярэдзіны XVII ст. ўсе дакуманты афармляліся на-беларускай, і толькі ў апошняе стагодзьдзе адбыўся пераход на польскую й лаціну. У нас не распрацаванае беларускамоўнае справаводзтва? Няма юрыдычнае тэрміналёгіі? Мала сувязяў з эўрапейскім заканадаўствам? Чытайце Мэтрыку, спадарове!

Літоўская Мэтрыка – гэта ўсё зьніклае Вялікае княства: можна пачытаць, памацаць, уявіць да драбнюткіх дэталяў. Беларусь, якая страціла амаль усе свае матар'яльныя каштоўнасьці, у якой адабралі й вывезьлі ўсе скарбы, разбурылі храмы й прысабечылі геніяў – захавалася цэлай у слове. Сымбалічна: краіна духовасьці, прывідная й бязважкая, пакінула нам некранутай усю тоўшчу гісторыі ў кнігах.

Напісанае – застаецца.

Літоўская Мэтрыка – поўны збор твораў Залатога веку. Гісторыя, што ўваскрашае Беларусь, ажыўляе беларусаў, збаўляе іх ад забыцьця ў вобразах, так неабходных нам сёньня:

"І ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе." (Данііла, 12:1)

Калі гісторыя Беларусі прыпадобненая да Бібліі, дык Літоўская Мэтрыка – гэта рыхтык разьдзел "Лікі", поўны сьвятарных лічбаў, правілаў і сьпісаў.

Літоўская Мэтрыка – мэтрычная сыстэма эпохі ВКЛ. Матрыца, якую нам неабходна пералічыць наноў. Матэрыя, зь якой мы мусім аднавіць цывілізацыю Залатога веку. Мацярык, што зноў уздымаецца з глыбіняў гісторыі як Вялікае Княства Літоўскае.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Курапаты 22.02.2018


Курапаты – звычайны хвойнік. Такія ў нас паўсюль.

Ва ўзгорыстым бары на ўскраіне Менску больш за 500 правалаў. У кожным правале – косьці дзесяткаў і соцень забітых за часы сталінскага генацыду. Калі людзей расстрэльвалі й закопвалі поўную яму на 2-3 м глыбінёй – трупы тлелі, плоць разлагалася й зямля прасядала. 250 тысячаў забітых.

Блукаеш сярод крыжоў і дрэваў, прыслухоўваесься да шолаху хвояў, удыхаеш на поўныя грудзі і, дрыжучы, з жахам адчуваеш, што гэта – самае страшнае месца ў сэрцы Эўропы.

Людзей забіралі зь перапоўненых падвалаў Менскага КДБ, адкуль зімой праз аддушыны на вуліцу валіла пара. Бліжэй да ночы везьлі за горад, у агароджанае плотам урочышча. Падводзілі шэрагам да ямы і проста гваздалі ў патыліцу.

Курапаты – гэта яшчэ адно месца, у якое імпэрыя зла забівала цьвік, укрыжоўваючы Беларусь.

Бах! – і са стрэлам у патыліцу чалавек валіўся ў яму.

Бах! – і мэталёвае вастрыё зноў працінала беларускую плоць наскрозь.

Бах! – чулі жыхары навакольных вёсак і міжволі жагналіся.

Бах! – і вось, на крыжы, скрываўленая, расьцятая, падымалася па-над зямлёй уся краіна.

Лес у Курапатах таго ж узросту, што й пахаваньні: магілы засаджвалі хвойнікам. Вы бачылі гэтыя страшныя дрэвы, гэтыя сталёвыя ствалы аграмадных цьвікоў, якія прабіваюцца зь зямлі, рвуцца з самых крывавых каранёў, і ашчаперваюць тысячы й тысячы іглаў у неба?..

Курапаты адкапаў Зянон Пазьняк. Ён не пабаяўся той нячыстай сілы, што глядзела з пустых вачніцаў чарапоў, таемна выграбала й вывозіла косьці на сьметнік у чатырох кілямэтрах адсюль, якая за 70 гадоў ператварыла беларускую зямлю ў адзіны суцэльны магільнік... “Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей...” – так кніга прарока Езэкііля ( 37:1 ) пачынае аповед пра паўстаньне народу зь мёртвых.

Так, менавіта з Курапатаў вымкнуў масавы нацыянальны рух. 30 кастрычніка 1988 г. на Дзяды, калі тут на шматтысячным мітынгу быў упершыню за дзесяцігодзьдзі ўзьняты бела-чырвона-белы сьцяг – улада разагнала людзей дубінкамі й газам.

У адказ Беларусь выбухнула – мітынгі пачаліся па ўсёй краіне. Паўстаў Беларускі Народны Фронт. У Курапатах зьявіўся стыхійны мэмарыял – сотні крыжоў. Памятны знак паставіў тут падчас свайго візыту ў Беларусь прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

І калі ўвосень 2001 г., пасьля чарговых перавыбараў Лукашэнкі, праз Курапаты пачалі будаваць Менскую кальцавую, разьбіраючы крыжы й памятныя знакі – на кругласуткавую бестэрміновую абарону Курапатаў стала ўжо беларуская моладзь.

Курапаты – гіганцкі ахвярнік. Таму сюды, быццам да алтару, прыходзяць маліцца тыя, хто любіць Беларусь. Тыя, хто ня верыць у Бога, баяцца гэтага месца. Бо сіла беларускай свядомасьці крынічыць у гэтым месцы моцна, як нідзе.

Іншыя народы шануюць палі бітваў, дзе продкі пралівалі кроў, сваю й варожую. Але ў беларусаў іншае поле памяці – набрынялае крывёй бязьвінных.

Наш нацыянальны нэкропаль не нагадвае ані Арлінгтон, ані Новадзявочыя могілкі, ані эгіпецкія піраміды. Беларускі нацыянальны нэкропаль – гэта безыменныя Курапаты.

Пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў зафіксаваныя ў 48 гарадах і мястэчках Беларусі. У адным толькі Менску іх 11 – дачы АГПУ ў Драздах, Камароўка, Лошыца, Парк Чалюскінцаў, Трасьцянец ...

Сёньня ў Курапатах – 5-мэтровы Крыж Пакуты, Крыжовая алея, крыжы па пэрымэтры ўрочышча.

Курапацкі Крыж зноў і зноў робіцца нашай сыстэмай каардынатаў. Крыж вяртае нацыю да пачаткаў, да першасных пытаньняў быцьця : жыцьця і сьмерці, ахвяры й памяці, веры ў Ісуса Хрыста – і, нарэшце, пераможнага ўваскрасеньня.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Залаты век - XVI стагоддзе 15.02.2018


Эра найвялікшага росквіту Беларусі, час галоўных герояў гісторыі й самага моцнага духовага абуджэньня – XVI стагодзьдзе.

Кожная нацыя ўздыхае аб сваім Залатым веку. У Беларусі сапраўднае фамільнае золата мае пробу XVI. Для гісторыкаў гэта пасіянарны выбух ВКЛ, для культуролягаў – фэномэн Рэнэсансу, для вернікаў – эпоха хрысьціянскае велічы. Наймагутнейшая дзяржава, найслаўнейшыя асобы, найвышэйшы дух – карацей, золата ва ўсіх намінацыях.

Мы мусім быць выключна ўважлівыя да Залатога веку. Менавіта празь ягоныя каштоўнасьці й зьдзяйсьненьні можна зь ювэлірнай дакладнасьцю вылічыць залатое сячэньне нацыянальнай ідэі.

У гарніле стагодзьдзя, пачатага Бібліяй Скарыны й завершанага Берасьцейскай вуніяй, утварыўся залаты хрысьціянскі сплаў: каталіцызм, праваслаўе й пратэстантызм, абуджаныя Рэфармацыяй, ачышчаныя талеранцыяй – у адзіным агмяні эвангелізацыі. У кнігах, пропаведзях, малітвах беларусы масава адкрывалі для сябе Бога. Сотні тысячаў людзей каяліся й нараджаліся звыш у Ісусе Хрысьце. Залатыя словы рабіліся целам!

Нешта падобнае перажылі ў XVI ст. немцы, ангельцы, швэды, галяндцы.

Беларусь XVI ст. напоўніцу адчула сваю місію сярод іншых народаў. Суседзі спазналі ўплыў галоўнага беларускага абуджэньня ў культуры, гаспадарцы, палітыцы, рэлігіі. Беларусь канчаткова сфармавалася як сэрца Эўропы – сэрца любові, болю й веры.

XVI ст. – кульмінацыя гісторыі Беларусі. Менавіта ў глыбінях XVI ст. трэба шукаць "нулявы пункт", зь якім заканчваецца Стары Запавет Беларусі й пачынаецца наша Новая эра (паводле разьлікаў аўтара, гэта 1563 г.). Якраз пра гэты момант можна сказаць: у беларускі сьвет прыйшоў Хрыстос. Эфэкт Божае прысутнасьці адчуваўся паўсюль – і гэта, быццам філязофскі камень, альхімічна ператварала ў золата цэлую краіну.

XVI ст. – гэта дзеі апосталаў нацыі. Францыск Скарына й Леў Сапега, Мікалай Радзівіл і Астафі Валовіч, Мікола Гусоўскі й Андрэй Волян, Сымон Будны й Іпаці Пацей, Кастусь Астроскі й Пётра Скарга, Іван Федаровіч ды Пётр Мсьціславец. Імёны, напісаныя ў нашай гісторыі самі ведаеце якімі літарамі.

XVI ст. – наша Aurea Mediocritas, залатая сярэдзіна ў гісторыі, дзяржаўнасьці, законнасьці, палітыцы. Тры капітальныя Статуты за 60 гадоў! Літоўская Мэтрыка! Якія лідэры – Жыгімонт Аўгуст, Сцяпан Батура, Радзівілы й Сапегі! Залаты балянс паміж прадстаўнічай манархіяй, моцнай канстытуцыяй і шляхецкай дэмакратыяй. Росквіт мясцовага самакіраваньня. Дзесяткі гарадоў, што атрымалі магдэбурскае права й уласныя гербы.

XVI ст. – фаервэрк кнігадрукаваньня й культуры. Дзесяткі выданьняў Сьвятога Пісьма, катэхізмаў, тэалягічнае публіцыстыкі й навучальнае літаратуры. "Песьня пра зубра", "Пруская вайна", знакамітыя летапісы. Сармацкі партрэт, Мірскі замак, першае ва Ўсходняй Эўропе барока ў Нясвіскім касьцёле Божага Цела, якое ў наступных стагодзьдзях дасьць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў – кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія... Перабіраеш, зачэрпваеш жменямі, не раўнуючы як залатыя скарбы ў куфры – з агністым бляскам, звонам і немым захапленьнем!

XVI ст. – бурнае разьвіцьцё рынкавае гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігодзьдзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот: дагэтуль Падзьвіньне лічыла рыскія шылінгі, Панямоньне – чэскія грошы, Палесьсе – ардынскія дырхемы; цяпер паўсюль грош літоўскі, віленскае чаканкі. Аграрная рэформа паводле лепшых эўрастандартаў, "Устава на валокі", пасьля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ляндшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў. Напачатку XX стагодзьдзя. Сталыпін возьме гэтую сыстэму за ўзор, каб распачаць сваю знакамітую рэформу па ўсёй Расеі. XVI – наш "залаты стандарт"!

XVI ст. – нябачны дагэтуль рывок урбанізацыі. За стагодзьдзе ўтвараецца каля 300 новых гарадоў і мястэчак, дзе крышталізуецца маса мяшчанаў, расьсяляецца габрэйства, запачаткоўваюцца рамесныя цэхі, гуртуюцца брацтвы. XVI ст. – пачатак дакладнае генэалёгіі большасьці шляхецкіх родаў. 80% гараджанаў – беларусы: рэкорд, не перасягнуты дагэтуль. Залатыя часы: у гарадох нарэшце фармуецца нацыя!

XVI ст. – залатая эпоха, калі на беларускай мове ліставаліся дыпляматы Польшчы, Маскоўшчыны, Валахіі, Малдовы, калі знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы прымусілі Францыю спыніць перасьлед гугенотаў пасьля кашмару Варфаламееўскае начы.

Нарэшце, XVI ст. – гэта век геапалітычнага супрацьстаяньня з Масквой, змаганьня з агрэсіўнай Турэччынай, Люблінскай вуніі з Польшчай; век перамогаў пад Клецкам, Воршай ды Улай. Беларусь – у эпіцэнтры жыцьця кантынэнту; Беларусь паўсюль – на вагу золата.

XVI ст. – сапраўднае золата нацыі. Галоўны капітал гісторыі, які ляжыць зьліткамі ў архівах ды сэйфах лепшых музэяў сьвету. Фундамэнтальны залаты запас, зроблены на чорны дзень.

Таму наша XVI ст. можа з поўным правам паўтарыць да Бога сьледам за ўлюбёным беларускім Ёвам:

"Але Ён ведае шлях мой,

няхай выпрабуе мяне, –

выйду, як золата!" (Кніга Ёва 23:10)


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Грунвальд 10.02.2018


Грунвальд – галоўная бітва Сярэднявечча.

Грунвальд – генэральная перамога Сэрца Эўропы над крыжацтвам.

Усе грані брані, грозны грукат брані, роў крыкаў і рокат крыві, грымоты збройных армадаў, скрышальны разгром ворага ў адным слове – гэта Грунвальд.

Грунвальд – "Зялёны лес" па-нямецку, "Жальгірыс" па-летувіску, "Дуброўна" па-наску. У палякаў, прыбалтаў, украінцаў, чэхаў, што прымалі ўдзел у бітве, перамога над крыжакамі – жалезны элемэнт нацыянальнага эпасу. Летувісы, забіраючы сабе вялікакняскую гісторыю, раскруцілі з "Жальгірысу" супэрбрэнд, і з тае пары рэгулярна ладзяць "грунвальды" супернікам у баскетболе, футболе й гандболе: хто зь мячом да нас прыйдзе...

Беларусаў доўга пераконвалі, што яны ўвесь час прайгравалі. Але Грунвальд – гэта аргумант.

Сучасьнікі называлі тую вайну Вялікай. І насамрэч – гэта было вялікае супрацьстаяньне. Вырашаўся лёс Усходняй Эўропы. З аднаго боку – крыжакі зь нямецкіх і прускіх земляў, заходняе рыцарства, што захапіла й калянізавала берагі Балтыкі і ўсталявала рэжым тэрору на польскім, беларускім, наўгародзкім узьмежжы. Зь іншага – саюз Польшчы, ВКЛ ды паняволеных тэўтонамі народаў.

Што вяло крыжакоў? Прагавітасьць да чужое зямлі. Бессаромная ўпэўненасьць у сваёй сіле. Гнеў за тое, што Летува й Польшча яшчэ не скарыліся зброі. Галоўныя грахі перад Богам, за якія, кожны рыцар ведаў на памяць з катэхізму, пакараньне – сьмерць.

Што вяло нашых продкаў?

Рука Божая.

Яны сышліся 15 ліпеня 1410 году ля мястэчка Грунвальд – цяпер гэта ў Польшчы. Крыжацкае войска, цяжкае сталёвае рыцарства з артылерыяй, самая страшная разбуральная машына Сярэднявечча – мела, паводле розных зьвестак, ад 24 да 100 тысячаў ваяроў. Лягчэй узброенае, але больш рухомае беларуска-польскае – ад 30 да 150 тысячаў, сярод якіх – каля 40 харугваў з гарадоў ВКЛ.

Пачатак бітвы затрымліваўся: войска саюзьнікаў усю раніцу малілася й сьпявала хрысьціянскія гімны. Нецярплівы магістр Тэўтонскага Ордэну Ульрык фон Юнінген паслаў у стан Ягайлы й Вітаўта мячы: біцца, і хутчэй!

Сьмяротны грэх пыхі, які Беларусь нікому не даруе.

Коньніца Вітаўта атакавала баявыя парадкі крыжакоў, каб зьнішчыць выстаўленыя наперад бамбарды. Рыцары рынуліся насустрач. Беларусы распачалі ўяўнае адступленьне, каб імклівым рухам расстроіць ордэнскія харугвы: перабіць грувасткіх рыцараў было куды прасьцей у беларускай стыхіі, сярод лесу. Тым часам у бой уступілі палякі Ягайлы і выстаўленыя Вітаўтам у самы цэнтар тры беларускія харугвы – аршанская, мсьціслаўская й смаленская. Яны амаль цалкам загінулі ў жорсткай сечы, некалькі гадзінаў стрымліваючы напор крыжакоў – гэта быў адзін з найвялікшых подзьвігаў беларускай мужнасьці й самаахвярнасьці за ўсю нашую гісторыю... Нарэшце, манэўр Вітаўта завершыўся агульным наступам правага крыла й атачэньнем ворага з тылу. Крыжакоў дабівалі ў двух велізарных "катлах", рэшткі нішчылі да глыбокае ночы. Вялікі магістр і большасьць крыжацкіх палявых камандзіраў загінулі.

Саюзьнікам дасталіся амаль усе харугвы й абоз. Перамога была поўнай. Тэўтонскі Ордэн быў разгромлены дазваньня.

Што гэта азначала?

Гранёная фраза гістарыяграфіі: пасьля Грунвальду 500 гадоў нага ўзброенага немца не ступала на беларускую зямлю.

Сярэднявечная гісторыя ведае шмат бліскучых беларускіх перамогаў. Бітва на Сініх Водах 1362 г., дзе Альгерд расьсеяў адразу тры татарскія арды; бітва пад Воршай 1514 г., дзе 35 тысячаў ваяроў Канстаньціна Астрожскага высеклі ў пень 80 тысячаў маскавітаў; вікторыя пад Кірхгольмам 1605 г., дзе чатырохтысячны корпус Яна Караля Хадкевіча разьбіў 14.000 швэдаў, страціўшы толькі блізу 100 чалавек. Беларусы перамагалі ў меншасьці, бо былі духова мацней, мелі чыстае сэрца й цьвёрдую веру – і ў гэтым увесь сакрэт нацыянальнай вайсковае стратэгіі.

Крыжацтва, ганьба хрысьціянскага Сярэднявечча нароўні зь інквізыцыяй і продажам індульгенцыяў, пацярпела гістарычную паразу пад Грунвальдам у поўнай адпаведнасьці са словамі Хрыста: "Усе, што возьмуць меч, ад меча й загінуць". ( Мацьвея 26:52)

Грунвальд – з тых бітваў Старога Запавету, у якіх Госпад даваў перамогу праведным і скрышальным ударам вынішчаў цэлыя царствы грэху. На Грунвальдскім полі Бог быў не з рабаўнікамі й драпежнікамі пад чорнымі крыжовымі знакамі – а з абаронцамі свае зямлі, зь іх малітвай і бел-чывона-белымі сьцягамі Ісуса, хрысьціянскімі Беларусьсю і Польшчай.

І калі сёньня цябе чакае вырашальная бітва, калі ворагі перадаюць мячы – біцца, і хутчэй! – проста памаліся. Зьбяры ў сэрцы ўсю сваю рашучасьць. І ўзгадай пра Грунвальд.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Войны 04.02.2018


Для любога беларуса вайна – глябальная катастрофа й наймацнейшая канцэнтрацыя зла.

Геапалітычнае скрыжаваньне Беларусі ператваралася ў крыж штораз, як на шляхох зьяўляўся захопнік.

Вайна разбурала, рабавала, калечыла й забівала; сьледам прыходзілі эпідэміі й голад. Заставаліся адно попел спаленых хатаў й агромністыя могільнікі. Беларусь у сьвеце дагэтуль пазнаюць па трупах Хатыні, Трасьцянца, Берасьцейскай крэпасьці, па абэлісках Перамогі, партызанах і падпольшчыках – а ўсё гэта толькі апошняя вайна!

Беларусь спрабавалі зьнішчыць драпежнікі з усяго сьвету – татары, тэўтоны, Маскоўскае княства, Расейская Імпэрыя, фашысцкая Нямеччына, СССР. Беларускім адказам спачатку было паспалітае рушаньне, панцырнае баярства, крылатая коньніца, потым – лес, партызанка, падпольле, і нарэшце – малітва, цярплівасьць і адраджэньне.

Сучасная гісторыя ведае няшмат нацыяў, якія б некалькі стагодзьдзяў запар у выніку войнаў ставіліся на мяжу фізычнага выміраньня. Але Беларусь трывала, праходзіла празь сьмерць, празь пекла – і ажывала. Увесь боль беларускай вайны зьмяшчаецца ў адным вершы біблійнае кнігі Ёва: "Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца"! (Ёва, 13:15). Толькі такая Беларусь, магла нарадзіць сусьветных прарокаў міру: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і нават Максіма Танка.

Нашыя самыя страшныя войны – Інфлянцкая, 1558–1583 гг, калі Масква захапіла Полацк і выпаліла ўсё Падзьвіньне; Невядомая, 1654–67 гг, якую доўга хавала расейская гістарыяграфія – а ў тае пагалоўнае разьні загінуў кожны другі беларус; Паўночная 1700–1721 гг.; Нашэсьце 1812 г.; I й II Сусьветныя, калі імпэрыі сутыкаліся ў сэрцы Эўропы за панаваньне над усёй плянэтай... Вялікіх вайскаводцаў і выбітных дзяржаўных дзеячоў Уладзімера Манамаха, Івана Грознага, Карла XII, Пятра I, Напалеона, Суворава, Гітлера, Сталіна Беларусь ведае выключна як агрэсараў, акупантаў і забойцаў.

Ужо пасьля таго, як 1,5 мільёны беларусаў згінулі ў 260 лягерох сьмерці, а яшчэ больш мільёна – на фронтах ІІ Сусьветнай, Савецкі Саюз распачаў у Беларусі будаўніцтва вялізнай вайсковай базы. Уся БССР уяўляла сабой ударны кулак савецкага мілітарызму й адначасова – стратэгічны пляцдарм вайсковага міту.

Трыюмф зброі ў Беларусі праваліўся.

Чаму ж беларусы не прымаюць вайны? Таму што сама сутнасьць Беларусі – далікатная, узвышаная, ласкавая – не для войнаў, а для міру Божага. Таму што перамогі Беларусі заўжды былі духовымі – і збаўлялі душы, а не забівалі іх. Беларус не бярэцца за зброю, унікае войска, й скрайнім выпадку йдзе ў партызаны, каб не згубіць сябе ў буры страху, гвалту й нянавісьці. Але ж калі беларуса дастаць да самае глыбіні душы, загнаць у кут ды там яшчэ й таптаць – спрацоўвае спружына стоенае сілы, і беларуская вайна разгортваецца з навальнічнай хуткасьцю.

Беларус са зброяй – гэта відовішча апакаліптычнае, кшталту Пагоні, перад якой не ўстаяць ані татары, ані крыжакі, ані браты-славяне; кшталту Магілёўскага паўстаньня 1661г., калі трупамі маскаля запруджвалі Дняпро;  кшталту сутыкненьняў на вулічных маніфэстацыях, калі і радыкальныя дэманстранты, і вясковыя хлопцы-амапаўцы малоцяць адзін аднаго да страты прытомнасьці тронкамі ад сьцягоў ды плякатамі.

Калі няма выйсьця, калі вайна ўломваецца ў хату, калі меч ёсьць адзіным адказам – тады беларусаў не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. У адкрытым баі беларусы практычна заўжды апыналіся ў меншасьці – але атакавалі й грамілі ворага. Стратэгія Давіда ў бітве з Галіяфам заўжды давала Беларусі бліскучыя перамогі над шматкроць большымі сіламі татараў, маскавітаў, швэдаў ды немцаў.

Беларусы ўмеюць ваяваць, ды яшчэ як! Толькі лепш іх да гэтага не даводзіць. Беларус Сяргей Грыцавец, двойчы герой Савецкага Саюза, у адным баі зьбіў 7 вырожых самалётаў. Ягоны зямляк Аляксандр Гаравец – 9 самалётаў, і ў той жа дзень загінуў. Беларуска Зінаіда Тусналобава-Марчанка выцягнула з поля бою сотні параненых – сама засталася бяз рук і ног. Беларус Міхась Ягораў падымаў Сьцяг Перамогі над рэйхстагам. Нарэшце, беларус Трыфан Лук’яновіч на вуліцы Бэрліну ў 1945-м уратаваў нямецкую дзяўчынку – і быў увекавечаны ў помніку Вучэціча ў Трэптаў-парку.

Захопнікі выдатна ведалі, што беларуса адольваюць адно незьлічоная колькасьць, вынішчэньне веры й татальны генацыд. І каго як не цярплівых, маўклівых мацакоў-беларусаў рэкрутавалі потым на свае войны акупанты! Беларусы заваёўвалі для Расеі Сібір, Каўказ і Сярэднюю Азію, біліся й паміралі за польскую незалежнасьць; абаранялі Берасьцейскую крэпасьць, Маскву ды Сталінград. Нават у Афганістан першай уваходзіла Віцебская дэсантная дывізія. Дагэтуль ва ўсім былым Саюзе браткоў-беларусаў вайсковыя спэцы ведаюць як адмысловых байцоў.

Таму беларусы шчасьлівыя, калі не ваююць. АБЫ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ – гэта таксама нацыянальная ідэя. Алесь Адамовіч змагаўся супраць гонкі ядравых узбраеньняў. Станіслаў Шушкевіч – беспрэцэдэнтны выпадак! – бязвыплатна адмовіўся ад савецкіх ракетаў на карысьць поўнага нэўтралітэту. Зянон Пазьняк дамогся, каб беларусы не служылі ў гарачых кропках.

Беларусы не пацыфісты. Проста Беларусь – гэта ўсё, што засталося тут пасьля тысячагодзьдзя войнаў.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе



Страницы: 1 2 След.
Читать другие новости

Павел Севярынец