Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IV. 31.01.2016 67


“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера.

Бель Беларусі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар'яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца.

Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!

Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.

Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці.

Беларусь ("белая" – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню Полацкую, Клімэнта Смаляціча й Кірылу Тураўскага.

Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам "выбар веры" меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага "Залатога веку" – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі.

І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові.

Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкнэньне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – "Магутны Божа". Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу "палюбі бліжняга свайго як самога сябе", непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць "па-заходняму" дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IІІ. 16.01.2016 30


Беларуская нацыянальная ідэя – сфэра выключнае духовасьці. І Беларусі, пагарджанай, уцісканай, гнанай за праўду, ня трэба апраўдвацца, камусьці штосьці даводзіць і шукаць пасьведчаньне асобы. Варта проста ўчытацца ў Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста:

“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

Дабрашчасныя пакорлівыя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

Вы – сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

ТАК НЯХАЙ СЬВЕЦІЦЬ СЬВЯТЛО ВАША ПЕРАД ЛЮДЗЬМІ, КАБ ЯНЫ БАЧЫЛІ ВАШЫЯ ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ АЙЦА ВАШАГА, ЯКІ ЁСЬЦЬ У НЯБЁСАХ.” (Мацьвея 5:3-16).

...І зразумець, што гэта Слова для нас, беларусаў.

Па ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьццё асаблівае, дзіўнае і шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па-быкаўску – гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкі чалавек. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе – і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Воля 22.05.2015 7


"Воля Божая ёсьць асьвячэньне ваша" (I да Фэсалонікійцаў 4:3).

Воля, паняцьце рашучасьці ў дзеяньні, у беларускай мове азначае таксама й свабоду. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным!

Наша нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад Бога й пазбаўляюцца волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: разбэшчаная Рэч Паспалітая канца XVII-пачатку ХVIII стагодзьдзяў, застойная БССР або краіна, якая павальна галасуе за крыклівага дырэктара саўгаса.

І наадварот: беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны. Подзьвігі Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Льва Сапегі або Пазьняка – вось сапраўднае нацыянальнае волевыяўленьне. Вялікая беларуская воля, здольная да пакутніцтва, самаадданасьці, самаахвярнасьці – падабенства тае Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу.

Беларуская воля заўжды была воляй слабейшага целам, але мацнейшага духам. Вайскаводцы ВКЛ амаль заўжды перамагалі меншымі сіламі, і галоўнай прычынай іх перамогаў была воля. Нашыя эмігранты адкрывалі й дасьледвалі самыя цяжкадаступныя й суворыя рэгіёны плянэты – Сібір, Далёкі Усход, Анды, Арктыку, Цэнтральную Азію – і гэта стала магчымым толькі дзякуючы беларускай волі. Духовыя лідэры Сэрца Эўропы аддавалі сябе на адкупленьне за ўсе бліжнія народы – бо мелі волю.

Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпеньні, пакуты, які ж цяжар давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае амаль усё, але калі дойдзе да краю... Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца зь сілаю сьцятае спружыны.

А пакуль што галоўны від беларускае волі – воля да жыцьця. Каб пераканацца, пачытайце Быкава, пагутарце зь беларускімі інвалідамі або проста азірніцеся навокал. І паспрабуйце адчуць сапраўдную волю. Не такую, калі напятыя мышцы й набычаны голаў, ды грудзі расьпірае ад пыхі – а калі сэрца, адкрытае Богу, робіць цябе волатам.

Вольная воля, выбар чалавечы, найвялікшае дабраславеньне Божае й найбольшае пракляцьце, дала Беларусі і веліч духовае місіі Сярэднявечча, і анархію liberum veto ў XVII-XVIII стст.

Вольная – адно з тлумачэньняў імя Белай Русі. Прыгонныя сяляне й стараверы сотнямі тысячаў беглі сюды з Расеі. Перасьледаваныя на радзіме ардынскія татары й эўрапейскія пратэстанты асядалі тут назаўжды, гнаныя адусюль габрэі хаваліся ў нас ад уціску й пагромаў. Бо тут была воля.

Рэлігійная талеранцыя, дэмакратычны лад, улада закону – вытворныя волі сталі родавай прыкметай беларускае гісторыі. Гэта ў ВКЛ нарадзілася знакамітая Запароская вольніца, а месьцічам звычаёвым ды магдэбурскім правам была дадзеная поўная воля ў самакіраваньні. Са старадаўняга Полацкага веча, праз Паны-раду, Соймы й соймікі Вялікага Княства, да Усебеларускага Зьезду й шматтысячных мітынгаў канца XX ст. – так сьцьвярджала сябе беларуская воля.

Таму й беларускі нацыянальны рух – вызвольны. Таму так любяць беларусы называць дачок Волямі. Таму й Дзень Волі – беларускае нацыянальнае сьвята №1. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Беларусь адзначае і каталіцкае Зьвеставаньне, адкрыцьцё волі Божае аб нараджэньні Хрыста. Дзень Волі з маніфэстацыяй пад бел-чырвона-беламі сьцягамі – яскравая ілюстрацыя сугучча волі-рашучасьці й волі-свабоды.

Толькі міжволі ўзгадваюцца словы ідэоляга Залатога веку (апагей беларускае волі!), вядучага публіцыста Рэфармацыі Андрэя Воляна (амаль што Воліна): “Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала Ды сваволя над ёю ўжо не панавала...” ("Да палякаў і ліцьвінаў")

Беларусы часьцяком забываюцца, што воля – гэта катэгорыя дзеяньня. Пакаяньне, вера, любоў ёсьць актамі выбару, зробленага асабістай воляй, і вымагаюць прыняцьця волі Божай. Беларуская воля не працуе бяз Бога.

“А хто ня любіць волі – ня нашага роду,” – казаў Янка Купала.

                                                               З кнігі "Люблю Беларусь"

Вера 15.05.2015 21


Ты верыш напісанаму ў Бібліі?

"Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая". (І Яна 5:4)

Тым, для каго вера ёсьць адно "самавызначэньнем адносна інфармацыі", ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца. Бо Беларусь жыве верай. Бывае, тут пытаюцца: "Ты якой веры?" Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур'ёзна й недатыкальна.

Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: "Ня веру!" Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць. І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.

"Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "Праведны вераю жыць будзе." (Да Рымлянаў, 1:17) Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо "па веры вашай будзе вам!" (Мацьвея 9:29)

Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. "Sola fides" – толькі вера!

Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера. Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. "Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам." (Мацьвея 17:20)

У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець. Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.

Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.

Бо Ісус казаў: "Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце"! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры.

"Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.

Беларусь... Гэта вялікая таямніца веры.

                                                                                   З кнігі "Люблю Беларусь"

Брацтвы 10.05.2015 23


Беларус заўжды зьвяртаўся да бліжняга: "братка".

Таму і брацтва ў Беларусі зрабілася зьявай усенароднай. Брацтвы – гарадзкія хрысьціянскія грамады, што гуртаваліся пры цэрквах і касьцёлах і мелі на мэце "працаваньне супольнае брацкае дзеля душы збавеньня". Найбольш інтэграваныя ў грамадзтва, брацтвы выконвалі ролю рук і ног вялізнага арганізму сярэднявечнае царквы. Фэномэн яднаньня верай, характэрны для Беларусі й Украіны XVI-XVII стст.!

Ахапляючы пабожных рамесьнікаў, купецтва й сьвятароў, брацтвы займаліся рэлігійным асьветніцтвам, адукацыяй, дабрачыннасьцю. Будавалі школы, друкарні, багадзельні й шпіталі, "калечыя куты" (прытулкі). Праводзілі супольныя адзначэньні сьвятаў – братчыны. Дапамагалі маламаёмасным братам, ладзілі талокі, пачосткі й пілігрымкі. Мелі вялізны ўплыў на магістраты й ажыцяўлялі мясцовае самакіраваньне.

Брацтвы сталіся самай эфэктыўнай формай нацыянальнае еднасьці за ўсю гісторыю Беларусі. Прынцып духовага задзіночаньня, чуцьцё роднасьці, такое цёплае й моцнае – вось што фармавала беларускую нацыю ў часы Залатога веку. Ва ўмовах імклівай урбанізацыі менавіта брацтвы закладалі аснову гарадзкое культуры й стваралі кшталт "новага чалавека": зычлівага, выхаванага й адказнага патрыёта-месьціча. Такога, пра якога напісана ў ІІ Пасланьні Пятра 1:7: "У пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любоў".

Каталіцкія брацтвы пачалі ўзьнікаць яшчэ ў XV ст., вуніяцкія – напрыканцы XVI ст. Але найбольшае магутнасьці ў XVI-XVII стст. дасягнулі праваслаўныя брацтвы. Яны сталі адказам на экспансію каталіцызму й паланізацыю XVII ст., прычынай глыбокае народнасьці беларускага праваслаўя й ключавым адрозьненьнем ад маскоўскае артадоксіі. Лідэры праваслаўнага брацкага руху – апосталы эпохі: Лаўрэн і Сьцяпан Зізаніі, Мялет Сматрыцкі, Пятро Магіла. Невыпадкова галоўны герой знакавага караткевіцкага бэстсэлера "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" – Юрась Братчык.

Такое братэрства мела велізарнае нацыятворчае значэньне для хрысьціянскае Беларусі. Але з аслабленьнем духу й узмацненьнем міжканфэсійнае барацьбы брацтвы рабіліся цяжкімі рэлігійнымі таранамі. Унутраны падзел паводле формы веры развальваў ВКЛ і дзяліў братоў-беларусаў на "палякаў" ды "рускіх". Як нам не хапіла тады па-эвангельску супольнага хрысьціянскага брацтва!

Брацтвы, галоўны генатып беларускае салідарнасьці, ўзор для ордэну вернікаў і адраджэнцаў – цудоўны шлях грамадзкага ды нацыянальнага разгортваньня сучасных хрысьціянскіх цэркваў. Мацнейшыя за італійскія прафсаюзы ды японскія карпарацыі, беларускія брацтвы зноў павінныя браць на сябе цэлыя гарады. Бо рэальная еднасьць і сумесная дабрачыннасьць, утульны парадак і пачуцьцё локця, сяброўская любоў і ўсеагульная справядлівасьць па-беларуску называюцца брацтвам.

"Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!..." (Максім Багдановіч, "Краю мой родны...")

                                                                                                       З кнігі "Люблю Беларусь"


Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец