Сэрца Эўропы б'ецца ў табе 04.12.2016 19


"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця" (Кніга выслоўяў Саламонавых, 4:23)
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя. Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе." (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця: Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!” (Мацьвея 5:8.)
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Крыніцы 14.08.2016 2

Беларусь – краіна-крыніца.

Вобраз бліскучы, жывы й празрысты. Галоўныя рэкі Ўсходняй Эўропы выцякаюць са спрадвечных балотаў і водападелаў Міжмор’я, абжытых беларусамі. Беларускія крыніцы наталяюць вадою суседзяў: Дняпро з Прыпяцьцю – стэпавую Украіну, Нёман і Вялья – Літву, Дзьвіна – Латвію, Буг і Нарач – Польшчу. Нават расейская Волга пачынаецца на этнічна беларускім Валдайскім узвышшы. Адсюль, быццам з забытага, зарослага глухім лесам Эдэму, цякуць вялікія патокі ва ўсе чатыры стараны сьвету. Бо гэта “З Эдэму выплывала рака на арашэньне раю, і потым разьдзялялася на чатыры ракі...” (Быцьцё 2:10). Волга на Ўсход, Дняпро на Поўдзень, Дзьвіна на Захад, Ловаць з Волхавам да Ноўгарада, Ладагі, Нявы – на Поўнач.

Крыніца – ключавы сымбаль Беларусі.

Дажджы й росы, талыя воды й туманы перапаўняюць набрынялую вільгацьцю зямлю, сочацца скрозь глебу, фільтруюцца праз крышталёвыя пясочкі, намнажаюцца, а потым пад ціскам тоўшчаў мкнуць да сьвятла й паветра, і струменяць ключом чысьцюткае жывое вады. Гэтак, тыпова па-беларуску, нараджаецца цуд тварэньня Божага.

Беларуская зямля крынічыць амаль паўсюль – у лесе, балотах, на дне азёраў ды схілах узгор’яў. Калі вада халодная й празрыстая – значыць, блізка крыніца. Ціхая, сьцюдзёная крынічка ў гушчары зь берасьцяным кубкам для піцьця на галінцы – такі ж фірмовы знак Беларусі, як “Песьняры”, гружаны БелАЗ або Крыж Эўфрасіньні Полацкай. “Крыніцай” называецца самае папулярнае беларускае піва, лепшыя рэстарацыі й санаторны комплекс пад Менскам. Беларуская паэзія бруіць крыніцамі скрозь, ад Багдановіча да Сокалава-Воюша.

Паняцьце крыніцы для беларускай нацыянальнай ідэі поўнае сэнсу: гістарычнага, геапалітычнага, культуровага, духовага. Беларусь – першапачатак і першапрычына сусьветнай значнасьці.

Мы глядзім тэлевізію, слухаем радыё, чытаем кнігі й газэты, на кожным кроку сустракаемся з загадкавай мэлядычнасьцю й веліччу Расеі, з рамантызмам і ўзьнёсласьцю Польшчы, манюшкамі й арэшкамі, ліцьвінамі й, вядома ж рабіновічамі, з фактамі беларускага паходжаньня тысячаў – так, тысячаў! – знакамітых паэтаў, прарокаў, правадыроў; ужо як належнае ўспрымаем родныя беларускія мясьціны галівудзкіх зорак, ізраільскіх дзеячоў, амэрыканскіх кангрэсмэнаў і эўрапейскіх славутасьцяў, знаёмае ў імёнах, фразах, асацыяцыях – і нават не даем сабе справаздачы, што так багата істотнага бярэ свой пачатак у Беларусі!

Азірніцеся вакол. Зацінае дых, аж хочацца плакаць ад жалю і шчасьця: адлюстраваньні самае сьветлае й ахвярнае ў Эўропе любові, пералівы найглыбейшае сьпеўнасьці й мяккасьці, пробліскі яснае й глыбокае, ціхае, цярплівае прыгажосьці – вось ад чаго на велізарным абшары млее Расея, вось чым пыша Польшча, вось чым зьзяе Ізраіль, вось што калыхаецца, кіпіць і сьвеціцца, прабіваючыся да сьвятла з-пад зямлі, ад Белага мора да Чорнага, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну!

І калі вы пачуеце ўлюбёнае поўнагалосае аканьне і сьціслае, быццам птушынае ціўканьне, дзеканьне й цеканьне, памяншальна-ласкальныя абароты праз слова, мілыя ноткі, знаёмыя зь дзяцінства, у пастаянных спасылках, канчаткі на “іч – ыч”, “онак –ёнак”, і “эня – еня”, кропелькі роднасьці ў тытрах ды цытатах, калі вы адчуеце гэтыя шчырыя й чыстыя токі, пранізлівы рытм вялікага Сэрца ў пульсах Кіева, Вільні, Варшавы, Масквы, Піцера й Ерусаліма – шукайце беларускіх крыніцаў.

Вы пачынаеце адчуваць, што перад вамі чыстая, як сьляза, беларускасьць. І што гэта? Вашыя вочы міжволі робяцца крыніцамі.

У невычэрпным альтруізме, якім, як крывёю, сплывае Беларусь, якім пяюць і пояць беларускія крыніцы, празрыста бруяць эвангельскія словы Хрыста: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, што пацячэ ў жыцьцё вечнае .” ( Яна 4:14 )


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Вялікая расейская культура 02.10.2015 26


Вялікая Расейская Культура і цяпер прымушае са значэньнем падымаць вочы ўгару цяперашняе насельніцтва 1/6 сушы.
Вялікая Расейская Культура пасёньня выхоўвае геніяў і захоўвае арэол сьвятасьці.
Вялікую Расейскую Культуру ведае й любіць увесь сьвет.
А ўсё таму, што Вялікая Расейская Культура трымаецца на беларускасьці .
Так было цэлае тысячагодзьдзе суседзтва. Чым больш Беларусь пазнавала Расею, і чым большай рабілася Расея – тым больш Беларусь імкнулася зьмяніць Расею.
І калі перабіраеш беларусаў, якія тварылі ў Расеі – да глыбіні душы ўражвае гэтае бясконцае ахвяраваньне сабою, нават сваёй ліцьвінскасьцю, дзеля аграмаднай краіны, дзеля свайго блізкага, дзеля ворага, у адказ на гвалт, заваёвы й прыніжэньні .
Біблія Скарыны, Фёдарава, Мсьціслаўца. Цудоўная аздоба цэркваў ды манастыроў – іканапіс, беларуская рэзь, кафля, ліцьцё, шкло ... У 1662 г. толькі ў Маскоўскай Срэбнай Палаце працавала больш за 40 майстроў толькі зь Віцебска й Полацка. Кнігі Полацкага, падручнікі Капіевіча, граматыка Сматрыцкага, беларуская мова, паэзія, барока ... Беларуская душа, узвышаная й сьветлая, струменіла, праменіла, пераплаўляла.
Беларусь у поўнай ступені вычула на сабе бяздушнасьць імпэрыі, цяжар усходняе пыхі, драпежнасьць Масквы й жорсткасьць Піцера. Адказам стаў наймагутнейшы дар драматычнага, прарочага хрысьціянства – Дастаеўскі. "Злачынства і пакараньне", "Ідыёт",  "Браты Карамазавы", "Бесы". Ня проста вялікія псыхалягічныя раманы – удары ў самае сэрца монстра. "Загадкавая руская душа"? Колькі грубасьці, жорсткасьці й хамства было ў тае душы, што дзеля яе Беларусь патраціла паўжыцьця й столькі геніяў!
Беларускую чысьціню, узьнёсласьць, інтэлігентнасьць у Расеі заўважыш адразу і не пераблытаеш ні з чым. Беларушчына ў Расеі – гэта "Гора ад розуму" Аляксандра Грыбаедава, якое, з гора ці ад розуму, разабралі на цытаты ; вольналюбівая публіцыстыка Зьміцера Пісарава й Валерыі Навадворскай ; самая рамантычная мроя дзяцінства "Пунсовыя ветразі" Аляксандра Грына, казка Юрыя Алешы "Тры таўстуны". Нават  “Дуброўскі" Пушкіна – гэта адсюль: прататып Дуброўскага – аршанскі шляхціч Астроўскі.
Беларускасьць у Расеі – гэта Іван Бунін з роду Гедзімінавічаў, пранізьлівы лірык, геніяльны і ў прозе, і ў паэзіі, які да апошняга заклікаў Русь трымацца Бога – і напісаў пра нашэсьце бальшавікоў "Акаянныя дні" (Нобэлеўская прэмія не абы-якога – 1933 году).
Беларускасьць у Расеі – гэта Музыка. Такія хвалі насамрэч могуць ускалыхнуць найвялікшую на зямлі краіну ад Масквы да самых да ўскраінаў. Глінка, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч, Растраповіч!..
А знакаміты расейскі балет, якім так ганарацца расейцы ? Яго заснавалі балерыны Азарэвічы са Шклова й Восіп Казлоўскі, які працаваў у Слоніме ды Троках.
Берасьцейскія, магілёўскія, віленскія, барысаўскія, рэчыцкія, смаленскія, ігуменскія шляхцічы, дзеці паўстанцаў Касьцюшкі ды паплечнікаў Каліноўскага, соль нацыі, ехалі ў Маскву, Піцер, Ніжні – каб пераадольваць імпэрыю словам, мэлёдыяй і духам.
Беларусь так хацела пераўвасобіць Расею!.. Беларусы наглядна паказвалі, як гэта робіцца, ў першых тэатрах, якія пачалі выступаць у Расеі. Але імпэрыя заставалася сабой – і Беларусь выводзіла на сцэну паплечніка Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанку.
Беларусь, чыстая, сьветлая, натхнёная, скразіла і ў паэзіі беларусаў Яўгена Яўтушэнкі й Міхала Ісакоўскага, у адкрыта лібэральным "Новом Мире" беларуса Аляксандра Твардоўскага, у шчырых да хрыпаты сьпевах беларуса Ўладзіміра Высоцкага й іранічных балядах беларуса Андрэя Макарэвіча!
Ува ўсіх іх – вы ўзгадайце, у радках і нотах, інтанацыях і тэмбрах – адчуваецца штосьці да болю наскае, такое пранізьлівае, мяккае й сьпеўнае. Усіх іх родніць крынічная празрыстасьць і прыдыханьне любові. Беларуская культура, нябачнае войска маленькага акупаванага краю, зрабіла полем бітвы ўсю гіганцкую імпэрыю – і ўрэшце ўзьняла па-над ёю пераможныя сьцягі вялікае літаратуры, мастацтва, музыкі.
Не дэспатыі! Не тыраніі! Дэмакратыя і адкрытасьць! Праўда й свабода! – гэта пасланьне Ўсходу ад Беларусі бачнае сёньня ўсяму сьвету празь Вялікую Расейскую Культуру.

                        З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларуская мова 08.08.2015 12



Мова – плоць і кроў нацыянальнай ідэі.

Фэномэн слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: "Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога..." (Яна, 1:1)

Народжаная ў вялікім Міжмоўі, беларуская мова стагодзьдзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычаньні – але так і засталася найбліжэйшай да індаэўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.

Скрышталізаваная хрысьціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай эвангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпляматычных дачыненьняў у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі.

Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. – у той жа час, што і ангельская – і, між іншым, раней за францускую ды расейскую.

Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай "Беларусь", яна стагодзьдзямі вучыла акаць окаянную Россию і дзякаваць няўдзячную Жмудзь.

Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў.

І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., "зьліццё" й 70-гадовую русіфікацыю, паводле перапісу 1999-га больш 40% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 85,6% назвалі мову роднаю. Таму і ТБМ для Беларусі – не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэньня.

Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаворыць бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты – фанэтыку, граматыку й лад – жывое беларускае мовы, саступіўшы расейскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленьне беларускасьці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленьняў.

Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нарасьпеў. Паводле філялёгіі, гэта ёсьць адным з ключавых адрозьненьняў беларускай ад расейскай: “Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сьцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваньнем па ўсім складовым прасьцягу слова. Гэта – другое паўнагалосье, што адбылося ў пэрыяд узьнікненьня старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.” (А. Яскевіч, “Сумежжа”)

Як ні стараліся захопнікі – мову ў нас не адняло.

Але беларускамоўнасьць яшчэ не азначае беларускасьці. Бо, як напісана да Карыньцянаў, 3:1: "Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі".

Мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле сьпеўнасьці другая ў Эўропе пасьля італійскае, з той празрыстай мяккасьцю, якой так бракуе цьвёрдай расейскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор'я, прасякнутая эўрапейскай далікатнасьцю й налітая ўсёй славянскай сілаю – беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для сьлёзаў пакаяньня, малітвы й эвангельскай прамовы. Для палкае, пранізьлівае й узьнёслае пропаведзі Хрыста.

Мова веры, праўды, сьвятасьці, пяючая, захапляючая сваёй простасьцю, лёгкасьцю й мэлёдыкай – у беларускай ёсьць штосьці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.

Сучасная беларускамоўнасьць – безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску – значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык.

Беларуская мова – гэта інтэлігентнасьць. Нават больш – гэта сама культурнасьць.

У аканьні й яканьні, зацьвярдзеньні "ч" і "р", дзеканьні й цеканьні, фрыкатыўным "г" і падаўжэньні зычных у інтэрвакальным становішчы беларускай мовы пераліваецца ўсё бруеньне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, сьпевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі.

У абаротах беларускае мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, зь яе іскрамі ўспыхвае мэнтальнасьць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.

Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае – невымоўнае шчасьце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.

               З кнігі "Люблю Беларусь"

Закон 12.06.2015 16


"Хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні." (Якава 1:25)

Закон – найважнейшае паняцьце духовасьці й адзін з ключавых тэрмінаў Бібліі. Закон Божы стагодзьдзямі быў абавязковым і фундамэнтальным прадметам адукацыі ў беларускіх школах, калегіюмах і акдэміях. Закон – непарушная крэпасьць беларускае гісторыі, падмурак мэнтальнасьці й цытадэль самой нацыянальнай ідэі.

Беларускі Закон даў сьвету шэдэўры правасьвядомасьці.

Статут ВКЛ, лепшы звод законаў Эўропы эпохі Рэфармацыі, якім захапляліся Марцін Лютэр і Гуга Калянтай, быў кадыфікаваны тройчы за адно XVI стагодзьдзе – і заўважце, будаваўся на біблійных падставах.

Знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы аб рэлігійнае талеранцыі, складзеныя беларусамі, абавязвалі караля Францыі да верацярпімасьці – і гэта ў эпоху Варфаламееўскае начы!

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. сталася другой у сьвеце пасьля амэрыканскай і першай у Эўропе.

Нарэшце, галоўны сусьветны раман пра злачынства й пакараньне – зноў-такі з хрысьціянскіх пазыцыяў – напісаў нашчадак ліцьвінскай шляхты Хведар Дастаеўскі: цяпер студэнты ва ўнівэрсытэтах паловы плянэты вывучаюць псыхалёгію грэху й сумленьня паводле клясычных беларускіх уяўленьняў.

Ажно сам зьдзіўляесься – настолькі вострым і пранізьлівым аказваецца адчуваньне законнасьці для беларускага мэнталітэту. Але насамрэч усё проста. Цэлае тысячагодзьдзе беларусаў як нацыю фармавала хрысьціянства – наймагутнейшы маральны Закон за ўсю гісторыю чалавецтва. Дзесяць запаведзяў. Другазаконьне. Нагорная пропаведзь, у рэшце рэшт.

І таму ў глыбі Сярэднявечча – і ў глыбіні душы сучасных беларусаў – жыве, жыве той крышталёва чысты дыямант Закону, што здольны зьдзівіць увесь сьвет сваім бляскам і празрыстасьцю.

Гэта ў ім тоіцца сакрэт захапляючага асьвечанага дэмакратызму нашае гісторыі. Гэта ён – прычына незвычайнае беларускае выканальнасьці й нястрымнага жаданьня падпарадкоўвацца ўладзе, велічных руінаў законапаслухмянасьці. Гэта ў ім скрозь смутныя часы люструюць і пераліваюцца талеранцыя, цярплівасьць і прыстойнасьць – бліскучыя грані першапачатковае, Богам закладзенае ў Беларусь ідэальнае заканамернасьці. Таго Закону, для якога свабода – катэгорыя адказнасьці. Таго Закону, выпрабаваньня якім ня вытрымала яшчэ ніводная эпоха ці цывілізацыя. Таго Закону, вышэй за які толькі міласэрнасьць.

Закон – гэта напісанае. Такая моцная павага да дакумантаў, да друкаванага слова, кнігацэнтрызм і інтэлігентнасьць культываваліся ў беларусах усе 10 вякоў.

Вам ужо зразумела, адкуль у беларусаў такая прыніжальная пакорлівасьць перад чужымі парадкамі? Так нацыя Закону Божага расплочваецца за тое, што не захацела падпарадкоўвацца Найвышэйшаму Парадку. Сувора? Але справядліва. Закон ёсьць закон.

“Ісус прыйшоў не скасаваць закон, а выпаўніць” (Мацьвея, 5:17). Гэтак жа і ў хрысьціянскай Беларусі выпаўняліся сусьветныя законы Божыя.

Беларусь, сэрца Эўропы, была Заляю суда й Лобным месцам адначасова. Тут, як на арэне, зладзейнічалі, асуджалі, абвяшчалі прысуды й каралі.

Будзьце пэўныя, на Страшным Судзе імя "Беларусь" будзе гучаць часьцей за многія іншыя. "Бо праўду кажу вам: пакуль мінецца неба й зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закону, пакуль ня збудзецца ўсё" (Мацьвея 5:18).

Калі Беларусь вернецца да Бога – яна мае ўсе шанцы зрабіцца духовым заканадаўцам. Каб тое, што кажа сэрца, было для Эўропы законам.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец