Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VII. 28.02.2016 23


Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Люблю Беларусь” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма.

Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш.

Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі, што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім.

Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IV. 31.01.2016 67


“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера.

Бель Беларусі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар'яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца.

Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!

Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.

Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці.

Беларусь ("белая" – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню Полацкую, Клімэнта Смаляціча й Кірылу Тураўскага.

Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам "выбар веры" меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага "Залатога веку" – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі.

І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові.

Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкнэньне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – "Магутны Божа". Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу "палюбі бліжняга свайго як самога сябе", непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць "па-заходняму" дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Святлана Алексіевіч і беларуская місія 12.12.2015 64


                                                                                                            Любіце ворагаў вашых,
                                                                                                            Рабіце дабро ненавіснікам вашым,
                                                                                                            Дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых
                                                                                                            І маліцеся за напаснікаў вашых.
                                                                                                                                     Лукі 6:27-28

Светлае імя


У 2015-м у гісторыю Беларусі увайшла Святлана Алексіевіч. Цяпер яе Нобель - такі ж факт календара XXI стагоддзя, як і Плошча 2010-га альбо Менскія перамовы па Украіне 2014-га.

Але больш таго - расейскамоўная Святлана Алексіевіч заззяла яшчэ адной зоркай эпічнай бітвы, якую вось ужо тысячу гадоў светлая Беларусь вядзе на Усходзе – за душу Расеі.

Ва ўсіх сваіх кнігах Святлана Алексіевіч мэтанакіравана выяўляе савецкага чалавека. Чырвонага чалавека. Генэтычна мадыфікаванага Франкенштэйна, заквашанага бальшавізмам, масавым тэрорам, раскулачваннем, вялікарасейскім шавінізмам і ў рэшце рэшт, канчаткова скалечанага абязбожваннем.

Калі хочаце, Святлана Алексіевіч – светлае беларускае люстэрка, у якое глядзіцца расейская цемра.

Глядзіцца. Брыдзіцца. Не падабаецца масаваму спажыўцу тэлевізарнага эфіру ад Калінінграда да Уладзівастока узірацца ва ўласныя глыбіні. Страшна.

У гэтым сэнсе Алексіевіч робіць тое ж самае, што рабілі ў свой час Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Пётра Мсціславец, Мялет Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Уладзімір Высоцкі, Валерыя Навадворская . Беларускія з паходжання волаты, якія гарэлі місіяй збавіць Расею.

Чаму ў Нобелеўскай лекцыі Святлана Алексіевіч найбольш казала пра Расею? За Расею? Для Расеі?..

 Чаму Расея

Нас трасе ад Расеі.

Блізіня невыносная. З усіх суседзяў, пацярпелых ад маскоўскае ласкі, менавіта, мы, найпершыя ахвяры лютасці, няўмольнасці і крывавага гвалту, мы адныя – ня можам расейцаў узненавідзець.

Навошта нам, такім маленькім, такім утульным і такім глыбокім, гэты крыж – наш найдалейшы бліжні, самая буйная ды разгульная краіна ў свеце з настолькі шырокай душой, што яна проста разрывае нас на шматкі?

Адно з галоўных наканаванняў беларускага лёсу – евангельская місія ў Расеі. Гэта відавочна для кожнага, хто хоць трохі задумваецца над гісторыяй.

Беларусь заўжды была для Расеі ўспышкай святла – наймацнейшым раздражняльнікам для цёмнай пыхі і дэспатыі, бліскучым выклікам пячорнай дрымоце імперыі.

Беларусь прыняла Хрыста, калі Масквы і не было на свеце. Яшчэ маленькай будучую Расею - Уладзіміра-Суздальскую Русь -спрабавалі навярнуць нашы місіянеры ХІІ стагоддзя – Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі. Затопленае на 300 гадоў Ардой, цьмянае Маскоўскае княства глядзела на святло з Захаду прымружана, з кепска схаванай зайздрасцю і пакутлівай падазронасцю.

Паталагічнае расейскае антызаходніцтва – насамрэч адсюль.

 ВКЛ і ВЫКЛ

Стагоддзямі Расея прагнула пагасіць ВКЛ гвалтам, вайной, фізічным знішчэннем – а ў адказ Беларусь высільвалася збавіць Расею верай, культурай ды асветай.

Скарына прывёз у Маскву друкаванае Святое Пісьмо – спалілі. Федаровіч і Мсціславец заснавалі друкарню й пачалі друкаваць Біблію па-маскоўску – выгналі. У адказ на захоп Полацку ў 1563-ім уніяцкі манах Сімяон робіць бліскучы рэйд у сэрца імперыі, запачаткоўвае вялікую расейскую літаратуру, робіцца асветнікам і выхавацелем царскіх дзяцей.

З Расеі ішоў Патоп 1654-67 гг, калі мы страцілі кожнага другога (найстрашнейшы генацыд у нашай гісторыі!), Паўночная вайна з 800 тысячамі ахвяраў, спаленымі касцёламі, цэрквамі й цэлымі гарадамі, і, нарэшце, канчатковая акупацыя ў канцы ХVIII стагоддзя.

А з Беларусі ішлі духовыя пасольствы Епіфанія Славінецкага ды Амброзія Вашкевіча, што змянялі змрочную маскоўскую царкву. Мітрапаліт Пётр Магіла адукаваў расейскіх святароў ды фармуляваў спавяданне веры, прынятае ўсімі праваслаўнымі цэрквамі сьвету. Мялет Сматрыцкі падрыхтаваў для расейцаў славутую Граматыку, якую, нароўні з “Псалтыром Рыфматворным” Полацкага, называў брамамі сваёй вучонасці Міхайла Ламаносаў. Ілля Капіевіч выдаў дзясяткі падручнікаў і распрацаваў для Расеі Пятра грамадзянскі, ён жа беларускі шрыфт, якім сотні мільёнаў носьбітаў кірыліцы карыстаюцца дагэтуль.

Раз’ятраная імперыя Беларусь укрыжоўвала. Ліквідацыя Вуніі, скасаванне Статута, знішчэнне мовы й гістарычнай памяці, нават забарона імя “Беларусь” – крывавыя ўдары наскрозь.

 Беларусь: штурм любові

Але неверагодны контрнаступ беларускага святла ў ХІХ-ХХ стагоддзях нагадвае біблейскія цуды.

Беларусь малілася за сваіх забойцаў вуснамі геніяў. Паміраючы на крыжы, усё імкнулася збавіць Расею сабой. Хрысьціянскі прарок Дастаеўскі, нашчадкі ліцвінскіх шляхецкіх родаў Грыбаедаў, Грын і Бунін, аўтар расейскага гімну Глінка, Стравінскі, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч пераплаўлялі расейскае грамадства пранізліва евангельскай культурай.

Параза імперыі праз Беларусь была прадвырашаная. Калі ў 1898-ым у Менску сабраўся І зьезд РСДРП - партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў -, калі ў 1917-ым Мікалай ІІ, выехаўшы са стаўкі ў Магілёве, выракся прастолу, калі ў 1991-ым, на самай заходняй мяжы захопленай Беларусі у Віскулях, у маленькім доміку пад бел-чырвона-белым сцягам рухнуў СССР – усяму свету зрабілася ясна, дзе ключ ад расейскага сэрца

. Менавіта Беларусь - чыстая, светлая, натхнёная - скразіла ў героях свабоды і праўды расейскага ХХ стагоддзя – паэзіі Яўгена Еўтушэнкі і Міхаіла Ісакоўскага, у адкрыта вальналюбным “Новом мире” Аляксандра Твардоўскага і канцэртах Мсціслава Растраповіча, у шчырых да хрыпаты спевах Уладзіміра Высоцкага ды іранічных баладах Андрэя Макарэвіча, у ціхай адвазе праваабаронца Сяргея Кавалёва і бязлітаснай яснасці Валерыі Навадворскай…

Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.

Таму пераможная беларуская стратэгія ў змаганні з Масквой, выпрабаваная стагоддзямі гісторыі – наступальная. Ані роспачная абарона, ані свядомасць “асаджанай крэпасці”, ані сцяна на ўсходняй мяжы не ўратуюць. Выжывае ня той, хто крычыць “Я не хачу паміраць!”. Выжывае той, хто кажа сабе: “Я ведаю, дзеля чаго мне жыць”, – і ідзе наперад.

Шлях хобіта Фрода з “Валадара колцаў”: адважны ўдар з астатніх сілаў у самае сэрца.

 Беларуская місія

У рэшце рэшт, чалавека, як і народ, ацэньваюць не па тым, колькі ён мае, а па тым, колькі ён аддае.

Аддаючы з любоўю, ахвяруючы – нашмат больш набываеш Там.

Беларуская місія ў Расеі сёння – гэта беларускія святары-каталікі ад Піцера да Далёкага Ўсходу; беларускія пратэстанты з вялізнымі музычнымі евангелізацыйнымі служэннямі; беларускія прыхільнікі Аляксандра Меня; самаадданыя журналісты і творцы.

Сапраўдны беларускі прарыў на Усход – гэта не вынаходніцтва кампутаровых стралялак, а хрысьціянскія інтэрнэт-праекты, выдавецтвы ды дабрачынныя служэнні. Замест сённяшніх беларусачак для Цвярской ды стрыптыз-бараў – цуды прыгажосці, вобразы цнатлівасці і сямейнага шчасця. Беларускае Радыё Вера, Тэлевізія Любоў, біблейскае асветніцтва, міжканфесійныя сацыяльныя сеткі, новыя духовыя рухі на ўзор “Чыстых сэрцаў”, міжканфесійнае хрысціянскае трыадзінства – усё гэта Расея можа ўспрыняць хіба толькі ад братоў-беларусаў.

 

Якім мусіць быць беларускі адказ на барадатых расейскіх казакоў з аўтаматамі, авіяцыйныя базы, ядзерныя эфіры “Расеі-24”?


Кнігі Алексіевіч для Масквы і Піцера. Масавыя беларускамоўныя курсы ад Беластоку да Смаленску. Шматтысячныя малітвы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. “Пагоня” на футболе ў Лужніках.


Хто збавіць Расею


Безумоўна, Беларусь мусіць быць незалежнай – каб адасобленасць святасці, выяўленая ў хрысціянскай нацыянальнай ідэі, свяціла найясьней.

Але цяперашняя нясцерпная блізкасць Расеі – такая, што ўвушшу яе шэпт, у роце яе язык, а абедзьве шчакі ўжо гараць ад удараў – азначае, што надыйшоў час, як бы гэта не было цяжка, яшчэ мацней любіць. Любіць не ўладарную іванагрозную ды пятравялікую фальш – а няшчасных людзей, расейскім фарысействам ды нецярпімасцю засеяных.

 Збавіць Расею – пытанне жыцця і смерці для самой Беларусі.

Бо Беларусі наканавана любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая кажа: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых”.

І толькі тады, калі агаломшаная любоўю Расея пачне развальвацца, сумнявацца, каяцца, выракацца імперскай пыхі і адкрывацца Богу (грандыёзнае відовішча, якое натхняла найвялікшых беларусаў!) – мы нарэшце ўбачым, Каго насамрэч хацела ўкрыжаваць у Беларусі імперыя.

Праз Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам Расею збаўляе Ісус.

Балота 01.12.2015 12



Балота — сон апоенай вадою беларускай зямлі.

У Беларусі знаходзіцца самае вялікае балота сьвету, сьцьвярджае Кніга рэкордаў Гінэса.

Яшчэ Герадот апісваў гэтую ўскраіну айкумены як суцэльнае мора, а пэрсыдзкі цар Дарый І падчас свайго легендарнага паходу на скіфаў назваў Беларусь краінай вод і туманаў.

"Беларусь? А, гэта балота" — скажуць суседзі. Сапраўды, вы знойдзеце балота і ў нашай палітыцы, і ў культуры, і ў мэнтальнасьці. Беларусь, якая пагружаецца ў апатыю, ляноту й грэх, больш за ўсё нагадвае багну.

12% плошчы Беларусі — 7,5 мільёнаў гектараў — занята балотам. Найбуйнейшыя іх масівы — на Палесьсі й у паазёрскае нізіне. Беларускія балоты — гэта здабыча торфу і збор журавінаў на экспарт.

Барбарская савецкая мэліярацыя, якая рабіла зь Беларусі пляцдарм для разгортваньня сухапутных сілаў, расчляняла й абязводжвала беларускія балоты, прывяла да катастрафічнага апустыньваньня і пясчаных бураў на былых тарфяніках — зараз іх адчайна забалочваюць наноў.

Госпад увасобіў у балотах Беларусі нашу ўнутраную сілу й дрымотны патэнцыял. Летапісныя дрыгавічы, «Шляхціц Завальня» і коласаўскі партызан Дзед Талаш — нашыя архетыповыя тоўшчы. Балоты — гэта беларускі кансэрватызм як ён ёсьць.

Балоты — наша багацьце і наша пракляцьце. Беларускія балоты спынілі мангола-татараў і крыжакоў, у іх загрузьлі і Крэмль, і Трэці Рэйх. Дрыгва, дзе бяз доступу кіслароду перагнівае й назапашваецца ў мнагамэтровую тоўшчу ўсё колішняе адмерлае жыцьцё, якая зацягвае, засмоктвае і захоўвае — бяздонна глыбокае параўнаньне для сёньняшняга стану Беларусі.

Людзі на балоце — гэта пра нас. Беларускае грамадзтва занадта часта стоенае й інэртнае. «Балота» — нацыянальная беларуская хвароба, на ўзор ангельскага «спліну» ці расейскае «тоскі».

Увогуле, у беларускай душы заўжды знойдзецца куточак балота.

І ўсё-такі беларускае балота — гэта першастварэньне тых біблійных часоў, калі воды яшчэ не былі аддзеленыя ад зямлі.

Царства казачна рэдкіх расьлінаў і птушак. Лёгкія Эўропы, падваліны экалягічнае інфраструктуры Міжмор’я й недатыкальны запас чалавецтва.

Беларусам даручана берагчы ды ахоўваць прарочыя сны балотаў.



З кнігі "Люблю Беларусь"

Сэрца Эўропы 24.10.2015 17


"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця", кажа Біблія.
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя.
Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе." (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця.
Боль, жарсьці, найвышэйшыя  падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!”
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..
З кнігі "Люблю Беларусь"

Вялікая расейская культура 02.10.2015 26


Вялікая Расейская Культура і цяпер прымушае са значэньнем падымаць вочы ўгару цяперашняе насельніцтва 1/6 сушы.
Вялікая Расейская Культура пасёньня выхоўвае геніяў і захоўвае арэол сьвятасьці.
Вялікую Расейскую Культуру ведае й любіць увесь сьвет.
А ўсё таму, што Вялікая Расейская Культура трымаецца на беларускасьці .
Так было цэлае тысячагодзьдзе суседзтва. Чым больш Беларусь пазнавала Расею, і чым большай рабілася Расея – тым больш Беларусь імкнулася зьмяніць Расею.
І калі перабіраеш беларусаў, якія тварылі ў Расеі – да глыбіні душы ўражвае гэтае бясконцае ахвяраваньне сабою, нават сваёй ліцьвінскасьцю, дзеля аграмаднай краіны, дзеля свайго блізкага, дзеля ворага, у адказ на гвалт, заваёвы й прыніжэньні .
Біблія Скарыны, Фёдарава, Мсьціслаўца. Цудоўная аздоба цэркваў ды манастыроў – іканапіс, беларуская рэзь, кафля, ліцьцё, шкло ... У 1662 г. толькі ў Маскоўскай Срэбнай Палаце працавала больш за 40 майстроў толькі зь Віцебска й Полацка. Кнігі Полацкага, падручнікі Капіевіча, граматыка Сматрыцкага, беларуская мова, паэзія, барока ... Беларуская душа, узвышаная й сьветлая, струменіла, праменіла, пераплаўляла.
Беларусь у поўнай ступені вычула на сабе бяздушнасьць імпэрыі, цяжар усходняе пыхі, драпежнасьць Масквы й жорсткасьць Піцера. Адказам стаў наймагутнейшы дар драматычнага, прарочага хрысьціянства – Дастаеўскі. "Злачынства і пакараньне", "Ідыёт",  "Браты Карамазавы", "Бесы". Ня проста вялікія псыхалягічныя раманы – удары ў самае сэрца монстра. "Загадкавая руская душа"? Колькі грубасьці, жорсткасьці й хамства было ў тае душы, што дзеля яе Беларусь патраціла паўжыцьця й столькі геніяў!
Беларускую чысьціню, узьнёсласьць, інтэлігентнасьць у Расеі заўважыш адразу і не пераблытаеш ні з чым. Беларушчына ў Расеі – гэта "Гора ад розуму" Аляксандра Грыбаедава, якое, з гора ці ад розуму, разабралі на цытаты ; вольналюбівая публіцыстыка Зьміцера Пісарава й Валерыі Навадворскай ; самая рамантычная мроя дзяцінства "Пунсовыя ветразі" Аляксандра Грына, казка Юрыя Алешы "Тры таўстуны". Нават  “Дуброўскі" Пушкіна – гэта адсюль: прататып Дуброўскага – аршанскі шляхціч Астроўскі.
Беларускасьць у Расеі – гэта Іван Бунін з роду Гедзімінавічаў, пранізьлівы лірык, геніяльны і ў прозе, і ў паэзіі, які да апошняга заклікаў Русь трымацца Бога – і напісаў пра нашэсьце бальшавікоў "Акаянныя дні" (Нобэлеўская прэмія не абы-якога – 1933 году).
Беларускасьць у Расеі – гэта Музыка. Такія хвалі насамрэч могуць ускалыхнуць найвялікшую на зямлі краіну ад Масквы да самых да ўскраінаў. Глінка, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч, Растраповіч!..
А знакаміты расейскі балет, якім так ганарацца расейцы ? Яго заснавалі балерыны Азарэвічы са Шклова й Восіп Казлоўскі, які працаваў у Слоніме ды Троках.
Берасьцейскія, магілёўскія, віленскія, барысаўскія, рэчыцкія, смаленскія, ігуменскія шляхцічы, дзеці паўстанцаў Касьцюшкі ды паплечнікаў Каліноўскага, соль нацыі, ехалі ў Маскву, Піцер, Ніжні – каб пераадольваць імпэрыю словам, мэлёдыяй і духам.
Беларусь так хацела пераўвасобіць Расею!.. Беларусы наглядна паказвалі, як гэта робіцца, ў першых тэатрах, якія пачалі выступаць у Расеі. Але імпэрыя заставалася сабой – і Беларусь выводзіла на сцэну паплечніка Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанку.
Беларусь, чыстая, сьветлая, натхнёная, скразіла і ў паэзіі беларусаў Яўгена Яўтушэнкі й Міхала Ісакоўскага, у адкрыта лібэральным "Новом Мире" беларуса Аляксандра Твардоўскага, у шчырых да хрыпаты сьпевах беларуса Ўладзіміра Высоцкага й іранічных балядах беларуса Андрэя Макарэвіча!
Ува ўсіх іх – вы ўзгадайце, у радках і нотах, інтанацыях і тэмбрах – адчуваецца штосьці да болю наскае, такое пранізьлівае, мяккае й сьпеўнае. Усіх іх родніць крынічная празрыстасьць і прыдыханьне любові. Беларуская культура, нябачнае войска маленькага акупаванага краю, зрабіла полем бітвы ўсю гіганцкую імпэрыю – і ўрэшце ўзьняла па-над ёю пераможныя сьцягі вялікае літаратуры, мастацтва, музыкі.
Не дэспатыі! Не тыраніі! Дэмакратыя і адкрытасьць! Праўда й свабода! – гэта пасланьне Ўсходу ад Беларусі бачнае сёньня ўсяму сьвету празь Вялікую Расейскую Культуру.

                        З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларуская мова 08.08.2015 12



Мова – плоць і кроў нацыянальнай ідэі.

Фэномэн слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: "Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога..." (Яна, 1:1)

Народжаная ў вялікім Міжмоўі, беларуская мова стагодзьдзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычаньні – але так і засталася найбліжэйшай да індаэўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.

Скрышталізаваная хрысьціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай эвангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпляматычных дачыненьняў у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі.

Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. – у той жа час, што і ангельская – і, між іншым, раней за францускую ды расейскую.

Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай "Беларусь", яна стагодзьдзямі вучыла акаць окаянную Россию і дзякаваць няўдзячную Жмудзь.

Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў.

І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., "зьліццё" й 70-гадовую русіфікацыю, паводле перапісу 1999-га больш 40% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 85,6% назвалі мову роднаю. Таму і ТБМ для Беларусі – не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэньня.

Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаворыць бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты – фанэтыку, граматыку й лад – жывое беларускае мовы, саступіўшы расейскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленьне беларускасьці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленьняў.

Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нарасьпеў. Паводле філялёгіі, гэта ёсьць адным з ключавых адрозьненьняў беларускай ад расейскай: “Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сьцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваньнем па ўсім складовым прасьцягу слова. Гэта – другое паўнагалосье, што адбылося ў пэрыяд узьнікненьня старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.” (А. Яскевіч, “Сумежжа”)

Як ні стараліся захопнікі – мову ў нас не адняло.

Але беларускамоўнасьць яшчэ не азначае беларускасьці. Бо, як напісана да Карыньцянаў, 3:1: "Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі".

Мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле сьпеўнасьці другая ў Эўропе пасьля італійскае, з той празрыстай мяккасьцю, якой так бракуе цьвёрдай расейскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор'я, прасякнутая эўрапейскай далікатнасьцю й налітая ўсёй славянскай сілаю – беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для сьлёзаў пакаяньня, малітвы й эвангельскай прамовы. Для палкае, пранізьлівае й узьнёслае пропаведзі Хрыста.

Мова веры, праўды, сьвятасьці, пяючая, захапляючая сваёй простасьцю, лёгкасьцю й мэлёдыкай – у беларускай ёсьць штосьці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.

Сучасная беларускамоўнасьць – безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску – значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык.

Беларуская мова – гэта інтэлігентнасьць. Нават больш – гэта сама культурнасьць.

У аканьні й яканьні, зацьвярдзеньні "ч" і "р", дзеканьні й цеканьні, фрыкатыўным "г" і падаўжэньні зычных у інтэрвакальным становішчы беларускай мовы пераліваецца ўсё бруеньне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, сьпевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі.

У абаротах беларускае мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, зь яе іскрамі ўспыхвае мэнтальнасьць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.

Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае – невымоўнае шчасьце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.

               З кнігі "Люблю Беларусь"

Любоў 24.07.2015 28



Люблю Беларусь…

Прамаўляецца як пацалунак.

Беларусь, сэрца Эўропы, створаная зь любові.

Беларусы – трапяткая, далікатная й самаадданая нацыя, якая любіць і якую любяць. Любоў – гэта наш спосаб існаваньня. Усё, што даў Беларусі Бог – шчырасьць і ціхую пяшчоту, шчымлівую мяккасьць і ласкавую сьціпласьць, ясныя вочы й натхнёныя душы – усё гэта ад моцнай любові, зь невымоўнай любові й дзеля поўнай любові.

“Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.” (І Яна 4:16)

І пакуты, і ахвяры, і паміраньне за іншых, і Курапаты, і Хатынь, і Чарнобыль – усё гэта было ў імя вялікае любові. “Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго”. (І Яна 4:9)

І беларуская зямелька, сьветлая да драбнюткага чысьценькага пясочку, і трымценьне лісьцікаў, і мігценьне сьняжынак, і сьпеўныя слоўцы, і стрыманая сіла, і саступлівая цярплівасьць, і памяншальна-ласкальная форма імёнаў, і раскоша нашых улюбёных суфіксаў, ад якіх чыста ўся мова празрыстая – гэта характар вялікае любові.

“Любасныя! Будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога й ведае Бога”. (І Яна 4:7)

Беларусь, гэтая ласачка, любушка, зоранька, каханачка – вось ужо тысячу гадоў сэрца Эўропы. Пульсуючае сэрцайка, поўнае любові да Бога й бліжняга! Беларусь – найлепшы сродак супраць нянавісьці.

“Беларусь” – хоць да раны прыкладай. “Бо няма любові большае, як калі хто пакладзе душу сваю за сябраў сваіх.” (Яна 15:13) І суседзяў, і прыхадняў, і нават ворагаў Беларусь любіла той невымоўнай, найвышэйшай любоўю, якая вымагае: “любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых”. (Мацьвея 5:44)

Табе балюча, родненькая? Пацярпі крышачку. Ты ж у мяне самая сьветлая, самая мілая, самая каханая… Любая… Адзіная…

Любоў – місія Беларусі. Вось чаму беларусаў любяць. Братка-беларус, “сябры”, “Белоруссия родная” – ва ўсіх нашых суседзяў “беларус” – вобраз выключна мілы.

Беларусы й беларусачкі – людзі любові. Верныя й узьнёслыя, як Эўфрасіньня й Скарына. Адданыя й палкія, як Караткевіч ды Багдановіч. Натхнёныя й моцныя, як Каліноўскі ды Пазьняк. Хто яшчэ так любіў Польшчу, як Міцкевіч? Расею, як Дастаеўскі? Ізраіль, як Мэір, Перас, Рабін?

… Беларуская нацыя спалучае ў сабе ўсё багацьце пачуцьцяў – але, безумоўна, любоў зь іх найбольшая.

Беларусь – краіна, дзе “быць” і “любіць” – гэта адное й тое ж, дзе “любоў” і “кроў” рыфмуюцца зусім натуралёва, а любоў тоесная болю, ня трэба нават літараў перастаўляць.

У Беларусі адразу ўзгадваеш, што Бог ёсьць любоў. “Любоў, якая акупае ўсе грахі” (Выслоўі Саламонавы, 10:12). Тая звышнатуральная любоў, якая “церпіць доўга, умілажальваецца, не зайздросьціць, не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць!…” (І Да Карыньцянаў 13:4-7)

Ты любіш Беларусь?…

Пачуцьцё любові, як жывая вада, перапаўняе Беларусь – яе цудоўную мэлядычную мову любові, яе ўзвышаную любоўную паэтычнасьць, нашую ўлюбёную ветлівасьць і гасьціннасьць. Любоў найвышэйшае канцэнтрацыі! У гэтым – стоеная сіла й ціхая магутнасьць Беларусі.

Бо запавет Госпада й заснавальніка Беларусі – гэта запавет любові. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім – і палюбі блізкага твайго, як самога сябе”. (Лукі 10:27)

Бо толькі такая любоў можа пераплавіць увадно каталіцтва, праваслаўе й пратэстанцтва.

Толькі такая любоў здольная раздаць усю сябе па кавалачках суседзям.

Толькі такой любові пад сілу пераадолець жах нашых войнаў і нянавісьць іхніх імпэрыяў.

“Люблю Беларусь” – гэта элемэнтарная формула патрыятызму, спрошчаная ад крэда Беларусі: “Люблю, Беларусь”.

Любі Беларусь.

Бо ў любові да Бога, любові да бліжняга, любові да краіны – у гэтых трох іпастасях ЛЮБОВІ й заключаецца ўвесь сэнс беларускай нацыянальнай ідэі.

 

                З кнігі "Люблю Беларусь"


Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец