Полацкая Сафія 29.08.2015 52


Белая бажніца на беразе Дзьвіны.

Дзьве ажурныя вежы, ансамбль ветразяў, што вядуць скрозь гісторыю цэлы горад-карабель. Узмах белых крылаў, які злучае зямлю зь нябёсамі...

Полацкай Сафіі няма роўных сярод усіх пазнавальных і ёмістых відарысаў Беларусі.

Полацкая Сафія – галоўны храм Беларусі.

Пабудаваная ў сярэдзіне ХІ ст. як сэрца нашай першай сталіцы, яна на ўсё наступнае тысячагодзьдзе стала сымбалем беларускай незалежнасьці й духовай велічы. Уласьцівыя усім фэномэнам, сабраным пад гэтай вокладкай, сьветлыя й пранізьлівыя рысы, быццам у яркай успышцы, сфакусаваныя ў цудзе Сьвятое Сафіі.

Велічны храм, Сафійскі сабор паставіў Полацк у адзіны шэраг з галоўнымі хрысьціянскімі цэнтрамі таго часу. Больш таго – ён зрабіўся цэнтрам нацыянальнай крышталізацыі.

Катэдра полацкай праваслаўнай епархіі XI-XVI стст. й вуніяцкая сьвятыня XVII-XIX стст. сымбалічна сплавіла ўвадно Ўсход і Захад сусьветнага хрысьціянства. Узьведзеная ў 1044-1066 гг., Сафія сталася беларускім адказам на раскол усяленскай царквы ў 1054 г. Адгэтуль яна будзе яднаць у пабожным шанаваньні і праваслаўных, і каталікоў – і на 200 гадоў зробіцца цэнтральным храмам грэка-каталіцкай вуніі.

У Полацкім саборы адбываліся галоўныя урачыстыя цырымоніі. Ля сабора зьбіралася веча. Тут утрымлівалася бібліятэка. Храм быў сарцавінай і духоўнага, і грамадзкага, і палітычнага жыцьця, і асьветы, і культуры цягам стагодзьдзяў.

Храм-крэпасьць у Старым Запавеце гісторыі, пасьля перабудовы ў 1738-50 гг. намаганьнямі геніяльнага Глаўбіца яна стала храмам-постацьцю, увасабленьнем сьветліні й узьнёсласьці Новага Запавету. Грандыёзнае ператварылася ў грацыёзнае.

Полацкая Сафія, полацкая Мудрасьць! Тут маліліся Ўсяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня, Францыск Скарына й Леў Сапега, тут вырашаліся лёсы Полацкага княства й вуніяцкай царквы... Дзесьці тут, у багавейным маўчаньні, у таемных шэптах рэха, у гуках аргану можна прачуць усю глыбіню містычных акордаў беларускай гісторыі.

Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы...

Калі глядзіш на гэтае бліскучае віленскае барока, збудаванае на падмурках яшчэ таго храму ХІ ст., на гэты паветраны й сьветлы шэдэўр – ты бачыш само беларускае ўваскрасеньне. Чысты, ясны, захапляючы вобраз.

Да Сафіі падыходзіш, як да праведніка ў белым, як да старца-мудраца, як да апостала.

Храм-анёл удзень, храм-сьвяча ўначы, Сафія – ясны нацыянальны арыентыр, пастаўлены ў полацкім пачатку каардынатаў.

З кнігі "Люблю Беларусь"


Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец