Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IV. 31.01.2016 67


“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера.

Бель Беларусі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар'яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца.

Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!

Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.

Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці.

Беларусь ("белая" – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню Полацкую, Клімэнта Смаляціча й Кірылу Тураўскага.

Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам "выбар веры" меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага "Залатога веку" – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі.

І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові.

Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкнэньне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – "Магутны Божа". Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу "палюбі бліжняга свайго як самога сябе", непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць "па-заходняму" дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IІІ. 16.01.2016 30


Беларуская нацыянальная ідэя – сфэра выключнае духовасьці. І Беларусі, пагарджанай, уцісканай, гнанай за праўду, ня трэба апраўдвацца, камусьці штосьці даводзіць і шукаць пасьведчаньне асобы. Варта проста ўчытацца ў Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста:

“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

Дабрашчасныя пакорлівыя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

Вы – сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

ТАК НЯХАЙ СЬВЕЦІЦЬ СЬВЯТЛО ВАША ПЕРАД ЛЮДЗЬМІ, КАБ ЯНЫ БАЧЫЛІ ВАШЫЯ ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ АЙЦА ВАШАГА, ЯКІ ЁСЬЦЬ У НЯБЁСАХ.” (Мацьвея 5:3-16).

...І зразумець, што гэта Слова для нас, беларусаў.

Па ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьццё асаблівае, дзіўнае і шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па-быкаўску – гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкі чалавек. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе – і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец