Сусветны поспех хрысціянскай дэмакратыі 17.01.2017 11


Яшчэ да ІІ сусветнай вайны хрысціянскія дэмакраты сфармавалі масавыя і папулярныя партыі ў Францыі, Аўстрыі, Баварыі, Нідэрландах, Польшчы, Літве, Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах.

Пасля паразы нацызму і фашызму ў 1945 годзе менавіта хрысціянская дэмакратыя на хвалі пакаяння і вяртання да маральных каштоўнасцяў прывяла да трыюмфальнага аднаўлення і яднання Еўропы. Менавіта хрысціянскія дэмакраты Рабэр Шуман, Конрад Адэнаўэр, Альчыдэ дэ Гаспэры стаялі ля вытокаў сучаснага Еўрапейскага Звязу.

Хрысціянска-дэмакратычныя партыі Нямеччыны, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў сталі кіруючымі - і на дзесяцігоддзі нароўні з сацыял-дэмакратамі заклалі асновы палітычнай сістэмы ў сваіх краінах.

На 1950-я -70-я гады прыпаў і росквіт хрысціянскай дэмакратыі ў Лацінскай Амерыцы. У Чылі, Венесуэле, Эквадоры кіруючыя хрысціянскія дэмакраты аказалі вялізны уплыў на фармаванне дзяржаўнасці, эканамічныя поспехі і зрабілі вялікі ўнёсак у тэорыю хрысціянскай дэмакратыі і хрысціянскага сацыяльнага руху (Рафаэль Кальдэра, Эдуарда Фрэй Мантальва і іншыя).


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"


Працяг будзе

Стагоддзе БХД. Адам Лісоўскі. 16.01.2017 2


18 студзеня - дзень нараджэння аднаго з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, настаўніка правадыра БХД Адама Станкевіча - ксяндза Адама Лісоўскага.

На гістарычным З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства 24-25 траўня 1917 года ксёндз Адам Лісоўскі мусіў чытаць рэферат, прысвечаны беларускасці ў Касцёле, але ўрэшце з ягоным дакладам выступіў Адам Станкевіч – і менавіта ён павёў і хрысціянска-дэмакратычны, і агулам беларускі рух у Заходняй Беларусі ў міжваенныя дзесяцігоддзі.

Ксёндз Адам Лісоўскі - ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр. Нарадзіўся будучы ксёндз 18.01.1884 (па іншых крыніцах - у 1883) у вёсцы Каранды Ашмянскага павета Віленскай губерніі. Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям'і (бацькі - Язэп і Францішка Лісоўскія).

У 1899-1903 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Пасля яе заканчэння працягнуў вучобу ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. З часоў вучобы ў акадэміі Адам Лісоўскі быў звязаны з біскупам Стафанам Данісевічам, адным з першых рупліўцаў беларускасці ў Касцёле, і выкладчыкам грэчаскай мовы, патрыярхам беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху, Браніславам Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» Мацея Бурачка і інш.).

Высвечаны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў касцёле Дзевы Марыі ў Магілёве. З 1910 г. служыў у парафіях св. Тройцы і св. Роха ў Менску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911). У 1912-1914 гг. працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне (маёнтак Скірмунтаў). З 1916 г. - адміністратар і дэкан у Ігумене Менскай губ. У 1918-1922 гг. працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль.

У 1921 г. біскупам Зыгмунтам Лазінскім  прызначаны генеральным вікарыем часткі Менскай дыяцэзіі ў Савецкай Беларусі.

Ад пачатку заснавання ксёндз Адам Лісоўскі быў сябрам Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці (пасля – БХД). Выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця. Пераклаў на беларускую мову частку Новага Запавету: Апакаліпсіс, Лісты апостала Паўла, Апостальскія дзеі.

На пачатку 1920-х гадоў - пробашч, а пазней адміністратар кафедральнага касцёла ў Менску. У 1922 г. ўзначаліў Менскі дэканат.

У пачатку 1920-х гадоў ксёндз Адам быў абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны органамі бяспекі 31.05.1922. Быў прысуджаны да расстрэлу, які пазней замянілі на 5 гадоў турмы. Пасля менскай вязніцы сядзеў за кратамі ў Бутырскай турме ў Маскве і ў Яраслаўлі. Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу 28.04.1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж уладамі Польшчы і Савецкай Расеі.

З сярэдзіны 1920-х гадоў жыў у Заходняй Беларусі. Працаваў адміністратарам у парафіі Гарадзішча недалёка ад Пінска. Пазней служыў пробашчам у парафіі Вышкі.

Памёр 09.10.1929 у Варшаве. Пахаваны ў мясцовасці Кляшчэлі Бельскага павета побач са сваім духоўным настаўнікам Адольфам Пласкавіцкім.

З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"





Касцёл падтрымлівае хрысціянскую дэмакратыю 14.01.2017 48


З царкоўных іерархаў першым зразумеў патрэбу абнаўлення і рашыўся на прынцыповы палітычны прарыў Папа Рымскі Леў XIII, які заняў папскі пасад у 1878 годзе - ў энцыкліцы "Rerum novarum"(1891). У 1901 ён жа апублікаваў энцыкліку «Graves de Communi Re», у якой дактрына атрымала назву «хрысціянская дэмакратыя».

Такім чынам, ідэалагічную платформу для новага этапу хрысціянскай дэмакратыі сфармавалі энцыклікі Льва ХІІІ. Царква і свецкі рух за грамадскую справядлівасць на хрысціянскіх асновах зразумелі ды прынялі адно аднаго – пачаўся бурлівы рост масавых хрысціянска-дэмакратычных партыяў, найперш у каталіцкіх краінах Еўропы.

Сярод хрысціянска-дэмакратычных аб’яднанняў канца ХІХ- пачатку ХХ стст найбольшы уплыў займелі нямецкая каталіцкая “Партыя Цэнтру” і італьянская “Народная партыя” Луіджы Стурца.

Якраз гэты перыяд першага уздыму спарадзіў вядучага тэарэтыка сусветнай хрысціянскай дэмакратыі - француза Жака Марытэна (1882-1973).

Марытэн бачыў выйсце з крызісу эпохі Новага часу ў сцвярджэнні “тэацэнтрычнага гуманізму”, “пэрсаналістычнай дэмакратыі”, хрысціянізацыі усіх сфераў культуры і экуменістычным збліжэнні рэлігіяў”. У адсутнасці Бога, піша Марытэн, чалавек губляе сваю душу, што вядзе да з’яўлення тэорыяў адчаю і абсурду. Паводле Марытэна, у праекце “інтэгральнага гуманізма”, які разглядае чалавека як адзінства Боскага і чалавечага пачаткаў, крыніцай суверэнітэту дзяржавы будзе Бог, і хрысціянскія ідэалы стануць для сацыяльнай палітыкі дзяржавы канонам. У такім грамадстве, на погляд Марытэна, здольнасці асобы змогуць раскрыцца найбольш поўна.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"


Працяг будзе


Хрысціянская дэмакратыя як "Трэці шлях" 11.01.2017 33


Абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі як шляху развіцця чалавецтва ў эпоху Новага часу - заслуга рэлігійнага філосафа, абата, аднаго з родапачынальнікаў хрысціянскага сацыялізму Фелісьена Рабэра дэ Ламене. У 1830 г. выйшла яго кніга «Будучыня», у якой была прадпрынятая спроба спалучыць у новых гістарычных умовах хрысціянства і дэмакратыю.

Разам са “старым парадкам” рэвалюцыйная стыхія разбурала царкву, сям’ю, грамадскія інстытуты і наагул каштоўнасць чалавечага жыцця. Урэшце, каб адказаць на прамы выклік хрысціянскаму светапарадку, Ватыкан пачаў заахвочваць стварэнне так званых “каталіцкіх групаў дзеяння” у Італіі, Францыі й нямецкамоўных дзяржавах; святары і вернікі арганізоўваліся на дэмакратычных прынцыпах і сталі адваёўваць палітычныя пазіцыі праз канкурэнтную барацьбу з ліберальнымі, сацыялістычнымі ды камуністычнымі сіламі.

Разгортванне хрысціянскай дэмакратыі у паўнавартасную палітычную ідэалогію звязваюць з эпохай рэвалюцыі 1848 г. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду прымушалі Царкву шукаць саюзу з народам, састыкоўваць дактрыны каталіцызму і дэмакратыі, фармаваць палітыку супрацоўніцтва, а не знішчальнай барацьбы паміж працай і капіталам. Хрысціянска-дэмакратычныя перакананні паўсталі як плён напружанага пошуку грамадскай згоды.

Разам з тым, адносіны паміж новастворанымі хрысціянска-дэмакратычнымі аб'яднаннямі і Цэрквамі складваліся няпроста. Царква, досыць кансерватыўная паводле сваёй прыроды, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, працягвала вызнаваць дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай - і змагалася за вяртанне згубленых пазіцый. З пачатку ХІХ амаль да пачатку ХХ стагоддзя афіцыйная Царква супрацьпастаўляла буржуазна-дэмакратычным і ліберальным ідэям свой саюз з манархіямі – абсалютнымі і канстытуцыйнымі.

Але ужо ў другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў рабочы рух, свет апанавалі ідэі сацыяльнай роўнасці і класавай барацьбы. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў сацыял-дэмакратыя і камунізм, адстойваючы сацыяльную справядлівасць праз нянавісць да эксплуататараў, літаральна спустошвалі цэрквы – бо клір у сваёй масе заставаўся абаронцам улады і капіталу. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем небяспечных сацыяльных з'яў у грамадстве ў Касцёле сталі нарастаць плыні, якія выступалі за змену царкоўнай пазіцыі – і фармуляванне “трэцяга шляху”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе.


#100гадоўБХД

Як стаць Дыджэем Адраджэння 23.01.2016 14


26 студзеня ў Менску а 18.00 на ”Арт-Сядзібе” ( пр-т Незалежнасці, 58, офіс 430) пачнуцца адноўленыя курсы Дыджэяў Адраджэння.

Курсы Дыджэяў -гэта праграма для падрыхтоўкі актыўных грамадскіх лідэраў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца асобы, якія могуць праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць завадатарамі кампаніяў ды рухаў, крэатывіць у галіне PR - і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення. Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне, разгарнуць цэлы спектр уласных талентаў – а яны у кожнага свае.

Кшталтаванне вядзецца па некалькіх кірунках: беларускі менталітэт, гісторыя і тэорыя беларусізацыі, як правільна выступаць, як трымаць увагу аўдыторыі, як пераконваць і натхняць людзей, інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі адпраўляюцца, так бы мовіць, "з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб праводзіць там “Шоў беларушчыны”, камандай робяць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць квэсты ды гульні.

Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ ды-джэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту 26 студзеня. І 12 лепшых – паводле гэтага рэйтынгу – урэшце становяцца пераможцамі курсаў. Фактычна, на выпрабаваньнях 1 бал налічваецца за кожнага чалавека, які прыняў удзел у імпрэзе. Летась, падчас дыджэйскай гонкі пераможцы - экскурсавод Павел Дзюсекаў і кіраўнік інтэрнэт-крамы “Імбрык бай” Алесь Мазанік -мелі па 2189 і 2037 балаў адпаведна. Паўлу, каб перамагчы, давялося арганізаваць больш як 90 віктарынаў у менскіх школах – а гэта, пагадзіцеся, цэлая асветніцкая хваля.

Пачыналася ўсё ў 1999-м у Маладым Фронце. За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана 109 ды-джэяў. Сярод іх - кіраўнікі Маладога Фронту Зміцер Хведарук і Наста Палажанка, лідэры " Маладой Беларусі" Артур Фінькевіч і "Альтэрнатывы" Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова, Павел Пракаповіч, прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадзкія "зоркі" Андрэй Кім, Алесь Мазанік, Павел Дзюсекаў, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты Кастусь Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч...

Курсы Ды-джэяў Адраджэння – гэта праграма экстрым-кшталтавання для будучай беларускай эліты. Расея, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбны духоўны гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне лідэрскіх і інфармацыйных тэхналогій, выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай ды-джэяў "са стажам”. Ды-джэйскія курсы – гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў самастойных высілкаў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць бачанне і згуртавацца з аднадумцамі й паплечнікамі.

Так што запрашаем: аўторак, 26 студзеня, 18.00, “Арт-Сядзіба”.

Зразумела, бясплатна.

І - невялікі сюрпрыз напрыканцы: 2016 год, Імперыя гатовая захапіць усё, але дыджэі узначальваюць супраціў... Беларусь кліча цябе!

Прыемнага прагляду )

https://www.youtube.com/watch?v=ThZ_DcyBclg;

Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец