Фэнамэналёгія Беларусі. Дзьвіна. 03.07.2016 2


Дзьвіна пачынаецца на Валдайскім узвышшы – там жа, дзе Дняпро ды Волга, з крывіцкіх ключоў. Імклівая, поўная халоднай моцы, яна зьбірае воды ўсяго беларускага Паазер’я, струменіць скрозь узгор’і, кіпіць на парогах і ўзразае Рыжскае ўзмор’е з магутнасьцю 5.000 кубамэтраў у сэкунду.

Дзьвіна хлынула ў гісторыю Беларусі ў Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства й уздымам Полацку. Дзьвінская плынь была галоўнай артэрыяй старабеларускае дзяржавы, і вызначала вэктар полацкае экспансіі. Зь ёю нас выносіла ў сьвет сярэднявечнай эўрапейскай цывілізацыі. Гэта па берагах Дзьвіны былі расстаўленыя легендарныя Барысавы камяні – хрысьціянскія помнікі з малітоўнымі надпісамі й крыжамі. Дзьвіна, сьцюдзёная й бурлівая, вяла рэй у Беларусі некалькі стагодзьдзяў запар.

“Берагі Дзьвіны срэбныя, а дно яе залатое!”

Дзьвіна ў пару Залатога веку пастаўляла ў Вільню ды Рыгу столькі цудоўнае ласасіны, міногі, фарэлі, тайменю, судаку, вугроў, лінёў, уюноў, колькі ні адна мясцовасьць на ўсім узьбярэжжы Балтыкі. Праз Полацк, Дзьвінск, Віцебск з ганзейскае, галяндзкае, швэдзкае, польскае Балтыкі ва Ўсходнюю Эўропу йшоў найбагацейшы гандлёвы паток. Галоўны ўдар ўварваньня Івана Жахлівага ў Інфлянцкае вайне 1561 – 1569 гг. быў накіраваны на ключавы Полацк: кантроль над Дзьвінай дазваляў Маскве схапіць ВКЛ за горла.

Падзьвіньне – край дзікі й таемны, узараны ледавіком і напоўнены талымі водамі, насычаны падысподняй марэнай, глыбокімі глінамі й гіганцкімі скандынаўскімі валунамі. Падзьвіньне, беларуская Поўнач з больш суворымі й сьнежнымі зімамі, з дыханьнем Арктыкі і зьверам у таёжных гушчарах, захоўвае адвечны холад нашага ледавіковага пэрыяду.

Дзьвінская вада ўспаіла Рагнеду, Альгерда, Усяслава Чарадзея. Дзьвіна цякла ў жылах вялікіх палачанаў – Эўфрасіньні, Сімяона й Францыска Скарыны. Дзьвінскія прытокі карэняцца ў жыцьці Ільва Сапегі й Васіля Быкава, Васіля Цяпінскага й Рыгора Барадуліна. Дзьвінскія беларусы моцныя, рашучыя й халаднакроўныя. З характарам.

Дзьвіна – ідэальнае люстра для Сафійскага сабору, віцебскай Дабравешчанскай царквы й наваполацкага “Паліміру”.

Дзьвіна – выток нацыянальнай гісторыі, бліскучая цеціва, нацягнутая для стрэлу праз усе паўночныя моры. Дзьвіна – прарыў беларускай місіі ў велізарны й сьветлы эўрапейскі абшар, аб’яднаны Балтыкай: Швэдзію, Фінляндыю, Данію, Нарвэгію, Латвію, Эстонію, Нямеччыну.

Дзьвіна, даўняе зьвяно вараскіх вандравальнікаў, зьвінае воды зьледзяненьня й зводзіць іх пад палярнай зоркай дамоў, да берагоў Гіпербарэі.

Дзьвіна, быццам віно, сьцюдзёнае й гаручае, увесну ўскрывае лёд са звонам разьбітага шкла – і напаўняе ўсю велізарную чашу Паазер’я хмельным ды пранізьлівым халадком.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Сьвятло Віцебска 22.05.2016 40


Віцебск! Імя бліскучае і пранізьлівае, як усплёск сьвятла на вастрыі ляза.

Віцебск – адзін зь першых хрысьціянскіх цэнтраў Беларусі, старажытнае сьвяціла з сузор'я Полацка, Турава й Смаленска.

Віцебск – выйсьце адкрыцьцяў і вастрыня пачуцьцяў. Віцебск – гэта спасьціжэньне высокасьці, вылучэньне сэнсу, выцінаньне ісьціны. Віцебск сьціскае сьвятло да сьвятасьці!

Для ўсіх часоў і народаў Віцебск праслаўлены Маркам Шагалам, геніяльным авангардыстам, што склаў з асколкаў віцебскіх вулачак, вокнаў, скрыпак і нявестаў сусьветны калейдаскоп сымбаляў ды кабалічных знакаў. Віцебск – арэна ахвярнае сьмерці мітрапаліта Герасіма, зажыва спаленага Вялікім князем Сьвідрыгайлам, і вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, забітага праваслаўнымі й кананізаванага Ватыканам.

Віцебск – амфітэатар штогадовага "Славянскага базару", мэгашоў масавае культуры, якое зьбірае сотні тысячаў гледачоў, сьпевакоў і папарацы з усяе славянскае Эўропы.

Віцебск – культуровая сталіца Беларусі. Тут праводзяцца аж 18 мастацкіх фэстаў за год – больш, чым у двухмільённым Менску. Міжнародны фэст сымфанічнае музыкі імя Салярцінскага, фэст сучаснае харэаграфіі, бальных і спартовых танцаў, конкурс гітарнае музыкі "Мэнэстрэль", джазавы форум “Віцебская восень”, нацыянальны фэст мадэльераў-дызайнэраў “Белая амфара”, пленэр імя Хруцкага... У Віцебску знаходзіцца адзін з двух нацыянальных акадэмічных тэатраў – Коласаўскі, збудаваны на месцы колішняга княскага замку. Віцебск – радзіма вядомага кампазытара Барадзіна, аўтара "Старога Хатабыча" Лазара Лагіна, і горад дзяцінства Самуіла Маршака.

Італьянскі гісторык Гваньніні ды расейскі пісьменьнік Лажэчнікаў увогуле былі віцебскімі губэрнатарамі.

Але найярчэйшая аўра Віцебску – знакамітая ўспышка мастацтва Шагала і Малевіча з супрэматычным размалёўваньнем гарадзкіх дамоў і неверагодным авангардам пачатку ХХ ст. у разгар войнаў і рэвалюцыяў. Вялікае супрацьстаяньне з рэалістычнай клясыкай – бо менавіта пад Віцебскам, у маёнтку Здраўнёва на беразе Дзьвіны, зьявіліся карціны Рэпіна залатое пары, спаміж якіх і нацыянальны вобраз "Беларус".

Тыя, хто хацеў сьмерці Беларусі, ірваліся забіць Віцебск. Яго дзесяткі разоў асаджалі й штурмавалі маскоўскія войскі. Яго спаліў датла Пётр І. Ансамбль   найпрыгажэйшых віцебскіх храмаў – Уваскрасенская царква, Успенскі сабор, касьцёл сьвятога Юзафа, кляштар сьвятога Антонія й яшчэ каля 20 цэркваў – быў ўзарваны бальшавікамі. А пасьля ІІ сусьветнай вайны у разбураным дарэшты горадзе заставалася ўсяго некалькі соцень жыхароў.

Бо хіба ж можна захопніку пакінуць жывым горад тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, праваслаўную цытадэль Альгерда з унікальнай Дабравешчанскай царквой ХІІ стагодзьдзя? Хіба ж можна зьмірыцца з самім фактам існаваньня месца, дзе яшчэ на досьвітку эўрапейскае Рэфармацыі, выклікаўшы небывалае ўзрушэньне народу, прапаведаваў Геранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, той, якому і потым, на Канстанцкім Саборы перад спаленьнем зачыталі прысуд інквізыцыі, пачаты словамі "У Літве ёсьць шматлюдны й слаўны горад, названы Віцебскам...". Хіба ж можна схавацца ад гэтых вежаў і сьценаў, сцэны Віцебскага паўстаньня, забойства Кунцэвіча й пакараньня месьцічаў, ад сьмерці за веру, міжканфэсійнае помсты і здыманьня ўсіх званоў!..

Віцебскі герб – галава Хрыста па-над скрываўленым мечам. "Ня мір, а меч!" – чаканіць Віцебск словы Ісуса. Можа быць, таму віцьбічы заўжды такія адстароненыя, апантаныя, крыху не ад сьвету гэтага.

Віцебск ведае, што вера каштуе жыцьця – і што значыць сьмерць, вартая веры!  

Віцебск – вострая брама Беларусі на стратэгічна балючым паўночна-ўсходнім кірунку. Алтар высокае, моцнае, бліскучае культуры. Відзёж празь люстра ляза. Вось чаму самыя бліскучыя й самыя вострыя беларускія пісьменьнікі сучаснасьці – Быкаў, Караткевіч, Бураўкін, Барадулін, Арлоў – зь Віцебшчыны. Віцебск жыве й будзе жыць у збройным баі ісьціны зь бязьвер'ем, нянавісьцю й хлусьнёй.

Зь мечам перад абліччам Хрыстовым.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Беларуская зямля. Частка ІІІ. 03.04.2016 70

Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор'я.

Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.

Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры.

Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі.Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.

Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.

Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых!

Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць, што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!

Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.

“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк.

Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.

Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.

Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.

Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.

“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец