Біблійная культура і хрысціянская эканоміка ў ВКЛ 08.02.2017 45


Сплаў Рэфармацыі і Рэнесансу спарадзіў феервэрк рамантычнага і духоўнага мастацтва, музыкі, літаратуры – культуры Залатога веку.

ВКЛ сталася галоўнай друкарняй Святога Пісьма й эпіцэнтрам евангельскай місіі ва Ўсходняй Еўропе: Скарына пераклаў Біблію на беларускую, Фёдараў і Мсціславец выканалі апостальскую ролю ў Расеі й на Ўкраіне, Радзівіл і Будны друкавалі дзясяткі выданняў на лаціне й польскай для Захаду; XVI ст. – росквіт хрысціянскага кнігадрукавання і культуры. Дзясяткі выданняў Святога Пісьма, катэхізмаў, тэалагічнай публіцыстыкі і навучальнай літаратуры.

Першае ва Ўсходняй Еўропе барока ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела ў наступных стагоддзях дасць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў – кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія...

У эпоху ВКЛ Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Еўропу.

Выданне Францішка Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Івана Фёдарава й Пётры Мсціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Сімяона Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й астрожскія выданні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія і "Новы Запавет" Сымона Буднага фармавалі Польшчу.

Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады і друкі праваслаўнага і каталіцкага канонаў, пратэстанцкай і юдэйскай традыцыі – каб даць свету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацвёртую ў сьвеце (пасля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астрожскую Біблію” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў.

Найбольш хрысціянскае ў гісторыі ВКЛ XVI ст. спарадзіла бурнае развіццё рынкавай гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігоддзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот.

Пратэстантам Астафеем Валовічам праводзіцца аграрная рэформа паводле лепшых еўрастандартаў, "Устава на валокі", пасля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ландшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе


Стагоддзе БХД. Генадзь Грушавы. 30.01.2017 6


28 студзеня споўнілася тры гады са дня смерці ў 2014 годзе беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Генадзя Грушавога. Генадзь Уладзіміравіч Грушавы – ініцыятар стварэння Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю”, доктар філасофскіх навук (1994), прафесар (1995) і дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Адзін з найвялікшых дабрачынцаў у найноўшай гісторыі Беларусі – дзякуючы яму, 116 тысячаў беларускіх дзяцей атрымалі лячэнне альбо былі накіраваныя на аздараўленне ў краіны Еўропы і Канаду пасля Чарнобыльскай катастрофы, і каля 2 мільёнаў беларусаў атрымалі дапамогу альбо лекі.

Нарадзіўся Генадзь Грушавы 27 ліпеня 1950 года ў Мінску. Скончыў СШ 50 з фізіка-матэматычным ухілам, але паступіў на філасофскі факультэт БДУ, дзе з 1973 года і да самай смерці выкладаў.

У 1978 годзе абараніў кандыдацкую “Аказіяналізм Нікаля Мальбранша” (пераасэнсаванне філасофіі Дэкарта).

На хвалі Перабудовы і Адраджэння Генадзь Грушавы далучыўся да Беларускага Народнага Фронту – і ў 1989 годзе узначаліў “чарнобыльскую” Камісію БНФ. 20 лістапада заснаваў фонд “Дзецям Чарнобыля”, які стаў справай усяго ягонага жыцця. Грушавы паставіў сваёй задачай захаваць генафонд беларускай нацыі, падарваны Чарнобылем – і праз дабрачынныя арганізацыі ды цэрквы усяго свету наладжваў каналы пастаўкі гуманітарнай дапамогі, лекаў і дамаўляўся пра прыём чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне ў краіны Еўропы і Канаду.

У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Быў сябрам фракцыі БНФ, сябрам Камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы і Камісіі па заканадаўстве. У 1991 годзе Генадзь Грушавы стаў прарэктарам Інстытута сучасных ведаў.

4 снежня 1994 года прайшла устаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, стварэнне якой ініцыяваў Генадзь Грушавы. 21 сакавіка 1995 года БХДП была зарэгістраваная.

У 1996 годзе на давыбарах пераабраны дэпутатам Вярхоўнага Савету. Пасля “рэферэндуму” 1996 года выбаршчыкі Генадзя Грушавога і грамадскія арганізацыі Беларусі сабралі 116 тысячаў подпісаў з патрабаваннем прызнаць абранне дэпутата Грушавога сапраўдным – але Вярхоўны Савет 13 склікання указам Лукашэнкі быў распушчаны. У 1999 годзе была ліквідаваная і Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная партыя.

У 1997 годзе Генадзь Грушавы быў каардынатарам Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (1997). Арганізатар Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюза, больш як 70 груп самадапамогі, сеткі моладзевых сацыяльных цэнтраў «Майстэрня будучага» ў розных рэгіёнах Беларусі (з 1997), сустаршыня грамадзянскага камітэта «Выбар-2001» (2000—2001).

Сябра каардынацыйнай рады Міжнароднага бюро міру (Жэнэва).

У 1999 годзе быў узнагароджаны прэміяй фонда Рафта ў Нарвегіі за заслугі ў змаганні за правы чалавека ў Беларусі.

“Ня мэдыкі, а філосаф Грушавы здолеў звярнуць увагу Еўропы і свету на маштабы чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай краіны”, – напісаў пра Генадзя Грушавога у “Імёнах Свабоды” Уладзімір Арлоў.

Памёр Генадзь Уладзіміравіч 28 студзеня 2014 года ад “чарнобыльскай хваробы” – раку крыві. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"


Хрысціянская дэмакратыя. Субсідыярнасць. Народнасць. 21.01.2017


Тры наступныя ключавыя прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі - субсідыярнасць, народнасць і інтэгральны гуманізм.

Субсідыярнасць. Рашэнні мусяць прымацца на тым узроўні, на якім існуе праблема. Улада мае быць як мага бліжэйшай да грамадзянаў. Структуры вышэйшага ўзроўню павінныя браць на сябе вырашэнне толькі тых задачаў, якія асобны чалавек альбо мясцовая супольнасць не адужае. Моцнае мясцовае самакіраванне, забяспечанае адпаведным бюджэтам – грунт для магутнасці ўсёй дзяржавы.

Папулярызм (народнасць). Для таго, каб улічыць інтарэсы ўсіх сегментаў і асобных людзей, патрэбны цэласны погляд на грамадства. Хрысціянска-дэмакратычная палітыка мае ахопліваць інтарэсы як мага больш шырокіх колаў людзей.

Інтэгральны гуманізм. Уся гісторыя чалавецтва сведчыць пра свядомае ці несвядомае імкненне да Боскага ідэалу – і задача хрысціянскага дэмакрата заключаецца ў яднанні гэтага чалавечага памкнення з адкрыццём, увасобленым у Хрысце, тут і цяпер, у рэальнай гісторыі.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Хрысціянства. Дэмакратыя. Персаналізм. 19.01.2017 11


Сярод дванаццаці ключавых ідэяў хрысціянскай дэмакратыі - хрысціянскія каштоўнасці, дэмакратыя, персаналізм.

Хрысціянскія каштоўнасці – падмурак сумленнай палітыкі. Хрысціянства так ці інакш тычыцца ўсіх сфераў чалавечага жыцця, уключна з палітыкай – і менавіта яно ляжыць у падмурку заходняй цывілізацыі. Біблія  змяшчае прынцыпы справядлівага кіравання і адказвае на ўсе пытанні, датычныя таго, як трэба будаваць жыццё ў чалавечай супольнасці.

Дэмакратыя. Існуе моцная сувязь паміж хрысціянскімі каштоўнасцямі і дэмакратыяй. Грамадзяне мусяць мець магчымасць легальным шляхам змяніць уладу і уплываць на прыняццё рашэнняў, якія іх тычацца. Прававая дзяржава азначае падзел уладаў, плюралізм, свабоду слова, сумленныя выбары.

Персаналізм. Кожны чалавек – унікальны вобраз і падабенства Божае. Асоба, а не безаблічны індывід ці  калектыў – кропка прыкладання сілаў у практычнай палітыцы. Паводле Марытэна, не чалавек існуе для дзяржавы - а  дзяржава існуе для чалавека.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017"

Працяг будзе





Хрысціянская дэмакратыя як "залатая сярэдзіна" у палітыцы 18.01.2017


Пасьля краху камунізму напрыканцы ХХ стагоддзя адраджэнне хрысціянскай дэмакратыі пачалося на тэрыторыі былога сацыялістычнага лагеру – у Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Літве, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Украіне, Расеі, Беларусі.

У 1961 годзе быў створаны Еўрапейскі Саюз Хрысціянскіх Дэмакратаў, у 1979 – Еўрапейская Народная Партыя, зараз – найбуйнейшая палітычная сіла Еўразвязу ( на 2017 год - 217 з 751 месца ў Еўрапарламенце).

Такія партыі, як ХДС Гельмута Коля і Ангелы Меркель, Народная Партыя Іспаніі, італьянскія народнікі, Хрысціянска-Дэмакратычны Адказ Нідэрландаў, бельгійскія і аўстрыйскія хадэкі – сярод галоўных архітэктараў сённяшняга еўрапейскага праекту.

На сёння хрысціянская дэмакратыя – своеасаблівая “залатая сярэдзіна” паміж кансерватызмам, лібералізмам і сацыялізмам.

Ад кансерватызму яна бярэ патрыятызм, павагу да традыцыяў, цвёрдую пазіцыю ў пытаннях маралі, але адначасова адкідае нацыянальны эгаізм ды застаецца адкрытай да зменаў у грамадстве. З лібералізмам хрысціянскую дэмакратыю лучаць ідэя асабістай свабоды і рынкавыя падыходы ў эканоміцы, але хадэкі не прымаюць ліберальнага стаўлення да чалавечага грэху як нормы. З сацыялізмам у хрысціянскай дэмакратыі аднолькавыя ідэі сацыяльнай адказнасці ды салідарнасці – але супрацьлеглы погляд на ролю дзяржавы й непрыманне ідэі класавай барацьбы.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"


Працяг будзе

Стагоддзе БХД. Доктар філасофіі Ільдэфонс Бобіч. 10.01.2017 11


Сёння, 10 студзеня - дзень народзінаў у выбітнага асветніка, дзеяча беларускага руху, хрысціянскага дэмакрата Ільдэфонса Бобіча.

Ільдэфонс Бобіч – ксёндз, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху і заснавальнікаў БХДЗ, рэдактар “Беларуса”, доктар філасофіі, які публікаваўся пад псэўданімам “Пётра Просты”.

Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч 10 студзеня 1890-га году ў сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзінка Друйскай воласці Віленскай губерніі (сёння Мёрскі раён Віцебскай вобласці). У 1909 годзе скончыў гімназію ў Коўне і паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, дзе далучыўся да беларускага гуртка.

З 1912 года вучыўся ў Рыме, атрымаў ступень доктара філасофіі. На аўдыенцыі з Папам Піем Х атрымаў ягонае дабраславенне для чытачоў першага беларускага хрысціянскага часопіса “Беларус”.

Быў высвечаны на ксяндза 15 ліпеня 1915 года. Удзельнічаў у знакамітым З’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску 24-25 траўня, дзе была заснаваная Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць.

Душпастырскую дзейнасць пачаў на радзіме, у Друі ды на Дзісеншчыне ў 1917-20 гадах. У 1921-23 гадах быў настаўнікам Закону Божага ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1923 да 1930 года – пробашч у Германавічах. Пасля быў пераведзены пробашчам і дэканам у Іўе.

Друкаваўся ў хадэцкай прэсе пад псеўданімам “Пётра Просты”.

Пасля таго, як польская касцельная гіерархія забараніла ксяндзам належаць да БХД й выпісваць “Крыніцу”, адышоў ад грамадска-палітычнай дзейнасці.

У 1942-ым быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і да 1944 года ўтрымліваўся ў мясцовай турме. Падарваў там здароўе і, вызвалены, 28 красавіка 1944-га памёр.

Пахаваны Ільдэфонс Бобіч каля Петрапаўлаўскага касцёла ў Іўі.


З кнігі "Сто асобаў БХД"

Хадэцыя як альтэрнатыва рэвалюцыі 10.01.2017


На тэалагічнае і філасофскае абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі найбольшы уплыў аказалі вядучыя хрысціянскія мысляры нашай эры: айцец Царквы святы Аўрэлій Аўгусцін (354-430 гг), вядучы каталіцкі багаслоў Тамаш Аквінскі (1225-1274 гг) і адзін з заснавальнікаў евангельскага (пратэстанцкага) руху Жан Кальвін (1509-1564).

Ідэі Аўгусціна, выказаныя ў фундаментальнай працы “Пра Горад Божы”, вучэнне Аквінскага, прынятае як інтэлектуальная платформа Каталіцкім Касцёлам і “пратэстанцкая этыка”, распрацаваная й увасобленая ў жыццё Жанам Кальвінам, сталі падмуркам для ідэолагаў хрысціянскай дэмакратыі Новага часу – такіх як Абрахам Кёйпер (1837-1920), Жак Марытэн (1882-1973), Эмануэль Мунье (1905-1950) і іншых.

Многія еўрапейскія дзяржавы і грамадзтвы 4-18 стст нясуць у сваёй палітычнай архітэктуры яўныя прыкметы практычнай хрысціянскай дэмакратыі. Дамінаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і шырокі сацыяльны ўплыў цэркваў арганічна дапаўняліся гарадзкім самакіраваннем, цэхавымі супольнасцямі, моцнымі сямейнымі традыцыямі, развіццём таварна-грашовых рынкавых адносін адначасова з сістэмай дабрачыннасці і сацыяльнага абавязку.

Перспектыўнай хрысціянска-дэмакратычнай мадэллю было, да прыкладу, Вялікае Княства Літоўскае 15-16 стст. Падставовая дэмакратычнасць (вечавыя традыцыі, падзел галінаў улады, выбары вялікага князя, магдэбурскае права, магутнасць пласта “люду паспалітага”, соймы і соймікі, Паны-рада) гарманічна спалучаліся тут з хрысціянскай этыкай як грамадскай і сацыяльнай нормай. Каталіцкія ордэны, праваслаўныя брацтвы і пратэстанцкія зборы адыгрывалі ролю своеасаблівых палітычных партыяў, у магістратах буйных гарадоў кіраванне адбывалася паводле міжканфесійнай ратацыі, квітнелі, як бы зараз сказалі, плюралізм ды пэрсаналізм, а найважнейшыя пытанні вырашаліся шляхам галасавання. Больш падрабязна хрысціянска-дэмакратычны феномен цывілізацыі ВКЛ мы разгледзім у наступным раздзеле кнігі.

У якасці самастойнай сфармуляванай ідэалогіі хрысціянская дэмакратыя узнікла як рэакцыя на Вялікую францускую рэвалюцыю канца 18 ст., сусветнае руйнаванне феадалізму ды імклівы распаўсюд лібералізма й сацыялізма.

Тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” ужо ўжываўся падчас бурлівых падзеяў 1789-1794 гг у Францыі – і як альтэрнатыва спрахламу “старому ладу”, і адначасова як супрацьпастаўленьне рэвалюцыйнаму хаосу.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя".    #100гадоўБХД


Працяг будзе.

Вытокі хрысціянскай дэмакратыі 02.01.2017 1


Вытокі хрысціянскай дэмакратыі, як мы бачым з самой яе назвы, бяруць свой пачатак з Асобы Богачалавека Ісуса Хрыста.
Часам можна пачуць меркаванне: Хрыстос і палітыка несумяшчальныя. Гэта не так.
Ісус як Госпад, а значыць, і Валадар, пачынае ажыццяўляць сваю уладу Царства нябёснага над сэрцамі людзей ужо тут, на зямлі.
Ісус падчас свайго зямнога шляху адкрыта усталёўваў палітычныя прынцыпы й дактрыны: ад лідэрства як служэння, адказнасці й самакіравання ажно да ўплаты падаткаў.
Ісус не імкнуўся да палітычнага першынства як самамэты – але ператвараў дзяржавы і грамадствы мацней, чым любы палітык за ўсю гісторыю чалавецтва.
Нарэшце, Ісус быў асуджаны на смерць паводле выключна палітычнага абвінавачання – “Замах на ўладу кесара”.
З хрысціянскага гледзішча, усё наша сённяшняе жыццё – чаканне і падрыхтоўка да ўсталявання Валадарства Уваскрослага Хрыста.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец