Біблійная культура і хрысціянская эканоміка ў ВКЛ 08.02.2017 45


Сплаў Рэфармацыі і Рэнесансу спарадзіў феервэрк рамантычнага і духоўнага мастацтва, музыкі, літаратуры – культуры Залатога веку.

ВКЛ сталася галоўнай друкарняй Святога Пісьма й эпіцэнтрам евангельскай місіі ва Ўсходняй Еўропе: Скарына пераклаў Біблію на беларускую, Фёдараў і Мсціславец выканалі апостальскую ролю ў Расеі й на Ўкраіне, Радзівіл і Будны друкавалі дзясяткі выданняў на лаціне й польскай для Захаду; XVI ст. – росквіт хрысціянскага кнігадрукавання і культуры. Дзясяткі выданняў Святога Пісьма, катэхізмаў, тэалагічнай публіцыстыкі і навучальнай літаратуры.

Першае ва Ўсходняй Еўропе барока ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела ў наступных стагоддзях дасць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў – кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія...

У эпоху ВКЛ Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Еўропу.

Выданне Францішка Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Івана Фёдарава й Пётры Мсціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Сімяона Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й астрожскія выданні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія і "Новы Запавет" Сымона Буднага фармавалі Польшчу.

Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады і друкі праваслаўнага і каталіцкага канонаў, пратэстанцкай і юдэйскай традыцыі – каб даць свету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацвёртую ў сьвеце (пасля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астрожскую Біблію” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў.

Найбольш хрысціянскае ў гісторыі ВКЛ XVI ст. спарадзіла бурнае развіццё рынкавай гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігоддзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот.

Пратэстантам Астафеем Валовічам праводзіцца аграрная рэформа паводле лепшых еўрастандартаў, "Устава на валокі", пасля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ландшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе


Росквіт шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі ў ВКЛ 06.02.2017 27


Калі ў сярэдзіне ХІІІ – пачатку ХІV стагоддзя ўладная сістэма ВКЛ яшчэ зазнае сужыццё полацкіх хрысціянскіх і дэмакратычных традыцыяў з паганскімі балцкімі (справа хросту Міндоўга ды Гедзіміна), дык ужо з другой паловы ХIV, з часоў Альгерда, Вялікае княства пачынае набываць абрысы вялікай еўрапейскай хрысціянскай дзяржавы.

Нават для эпохі рэлігійнага Сярэднявечча ВКЛ была краінай ўнікальна хрысьціянскай паводле свайго характару:

—  Большасць земляў была далучаная да ВКЛ мірам – і гэта ў эпоху, што жыла войнамі;

—  У дзяржаве кіраваў Закон, шэдэўр юрыспрудэнцыі таго часу, правобраз еўрапейскіх канстытуцыяў;

–   Статут ВКЛ, грунтаваны на тэзах са Святога пісьма;

—  Грамадства адрознівала талеранцыя ў сутоцы канфесіяў;

--  Тым часам як кантынент скаланалі рэлігійныя войны, інквізіцыя й варфаламееўскія ночы, ВКЛ абавязвала да верацярпімасьці нават караля Францыі;

— Поўнае спрыянне аказвалася габрэям, практычна ўраўнаваным у правох са шляхтай – і гэта сярод пандэміі антысемітызму тых стагоддзяў;

--   ВКЛ згенеравала найбольш паспяховую вунію паміж праваслаўнымі й каталікамі; пазбегла пандэміі акультызму, атэізму, разбэшчанасці.

Словам, палітычны лад ВКЛ набліжаўся да шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі – параўнайце з тагачаснымі абсалютысцкімі еўрапейскімі манархіямі ці маскоўскай дэспатыяй!

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе


1000 гадоў гісторыі Беларусі: хрысціянства і дэмакратыя 31.01.2017 73


Гісторыя Беларусі пераканаўча даводзіць: за тысячагоддзе існавання беларускай дзяржаўнасці менавіта сплаў хрысціянства і дэмакратыі быў галоўнай платформай для заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў у пару іх росквіту. Такім чынам, ідэя хрысціянскай дэмакратыі для Беларусі не ёсць чымсьці новым альбо пазычаным – гэта наша глыбокая, спадчынная традыцыя.

Дастаткова працытаваць лiдараў беларускай гiсторыi, каб убачыць, наколькi па-хрысьцiянску разумелi яны ўладу народу:

“У Бiблii ўсе законы i правы, якiмi людзi на зямлi кiравацца маюць, напiсаныя... Тут справа ўсякага збору людзкога i ўсялякага гораду выкладаецца, каб вераю, яднаньнем ласкi й згоды паспалiтае памножана была” (Францiшак Скарына).

“А калi ёсьць рознасьць немалая ў веры хрысьцiянскай, абяцаем сабе за нас, за нашчадкаў нашых, на вечныя часы, пад абавязкам прысягi, пад вераю, годнасьцю i сумленьнем нашым, каб тыя, хто розныя ў веры, спакой мiж сабой захавалi” (Са Статуту ВКЛ 1588 г., рэдагаванага Львом Сапегам).

“Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьцi справядлiвай” (Кастусь Калiноўскi).

“Беларусь павiнна вярнуцца да Хрысьцiянства. Беларусь у XXI стагодзьдзi мусiць адрадзiцца як Хрысьцiянская краiна. Беларуская iдэя, абапертая на традыцыi беларускага Хрысьцiянства, – гэта шлях для нас найбольш унiвэрсальны i правiльны” (Зянон Пазьняк).


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Страницы: 1
Читать другие новости

Павел Севярынец