СТАГОДДЗЕ БХД. 2009-2012


Эфект ад першага з’езду адноўленай БХД быў агаломшвальны. Тое, што ва ўмовах рэжыму ўдалося стварыць адкрытую і масавую па беларускіх мерках партыю, сведчыла пра запатрабаванасць ідэі хрысціянскай дэмакратыі ў лукашэнкаўскай Беларусі. У царкоўных асяродках – праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх – усцяж пачаліся размовы пра хрысціянства і палітыку. Рэжым не ведаў, што рабіць з БХД – і многія апазіцыйныя сілы ды лідэры адчулі ў аднаўленні хадэцыі сур’ёзную пагрозу.

Паказальна, што адразу ж на наступны дзень пасля з’езду у беларускіх СМІ выбухнула шырокая дыскусія пра аборты, а затым – пра удзел вернікаў у палітыцы: уражанне было такое, быццам хадэкі ўзялі ўладу і апаненты ад камуністаў да лібералаў ствараюць фронт барацьбы з новым Сярэднявеччам. І афіцыёз, і многія партыйныя лідэры сцвярджалі: БХД не зарэгістраваная, таму яе нельга лічыць палітычным суб’ектам.

Дакуманты, накіраваныя хадэкамі на рэгістрацыю, пераслалі ў КДБ, МУС і мясцовыя ворганы ўлады. Пачаўся масавы ціск на заснавальнікаў, каб тыя адмаўляліся ад подпісаў. Урэшце, у красавіку 2009 года Мін’юст БХД не зарэгістраваў.

Зрэшты, розгалас і пераможныя вынікі грамадскіх кампаніяў давалі плён. У БХД ішлі людзі. Ужо ўлетку Нацыянальная рада пастанавіла правесці яшчэ адзін з’езд увосені гэтага ж года і зноў дамагацца рэгістрацыі партыі.

31 кастрычніка 2009 года ў Менску, у тым жа Палацы культуры Мінскага трактарнага завода прайшоў новы з’езд БХД з удзелам 311 дэлегатаў і больш як 200 гасцей. Былі паўторна прынятыя Статут і Праграма, абноўлены склад Нацыянальнай рады.

Пасля з’езда ў афіцыйных СМІ пракацілася хваля прапагандысцкіх публікацыяў, накіраваных супраць самой ідэі хадэцыі і яе лідэраў. Але на спецыяльны рэпартаж БТ адмысловай заявай адрэагавала Прэс-служба Беларускай праваслаўнай царквы: “Гэты заказны палітычны матэрыял выклікаў у епіскапата БПЦ скрайне негатыўную рэакцыю. Царква ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысціянска-палітычных партыяў і рухаў, а наадварот, вітае іх дзейнасць”. Заява, агучаная прэс-сакратаром БПЦ архімандрытам Аляксеем Шынкевічам , сведчыла пра тэктанічныя зрухі ў свядомасці грамады вернікаў: дагэтуль пазіцыя праваслаўнай царквы скрайне рэдка разыходзілася з афіцыйнай.

Больш таго, на ўлады пачалі ціснуць і еўрапейскія палітыкі: рэгістрацыя БХД стала тэмай палітычных перамоваў. У выніку Міністэрства юстыцыі, парушаючы ўласнае заканадаўства, зацягнула прыняццё рашэння адносна БХД на некалькі месяцаў, да вясны 2010 года.

14 лістапада 2009 года БХД супольна з хаўруснікамі па правацэнтрысцкім лагеры – Рухам “За свабоду”, БНФ, Маладым Фронтам і іншымі правялі ў Менску прадстаўнічы Еўрапейскі форум, у якім удзельнічалі больш за 1000 дэлегатаў і гасцей. Форум пачаўся гімнам “Магутны Божа”, падчас галасавання на прапанову БХД ў дакуманты большасцю галасоў былі ўнесеныя праўкі, датычныя хрысціянскіх каштоўнасцяў – і назіральнікі ды журналісты зафіксавалі: ў беларускай палітыцы хадэцыя набірае сілу ды робіцца ідэалагічным рухавіком.

Мясцовая кампанія 2010 года і Рада народных дэпутатаў

У лютым 2010 Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя распачала новую маштабную палітычную кампанію. Падчас “мясцовых выбараў” хадэкі вылучылі шляхам збору подпісаў больш за 200 кандыдатаў у абласныя, раённыя, гарадскія і сельскія саветы. Спіс БХД быў большы, чым у любой іншай дэмакратычнай партыі. Амаль у кожным вялікім горадзе вылучаліся па некалькі чалавек – цэлая каманда.

Найбольш паспяхова праца пайшла ў Менску, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Воршы, Кобрыне, Баранавічах, Мастах, Мёрах, Глыбокім, Рэчыцы, Жодзіне, Паставах, Наваполацку. Улады не рэгістравалі моцных кандыдатаў, перашкаджалі збору подпісаў ды агітацыі, фальсіфікавалі дадзеныя галасавання – але хадэцкая хваля “ад дзьвераў да дзьвераў” пракацілася па раёнах, цэрквах, вёсках, да якіх не дайшоў розгалас праз СМІ.

У выніку БХД удалося нават правесьці ў саветы скрозь сіта фальсіфікацыяў трох дэпутатаў (больш было толькі ў камуністаў) – ветэрынара Аляксея Цюлькова (Асіповіцкі райсавет), Жану Шчарбініну (Аўсянкаўскі сельсавет Горацкага раёна) і Віктара Бардзюга (Хідрынскі сельсавет Кобрынскага раёна).

А паколькі ў дзясяткаў іншых хадэкаў перамога была скрадзеная, сябры БХД абвясцілі пра стварэнне Рады народных дэпутатаў. У больш як 130 акругах сябры хрысціянскай дэмакратыі добраахвотна ўзялі на сябе абавязкі прызначаных дэпутатаў, якія не дбалі пра людзей: дамагаліся рамонту дарогаў, мастоў і дамоў, пабудовы дзіцячых пляцовак, станцыяў ачысткі вады, абаранялі паркі і аказвалі праўную ды юрыдычную дапамогу жыхарам.

Прэзідэнцкая кампанія 2010 года

Два масавыя з’езды і моцная мясцовая кампанія стварылі ўмовы для таго, каб БХД брала на сябе ініцыятыву агулам сярод дэмакратычнай апазіцыі. Увесну 2010 года менавіта хрысціянскія дэмакраты заняліся арганізацыяй Чарнобыльскага шляху, затым выступілі з ініцыятывай вылучэння адзінага лідэра ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, а потым (17 чэрвеня) сабралі большасць лідэраў апазіцыі і экспертнай супольнасці – ад Мечыслава Грыба і Уладзіміра Някляева да Міхаіла Пастухова і Аляксандра Казуліна - на вялікі круглы стол, прысвечаны фармаванню дэмакратычнага Альтэрнатыўнага ўрада.

Маючы кааліцыйныя дамовы з сябрамі Беларускага Незалежніцкага Блоку аб вылучэнні супольнага кандыдата на прэзідэнцкую кампанію, БХД вяла перамовы з Рухам “За свабоду” і Беларускім Народным Фронтам. У ліпені 2010 года гэтыя перамовы скончыліся беспаспяхова. БНБ быў паралізаваны, Аляксандр Мілінкевіч заявіў спярша пра сваё самастойнае вылучэнне, потым пра зняццё. Тады на сваім трэцім пасля аднаўлення з’ездзе 12 верасня пры ўдзеле 135 дэлегатаў беларускія хрысціянскія дэмакраты заявілі пра вылучэнне ў кампаніі 2010 года Віталя Рымашэўскага.

Занятыя перамовамі сярод астатніх лідэраў апазіцыі, мы страцілі час для падрыхтоўкі ўласнай кампаніі. Пасля двухгадовай напружанай працы і бясконцых кампаніяў каманда партыйных арганізатараў была на мяжы знемажэння. Фінансавых рэсурсаў партыя практычна ня мела. Адзінае, што было – гэта вельмі шмат ідэйных, натхнёных людзей. У ініцыятыўную групу Віталя Рымашэўскага ўвайшло 1704 чалавекі. Найперш гэта быў касцяк Аргкамітэту 2007-2009 гадоў, моладзь і вернікі – праваслаўныя, пратэстанты, каталікі.

Збор подпісаў за вылучэнне ішоў цяжка – адыгралі ролю страх, нявер’е ў “выбары”, вялікая колькасць дэмакратычных прэтэндэнтаў. Два месяцы частка сябраў штабу жыла на офісе (здымнай кватэры ў раёне менскага вакзала), начавалі на падлозе ў спальніках. Каб забяспечыць кампанію, грошы зычылі ў сваякоў, прасілі ў вернікаў-бізнэсоўцаў, прадалі некалькі офісных кампутараў і партыйны аўтамабіль. Дзякуючы ахвярнай працы актывістаў, шараговых хадэкаў, удалося сабраць крыху больш за патрэбны мінімум – каля 105 тысячаў подпісаў.

Зрэшты, рэжым, які вёў двайную гульню з Расеяй і Захадам, зарэгістраваў усіх прэтэндэнтаў. Агітацыя БХД ішла пад лозунгам: “Хрысціянскія прынцыпы – беларускі патрыятызм”. Найбольш шматлюднымі былі сустрэчы ў Менску, Гомелі, Віцебску, Берасці, Гародні, Бабруйску, Магілёве, Воршы, Наваградку, Слоніме, Кобрыне, Баранавічах, Полацку, Пінску, Ашмянах, Ваўкавыску, Мазыры, Наваполацку, Лідзе, Мёрах, Рэчыцы. Пасля паўгадзіннага выступу Віталя Рымашэўскага у жывым эфіры БТ на партыйныя тэлефоны за суткі паступілі сотні званкоў са словамі падтрымкі і пытаннем, як далучыцца да БХД.

Плошча-2010. Хрысціянскія дэмакраты за кратамі

Становішча перад днём “выбараў” і прызначанай на вечар 19 снежня Плошчай было напружаным. Еўропа наладжвала дыялог з рэжымам і абяцала крэдыты ў выпадку правядзення свабодных выбараў, Расея адкрыта называла Лукашэнку здраднікам. Але за два тыдні да галасавання Лукашэнка дамовіўся з Крамлём – і стала ясна, што ўсё пройдзе, як заўжды, з масавай фальсіфікацыяй. Большасць кандыдатаў, у тым ліку і кандыдат БХД, заклікалі людзей абараніць свой выбар на Плошчы.

Вечарам 19 снежня, калі БТ ужо аб’вясціла пра “разгромную перамогу” Лукашэнкі, сотні актывістаў БХД сабраліся перад менскім вакзалам, да іх далучыліся актывісты апазіцыі, што прыехалі з рэгіёнаў – і шэсце з некалькіх тысячаў чалавек выйшла на Кастрычніцкую плошчу, запоўненую людзьмі. Пасля кароткага мітынгу дэманстранты занялі праспект. Грандыёзнае шэсце з дзясяткаў тысячаў чалавек запоўніла цэнтр Менску. У будынку Дома Урада, дзе месціўся Цэнтрвыбаркам, былі разбітыя шкляныя дзверы. Людзі патрабавалі перамоваў з прадстаўнікамі ураду, але замест гэтага дэманстрантаў атакавалі спецпадраздзяленні. За гадзіну шматтысячная акцыя была разагнаная з ужываннем гвалту і дубінак; арыштавалі каля 700 удзельнікаў. Віталю Рымашэўскаму разбілі галаву; некалькі дзясяткаў хадэкаў, у тым ліку і я сам, апынуліся ў турмах.

Адразу пасля разгону Плошчы быў узяты штурмам офіс БХД, ператрусы і допыты пракаціліся па ўсёй краіне. Больш за 40 удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў былі асуджаныя. Віталь Рымашэўскі атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна, мне давялося правесці 5 месяцаў у турме КДБ і больш за 2 гады ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін на Пружаншчыне.

Пакуль вязні Плошчы адбывалі тэрміны, БХД патрабавала іх вызвалення і праводзіла кампаніі ў іх падтрымку. Самай буйной была “Хваля салідарнасці” у лютым-сакавіку 2013 года: тады 33 дні запар хадэкі праводзілі марафон акцыяў салідарнасці ў больш як 30-ці гарадах Беларусі. Дарэчы, “парламенцкія выбары” 2012 года БХД байкатавала – у першую чаргу патрабуючы вызвалення палітычных зняволеных.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе
#100гадоўБХД


28.12.17 10:42

Павел Севярынец