Грымотагалосны і лікуючы калгас

Ведаеце, калі людзі кажуць, што "я паспытаў нязведанае", яны могуць рознае мець на ўвазе. Часцей за ўсё нешта не надта уражвальнае. Ну, там, беларускамоўны мент, ці сумленны суддзя ці, ў скрайнім выпадку, талерка з іншапланетнікамі. Але вось я нядаўна уразіўся.

Сядзім з мамай на лецішчы, фарбуем сабе домік. Ну і тут па вушах пачынае валіць нейкая цыганшчына. І не тыпу Кустурыцы, хаця і гэтага камуніста з кібіткі я не тое, каб вельмі. А такая цыганшчына-цыганшчына: "цігані едут, цігані едут, цигани табарам живут!". І так гучна, што я на лясах на вышыні 6 метраў вібрырую. Ну, думаю, от жы ж паскудства, пайду сварыцца. І, галоўнае, ведаю, куды ісці - ёсць у нас на дачы адно месца ў стылі "піпец". Такі участак абнесены прафнасцілам, завалены арматурай, газасілікатнымі блокамі і іншым барахлом, на тэрыторыі якога сто пабудоў, зробленых з гаўна і свіста і дзе жывуць людзі, скажам так з вельмі сумніўнымі маральнымі якасцямі і гнуткім стаўленнем да чужой прыватнай ўласнасці. Пра іх - асобная гісторыя - іншым разам.

Іду я да гэтых таварышаў такі злы і кумекаю, як жа мне на іх паўздзейнічаць з улікам таго, што там, за металічным плотам, вечна поўны двор быкаватых пацаноў гадоў 25, чыя тэмпература перманентна 36,6+40. Падыходжу і разумею, што "цігані едут" - не адтуль. Іду далей па вуліцы і даходжу да акуратненькага маленькага доміка настаўніцы музыкі, усёй такой адвечна "благауханнай і асіяннай." якая ладзіць у сябе вечарыны ў стылі "сіребрінный век" з чытаннямі русссскай класікі і усяго такога. Да доміка дамы, якая праперфарыравала мозг братану і ягоным сябрам за тое, што яны на выходных п'юць піва і граюць на гітары. Якая на ўсе дачы разнесла вердыкт, што "Уладзік з Вадзікам співаюцца" і наогул ступілі на склізкую сцяжынку.

І вось я падыходжу да яе доміка і слупянею. Яны там у колькасці чалавек дзесяці паставілі крэслы паўколам, селі - як у кансерваторыі - шырока расплюшчылі вочы і ўнемлюць. А перад імі з мікрафонам (!) і калонкамі (!) выступае пузаты "цыган", у атачэнні "цыганак", якія носяцца і трасуць топікамі, абвешанымі, недэнамінаванымі манеткамі. "Дарагіі гості, дарагая імінінніца, к вам пріехал ціганскі табар! Встрічайті!!!!"
Ну і яны паслухмяна пляскаюць у ладкі - сустракаюць. благауханныя і асіянныя. Сказаць, што я ахуеў - значыць не сказаць нічога. Пасярод 6 сотак садовага таварыства - табар. Табар!!!

Я машу і сігналізую рукамі і да мяне выходзіць яна - віноўніца ўрачыстасцяў.
- Доўга, кажу, ў вас табар будзе гасціць?
- Не-не. Хвілін сорак.
Разгарнуўся і пайшоў дадому, заўважаючы, як з "тэрыторыі мэдмакса" вылятаюць радасныя пацаны.
- Стас, здарова! Чо там у іх?
- Там у іх рэальныя, сапраўдныя цыгане! - кажу.
- Афiгенна, цыгане! - Прытанцоўваючы узлікавалі саракаградусныя пацаны і хуценька пабеглі да участка настаўніцы музыкі, каб зліцца з ёй у адзіным культурным экстазе, ці хаця б каб пагрэцца ў промнях яе мелічнай велічы.

Сустрэў суседку. Расказаў пра свой экспірыенс. Яна спачатку пакачала галавой, а пасля паціснула плячыма:
- Ну, гэта хаця б не тое, што зараз моладзь слухае: тыц, тыц, тыц! бум-бум-бум.
- Угу, - кажу. Не тыц-тыц, не бум-бум. Гэта, дно. Я бы цыган мяняў па курсе адзін да ста. адзін "алалалэй" на сто самых пачварных "тыцаў".
Суседка не пагадзілася: "жывая музыка - гэта жывая музыка. Мастацтва".

Ішоў я і думаў. Адкуль гэта бярэцца? Гэты невыкаранімы грымотагалосны і лікуючы калгас. Чаму яны любяць вось такое? Скажам, папулярныя ў апошнія дні Ісландцы? Калі б перасадзіць іхную музыку, а на яе месца паставіць вось гэтую - лепсаў, цыган, валерый, газманавых, дарафеевых, ухцінскіх, лесапавал - ісландцы, прыгожыя і белазубыя - сталі бы слухаць? Ну, не адразу, а хаця б праз год? Напэўна, не сталіб. Утапілі бы лепсаў у моры і вярнулі бы сваё.
Дык можа гэта нейкі ген? Ці вось, напрыклад, сабакам жа, бывае, бракуе гаўна ў арганізме, таму яны яго ахвотна ядуць. Можа і гэтым гаўна не стае? Тады ў Рыгорыча ёсць у запасе вяліізны рэсурс, думаю я. І калі ягоны рэйтынг упадзе, - ён проста павінен спець.

19.07.16 15:33



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Стась Карпаў