Чаму "руская мова" не "русский язык"

Беларускую мову «рускаю» называлі Скарына, Будны, Цяпінскі ды ўсе іншыя пісменьнікі Беларусі той пары. Не «рускаю», а «маскоўскай» называлі тады ў Беларусі мову Масковіі, мову сучасных расіян і Расійскай Федэрацыі.

Напрыклад, «маскоўскай» называў яе Сымон Будны, «ензык москевскі», казалі тады і у Польшчы. У Польшчы назву гэту пачалі забываць толькі ад пачаткаў ХІХ стагодзьдзя па патрабаванню расійскіх уладаў. Тады пад расійскім націскам быў заведзены для расійскай мовы назоў «ензык росыйскі».

Прычыны, чаму пісьмовую мову ВКЛ «рускаю» не называлі паслы маскоўскія ў тым, што ў Маскве тады так называлі мову сваю, мову расійскую. Паслам маскоўскім, як і ўсім маскоўцам, было ясна, што на мове, якой былі напісаны каралеўскія граматы, ці Статуты ВКЛ, у Маскве ніхто не гаварыў. Адметнасьць дзяржаўнай мовы ВКЛ ад сваёй «русское» мовы маскоўцы і пазначалі назвамі «белорусскій язык», «белорусское письмо» і якія ў гэты час у Маскве ўжо шырака выкарыстоўваліся.

Я. Рудзенка і Ю. Чарняўская заўважаюць: “Шэраг даследчыкаў, прыхільнікаў “вялікарускай канцэпцыі“, лічыў, што беларуская мова не больш, чым мадыфікацыя рускай мовы, адмаўляючы ёй ў спецыфічнасці і самабытнасці. Гэты пункт гледжання лёгка аспрэчваецца наступным фактам: для выдання ў Маскве Трэцяга Статуту ВКЛ спатрэбіўся яго пераклад, у чым не было б ніякай неабходнасці, калі б Статут быў напісаны па-руску”.

Гэта добра з спрэчкі 10 сакавіка 1646 г. ў Варшаве паслоў Масковіі з сенатарамі Польшчы ў пытаньні, якую мову ўжываць пры дыпламатычнай перапісцы караля Рэчы Паспалітай з маскоўскім царом.

 Перамовы маскоўскія паслы пачалі з таго, што зноўку ўзнялі старыя скаргі Масковіі на тое, што ў граматах да цара ад караля ды яго падданых не захоўваецца адпаведная «царскай вялікасьці», вызначаная Палянаўскай дамовай, тытуляцыя.

На пратэст маскоўскіх паслоў паны-рады адказалі: “На Бога прысягаем, што па-польску самодержцы і самодержцу адно і тое ж. Калі-ж па-руску не так, дык на будучыню мы строга будзем сачыць, каб памылкак не было. Ды ў будучыні гаспадару нашаму і пісаць да царскае вялікасьці ў граматах трэба лепш па-польску... тады і памылак не будзе”.

 Прапанова, каб у перапісцы караля з царом перайсці на мову польскую, маскоўскія паслы адкінулі словамі: “Издавна повелось, что грамоты королевские к великому государю пишутся белорусским письмом, и теперь, мимо обычаев, по-польски писать не годится, да у порубежных воевод и переводчиков нет”.

Варшаўская спрэчка маскоўскіх «вялікіх паслоў» з панамі польскай каралеўскай рады паказвае нам тое, што ў 1646 г., або ў 1-й пал. ХVІІ стагодзьдзя, абавязковай афіцыйнай мовай дыпляматычнай перапіскі паміж Польшчай і Масковіяй была, па старой традыцыі, усё яшчэ мова беларуская. Мову каралеўскіх граматаў да цара «беларускай» называлі і самі царскія паслы. Ужыты гэтым разам пасламі Масковіі для старабеларускай пісьмовай мовы назвы «белорусское письмо» не нейкі адзіночны выпадак і не выключэнне. Ведомы тысячы маскоўскіх дакументаў і граматаў, ды і маскоўскія кніжныя выданьні той пары, у якіх мова гэтая называецца «беларускай», хоць побач калі-некалі сустракаецца і назва «литовский язык».

Калі ў ходзе спрэчкі аб памылцы ў царскай тытуляцыі паны каралеўскае рады тую самую мову называлі не «беларускай», як паслы маскоўскія, а «рускай» (хоць-бы ў звароце «дзячкі пішуць, не ведаючы добра рускай мовы»), дык таму, што гэтак афіцыйна называлася тады гэтая мова і ў самой Беларусі, у дзяржаўных яе нават законах.

У артыкуле І-м ІV раздзела Статута ВКЛ 1588 г. было запісана: “А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы”.

Вось назовы «рускі», якая тады была афіцыйнай і ў Беларусі, і ў Польшчы, паны каралеўскае рады і трымаліся.

Гэта важна ўсведамляць усім, хто сутыкаецца з архіўнымі ды іншымі пісьмовымі памяткамі таго часу, каб засцерагчыся ад памылковага іх разумення ды памылковых выснаваў. Справу ўскладняе яшчэ і тое, што назва «руская мова» тады здаралася, асабліва ў чужынцаў, і ў разуменьні сучаснага «мова ўсходнеславянская». У такіх выпадках аб’ядноўвала яна мовы беларускую, расійскую і украінскую..
09.05.16 16:37



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Ігар Случак