Гомельскія студэнты Тартускага ўніверсітэта

Гісторыя Тартускага ўніверсітэта  пачынаецца з 1632 года, але мала хто ведае, што з яго сцен выйшлі кіраўнік урада Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі і іншыя палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.

Менавіта Усеваладу Ігнатоўскаму  належыць выраз «Вучыць беларуса трэба на беларускай мове».

Але яшчэ менш вядомым фактам з'яўляецца тое, што з 1632-га да 1918 года ў Тартускім універсітэце вучыліся 2204 беларускія студэнты. Большасць з іх — 1414 чалавек — займаліся тут у 1892—1918 гадах.

Ад 1896 да 1918 г. у Тартускім універсітэце  вучылася 245 беларускіх студэнтаў. Першыя беларускія зямляцтвы не мелі рэгістрацыі і дзейнічалі сакрэтна, таму што студэнцкія карпарацыі былі забароненыя.  

Пасля рэвалюцыі 1905—1907 г. студэнцкія арганізацыі легалізавалі. У перыяд ад 1906 да 1908 г. было зарэгістравана 43 студэнцкія карпарацыі пры Тартускім універсітэце. Да канца ХIХ стагоддзя былі створаныя па тэрытарыяльнай прыкмеце Мінскае, Магілёўскае і Чарнігаўскае беларускія зямляцтвы.  

16 лістапада 1907 года загадам Савета прафесуры ўніверсітэта былі зацверджаны статуты Мінскага і Віленскага беларускіх зямляцтваў.

У кастрычніку 1910 г. на юрыдычны факультэт Тартускага ўніверсітэта паступае Антон Луцкевіч, будучы кіраўнік ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, дзякуючы якой паўстала сённяшняя Рэспубліка Беларусь.



Выконваючы загад Рады Міністраў, рэктар Тартускага ўніверсітэта У.Аляксееў 14 студзеня 1911 г. забараняе ва ўніверсітэцкіх корпусах «студэнцкія зборы ненавуковага характару».

Вінаватыя ў парушэнні адлічваюцца з універсітэта. Увесну 1911 г. Мінскае і Віленскае зямляцтвы спынілі існаванне. У 1916—1917 гадах узнікае яшчэ некалькі карпарацый беларускіх студэнтаў.  

Сярод іх былі і Гомельскае, і Бабруйскае зямляцтвы, статуты якіх былі зацверджаны Саветам прафесуры 3 снежня 1916 года.  




Пасля зацвярджэння статута 24 лютага 1917 года да іх далучылася і Віцебскае зямляцтва.

На жаль, няма звестак аб гомельскіх студэнтах, што вучыліся ў Тартускім універсітэце да 1892 года.




Але ў перыяд з 1892-га па 1918 год іх тут вучылася роўна 100 чалавек.  Гэта 7% ад агульнай колькасці беларускіх студэнтаў, што атрымлівалі адукацыю ў Тарту ў гэты перыяд.

З самога Гомеля было 38 прадстаўнікоў. З сучасных Гомельскага і Рагачоўскага раёнаў — па 14 ад кожнага.

З Рагачова — 4 студэнты,  13 — з сучаснага Мазырскага раёна, а з самога Мазыра — 6 чалавек. З сучаснага Рэчыцкага раёна было 8 чалавек, а з самой Рэчыцы — 3.

Адным з гомельскіх студэнтаў Тартускага ўніверсітэта Пётр Карповіч , што навучаўся на медыцынскім факульцеце ў 1898-1899 гадах.



У 1901 годзе Пётр Карповіч забіў міністра адукацыі Расійскай імперыі Мікалая Багалепава, за што відаць і атрымаў у самым цэнтры Гомеля вуліцу, што носіць яго прозвішча, а таксама аднайменны прыпыначны пункт.



У той жа час іншы студэнт эстонскага ўніверсітэта, Антон Луцкевіч, што стаў бацькам-заснавальнікам сучаснай Беларусі такога гонару ў Гомелі не атрымаў - відаць тэрарыст Карповіч гэтага заслугоўваў больш.

Цікава, што са 100 гомельскіх студэнтаў Тартускага ўніверсітэта, што навучаліся ў ім у перыяд з 1892-га па 1918 год, 41 вучыўся на юрыдычным факультэце.




10.09.16 12:34



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Ігар Случак