Першай коннай статуі Беларусі - 170 год 26.08.2016

Сёлета спаўняецца 170 год з таго часу, як у Беларусі з'явіўся першы конны помнік.



У 1846 годзе ў Гомелі быў устаноўлены помнік князю Юзэфу Панятоўскаму. Гэта была першая конная статуя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дастаўлена яна была водным шляхам з Польшчы і ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы гомельскага палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы.



Гісторыя з'яўлення помніка наступная. Помнік князю Юзафу Панятоўскаму - праца дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена. Манумент быў замоўлены ў 1817 годзе. У 1829 годзе ў Варшаве была створана мадэль помніка. Скульптура была адліта з бронзы ў 1832 годзе, аднак з прычыны рэпрэсій пасля паўстання 1830—1831 гадоў не магла быць усталявана паводле ранейшых планаў перад Палацам намесніка.



Манумент быў канфіскаваны і ў разабраным стане перавезены ў Новагеоргіеўскую крэпасць (Модлін). У 1840-х гадах помнік быў падораны Мікалаем I Івану Фёдаравічу Паскевічу, вывезены ў Дэмблін (Івангарад) і, нарэшце, у Гомель, дзе ён быў усталяваны ля палаца Паскевіча.

Манумент быў вернуты ў Польшчу ў 1922 годзе ў адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. У 1923 годзе быў усталяваны ў двары каралеўскага палаца перад каланадай Саксонскага палаца і магілай Невядомага салдата.

Пасля прыгнечання Варшаўскага паўстання быў падарваны 19 снежня 1944 года.

Новую адліўку скульптуры, створаную 1948-1951 па мадэлі, якая захавалася ў музеі Торвальдсена ў Капенгагене, падарыў Польшчы дацкі ўрад. Яна была ўсталявана перад Старой Аранжарэяй у Лазенкоўскім парку, а з 1965 года — перад Палацам намесніка, цяпер рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы.



Торвальдсен адлюстраваў князя Панятоўскага на кані, як на антычным мануменце Марка Аўрэлія на рымскім Капітоліі. Помнік не спадабаўся жыхарам Варшавы, з прычыны таго, што князь быў апрануты ў рымскі, антычны строй замест рыцарскіх даспехаў.



Трэба заўважыць, што ў 1812 годзе, ваюючы на баку Напалеона супраць Расіі, Панятоўскі ваяваў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, канфедэратыўнай дзяржавы, у склад якой уваходзіла беларускае Вялікае Княства і Польскае Каралеўства.

Такім чынам Юзэф Панятоўскі ваяваў за незалежнасць сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Слушнай будзе неабходнасць ўсталявання ў Гомелі копіі помніку Юзэфу Панятоўскаму на старым месцы. І не абавязкова бронзавага, прыгажосць яго не будзе горшай, калі ён будзе зроблены і з іншага матэрыялу.  

І кожны гамяльчанін пабачыць у помніку нешта сваё:  нацыянальнаарыентаваны беларус будзе бачыць у ім помнік герою барацьбы за незалежнасць Беларусі, манументальнае увасабленне "Пагоні", больш памяркоўны гамяльчанін - падарунак цара Мікалая Першага уладальніку гомельскага палаца Паскевічу, а звычайны гамяльчанін ці госць Гомеля - проста прыгожы помнік, каля якога хочацца сфатаграфавацца.  

Гэта ідэя знайшла сваю падтрымку і ў кіраўніцтва Гомельскага палацава-паркавага ансамблю: "Сапраўды, даволі працяглы час конная статуя Панятоўскага знаходзілася ў нашым горадзе. Дастаўленая ў 1846 годзе водным шляхам з Польшчы, яна была ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы, якія былі ваеннымі трафеямі фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.

У нейкім сэнсе гэта ж можа быць аднесена і да помніка Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы. Таму жаданне палякаў вярнуць гэты сімвал на радзіму пасля таго, як Расійская імперыя скончыла сваё існаванне, здаецца абсалютна натуральным.  

Мы не будзем абмяркоўваць палітычныя пытанні аб справядлівасці ці не справядлівасці Рыжскай дамовы, але ж нельга не пагадзіцца з тым, што помнік быў адным з найбольш адметных аб'ектаў, якія ўпрыгожвалі гомельскую сядзібу Паскевічаў.  Разам з іншымі дэкаратыўнымі элементамі (вазы, гроты, скульптуры і г.д.) ён стварыў той рамантычны вобраз палацава-паркавага комплексу, да якога імкнуўся яго аўтар - польскі архітэктар А. Ідзкоўскі.  

Копія статуі Панятоўскага і зараз магла б стаць прывабнай славутасцю, як для гамяльчан, так і для гасцей Гомеля.  Але для ажыццяўлення такога праекта патрэбны як мінімум дзве ўмовы: наяўнасць фінансавых сродкаў (ніякім бюджэтам яны не прадугледжаны) і, як мы лічым, узгадненне такой магчымасці з польскім урадам, а гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў."



Калі з пошукаў сродкаў сітуацыя больш складаная (культура ў Беларусі традыцыйна спансуецца ў апошнюю чаргу), то з узнадненнем ідэі з польскім бокам дакладна праблемы не павінна ўзнікнуць. У лютым 2015 года Гомель наведваў на той час Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Сярод іншага яму было зададзена пытанне аб тым, як ён адносіцца да усталявання ў Гомелі копіі помніка Юзэфу Панятоўскаму.

Адказ пасла палягаў у тым, што ён асабліва і не супраць гэтай ідэі, галоўнае, каб на яе рэалізацыю былі сродкі.  Адным з варыянтаў, як іх знайсці, можна зноў узяць польскі вопыт, згаданы ў адказе "помнік Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы." - у нашым выпадку - за кошт бюджэту Гомеля, які фармуецца за народныя грошы ў выглядзе падаткаў.  



Станоўча да ідэі аднаўлення ў Гомелі поніка Юзэфу Панятоўскаму адносіцца і Гомельскі гарвыканкам: "Памнік Юзэфу Панятоўскаму лічыцца лепшай работай скульптара Берталя Торвальдсэна.

Копія статуі і зараз магла б стаць прывабнай адметнасцю як для гамяльчан, так і для гасцей горада. Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу. У сувязі з гэтым абмяркоўваць яе перамяшчэнне ў горад Гомель уяўляецца некарэктным".

Тут можна толькі удакладніць, што гаворка не вялася і не вядзецца аб перамяшчэнні помніка з Варшавы ў Гомель - Гомелю будзе дастаткова і копіі, тым больш, што і ў Варшаве зараз толькі копія стаіць.  Далей гарвыканкам паведамляе: "У дадзены момант рэдукцыя (паменьшаная копія) статуі знаходзіцца ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль".



Напрыканцы Гомельскі гарвыканкам выказвае празаічную, але сённяшнюю рэальнасць: "Стварэнне копіі ў арыгінальным памеры патрабуе значных фінансавых выдаткаў, што не прадугледжана бюджэтам горада Гомеля."

Хочацца спадзявацца, што бюджэт горада прадугледзіць падобныя выдаткі на наступны год, тым больш, што самі гарадскія ўлады прызнаюць тое, што помнік Юзэфу Панятоўскаму Гомелю неабходны.  

З іншага боку, помнік можна атрымаць і без вялікіх укладанняў па польскаму сцэнару, пра які пісалася ў адказе гарвыканкама "Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу."  Думаю, урад Даніі не пашкадуе падарунка і для народа беларускага - галоўнае, перамовы паспяхова правесці.  

Тут ужо задача для МЗС Беларусі і кіраўніцтва Гомеля - хіба не цудоўна звязаць Беларусь такім чынам сяброўскімі адносінамі з адной з самых пасьпяховых краін Еўропы ды яшчэ і падарунак гамельчукам і беларусам прынесці?

Наогул, копіяй аднаго помніка Юзэфа Панятоўскага можна не толькі падараваць Гомелю і Беларусі прыгожы помнік мастацтва, але і замацаваць добрыя адносіны з трыма вядучымі еўрапейскімі краінамі - Польшчай (з якой у нас адзін нацыянальны герой Юзэф Панятоўскі), Францыяй (з дзядамі якой нашы дзяды поплеч ваявалі ў Вайне 1812 года супраць Расіі) і Даніяй (чый скульптар стварыў гэты цудоўны твор мастацтва).  

Ужо толькі дзеля гэтага помнік Панятоўскаму ў Гомелі павінен быць.  

Чаму "руская мова" не "русский язык" 09.05.2016 3

Беларускую мову «рускаю» называлі Скарына, Будны, Цяпінскі ды ўсе іншыя пісменьнікі Беларусі той пары. Не «рускаю», а «маскоўскай» называлі тады ў Беларусі мову Масковіі, мову сучасных расіян і Расійскай Федэрацыі.

Напрыклад, «маскоўскай» называў яе Сымон Будны, «ензык москевскі», казалі тады і у Польшчы. У Польшчы назву гэту пачалі забываць толькі ад пачаткаў ХІХ стагодзьдзя па патрабаванню расійскіх уладаў. Тады пад расійскім націскам быў заведзены для расійскай мовы назоў «ензык росыйскі».

Прычыны, чаму пісьмовую мову ВКЛ «рускаю» не называлі паслы маскоўскія ў тым, што ў Маскве тады так называлі мову сваю, мову расійскую. Паслам маскоўскім, як і ўсім маскоўцам, было ясна, што на мове, якой былі напісаны каралеўскія граматы, ці Статуты ВКЛ, у Маскве ніхто не гаварыў. Адметнасьць дзяржаўнай мовы ВКЛ ад сваёй «русское» мовы маскоўцы і пазначалі назвамі «белорусскій язык», «белорусское письмо» і якія ў гэты час у Маскве ўжо шырака выкарыстоўваліся.

Я. Рудзенка і Ю. Чарняўская заўважаюць: “Шэраг даследчыкаў, прыхільнікаў “вялікарускай канцэпцыі“, лічыў, што беларуская мова не больш, чым мадыфікацыя рускай мовы, адмаўляючы ёй ў спецыфічнасці і самабытнасці. Гэты пункт гледжання лёгка аспрэчваецца наступным фактам: для выдання ў Маскве Трэцяга Статуту ВКЛ спатрэбіўся яго пераклад, у чым не было б ніякай неабходнасці, калі б Статут быў напісаны па-руску”.

Гэта добра з спрэчкі 10 сакавіка 1646 г. ў Варшаве паслоў Масковіі з сенатарамі Польшчы ў пытаньні, якую мову ўжываць пры дыпламатычнай перапісцы караля Рэчы Паспалітай з маскоўскім царом.

Перамовы маскоўскія паслы пачалі з таго, што зноўку ўзнялі старыя скаргі Масковіі на тое, што ў граматах да цара ад караля ды яго падданых не захоўваецца адпаведная «царскай вялікасьці», вызначаная Палянаўскай дамовай, тытуляцыя.

На пратэст маскоўскіх паслоў паны-рады адказалі: “На Бога прысягаем, што па-польску самодержцы і самодержцу адно і тое ж. Калі-ж па-руску не так, дык на будучыню мы строга будзем сачыць, каб памылкак не было. Ды ў будучыні гаспадару нашаму і пісаць да царскае вялікасьці ў граматах трэба лепш па-польску... тады і памылак не будзе”.

Прапанова, каб у перапісцы караля з царом перайсці на мову польскую, маскоўскія паслы адкінулі словамі: “Издавна повелось, что грамоты королевские к великому государю пишутся белорусским письмом, и теперь, мимо обычаев, по-польски писать не годится, да у порубежных воевод и переводчиков нет”.

Варшаўская спрэчка маскоўскіх «вялікіх паслоў» з панамі польскай каралеўскай рады паказвае нам тое, што ў 1646 г., або ў 1-й пал. ХVІІ стагодзьдзя, абавязковай афіцыйнай мовай дыпляматычнай перапіскі паміж Польшчай і Масковіяй была, па старой традыцыі, усё яшчэ мова беларуская. Мову каралеўскіх граматаў да цара «беларускай» называлі і самі царскія паслы. Ужыты гэтым разам пасламі Масковіі для старабеларускай пісьмовай мовы назвы «белорусское письмо» не нейкі адзіночны выпадак і не выключэнне. Ведомы тысячы маскоўскіх дакументаў і граматаў, ды і маскоўскія кніжныя выданьні той пары, у якіх мова гэтая называецца «беларускай», хоць побач калі-некалі сустракаецца і назва «литовский язык».

Калі ў ходзе спрэчкі аб памылцы ў царскай тытуляцыі паны каралеўскае рады тую самую мову называлі не «беларускай», як паслы маскоўскія, а «рускай» (хоць-бы ў звароце «дзячкі пішуць, не ведаючы добра рускай мовы»), дык таму, што гэтак афіцыйна называлася тады гэтая мова і ў самой Беларусі, у дзяржаўных яе нават законах.

У артыкуле І-м ІV раздзела Статута ВКЛ 1588 г. было запісана: “А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы”.

Вось назовы «рускі», якая тады была афіцыйнай і ў Беларусі, і ў Польшчы, паны каралеўскае рады і трымаліся.

Гэта важна ўсведамляць усім, хто сутыкаецца з архіўнымі ды іншымі пісьмовымі памяткамі таго часу, каб засцерагчыся ад памылковага іх разумення ды памылковых выснаваў. Справу ўскладняе яшчэ і тое, што назва «руская мова» тады здаралася, асабліва ў чужынцаў, і ў разуменьні сучаснага «мова ўсходнеславянская». У такіх выпадках аб’ядноўвала яна мовы беларускую, расійскую і украінскую.

455 год гербу Гомеля 14.10.2015 3

2015 год выдаўся шматлікім на гістарычныя юбілеі Гомеля: 680 год далучэння Гомеля князем Альгердам да Беларусі ў 1335 годзе, 480 год вызвалення Гомеля князем Юрыям Радзівілам ад маскоўскай акупацыі ў 1535.
Чарговы юбілей Гомеля - наданне гораду герба ў 1560 годзе Вялікім князем Жыгімонтам ІІ Аўгустам.



Герб меў выгляд шчыта на якім у чырвоным полі змяшчаўся срэбны кавалерыйскі крыж.



Вытрымка з вялікакняскага прывілею Жыгімонта ІІ Аўгуса ад 21 сакавіка 1560 года:
"«Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомейского, оповедаючы, што ж они печати месткое, которое бы справы местьские печатовали мели, в себе не мають и для того великое заструдненье в тых справах и потребах местских им частокрот деется… Ино мы з ласки нашое господарское… печать местьскую з гербом крыжа им дали и мети дозволили и сим листом нашым дозволяем. Мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и им печатоватися по тому, яко и у ыншых местах нашых Великого князства Литовского обычай того заховывается.» — Привилей мещаный гомейский на печать местьскую"



Цікавым з'яўляецца той факт, што Гомель атрымаў герб яшчэ не маючы Магдэбургскага права - гэта права ён атрымае толькі крыху больш чым праз стагоддзе.

Наданне гораду без Магдэбургскага права паказвае вялікае значэнне Гомеля для дагачаснай Беларусі і павагу з боку Вялікага князя да жыхароў Гомеля, што неслі няспынную памежную варту і абаранялі Беларусь ад нападаў з усходу.



Пасля акупацыі часткі Беларусі разам з Гомелем у 1772 годзе Расейскай імперыяй Гомель прыйшоў у поўнае занядбанне, таму адміністрацыйны цэнтр акупацыйнымі ўладамі быў перанесены з Гомеля ў суседні горад Новая Беліца, які быў імі заснаваны ў 1777 годзе. Рускія ўлады далі Новай Беліцы ў 1781 годзе герб:
«В верхней части щита, часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней — лежащая спокойно рысь, в голубом поле; ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много».
«Гербоўнік П. П. фон Вінклера»

у 1855 годзе герб Новай Беліцы акупацыйная расійскія ўлады перадалі Гомелю.



Пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі ў краіне пачаўся працэс вяртання населеным пунктам гербаў.

Але па невядомай прычыне рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта ў 1997 годзе за герб Гомеля быў абраны не гістарычны герб Гомеля 1560 года, а герб Новай Беліцы 1781 года, прысвоены ёй акупацыйнымі расійскімі ўладамі, толькі без двухгаловага арла.



Сітуацыя яшчэ больш недарэчная тым, што пераемнік Новай Белаіцы, сучасны Навабеліцкі раён Гомеля таксама з мае 2002 года свой герб (гэта, дарычы, адзіны выпадак у Беларусі, калі раён горада мае свой герб), які маль цалкам супадае з гербам Гомеля - розніца толькі ў позе рысі.



Герб Гомеля



Герб Навабеліцкага раёна Гомеля

Такім чынам герб Гомеля 1560 года быў гербам горада з 1560 па 1772 год, то бок 212 год.

Герб Новай Беліцы, на падставе якога створаны сучасны герб Гомеля быў гербам Новай Беліцы з 1781 па 1855 год і з 2002 па сённяшні дзень, то бок агулам па стану на 2015 год 87 гадоў.

Герб Гомеля, створаны на падставе герба Новай Беліцы быў гербам Горада з 1855 па 1917 год і з 1997 па сённяшні дзень, то бок агулам па стану на 2015 год 80 гадоў.

Як бачым, сённяшні герб Гомеля заснаваны на падставе герба Новай Белаліцы 1781 года быў быў гербам горада нават меньш, чым гербам Новай Беліцы, а гістарычны герб Гомеля 1560 года быў гербам больш, чым гербы Гомеля і Новай Беліцы разам узятыя (212 год і 167 год адпаведна).

Таму, лагічна, ужо прыйшоў час выправіць гэту гістарычную несправядлівась, пакінуўшы герб Новай Беліцы Навабеліцкаму раёну Гомеля, а Гомелю вярнуць стары гістарычны герб 1560 года, што заўжды яму належыў, нададзены беларускім Вялікі князем Жыгімонтам ІІ Аўгусам і мае годную і шматвекавую беларускую гісторыю.




480 год вызвалення Гомеля ад маскоўскай акупацыі 03.10.2015 6

Гомель і Гомельская вобласць вось ужо 680 гадоў знаходзяцца ў складзе Беларусі, але не ўсім гэта гістарычная справядлівасць падабаецца зараз, а тым больш не падабалася і раней. Шмат якія чужынцы-заваёўнікі хацелі аспрэчыць права беларускага народа Гомельшчыны на сваю зямлю, захапіць адну з краінаабразуючых частак Беларусі, паняволіць яе жыхароў.  

Больш за ўсё да гэтага спрычыніліся продкі сучасных расейцаў, чыя тагачасная дзяржава Маскоўскае княства - Маскоўскае царства - Расійская імперыя - СССР увесь час спрабавала адарваць ад Беларусі Гомельскую зямлю, захапіць тое, што ёй ніколі не належала.

На гэты конт слушную заўвагу мне зрабіў гісторык Яўген Малікаў: "Узгадваючы 1335 г. і перамогу нашых продкаў, не забудзцеся ўзгадаць, у каго ж яны "захапілі" (дакладней адбілі ці вызвалілі) Гомель. Нашы продкі з Вялікага княства адбілі Гомель (разам з іншымі гарадамі гістарычнай Севершчыны) у мангола-татар. Дакладней у іх намеснікаў. Таму перажываць, як было прынята ў гісторыкаў канца ХІХ ст. што "Гомель несправядліва захапіла Літва" (а Масква ў той час увогуле знаходзілася ў амаль першабытным стане!) могуць толькі тыя, для каго "лепш мангола-татарам, чым Літве (ВКЛ)".



Хочацца спадзявацца, што расейцы з сучаснай Расійская Федэрацыя нарэшце перакрэсліць ганебную практыку сваіх продкаў і перастануць спрабаваць забраць сабе тое, што ніколі ім не належала. Хоць сітуацыя ва Украіне паказвае, што да гэтага ёй яшчэ далёка. Таму беларусам, асабліва гамельчукам, магілеўцам, віцябчанам, трэба добра ведаць сваю гісторыю, ведаць, адкуль гістарычна ў Беларусь прыходзіла найбольшае гора і пагроза, сябраваць са сваім усходнім суседам (бо сябраваць з суседзямі натуральны стан як чалавека, так і дзяржавы), але памятаць, што гэта за сусед і быць падрыхтаваным пры неабходнасці паставіць яго на месца.



Вяртаючыся да юбілейнай для Гомеля даты - 480 год вызвалення ад маскоўскай акупацыі, трэба адзначыць, што цягнулася яна 35 гадоў з 1500 па 1535 год. Акупаваны Гомель быў падчас 4-й Руска-Беларускай (Літоўскай) вайны 1500-1503 года. Усяго такіх войнаў паміж беларусамі і рускімі ў перыяд з 1368 па 1582 год было дзевяць. У 4-й Руска-Беларускай вайне саюзнікамі Маскоўскага княства быў хан Менглі І Гірэй, разам з якім рускімі і быў здзейснены напад на хрысціянскую Беларусь.



Для мяне гэта вайна мае і асабістае значэнне - тады было акупаванае і маё роднае мястэчка Свяцілавічы, першая летапісная згадка аб якім якраз і звязанае з гэтай вайной.



Цяжкія гады акупацыі (для параўнання: падчас ІІ Сусветнай вайны Гомель пад нямецкай акупацыяй быў толькі 3 гады) скончыліся ў 1535 годзе, калі падчас 7-й Руска-Беларускай вайны 1534-1537 гадоў Вялікі гетман ВКЛ, князь Юрый Радзівіл Геркулес адбіў наш горад ад акупантаў. Сімвалічна, што вярнуў Гомель Беларусі князь Юрый Радзівіл роўна праз 200 год з даты, калі князь Альгерд Гомель да Беларусі далучыў упершыню.



Важна памятаць сваю гісторыю і шанаваць памяць сваіх герояў. Некаторая праца ў гэтым накірунку ўжо вядзецца - адной з новых вуліц горада Жыткавічы Гомельскай вобласці ў будучым плануецца надаць імя князя Юрыя Радзівіла, што вызваліў Гомель у 1535 годзе ад маскоўскай акупацыі. Юрый Радзівіл сапраўдны ганаровы грамадзянін горада, што цвёрда канстатаваў: Гомель заўжды быў і заўжды будзе беларускім.

680 год далучэння Гомеля да Беларусі 01.09.2015 3

Тысячагадовая гісторыя беларускай дзяржаўнасці мае шмат вялікіх і важных дат, што мелі вялікае значэнне для сучаснай Беларусі.



Адной з важнейшых такіх дат для жыхароў Гомеля і Гомельшчыны з'яўляецца 1335 год і аб ім трэба распавесці падрабязней, бо сёлета, у 2015 годзе, адзначаецца юбілей - 680 год уваходжання Гомеля ў склад Беларусі.

Чаго хаваць, расійская прапаганда настойліва нават праз Вікіпедыю спрабуе давесці, што Гомельшчына спрадвечна расійская зямля, што незаконна і без жадання жыхароў была адарваная ад РСФСР і далучаная да Беларусі ў 1926 годзе. Нажаль, трэба прызнаць, што шмат беларусаў з-за браку адукацыі і крытычнага мыслення вераць у гэта, не спрабуючы правяраць інфармацыю, што падкідвае беларусам краіна з усходу ад Магілёва.



Праўда аб Гомелі і Гомельскай зямлі наступная - гэта спрадвечная беларуская тэрыторыя, дзяржаваўтваральная для Беларусі зямля, што амаль 7 стагоддзяў афіцыйна і юрыдычна ў складзе Беларусі, спрадвечна насялялася беларусамі і яшчэ да 1335 года была беларускай, але не замацаванай за Беларуссю юрыдычна.



Кропку юрыдычным афармленні Гомеля і Гомельшчыны ў складзе Беларусі паставіў у 1335 годзе Віцебскі князь Альгерд, будучы 12-ты Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, адзіным пераемнікам якога зараз з'яўляецца Беларусь.



З гэтых часоў Гомель жыў лёсам пагранічнага гораду на паўднёва-ўсходняй ускраіне Беларусі, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Панізоўя. Разам са Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкія Нарымунтавіча, пляменьніка Альгерда.

Сёння ў Гомелі яшчэ няма помніка Альгерду, не з'яўляецца ён і ганаровым грамадзянінам горада, хоць, несумненна, заслугоўвае гэтага як ніхто іншы і вядома, з часам сваё прызнанне ад гараджанаў Альгерд атрымае. Як атрымаў гэта прызнанне ў Віцебску, дзе не так даўно быў усталяваны яго конны помнік.



Несумненным з'яўляецца і той факт, што адна з гомельскіх вуліц павінна насіць імя князя Альгерда. Хочацца спадзявацца, што і гэта пытанне будзе ў хуткім часе вырашана. Шмат гарадскіх вуліц носяць назывы людзей, падзей і назваў, што не маюць ніякага дачынення да Гомеля і яго гісторыі, але няма вуліцы імя чалавека, што сапраўды зрабіў Гомель назваўжды беларускім.

Фактам з'яўляецца і тое, што ў іншых населеных пунктах не патрымліваецца належная павага і повязь Гомеля з іншымі часткамі Беларусі - амаль няма населеных пунктаў, што маюць вуліцу Гомельскую. З'яўленне такіх вуліц у кожным больш-меньш вялікім паселішчы Беларусі не толькі яшчэ больш моцна звяжа усе часткі Беларусі, але і аддасць павагу да зямлі, што стагоддзямі стаяла на варце і абараняла нашу краіну - Беларусь.




Страницы: 1
Читать другие новости

Ігар Случак