Гэта наш палескі стыль? 30.04.2013 4

Хоць гаворка пойдзе пра футбол і беларускую мову, асноўна тэмай усё ж будзе хлусня. Хлусня і непавага адзін да аднаго, што на прыкладзе футболу развілася ў беларускім грамадстве, прымушаючы людзей забываць аб тым, якую памяць яны пакінуць аб сябе. Забываць аб тым, што мур, узбудаваны на хлусні ніколі не будзе ні моцны, ні прыгожым, ні даўгавечным і хутка разбурыцца, хутчэй за ўсё наогул не дабудаваным.



Футбольны клуб "Гомель" навёў мяне на думку звярнуцца ў 2012 годзе да ўсіх клубаў Вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату з прапановай больш выкарыстоўваць беларускую мову ў іх жыцці. Падштурхнула тое, што на гомелькім стадыёне "Цэнтральны" з'явіўся дыктар, што каментаваў матчы па-беларуску. Для Беларусі гэта, нажаль, рэдкасць. Таму ў 2012 годзя ў ФК "Гомель" ліст з прапановамі нават не дасылаўся, бо, здавалася, клуб сапраўды стаў на шлях беларусізацыі. Ад большасці клубаў у 2012 годзе прыйшоў адказ, што, паколькі чэмпіянат ужо пачаўся, уводзіць нешта новае, у тым ліку і мову, зараз альбо немагчыма, альбо складана. Канечне ж, гэта былі адпіскі, але хоць і прыкрыя, ды ўсё ж лагічныя і прамой хлусні ў іх не было. Але, між тым, клубы запэўнівалі, што ў наступным чэмпіянаце, паспрабуюць правесці прапановы ў жыццё.



Таму ў 2013 годзе быў падрыхтаваны новы  зварот да клубаў, з прапановай выкарыстання беларускай мовы. На гэты раз ён быў дасланы і ў ФК "Гомель", бо была ўпэўненасць, што клуб пачаўшы з беларускамоўнага дыктара, можа без праблем пашыраць беларускую мову і далей, стаўшы сапраўдным флагманам у гэтым пытанні для іншых клубаў беларускага чэмпіянату.



Таму спынімся на гомельскім клубе. 25 лютага 2013 года прыйшоў даволі пазітыўны  адказ за подпісам намесніка дырэктара ФК "Гомель" Віталя Кушнера, дзе між іншым паведамлялася, што "в 2012 году озвучивание матча производилось на белорусском языке и практика прошлого года по дикторскому сопровождению на белорусском языке сохранится и в сезоне 2013 года." Безумоўна, гэта была пазітыўная навіна пазнака зараджэння добрай традыцыі. Акрамя гэтага паведамлялася, што "выбор языка, на котором будут написаны фамилии футболистов на спортивной форме, принадлежит команде. В 2012 году такое голосование проходило, и команда выбрала русский язык. Голосование по этому вопросу в 2013 году состоится позже, и о результатах Вы можете узнать дополнительно." Безумоўна, было прыемна даведацца, што моўнае пытанне вырашаецца калегіяльна, улічваючы пажаданні большасці футбалістаў. З іншага боку ўзнікала пытанне, ці слушна прыслухоўвацца толькі да меркавання футбалістаў, не ўлічваючы меркаванне заўзятароў і адміністрацыі клуба. Бо ўсё ж, як мне падаецца, перафразуючы словы выбітнага беларуса, не заўзятары для футболу, а футбол для заўзятароў. З такой прапановай і быў накіраваны зварот да кіраўніцтва клуба.



Неабходна адзначыць, што  На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] 18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.



У апытанні прыняло ўдзел 454 чалавек, з якіх 241, ці 53,1% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову.



Напачатку сёлетняга чэмпіянату адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне па тэме, на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў.



На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды і адміністрацыі. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1761 чалавек 1270 ці 72,1% аддалі свае галасы за беларускую мову.



Таму лагічна, што меркаванне заўзятароў павінны было быць улічана як футбалістамі, так і клубам.



Але далей пачынаецца самае цікавае і тут важна ўлічваць храналогію развіцця падзей.



22 красавіка 2013 з ФК "Гомель" паступіў  адказ на зварот.



У ім за подпісам дырэктара ФК "Гомель" Яўгена Пабалаўца паведамлялася, што "у сезоне 2013 агучванне пад час матчаў каманды на стадыёне "Цэнтральны" працягнецца на беларускай мове, а таксама мы паспрабуем на афіцыйным сайце пачаць друкаванне навінаў на беларускай мове". Што і казаць, інфармацыя вельмі пазітыўная. Але гэта было не ўсё.



У адказе паведамлялася таксама, што "у гэтым сезоне пры прыняцці рашэння, на якой мове пісаць прозвішчы на майках гульцоў, улічвалася адразу некалькі фактараў. А менавіта: жаданне саміх футбалістаў (вынік іх галасавання быў агучаны галоўным трэнерам - руская мова), меркаванне кіраўніцтва клуба (беларуская мова), меркаванне балельшчыкаў (беларуская мова) і меркаванне тытульных спонсараў клуба (гандлёвыя знакі напісаны ў рускай транскрыпцыі). Улічваючы вышэй прыведзеныя фактары, было прынята рашэнне, што ў сезоне 2013 на гульнявых футболках прозвішчы гульцоў будуць пісацца на рускай мове.



Падаецца, усё цывілізавана, дэмакратычна і прыгожа, у лепшых традыцыях Fair Play.



Але Fair Play па-гомельску трактуецца крыху інакш, чым гэта прынята ў іншых улубах і чэмпіянатах.

 
Читать дальше...

Хочаш беларускай мовы – дакажы, што яна табе патрэбна! 16.04.2013 14

Прыемная  навіна прыйшла з берагоў Буга. Мясцовы клуб "Дынама-Брэст" ў ХХІІІ чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе будзе пісаць прозвішчы на форме футбалістаў па-беларуску.

Здавалася б, што ў гэтым такога, шэраговая з'ява, хіба можна лічыць за навіну тое, на якой мове будуць надпісы на форме?



Магчыма і так, але не ў Беларусі, дзе фармальна пры роўнасці моў перавага паўсюль аддаецца рускай мове. Да таго ж ужо шмат часу ні адзін з клубаў Вышэйшай лігі беларускага футбола не выкарыстоўваў беларускую мову на сваёй спартыўнай форме. Адным словам, для мяне, як чалавека, што паважае беларускую мову і жадае яе больш шырокага выкарыстання гэта была добрая навіна.



Да таго ж футбол мне таксама падабаецца і мой родны ФК "Гомель", падаецца, сур'ёзна стаў на шлях беларусізацыі футбола і спадзяюся таксама падтрымае брэсцкіх дынамаўцаў і сваіх заўзятароў, 73% якіх падтрымлівае напісанне прозвішчаў гульцоў на форме па беларуску.



Між тым, праглядаючы каментары да гэтай навіны на спартовых і не спартовых сайтах, я заўважыў там каментары накшталт "У ПСЖ надпісы па-французку, у "Манчэсцеры" - па-англійску, а ў "Баварыі" - па-нямецку. І ў Беларусі, натуральна, павінны быць па-беларуску, знайшлі мне навіну!"



Так, магчыма, у Беларусі і павінны быць па-беларуску, але калі ўсіх задавальняе па-руску, то навошта адыходзіць ад агульнапрынятага ў Беларусі стандарта? Да таго ж я б прывёў у гэтым прыкладзе не ПСЖ, Манчэсцер ці Баварыю, а першы на сённяшні час каталонскі футбольны клуб "Барселону". Каталонская мова нават не дзяржаўная ў Іспаніі, але галоўная старонка сайта па-каталонску, надпісы на форме таксама і ўпэўнены, што дыктар на стадыёне таксама па-каталонску гульню асвятляе. Адзінай прычына тут у тым, што заўзятарам патрэбна каталонская мова ў футболе, а клуб ведае аб гэтым пажаданні і ідзе насустрач заўзятарам.



Тое ж самае і ў Беларусі. Упэўнены, што калі б я не  звярнуўся ў 2012 годзе да кіраўніцтва "Дынама-Брэст" з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову, а ў 2013 годзе не нагадаў аб гэтай прапанове, былі б і ў гэтым чэмпіянаце надпісы на форме па-руску. Бо, як я ўжо казаў, навашта рабіць нешта новае, калі і старое ўсіх задавальняе.



Канечне, сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі складаная, але нельга і не справядліва перакладаць усю адказнасць на заняпад беларускай мовы на дзяржаву. У заняпадзе беларускай мовы ў першую чаргу вінаватыя мы самі. Так, дзяржава не асабліва падтрымлівае беларускую мову, але з чаго вы ўзялі, што яна павінна нешта падтрымліваць? Па-сапраўднаму пакажыце, што мова патрэбна і сітуацыя зменіцца. Бо і ў Барселоне маглі б спакойна іспанскую мову выкарыстоўваць.



Беларуская ж мова фармальна з рускай у роўных правах, проста каб у сённяшняй сітуацыі яе выкарыстоўваць трэба прыкласці больш намаганняў, быць першапраходцам. Я ведаю шмат людзей, што вядуць сваю справу па-беларуску, выкладаюць па-беларуску, размаўляюць увесь час па-беларуску і па-беларуску вядуць эканамічную, тэхнічную і яшчэ шмат якую дакументацыю, якую звычайнаму чалавеку не зразумець, няглядзячы на тое, на якой бы мове гэта напісана не было. І ўсё ў іх добра.



Трэба проста разумець, што сапраўдных мованенавіснікаў у Беларусі адзінкі, і тое гэта нянавісць у іх выклікана нейкімі ірацыянальнымі праблемамі ці комплексамі. Для большасці ж проста ўсё роўна, якой мовай ты карыстаешся ў працы, галоўнае выконвай свае абавязкі якасна.



Таму проста пачніце выкарыстоўваць беларускую мову самі, паказвайце пры нагодзе, што ў той ці іншай сферы вам патрэбна беларуская мова і вашы пажаданні безумоўна будуць улічаны.



Але калі вас задавальняе сітуацыя, калі беларуская мова не гучыць і вы нічога не хочаце на практыцы зрабіць, каб яна загучала, то не кляніце дзяржаву, уладу і памяркоўнасць іншых, што мова знікае - у яе знікненні вінаваты будзеце толькі вы.



Але і ў яе адраджэнні будзе ваша прамая заслуга.



Проста вызначыцеся самі, чаго вы жадаеце.







Першая публікацыя telegraf.by


Беларускамоўны футбол у Гомелі. Ці пачуе клуб меркаванне заўзятараў? 13.04.2013 8

У сталіцы ўжо нікога не здзівіш беларускамоўнымі ініцыятывамі. Мова даволі шырока распаўсюджана сярод прасунутай часткі нашых суайчыннікаў, якіх збірае Мінск з усёй Беларусі. Асноўнае культурнае жыццё, у тым ліку і беларускамоўнае таксама канцэнтруецца ў Мінску. А калі ёсць попыт, то з’яўляюцца і прапановы – у рэкламе, спорце і іншых галінах беларуская мова набывае ўсё большае распаўсюджванне.

Але Гомель гэта не Мінск і для майго гораду моўнае пытанне ўсё яшчэ вельмі абцяжаранае шматлікімі комплексамі і міфамі. Тым дзіўным і нечаканым з’яўляецца той факт, што за апошнія 4 месяцы ў гомельскім каляфутбольным асяродку адбылася, падаецца, сапраўдная моўная рэвалюцыя. Канечне, распаўсюд беларускай мовы ў каляфутбольным асяродку з’яўляецца агульнабеларускай тэндэнцыяй, якая не магла не захапіць ва ўсёй сваёй шырыні і Гомель, але ў гэтай сітуацыі мяне здзівіла тая хуткасць, з якой беларускамоўныя настроі захапілі гамяльчан.



 На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] 18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.



У  апытанні прыняло ўдзел 452 чалавек, з якіх 241, ці 53,3% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову. Цікава і тое, што ў мінулым чэмпіянаце праз галасаванне каманда таксама праз галасаванне абірала, на якой мове ёй пісаць прозвішчы на форме і іх выбар супаў з пажаданнямі заўзятараў – была абрана руская мова.



Але 30 сакавіка пачаўся новы чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе і лагічна было паглядзець, як змянілася стаўленне заўзятароў да мовы футболу. На гэты раз штуршком для стварэння адпаведнага апытання стаў  адказ ФК "Гомель" наконт захадаў, якія клуб будзе рабіць у новым сезоне для папулярызацыі беларускай мовы.



У адказе акрамя іншага паведамлялася, што як і ў 2012 годзе, у 2013 дыктарскае суправаджэнне гульняў на гомельскім стадыёне будзе праводзіцца на беларускай мове, а пытанне, на якой мове будуць надпісы на форме футбалістаў зноў будзе вырашаць каманда.



Здавалася б, сітуацыя нічым не адметная ад сітуацыі, што была не больш як паўгады таму, але тут ёсць адзін нюанс. Справа ў тым, што большасць заўзятароў не ведала, што моўнае пытанне вырашаецца самой камандай, людзям падавалася, што як часта бывае, усе пытанні вырашаюцца зверху, без уліку гульцоў, адміністрацыі і ў першую чаргу заўзятароў. Убачыўшы адказ з ФК “Гомель” адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне на тэму на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў, далучыўшы да яго і адказ з клуба.



На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1737 чалавек 1255 ці 72,3% аддалі свае галасы за беларускую мову!



А толькі 4 месяцы таму ў падобным апытанні за беларускую мову было толькі 46,7%. Асабіста я быў уражаны такой рэзкай зменай настрояў, бо колькасць тых заўзятароў, што падтрымлівала рускую мову, зменшылася з 53% да 28%, іншымі словамі ў два разы. Мае ж прагнозы былі такімі, што ў лепшым выпадку за беларускую мову ў гэтым годзе будзе на 5-7% больш чым у мінулым сезоне.



Нават сярод тых удзельнікаў каманды, што прымалі ўдзел у інтэрнэт-галасаванні моўныя прыхільнасці падзяліліся. Напрыклад, той жа дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабалавец выказаўся за беларускую мову. Што казаць, вельмі прыемная навіна і тэндэнцыя назіраецца сярод прыхільнікаў гомельскага клуба.



Але якую мову абярэ каманда ФК “Гомель”. У мінулым сезоне іх сімпатыі супалі з сімпатыямі заўзятароў, і была абрана руская мова. У гэтым сезоне абсалютная большасць заўзятараў за беларускую мову і спадзяемся, каманда пачуе іх голас і як у мінулым сезоне выбар каманды і заўзятароў супадзе. Бо футбол гэта камандная гульня, а футбалісты, адміністрацыя і заўзятары гэта адна каманда. А поспехі прыходзяць толькі тады, калі ў камандзе гармонія і ўзаемапавага.



 Аддаючы даніну павагі меркаванню заўзятароў, клуб можа быць упэўнены ў добрай падтрымцы і поўных трыбунах. І перамогах.







 Першая публікацыя telegraf.by


Страницы: 1
Читать другие новости

Ігар Случак