Cтандартызацыя беларускай мовы 06.05.2016 3

У 2010 г. ўступілі ў сілу новыя арфаграфічныя правілы. Проведенная рэформа, па сваёй сутнасці, – акт корпуснога планавання (нармалізацыіі адной з дзяржаўных моў), закранае правапіс і часткова структурныя марфалагічныя кампаненты.
Ва ўмовах актыўнага, ярка выяўленага асіметрычнага білінгвізму, рэалізацыя акту корпуснога планавання не прынясе поспехаў, пакуль у дзеянне не будзе запушчаны механізм статуснага планавання, асноўнай задачай якога павінна стаць рэвіталізацыя асноўных функцый мовы.
Пры багацці моўных формаў, высокім узроўні адукацыі насельніцтва, неабходны перавод нацыянальнай мовы з вобласці псіхалагічнага адчужэння ў вобласць практычнага ўжывання.
Гэты пераход немагчыма вырашыць толькі рэформай правапісу, рэформа павінна праводзіцца ў кантэксце створаных дзяржавай вызначаных умоў, іншымі словамі пры сумяшчэнні карпуснога і статуснага планавання.
Слоўнік юрыдычных тэрмінаў, падрыхтаваны ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (далей – НЦПІ) (далей – СЮТ-2012)[S52], выразна адрозніваецца ад большасці папярэдніх тым, што прызначаны выконваць ролю нарматыўнага: створаны аўтарытэтнай дзяржаўнай установай, размешчаны на Нацыянальным прававым Інтэрнет-партале (www.pravo.by). Акрамя таго, гэта першы электронны іншамоўна-беларускі слоўнік юрыдычнай тэрміналогіі, што стварае яму перавагу перад папяровымі варыянтамі больш шырокай даступнасцю для карыстальнікаў.
З прычыны таго, што ў нашай краіне законы ствараюцца на рускай мове і потым толькі частка з іх перакладаецца на беларускую, некаторыя юрыдычныя тэрміны не праходзяць апрабацыю ў юрыдычнай літаратуры.
Пэўную частку тэрмінаў, асабліва ўстойлівых тэрміналагічных словазлучэнняў, аўтарам СЮТ-2012 давялося, па сутнасці, ствараць упершыню
Аднак не варта было захапляцца празмернай тэрмінатворчасцю пры наяўнасці практыкі выкарыстання таго або іншага тэрміна. Перш чым прапанаваць беларускі эквівалент, неабходна ўпэўніцца, ці не функцыянуе ўжо патрэбны адпаведнік, ўважліва вывучыўшы не толькі выдадзеныя раней слоўнікі юрыдычнай тэрміналогіі, а перш за ўсё – афіцыйна апублікаваныя тэксты законаў на беларускай мове.
У адваротным выпадку атрымліваецца, што адно і тое ж паняцце ў розных крыніцах мае неаднолькавае лексічнае выяўленне.
Назіранні за беларускімі эквівалентамі, прапанаванымі аўтарамі СЮТ-2012, прыводзяць да высновы аб неабходнасці сэнсавай і граматычнай карэкціроўкі пэўнай часткі прапанаваных тэрмінаў.
Каб пазбегнуць недакладнасці пры вербальным увасабленні паняцця, неабходна трымацца нормаў літаратурнай мовы.
Варта таксама ўлічваць і вопыт папярэдняга выкарыстання тэрмінаў як у лексікаграфічных крыніцах, так і ў заканадаўчых тэкстах. Хочацца спадзявацца, што аўтарскі калектыў будзе працягваць працу і над пашырэннем аб’ёма слоўніка, паколькі прадстаўленыя 7014 лексічных адзінак далёка не поўнасцю адлюстроўваюць тэрміналагічны корпус сучаснага беларускага заканадаўства.
Першым крокам на шляху забеспячэнні абароны мовы часта становіцца замацаванне афіцыйнай моўнай нормы, афіцыйнага моўнага стандарту.
Фармальна-юрыдычным спосабам дасягнення гэтай мэты становіцца выданне галоўнай дзяржаўнай акадэміяй слоўнікаў і даведнікаў, якія адлюстроўваюць моўныя стандарты, найперш у вобласці лексікі і арфаграфіі дзяржаўнай мовы.
Прыкладамі стандартнага падання нацыянальнай мовы ў выглядзе набору слоўнікаў могуць быць: у Нямеччыне - DUDEN, Standartwerk zur deutschen Sprache, у Вялікабрытаніі – Standard Reference Books, у Францыі - Dictionnaire del'Académie française, стандарты арфаграфіі, апублікаваныя ў Journal officiel і даступныя на сайце Французскай акадэміі.
Стандартызацыя мовы дазваляе выразна вызначыць адрозненне паміж афіцыйнай і гутарковай моўнай нормай, праводзіць адрозненне паміж арыгінальнымі і запазычанымі словамі, і, хоць непазбежным вынікам гэтага становіцца кансервацыя афіцыйнай мовы, для мэт прававой вызначанасці выданне такіх стандартаў відавочна неабходна.
Стандартызацыя мовы дазваляе паралельна вырашыць і шэраг пабочных задач, напрыклад усталяваць мяжу паміж мовамі і дыялектамі (юрыдычна вырашыць праблему, якая застаецца не да канца вырашанай у лінгвістыцы).
У адсутнасць стандартызацыі мовы правовые нормы, падобныя правілам у Беларусі аб абавязковым выкарыстанні літаратурнай нормы дзяржаўнай мовы, застаюцца ў прававым сэнсе нявызначанымі.

Беларуская мова ў законатворчасці 11.04.2016

Канстытуцыйны Суд дае інфармацыю аб тым, што ў эталонным банку прававой інфармацыі з прыкладна 200 тысяч нарматыўных актаў толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. Яны датычаць актаў аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі, па кадравых пытаннях, аб правядзенні перамоваў па праектах міжнародных дамоваў, іх падпісанні і іншага. Іншымі словамі беларускамоўныя акты не толькі малаколькасныя, і маюць нязначны з юрыдычнага пункту погляду тэхнічны характар і невялікія па аб’ёме.

Акты дзяржаўных органаў Беларусі прымаюцца толькі на адной з дзяржаўных моў, а грамадзянін не можа ўздзейнічаць на гэты працэс (арт. 7 Закона “Аб мовах”, ч. 2 арт. 54 Закона “Аб нарматыўных прававых актах”). Само па сабе прыняцце нарматыўнага прававога акта на адной мове не абмяжоўвае правоў грамадзяніна. Немагчымасць карыстацца ўзнікае з-за адсутнасці перакладу тэксту нарматыўнага прававога акта на другую дзяржаўную мову.

Публікацыя на абедзвюх мовах павінна адбывацца адначасова, а калі гэта немагчыма – акт павінен лічыцца апублікаваным з моманту публікацыі яго на другой дзяржаўнай мове.

У 2015 г. старшыня Канстытуцыйнага Суда у штогадовым пасланні прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам Парламента адзначыў, “што ў наш час для забеспячэння вольнага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў”.

Магчымасць і неабходнасць выдання прававых актаў Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах робіцца відавочным, калі згадаць, што на працягу большай часткі савецкага перыяду заканадаўчыя, урадавыя і некаторыя іншыя прававыя акты Беларусі афіцыйна публікаваліся на беларускай і рускай мовах.

Трэба адзначыць, што прыняцце Канстытуцыі 1994 г., правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму 1995 г. не паўплывалі на двухмоўе: “Веснік Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, “Збору ўказаў прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, а таксама на палажэнні нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі выданне гэтых крыніц на беларускай і рускай мовах. Са з’яўленнем выдання нацыянальнага рэеестру прававых актаў Рэспублікі Беларусь як крыніцы афіцыйнага апублікавання прававых актаў выпуск “Веснік Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, “Збору ўказаў прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь” спыніўся, і прававыя акты перасталі выдавацца на дзвюх дзяржаўных мовах. Выданне Нацыянальнага рэестру прававых актаў за нумарам 1 з’явілася ў студзені 1999 г. на рускай мове. Адпаведна заканадаўчым нормам Нацыянальны рэестр змяшчае акты на мове іх прыняцця.

Паколькі акты прымаюцца, як правіла, на рускай мове, то і ў Нацыянальным рэестры адлюстравана часцей за ўсё толькі адна гэта мова. Дэкрэт ад 24 лютага 2012 г. №3 зрабіў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь крыніцай афіцыйнага апублікавання актаў, пакінуўшы ў ім норму аб тым, што акты публікуюцца на мове іх прыняцця.

Яшчэ 27 снежня 2011 г. Савет Міністраў у Палаты Прадстаўнікоў быў унесены прект Закона “Аб прававых актах Рэспублікі Беларусь”, што павінен замяніць дзеючы Закон “Аб нараматыўных прававых актах”, але да гэтага часу проект у Палаты прадстаўнікоў не разглядаўся.

Тым не менш, цікава выглядае арт. 45 “Парадак прыняцця (выдання) прававога акту” праекта закона “Аб прававых актах”, што рэгулюе мову прававых актаў. Ён прадугледжвае наступнае:
а) Па рашэнні нарматворчага органа (службовай асобы) прававы акт прымаецца (выдаецца) на беларускай і (або) рускай мовах;
б) Праекты законаў, уключаныя ў штогадовы план падрыхтоўкі законапраектаў на беларускай мове, прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
в) Унясенне ў прававыя акты змен, тлумачэнне, прыпыненне, аднаўленне, падаўжэнне дзеяння, іх адмена альбо прызнанне страціўшымі сілу ажыццяўляюцца на тых дзяржаўных мовах, на якіх дадзеныя прававыя акты былі прынятыя (выдадзеныя).
г) Законы ў сферах заканадаўства аб дзяржаўных сімвалах, дзяржаўных мовах і дзяржаўных узнагародах, рэлігійных і нацыянальных адносінах, аб адукацыі, навуцы, культуры, сродках масавай інфармацыі прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
д) Афіцыйны пераклад праекту закона на беларускую (рускую) мовы ажыццяўляецца адпаведным структурным падпадзяленнем Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Рэспублікі Беларусь перад разглядам праекту закона ў другім чытанні.

Як бычым, праект крыху канкрэтызуе нарматворчую дзейнасць у параўнанні з дзеючым законам “Аб НПА”, але разам з тым ён выглядае яшчэ больш дыскрымінацыйным у адносінах да беларускай мовы, чым дзеючы закон. Роля беларускай мовы зводзіцца толькі да сферы культуры і сімволікі, а беларускамоўныя праекты законаў у абавязковым парадку неабходна прымаць на двух дзяржаўных мовах, але ў той жа час такой нормы не прадугледжана для рускамоўных праектаў НПА.

Такім чынам, калі дадзены праект закона “Аб прававых актах” будзе прыняты, роля беларускай мовы ў законатворчасці ячшэ больш зменшыцца, што непрымальна і таму дадзены праект у прапанаванай Саветам Міністраў рэдакцыі прымаць немэтазгодна.

Необходна змяніць закон “Аб нарматыўных прававых актах” у накірунку выдання ўсіх НПА на двух дзяржаўных мовах адначасова.

Зваротаў па-беларуску менш за 1% - у чым прычына? Статыстыка за 2011-2014 гады 21.05.2015 7

У 2012 годзе пачалі дзейнічаць змены ў законе “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” у адпаведнасці з якімі адказ на пісьмовы зварот павінен быў давацца на мове звароту.

Здавалася, што з прыняццем зменаў у закон, што забяспечваюць і абараняюць правы беларускамоўных, колькасць зваротаў па-беларуску вырасце.  



Каб гэта праверыць я распачаў доўгатэрміновае даследванне на падставе статыстыкі па мове зваротаў, якую я запытваў у выканаўчых камітэтаў беларускіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак – гарадоў, раёнаў, абласцей і адміністрацый у гарадах.

На жаль, далёка не ўсе прадстаўнікі выканкамаў ішлі на сустрэчу і не давалі запытваемую інфармацыю кіруючыся рознымі падставамі. Як прыклад можна прывесці адказ начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Алены Гоман, якая паведаміла: “Інфармацыя аб колькасці пісьмовых зваротаў грамадзян прадстаўляецца ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт, гэтыя звесткі прыватным асобам высылаць лічым немэтазгодным”.



Пакінем за дужкамі наогул законнасць такога адказу, тым не менш адзначым толькі тое, што сам Мінскі аблвыканкам запытваемую інфармацыю палічыў мэтазгодным мне прадставіць, хоць і не ў тым аб’ёме, які б мяне задаволіў. Так кіраўнік справамі Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч паведаміў:

“На падставе артыкула 21 закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” паведамляем, што ў Мінскі аблвыканкам у 2014 годзе паступіла 5853 зварота грамадзян і юрыдычных асоб. Статыстыка па зваротах не вядзецца”.

На жаль, выкарыстаць дадзены адказ для даследвання не ўяўляецца магчымым, бо няма разрэзу па мовах.
І гэта другі прыклад адказу, паводле якога немагчыма было атрымаць звесткі для даследванняў у 2011 – 2014 годах. Тым не менш адказ Мінскага аблвыканкаму паказвае наколькі законнымі з’яўляюцйца адказы Чэрвеньскага і іншых выканкамаў, што адмаўляліся паведамляць статыстыку па зваротах на падставе меркаванняў “немэтазгоднасці” і іншых няслушных і крывадушных прычын. Але тут ужо задача вышэйстаячых выканкамаў пракантраляваць сваіх падначаленых па пытанню парушэння заканадаўства, у першую чаргу закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Трэццяй прычынай, чаму не інфармацыя аб зваротах была сабраная не ў поўным аб’ёме ёсць альбо хлусня, альбо дрэнная праца пошты. Не буду настойваць якая прычына праўдзівая, тым не менш адзначу, што ў 2014 годзе пісьмовы зварот, і не адзін, я даслаў у выканкам кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.



Тым не меньш з Кармянскага райвыканкама за подпісам старшыні Аляксея Ясонава прыйшоў ліст з інфармацыяй аб тым, што “паступіла 43 пісьмовых зваротаў грамадзян. Звароты напісаны на рускай мове”. Аналагічны адказ прыйшоў і з Брагінскага райвыканкама, дзе кіраўнік справамі Валер Чэкан паведаміў, што “паступіла 64 пісьмовых зваротаў, усе яны напісаны па-руску”.

Таму ў дадзеным выпадку альбо вымалёўваецца свядомае скажэнне статыстычнай справаздачнасці, альбо парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян, альбо пошта дрэнна працуе і мае лісты ў раёны Гомельшчыны не даходзяць. Але заўважу толькі, што ліст, на які я атрымаў адказы былі па-беларуску, таму ўжо тут нельга казаць, што “усе яны напісаны па-руску”.



І тут зноў ёсць інтарэс абласных выканкамаў даведацца, што адбываецца з працай у адпаведнасці з законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” на падведамственнай ім тэрыторыі. Чацьвёртая і не менш важная прычына, па якой не атрымалася сабраць усё неабходную інфармацыю: банальная – проста ігнараваўся закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” і адказ на зварот не даваўся наогул.

Разабраўшыся з прычынамі, якія не дазволілі атрымаць поўныя дадзеныя пяройдзем да аналізу тых звестак, што атрымалася здабыць. Хоць яны і не поўныя, але агульную карціну прадставіць могуць.  



Так у 2011 годзе, калі абавязку даваць адказ па-беларуску ў чыноўнікаў не было, зваротаў па-беларуску было толькі 0,5%, ці 75 зваротаў з 15107 атрыманых выканаўчымі камітэтамі.

У 2012 годзе закон набыў моц, але на колькасць зваротаў гэта не дужа паўздзейнічала – па-беларуску было атрымана толькі 65 з 10434 зваротаў, ці 0,62%.

У 2013 колькасць беларускамоўных зваротаў у параўнанні з 2011-м годам вырасла ў працэнтных суадносінах у два разы, але ў лічбах зменшылася і наогул засталася на нізкім узроўні: беларускамоўных зваротаў было толькі 64 з 6580, ці 0,97%.



Калі да 2013 году колькасць беларускамоўных зваротаў хоць пакрысе, але расла, то ў мінулым 2014-м годзе іх адсотак зменшыўся да 0,76% і агульная колькасць зваротаў па-беларуску склала 72 звароты з 9507 атрыманых.  

Карацей, адсотак беларускамоўных зваротаў нагадвае колькасць прагаласаваўшых супраць кіраўніка Паўночнай Карэі на ўсеагульных і дэмакратычных выбарах.



Выглядае ўсё вельмі сумна, асабліва калі прадстаўнікі райвыканкамаў у адказах не адказваюць сабе ў задавальненні патроліць і пакпіць з мяне, а ў цэлым і з усіх беларускамоўных, як гэта зрабіла напрыклад кіраўнік справамі Лоеўскага райвыканкама Ірына Пастухова: “Паступіла 50 зваротаў, з іх: 49 на рускай мове, 1 на беларускай (Ваш)” Ці як старшыня Маларыцкага райвыканкама Казімір Лапіч: “Паступіла 129 зваротаў, з іх на беларускай мове 4 (2 ад Вас)”

Чытаючы такія прыкрыя, але праўдзівыя лісты сапраўды задаешся пытаннем: “Можа сапраўды толькі табе, Ігар, гэта беларуская мова і патрэбна?” Але не ўсё так проста. Вернемся да гэтага пытання ніжэй, а зараз працягнем аналізаваць статыстыку.

Калі прыбраць адказы з вялікіх гарадоў, то малюнак выглядае крыху лепш: у 2011-м было 0,66% па-беларуску, у 2012-м – 0,99%, у 2013-м – 0,62% і ў 2014-м – 1,65% зваротаў па-беларуску.



Па вабласцям сітуацыя выглядае наступным чынам.

 Берасцейская вобласць
Берасцейшчына даволі добра прадстаўляла дадзеныя, асабліва ў 2011-2012 гадах, там магчыма прасачыць дынаміку колькасці беларускамоўных зваротаў у чатырох раёнах. Але не выпадае казаць, што менавіта змены ў закон паўздзейнічалі на колькасць зваротаў па-беларуску. Калі у Маларыцкім раёне колькасць зваротаў па-беларуску вырасла з 0,48% у 2011-м годзе да 3,1% у 2014-м, то ў Іванаўскім знізілася з 1,86% у 2011 годзе да 0,81% у 2014-м. У Кобрынскім раёне ў 2012-2013 годзе адбываўся рост, а ў 2014 колькасць зваротаў па-беларуску ўпала да ўзроўню 2011 года. Адзінае, што можна казаць упэўнена, гэта тое, што колькасць зваротаў у абсалютных лічбах па гадам амаль не змяняецца.



 Віцебская вобласць
Віцебшчына паказала негатыўную стабільнасць – амаль усе раёны, як змовіўшыся, паведамілі, што прадстаўленне інфармацыі немэтазгодна, што дае падставу меркаваць аб цэнтралізаваным кіраванні адказамі ў вобласці. А вобласць, сама па сабе, цікавая. Хоць была атрыманая інфармацыя толькі па двух раёнах, але адзін з гэтых двух мае вельмі добрыя паказчыкі на ўзроўні ўсёй Беларусі. У Расонскім райвыканкаме ў 2011 годзе адсотак беларускамоўных зваротаў быў 4,55%, у 2013-м – 11,63%, а 2014 год скончыўся з паказчыкам 9,21%. Статыстычна выглядае няблага, але на жаль раён невялікі і ў лічбах карціна не такая прыгожая.



 Гарадзенская вобласць
Гарадзеншчына праявіла сябе нігілістычна – больш за палову раёнаў наогул не адказалі, а тыя што адказвалі, рабілі гэта вельмі спарадычна. Нельга не заўважыць, што колькасць зваротаў па-беларуску ў Зэльвенскім раёне знізілася з 10,29% да 3,53%. Стабільна даваў адказы напрацягу ўсіх гадоў назірання толькі Смаргонскі раён, якім да 2014 году кіраваў Мечыслаў Гой, што зараз узначальвае Гарадзенскі аблвыканкам. Можа за тое, што добра закон “Аб зваротах грамадзян” выконваў і падвысілі?



 Гомельская вобласць Гомельшчына, як і Берасцейшчына даволі добра давала інфармацыю. На жаль нельга казаць, што адсотак зваротаў па-беларуску ў вобласці за часы дзеяння зменаў у закон істотна падвысіўся. Трэба адзначыць Гомельскі аблвыканкам – адзіны з аблвыканкамаў, што даваў статыстыку ў разрэзе моў нягледзячы на вялікую колькасць зваротаў.



 Магілёўская вобласць
Terra incognita закона “Аб зваротах грамадзян” – статыстыку адсюль наогул не давялося атрымаць. Палова раёнаў наогул не адказвала, а другая палова паведамляла, што даваць інфармацыю немэтазгодна. Хутчэй за ўсё, як і ў выпадку з Віцебшчынай, тут скардынаваная пазіцыя ў пытанні непрадстаўлення інфармацыі.



 Мінская вобласць
У параўнанні з Гарадзеншчынай, Магілёўшчынай і Віцебшчынай дала даволі шмат адказаў, з якіх вынікае, што сітуацыя з беларускамоўнымі зваротамі ў 2011-2014 змянілася нязначна, хоць у лічбах, калі параўноўваць 2011 і 2014 гады рост назіраецца.



 Мінск
Самым дысцыплінаваным раёнам сталіцы быў Кастрычніцкі, які паведаміў, што ў 2011 годзе ў яго адміністрацыю па-беларуску звярнуліся 2 разы, а ў 2014 – цэлых 5. Сумны факт, калі ўлічыць, што Мінск не толькі адміністрацыйная, але і культурна-палітычная сталіца Беларусі, якая акамулюе лепшых людзей з усёй Беларусі. А мне здавалася заўжды, што лепшы – гэта беларускамоўны. Магчыма я памыляўся. Альбо ўсе беларускамоўныя пісалі лісты ў Маскоўскі раён.



У заканчэнне аналізу можна зрабіць наступныя высновы:

1. Змены ў закон хоць і нязначна, але стымулююць павелічэнне выкарыстання беларускай мове ў афіцыйным справаводстве.  

2. Беларусы далёка не ў поўную меру карыстаюцца сваім правам на беларускамоўны зварот. Да таго ж, у Беларусі існуе вельмі шмат ініцыятыў, якія перыядычна збіраюць подпісы і шлюць звароты на хвалюючыя іх тэмы, але далёка не заўсёды па-беларуску.

3. Асноўная праблема ў тым, што сітуацыю адным законам не вырашыць, калі ўся сістэма нарматыўных актаў не прадугледжвае замацаванага права на выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця.

Гэта і тлумачыць тое, што колькасць беларускамоўных зваротаў не расце.  

Неабходна ў першую чаргу ўнясенне змен у законы “Аб мовах” і “Аб абароне правоў спажыўцоў”, што прадугледжваюць і нарматыўна забяспечваюць абавязковага выкарыстання двух дзяржаўных моў у роўнай ступені і выданне ўсіх нарматыўных актаў адразу на двух дзяржаўных мовах.

І галоўнае – нам усім неабходна больш ужываць беларускую мову паўсюль.






Толькі 0,81% па-беларуску 08.03.2014 8

Яшчэ з 2009 года, з моманту з’яўлення ініцыятывы “Справаводства па-беларуску!” лабіравала ў парламенце змены ў Закон “У звароты грамадзян і юрыдычных асоб”, паводле якіх адказ на зварот павінен давацца на мове звароту.

І нарэшце ў сярэдзіне 2011 года гэтыя змены былі падтрыманыя, а 22 студзеня 2012 года яны ўступілі ў моц.

Каб давесці слушнасць таго, што нарматыўнае замацаванне статусу мовы спрыяе пашырэнню яе ўжывання ініцыятыва напачатку 2012 года пачала своеасаблівы эксперымент.

Быў зроблены запыт ва ўсе адміністрацыі Беларусі з прапановай даць статыстыку па мове зваротаў грамадзян да ўступлення ў моц зменаў у закон, за 2011 год.

Такі самы запыт быў зроблены і на пачатку 2013 з мэтай параўнаць, як змянілася сітуацыя з мовай зваротаў грамадзян пасля таго як іх права звяртацца па-беларуску і атрымоўваць па-беларуску адказ было замацавана.

У 2014 годзе такі зварот зноў быў зроблены, каб даведацца, колькі зваротаў па-беларуску было зроблена ў 2013 годзе.

Такім чынам была сабраная статыстычная інфармацыя па мове зваротаў у выканаўчыя камітэты Беларусі за 2011, 2012 і 2013 гады. Нажаль, як у 2012, так і ў 2013 і 2014 годзе далёка не ўсе адміністрацыі падалі такую інфармацыю, спасылаючыся альбо на адсутнасць такой статыстыкі, альбо на адсутнасць абавязку такую статыстыку прадастаўляць, але атрыманыя дадзеныя добра вымалёўваюць агульную карціну і тэндэнцыі.

Так была атрымана інфармацыя аб тым, што ў адміністрацыі, якія далі статыстыку, ў 2011 годзе было пададзена 13007 зваротаў, з іх па-беларуску было пададзена толькі 70 зваротаў ці 0,54% ад агульнай колькасці.

Адміністрацыі, якія далі статыстыку па дадзеным за 2012 год паведамілі, што было пададзена 10310 звароты, а з іх па-беларуску было пададзена толькі 57 зваротаў ці 0,55% ад агульнай колькасці. Напрыканцы адміністрацыі, якія далі статыстыку па дадзеным за 2013 год паведамілі, што было пададзена 8370 зваротаў, а з іх па-беларуску было пададзена толькі 68 зваротаў ці 0,81% ад агульнай колькасці.

З гэтых дадзеных вымалёўваецца карціна, што нарматыўнае замацаванне статусу беларускай мовы ніяк не ўплывае на яе ўжыванне, прынамсі пры паданні зваротаў – у 2011 годзе 0,54%, у 2012 годзе 0,55%.

Між тым у 2013 годзе беларускамоўных зваротаў было хоць і не значная колькасць у цэлым - толькі 0,81% ад агульнай колькасці зваротаў, але ў параўнанні з 2011 і 2012 годам іх колькасць у працэнтных суадносінах павялічылася амаль у паўтары разы.

Тым больш, калі адкінуць адміністрацыі вялікіх гарадоў, то можна атрымаць крыху іншыя лічбы. Так без уліку адміністрацый вялікіх гарадоў у 2011 годзе было пададзена 4508 зваротаў, з іх 60 па-беларуску, ці 1,05% ад агульнай колькасці.

У 2012 годзе без уліку адміністрацый вялікіх гарадоў было пададзена 2815 зваротаў, з іх па-беларуску было пададзена 40 зваротаў, ці 1,42%, а ў 2013 годзе было пададзена 2918 зваротаў, з іх 44 па-беларуску, ці 1,51% ад агульнай колькасці.

Напрыклад у Расонскім раёне ў 2013 годзе было ўжо 11,63% зваротаў па-беларуску, у Маларыцкім - 3,48%, у Петрыкаўскім - 3,18% зваротаў па-беларуску.

З аднаго боку можна казаць, што рост неістотны і працэнт беларускамоўных зваротаў наогул мізерны, але з іншага боку трэба улічваць. што пазітыўная дынаміка павелічэння беларускамоўных зваротаў працягваецца, асабліва ў рэгіёнах. Да таго ж, умовы для беларускамоўнага справаводства, акрамя справаводства ў межах закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" зусім нарматыўна не забяспечаны.

Таму неабходна канстатаваць, што норма закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", паводле якой адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту спрыяе пашырэнню беларускамоўнага справаводства і наогул пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў Беларусі.

Але з гэтага вынікае, што падобная норма жыццёва набходна для развіцця беларускай мовы і ў іншых нарматыўных прававых актах, у першую чаргу ў законе "Аб мовах". Толькі тады можна будзе казаць, што ў Беларусі сапраўды забяспечана канстытуцыйнае дзвюхмоўе, а ў грамадзян ёсць рэальная магчымасць выкарыстоўваць у жыцці на роўных умовах беларускую або рускую мову, якія на сёння з'яўляюцца дзяржаўнымі.

Страницы: 1
Читать другие новости

Ігар Случак