Беларуская мова і правы спажыўцоў

Агульная моўная сітуацыя яскрава адлюстроўваецца на этыкетках тавараў. Беларускія вытворцы выкарыстоўваюць на этыкетках рускую мову, толькі назоў прадпрыемства, прадстаўлены адным словам, часам можна сустрэць на беларускай мове, усе астатнія звесткі, у тым ліку інструкцыя па выкарыстанню – на рускай мове.

Таварныя знакі і этыкеткі адлюстроўваюць агульную сітуацыю, у якой нацыянальная мова гуляе сімвалічную, ідэнтыфікацыйную, эстэтычную, але не выконвае галоўную - камунікатыўную функцыю. Беларускія таварныя знакі ў цэлым адлюстроўваюць схільнасць мажарытарнаму ўплыву – мова этыкетак у пераважнай большасці - руская).

Дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы (асабліва ў галіне сувязі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання) не заўжды распрацоўваюць бланкі на абедзвюх дзяржаўных мовах, а пры вусных зваротах часта прымушаюць грамадзян перайсці на больш зразумелую супрацоўнікам такіх органаў і асоб мову, што з’яўляецца недапушчальным і не можа грунтавацца на артыкуле 8 Закона “Аб мовах”.

Больш за тое дзяржаўныя органы павінны зацвярджаць і распаўсюджваюць формы дакументаў на абедзвюх дзяржаўных мовах: мытныя дэкларацыі, падатковыя дэкларацыі, заявы, даведкі і г.д., бо менавіта грамадзянін ці юрыдычная асоба маюць права выбіраць мову, якая ім больш зразумелая для запаўнення дакументаў, але наперад трэба зразумець змест такіх форм. Міністэрствам юстыцыі павінны быць цэнтралізавана распрацаваны натарыяльныя дакументы, падрыхтаваныя на беларускай мове для выканання арт. 16 Закона “Аб мовах”, ч. 3 арт. 20 Закона “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці”.

Выбіраць мову натарыяльных дзеянняў павінны асобы, якія іх заказваюць. Банкаўскія ўстановы і іншыя юрыдычныя асобы павінны дазваляць фізічным асобам выбіраць мову заключаемай так званай. “публічнага” дамовы. Інфармацыя на таварах (у тым ліку інструкцыі па эксплуатацыі), а таксама інфармацыя пра паслугі і работы амаль заўжды даводзіцца на адной дзяржаўнай мове. Фармальна гэта адпавядае арт. 13, 30 Закона “Аб мовах”, арт. 5 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”.

З-за несупадаючай з Канстытуцыяй канструкцыі нормы церпяць простыя спажыўцы. У прыватным выпадку грамадзяніна, што прасіў Міністэрства па падатках і зборах распрацаваць новы беларускамоўны бланк падатковай дэкларацыі. Міністэрства паведаміла грамадзяніну, што бланкі незацверджанай формы выкарыстоўваць нельга, а, паколькі заканадаўства не абавязвае дзяржустановы прымаць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, то міністэрства зацвердзіла форму падатковай дэкларацыі на рускай мове.

У апошні час над правам атрымліваць інфармацыю на беларускай мове навісла дадатковая пагроза. Закон «Аб мовах » дае вытворцам права выбару мовы маркіроўкі тавараў, пазначаючы ў арт. 30, што «маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або расійскай мове».

Тое самае гаворыць і Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», які ў п.9 арт. 7 «Інфармацыя аб таварах (работах, паслугах)» замацоўвае тую норму, што «інфармацыя, прадугледжаная пунктамі 1–8 гэтага артыкула, на беларускай або рускай мове дакладным і разборлівым шрыфтам даводзіцца да ведама спажыўца ў дакументацыі, якая дадаецца да тавараў (работ, паслуг), на спажывецкай тары (упакоўцы), этыкетках або іншым спосабам, прынятым для асобных відаў тавараў (работ, паслуг)». Тое самае ў гэтым законе прапісана і ў п. 4 арт. 8 «Інфармацыя аб вытворцах (выканаўцах, прадаўцах)».

Дзяржаўны стандарт Беларусі № СТБ 1100-2007 «Харчовыя прадукты. Інфармацыя для спажыўца. Агульныя патрабаваннi» сцвярджае, што любы беларускі вытворца можа выканаць упакоўку свайго тавара па-беларуску. У чацвёртым раздзеле гэтага дакумента ёсць п. 4.3, дзе сказана, што «інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на беларускай і/або рускай мове і пры неабходнасці на замежнай мове ў адпаведнасці з нормамі мовы, на якой прыведзена інфармацыя». Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза № ТР ТС 005/2011 «Аб бяспецы ўпакоўкі», які цяпер дзейнічае і ў Беларусі, трыма радкамі п. 4 арт. 6 перакрэсліў усе нормы, прапісаныя і ў Канстытуцыі, і ў Законе «Аб мовах», і ў Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў», і ў адпаведных рэспубліканскіх стандартах. Цяпер у нас з дзвюх раўнапраўных моў, адна нават заканадаўча атрымала больш высокі статус.

Названая папера прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-чальца МС пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальца(оў) МС». Згодна п. 4.1.2 ТР МС “Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі” (ТР ТС 022-2011), “…маркіроўка запакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-ўдзельніцы Мытнага саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў)-удзельніцы(аў)…”.

“Або” ў артыкуле аб маркіроўцы Закона “Аб мовах” зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначанай прадукцыі абавязковая, а беларуская – не. Калі нашыя законы даюць права вытворцу абіраць – падаваць інфармацыю на ўпакоўках сваіх тавараў па-руску або па-беларуску, а новы Тэхнічны рэгламент патрабуе, каб руская мова прысутнічала абавязкова, то пра беларускую мову можна нават і не задумвацца – выбар відавочны.

Бо абавязковасць беларускай мовы нідзе не патрабуецца, а свядомае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў выкліча дадатковыя расходы і паставіць канчатковую прадукцыю ў няроўныя канкурэнтныя ўмовы з «аднамоўнаю».

Яшчэ да ўводу ў дзеянне ТР МС я даслаў нашым парламентарыям пісьмовыя звароты з прапановамі ўнясення зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб абароне правоў спажыўцоў», якія прадугледжвалі абавязковае патрабаванне прысутнасці на любой прадукцыі (таварах, работах і паслугах) інфармацыі аб ёй на абедзвюх дзяржаўных мовах. І менавіта тады пераважная большасць дэпутатаў адказвала, што не падтрымлівае мае прапановы, бо (тут ледзь не ва ўсіх адказах былі цалкам ідэнтычныя, нібы раздрукаваныя з аднаго файла, толькі з рознымі подпісамі, фармулёўкі абгрунтавання) «рэалізацыя прапановы прывядзе да дадатковых выдаткаў, а значыць — да павышэння цэн на тавары (работы, паслугі), што відавочна супярэчыць інтарэсам нашых грамадзян».

Пасля таго, як выкрылася ганебная сітуацыя з віцебскім прадпрымальнікам, які не змог атрымаць сертыфікат адпаведнасці на прадукт, што быў аздоблены без выкарыстання рускай мовы, я вырашыў аднавіць перапіску з парламентарыямі ў сувязі з новымі акалічнасцямі, якія ўзніклі ў справе.

Але дагэтуль толькі некалькі дэпутатаў ў сваіх адказах выказаліся, што пры ўнясенні ў парламент законапраекта аб унясенні зменаў у Законы «Аб мовах» і «Аб абароне правоў спажыўцоў» яны падтрымаюць змены таго кшталту, што інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца да ведама спажыўца на абедзвюх дзяржаўных мовах.

На сённяшні час мае прапановы аб унясенні змен у Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” паводле якіх інфармацыя аб тавары павінна даводзіцца да спажыўца адразу на двух дзяржаўных мовах падтрымліваюць больш за 20 дэпутатаў. Таксама дадзеныя змены падтрымлівае Міністэрства культуры і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў.

Даследаванні паказваюць, што да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкламу на беларускай мове, а 37% – лічаць, што яе ў рэкламе не хапае. У 2012 годзе я звярнуўся да дэпутатаў Палату прадстаўнікоў з прапановай падтрымаць змены ў адпаведныя артыкулы закона «Аб рэкламе», паводле якіх рэклама павінна быць адначасова на дзвюх мовах, альбо ўвесці норму 70% рэкламы на беларускай мове.

Такі падыход, забяспечыць стварэнне і трансляцыю рэкламнай прадукцыі на дзвюх дзяржаўных мовах і павысіць статус беларускай. Нарматыўнае рэгуляванне двухмоўя ў рэкламе падштурхне да выкарыстання і павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай мовы. У выніку выйграюць як спажыўцы, так і беларускі бізнес.

На сённяшні час дадзеныя прапановы не рэалізаваны.
13.04.16 21:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Ігар Случак